Моўныя асаблівасці п'есы Янкі Купалы "Прымакі"

С.В. Асабіна

 

Жанр твора пісьменнікам вызначаны так: сцэнічны жарт у адным акце. Разнастайныя камічныя эфекты  ствараюцца ў  п’есе ўчынкамі, паводзінамі герояў, а таксама спецыфічнай манерай выказвання, арыгінальным ужываннем моўных сродкаў, якія маюць ідэйную і стылістычную функцыі.

     Разгледзім некаторыя моўныя асаблівасці п’есы.

     Аўтар дзеля стварэння камічнага эфекту выкарыстаў прыём наўмыснага стварэння двухсэнсавасці і яе ліквідацыі ўстаўкай. Грунтуецца гэты прыём на знарочыстым парушэнні прынцыпу ўжывання займенніка 3-й асобы, які звычайна паказвае на папярэдні назоўнік таго самага роду і ліку. У п’ есе займеннік, які стаіць пасля двух назоўнікаў, паказвае не на бліжэйшы, а на далёкі назоўнік. Аўтар устаўкай абодвух назоўнікаў адмаўляе сувязь аднаго з іх з займеннікам [1, с.60].  У выніку ствараецца камічны вобраз героя – селяніна Максіма:” Як яна, значыцца, сказала, самдзеле, дурань, дык мяне аж за самыя вантробы забрала. Усхапіўся я, самдзеле, з ложка, схапіў дзягу і ўжо думаю сабе... А яна – не тут успамінаючы, не дзяга, а мая жонка – вазьмі ды і схапі мешалку... Сам Люцыпар, відаць, выдумаў гэтыя мешалкі, як падсоўваў нябожчыцы Еве яблыкі ў раі. Бо дайце ж рады! Паліў я гэта яе – значыцца, мешалку, а не Еву – колькі раз, на добрыя кусочкі сек, і ўсё роўна...” [2, с. 183].

     Характар жартаўлівасці маюць і каламбуры ў маўленні цэнтральнага персанажа. Гаворачы пра святы абраз, герой палохаецца: “ Які ён страшны, гэты “Страшны суд!” Своеасаблівую ацэнку  персанажа змяшчае выказванне “Мая Паланея як распаланелася на ўсю сваю моц...” Такія паўторы надаюць твору характэрную для камедыйнага жанру гумарыстычную афарбоўку і дадатковую экспрэсію.

      Можна заўважыць разнастайныя сэнсавыя парушэнні, створаныя аўтарам у мове Максіма:” Учора была, здаецца, нядзеля? Так, такі ж нядзеля, ды першая ў гэтым тыдні.”( Як быццам нядзеля не адна).

     Спецыфіку твора вызначае яго насычанасць жартаўлівымі выказваннямі тыпу:” Не пайду тапіцца: вада яшчэ такая халодная”, “ Не пайду вешацца: дзяга яшчэ парвецца” і г.д.

       П’еса вельмі багатая на фразеалагізмы. Іх тут каля 100 на 20 старонак тэксту. Гэтыя моўныя сродкі надаюць твору больш вобразнасці, экспрэсіі (чарвячка замарыць, каб зямля не насіла, у жываце салаўі пяюць, дзе ракі зімуюць, даць рады, адлежваць бакі, дзесятаму заказаць, слінкі цякуць і г.д.)

     Сродкам маўленчай характарыстыкі персанажа выступае нязвыклы выраз  самдзеле, не зафіксаваны ў слоўніках, які сустракаецца ў мове Максіма   4 разы. Відаць, гэты выраз узнік у народнай гаворцы як варыяцыя рускага фразеалагізма в самом деле [ 3, с. 141]. Аднак тут выраз змяніў сваю форму і значэнне. У мове Максіма ўжываецца як слова-паразіт і з’ яўляецца пабочным. У п’есе ж “Тутэйшыя” у мове Янкі Здольніка гэта слова мае значэнне згодна з семантыкай рускага фразеалагізма в самом деле:”Вы згадалі: яны самдзеле тожа -- беларусы, з пароды рэнэгатаў і дэгэнэратаў”.

      Большасць фразеалагізмаў у творы абыгрываецца з дапамогай разнастайных прыёмаў. Замест нарматыўнага пайсці па розум да галавы ў сітуацыі ляжачага становішча Максіма ўжываецца споўзаць па розум да галавы. У некаторых выпадках пісьменнік замяняе кампаненты фразеалагізма іншымі словамі, якія надаюць выказванню больш экспрэсіі, ствараюць адценне навізны і непаўторнасці: ламаць мазгі замест ламаць галаву, пусціцца ў бадзяцкую скуру замест пусціцца ў сабачую скуру, наварыць саладухі замест наварыць піва, хоць падарвіся замест формы разарвіся і г.д. У нарматыўным фразеалагізме за жывое забрала кампанент жывое  выцясняецца стылістычна больш багатымі словамі: за самыя вандробы забрала. Цікава абыгрываецца і фразеалагізм браць грэх на душу: “Мала аднаго грэху, дык хочаце яшчэ другі на душу браць?” На аснове фразеалагізма клепкі не хапае ў галаве ўжываецца клёпкі ў галаве пагубляць з новым дзеяслоўным суправаджальнікам.

            Пісьменнік трапна выкарыстоўвае прыём агалення ўнутранай формы фразеалагізма параўнаннем, якое само па сабе ўжо з’яўляецца вобразным сродкам. Калі ж яно становіцца побач з фразеалагізмам, да якога непасрэдна адносіцца, то выконвае і функцыю “разнявольвання” семантычнага вобраза фразеалагічнай адзінкі [4, с.145]. У п’есе фразеалагізм, ужыты разам з параўнаннем: малоць языком, як калатоўкай, стварае адзінае яркае, вобразнае ўражанне, надае дадатковую экспрэсію.

            Прыём сутыкнення фразеалагізма і сугучнага з яго кампанентам слова назіраецца ў размове Кацярынкі з бацькам, які папярэджвае дзяўчыну аб прыстойных паводзінах: “Глядзіце ў мяне! – Татачка, я добра гляджу!”. Аб’ектам абыгрывання становіцца кампанент фразеалагізма – глядзець. Слова свабоднага значэння сутыкаецца з фразеалагізмам, што стварае своеасаблівы камічны эфект і нечаканасць успрымання.

    Цікавасць выклікае выкарыстанне фразеалагізма як серада на пятніцу ў значэнні ‘з вялікім незадавальненнем, болем’, які замест сваіх прывычных суправаджальнікаў – крывіцца, касіцца – мае дзеяслоў ухмыляцца: ухмыляцца, як серада на пятніцу. Сустаракаюцца выказванні хоць у пятніцу са значэннем ‘у любы момант’. Абыгрыванне фразеалагізма сухая пятніца  і мокрая серада  звязана з этымалогіяй. Больш строгі пост у хрысціян адбываўся ў пятніцу, таму і сухая пятніца, а ў сераду можна было ўжываць алкаголь і некаторыя посныя стравы (мокрая серада).

            Ёсць у “Прымаках” і прыказкі. Большасць з іх ужываецца ў сваёй традыцыйнай форме:  на табе, баба, груцы з бобам; каб воўк быў сыт і каза цэла; што каму суджана, дык і пехатой таго не абойдзеш і з канём не аб’едзеш.  Усе яны выконваюць разнастайныя стылістычныя функцыі: эмацыянальна-экспрэсіўную (хто ў боб, хто ў гарох, а хто ў саладуху), ацэначную (калі не п’юць, то і не кажы”здароў будзь”), функцыю стварэння гумару і вобразнасці  (ці за адну нагу высець, ці за дзве – адна ласка).

            Замену кампанента прыказкі іншым словам назіраем у выказванні пацеры не воўк – у лес не збягуць. Замест нарматыўнага работа (праца, справа) не воўк – у лес не ўцячэ ўжываецца пацеры, што больш  адпавядае кантэксту п’есы: Даміцэля: “А пацеры ўмееш? Максім: “Пацеры не воўк – у лес не збягуць”. Значэнне фразеалагізма пры такой замене кампанента не змяняецца, яно знарок выкарыстоўваецца аўтарам дзеля ўзмацнення вобразнасці і стварэння камічнага эфекту.

            Разглядаючы моўныя асаблівасці п’есы можна звярнуцца і да тэксталагічнага аналізу твора. Ад яго захаваўся толькі белавы аўтограф, які дае падставу заўважыць пэўная змяненні, унесеныя Я. Купалам з мэтай удасканалення ідэйна-стылістычнага зместу камедыі. У белавым варыянце назіраем 20 правак. У большасці выпадкаў адно слова замяняецца другім, больш прыдатным і зразумелым. У маналогу Максіма, які ўспамінае абраз святога Юрыя, азначэнне з доўгім калком замяняецца на больш стылістычна вытрыманае і адпаведнае – з доўгаю пікаю. Замест незразумелых слоў з абмежаваным ужываннем: собіла,  запрэчае, звадыяш  пісьменнік уводзіць агульна вядомыя:  давялося, забараняе,  звядзісвет.  Не ўласцівае беларускай мове Віш заменена на бач: “Бач, якая гасцінная! Часта такая замена слова мае ідэйны характар. Каб сатырычна абвастрыць вобраз “вучонага” ўрадніка, які нічога не панімае, Купала ўводзіць замест ранейшага выказвання герояў і мы нічога не панімаем форму, больш адпаведнаю беларускай мове – не разумеем, такім чынам падкрэсліваючы дыстанцыю паміж сялянамі і сатырычна прадстаўленай уладай.

            Часам пісьменнік змяняе цэлыя фразы, робіць іх больш дасканалымі ў этычным плане: Кацярынка: “ Так абнімае, так да грудзей прыцісне, ажно неяк млосна-млосненька робіцца.” Было: “Так калені самі і падкашываюцца”.

Яшчэ адзін від правак  – скарачэнні. Каб пазбегнуць таўталогіі, пісьменнік закрэсліваў цэлыя рэплікі. Аўтар вельмі скурпулёзна ўдасканальваў свой твор, шукаў адпаведныя выразы. Досыць часта апускаюцца словы: галавы сабе замест галавы сваёй дзе, за такую маю гутарку замест  за такую тут маю гутарку і г.д.

Можна заўважыць і ўстаўкі ў тэкставую структуру твора. Спачатку было: тут успамінаючы,  пасля Я.Купала паправіў: не тут успамінаючы. Апошняе выказванне з’яўляецца адным з варыянтаў фразеалагізма  не тут казана (кажучы, гаворачы). Праўка змяняе і сэнс, і стылістычны змест аповеда.

Аналіз моўных асаблівасцей п’есы “Прымакі” сведчыць пра дасканаласць пісьменніцкага майстэрства Я.Купалы і пра талент творцы – выдатнага знаўцы народнай мовы.

 

Па материалам: Янка Купала и Якуб Колас : зб. навук. прац  / рэдкал.:  І.В. Жук (адк. рэд.) [і інш.]. — Гродна : ГрДУ, 2012