Могілкі як горад: культуралагічны аналіз метафары на прыкладзе гарадоў і могілак Заходняй Беларусі (канец ХVIII – ХХ стст.)

 “Гэты горад ляжыць на вяршыні пагорка, узвышаючагася над усёй ваколіцай. Да яго вядзе доўгая, павольна падымаючаяся між палёў дарога. У пачатку яе па абодвух баках растуць дрэвы, потым яна ляжыць між пустых лугоў. Але там, у горадзе, куды я іду, шмат розных дрэваў, яны растуць невялікімі выспамі, здалёк падобнымі да па-майстэрску складзеных букетаў. Патрапіць у гэты раскінуўшыся між дрэваў і акружаны сценамі горад можна праз высокую скляпенчатую браму. Я праходжу праз яе і апынаюся ў горадзе мёртвых” [6, 140].

Проста здагадацца, што горад мёртвых, пра які піша Філіповіч, – гэта могілкі. Гэта метафара адносіцца да найбольш шырока вядомых і распаўсюджаных як ў літаратуры, так і ўвогуле ва ўсім гуманітарным дыскурсе. Павязана гэта з яе трапнасцю і шырокімі магчымасцямі для інтэрпрэтацыі. Культуралагічны аналіз яе дазваляе вылучыць цэлы  шэраг структурных і семантычных асаблівасцей, характэрных для прасторы горада і могілак. Ніжэй мы раскрыем гэты тэзіс, акрэслім асноўныя вынікі такога аналіза, патлумачым прычыны падабенства і адрозненняў разглядаемых аб’ектаў на прыкладзе гарадоў Заходняй Беларусі.

Па-першае, разгледзім структурна-тапаграфічнае падабенства. Яго лёгка заўважыць ужо на ўзроўні планіроўкі: сабор на галоўнай плошчы горада адпавядае капліцы ў цэнтры могілак, пры тым змяшчэнне капліцы блізка да галоўнай брамы і вуліцы, на якой знаходзяцца могілкі, адпавядае гарадам з веерна-паукружнай планіроўка, пабудаваным над вялікай ракою, такім, як, напрыклад, Пінск [7, с. 42]. Пэўныя формы рэтраспектыўнай інверсіі можна заўважыць і ў тым, што ад сярэдніх вякоў да канца ХVІІІ стагоддзя прастора вакол гарадскога храма служыла асноўным месцам для пахавання, а гарадская сцяна і брамы, разбураныя класіцысцкай перапланіроўкай гарадоў у другой палове ХVІІІ – першай палове ХІХ ст., сталі адпавядаць наяўнасці бутавай агароджы і брамы вакол пераважнай большасці вялікіх і сярэдніх могілак ХІХ стагоддзя (каталіцкія некропалі ў Гародні, Ваўкавыску, Кобрыне, Івянцы і інш) [7, с. 208]. Прынцып цэнтрызацыі вакол сабора вызначае наяўнасць такога феномена, як стары горад, і вызначае стратыфікацыю прэстыжнасці прасторы. Гэта цалкам пераносіцца і на могілкі, дзе звычайна вылучаецца пласт старых пахаванняў, які канцэнтруецца вакол капліцы і адрозніваецца высокай мастацкай якасцю выканання надмагілляў. Тут мы бачым і прынцып прэстыжа: лепшыя месцы заняты радавымі пахаваннямі заможных шляхецкіх сямей прыхода. Асабліва яскрава гэта назіраецца на каталіцкіх могілках. Аднак з перанясеннем прынцыпа старога горада на могілкі пераносіцца і асноўная праблема – яго захаванне, якая востра праяўляе сябе ў любым горадзе і на любых могілках. Размяшчэнне новых пахаванняў, як пабудова новых дамоў, разбурае культурны краявід і наносіць непапраўную шкоду аб’екту. Таксама могілкі раздзяляюць з горадам праблему рэстаўрацыі і адпаведнага дагляда за імі. Такім чынам, мы бачым, што разам з выцясненнем могілак з горада ў канцы ХVІІІ ст. на іх пераносяцца асноўныя структуры гарадской тапаграфіі і разам з тым іх асноўныя праблемы.

Па-другое, параўнаем развіццё архітэктурных стыляў у горадзе і на могілках. Класіцызм, які быў характэрны для цывільнай і культавай архітэктуры да 40-х гадоў ХІХ ст., на могілках існаваў і паспяхова складаў канкурэнцыю астатнім накірункам да пачатку ХХ ст. і нават пазней. Класіцызм надмагілляў перажыў не толькі ”вялікі” класіцызм, але і неакласіцызм. Асноўную канкурэнцыю яму ў ХІХ – пач. ХХ ст. складалі гістарычныя неастылі, у першую чаргу неаготыка і рэтраспектыўна-рускі стыль (апошні з сярэдзіны ХІХ стагоддзя). Мы можам канстатаваць, што на могілках неаготыка, упісаная ў шырокую плынь рамантычнага накірунка, атрымала непараўнальна большае развіццё, у тым ліку і ў якасным сэнсе. Неагатычныя капліцы ў Гародні, Ракаве, Солах сталі выдатнымі ўзорамі вялікай формы, а малыя архітэктурныя формы надмагільных помнікаў сфарміравалі асобны, характэрны толькі для могілак дэндральны стыль. Да яго належаць надмагіллі, выкананыя ў форме крыжа-дрэва, самастойнага ці размешчанага на грудзе стылізаваных камянёў, распаўсюджаныя з 70-х гг. ХІХ да 60-х гг. ХХ стагоддзя. Шырока распаўсюджанаму ў гарадской забудове багата дэкараванаму рустам стылю, які звычайна вельмі агульна вызначаецца як эклектыка ці як мадэрн [4, с. 238-263], на могілках адпавядае вялікая колькасць строгіх вертыкальных помнікаў без выразнай стылёвай афарбоўкі. Гарадскім палацам і асабнякам, якія звычайна добра вылучаюцца з забудовы, адпавядаюць сямейныя склепы, пра якія ўжо ішла вышэй размова. Такім чынам, мы бачым, што развіццё архітэктурных стыляў у горадзе і на могілках ішло ў межах адных і тых жа культурных плыняў свайго часу, але на могілках кожны з іх існаваў даўжэй і адрозніваўся непараўнальна большай варыябельнасцю формы і эклектычным патэнцыялам. Павязана гэта ў першую чаргу з малою формай надмагілля ці нават невялікай капліцы ў параўнанні з гарадскім храмам ці жылым домам, таму сама колькасць здзейсненых праектаў ужо дае акрэслены эфект, да таго ж накладвае свой адбітак большая ступень асабовасці помнікавай пластыкі, суаднесенасць палітычных і эстэтычных поглядаў памерлага і яго сваякоў з формай і стылем надмагілля, якое яны замаўляюць.

Апошнюю праблему – суаднесенасць асабовасці/безасабовасці у горадзе і на могілках – можна вылучыць, як асобную тэму для разгляда. І сапраўды, вядомы эфект мадэрнізацыі, якая ў межах урбанізацыі вядзе да ўсё большай адасобленасці і адзіноты чалавека праз разрыў сувязей з пастаральнаю грамадою і немагчымасць рэстаўрацыі іх у горадзе і, пазней, да паступовага пераплаўлення асобы ў безасабовую массу. У гэтай негатыўнай дыялектыке асобы і свабоды надзвычайнае значэнне мае сям’я. Структурны рэлікт традыцыйнага грамадства, яна набывае новыя функцыянальныя рысы ў адносінах да асобы, якая знаходзіць ў ёй дадатковыя пазітыўныя асэнсаванні сябе, атрымоўвае падтрымку і пачуццё запатрабаванасці. Усё гэта, толькі ў больш кантрастных фарбах, мы назіраем на могілках, калі параўноўваем іх традыцыйны вясковы варыянт, з драўлянымі крыжамі і ручнікамі, якія служылі знакам часовай памяці і не аднаўляліся [5, с. 265], і гарадскія могілкі, дзе надмагіллі складаюць пышны букет архітэктурна-скульптурных формаў, адрозніваюцца індывідуальнасцю і рэпрэзентуюць, па-першае, імя памерлага, а па-другое, акрэсліваюць кола сваякоў, якія паставілі помнік і абяцаюць памерламу вечную памяць. Гэта карціна гарадскіх і местачковых могілак у ХІХ – пач. ХХ стагоддзя. Сям’я з’яўляецца і да сённяшнега дня асноўным прынцыпам лакалізацыі пахавання, і хай сучаснасць адмяніла сямейныя склепы, мы ўсё яшчэ імкнемся акружыць пахаваных сваякоў адною агароджай. З усіх сцэнарыяў бяссмерця ў секулярызаваным грамадстве, пра якія піша Бенедыкт Андэрсан ва “Уяўных супольнасцях”, сям’я аказваецца адным з самых запатрабаваных, і натуральна, што найбольш яскрава праяўляецца гэта на тэрыторыі, дзе гэта пытанне пастаўлена рэбрам [1, с. 25-29]. У горадзе такі праект здзейсніць даволі складана, як складана нам ўявіць паверх пад’езда, заселены сваякамі адной сям’і: безасабовай кватэры, з якой людзі вольна пераязжаюць, мяняюць мэблю, шпалеры,  адпавядае цалкам прыватнае месца на могілках асобы ці яе сям’і.

Аднак могілкі не застаюцца вызваленымі ад агульных тэндэнцый ХХ стагоддзя, і мы бачым, як паралельна са з’яўленнем ў гарадах тыпавой забудовы, якая назаўсёды зменіць іх аблічча, змяняюцца і робяцца больш простымі формы надмагілляў. Літыя вертыкальныя пліты з мармуру, бетона ці лабрадарыту запаўняюць цэлыя палі амаль неадрозных помнікаў, монакультура формы робіць манатонным і абедненым культурны краявід, але прызнаецца непазбежным вынікам дэмаграфічнага росту і разрастання маскультуры. Крайняй праявай гэтага з’яўляюцца калумбарыі (самы стары з вызначаных намі – на каталіцкіх могілках у Кобрыне, адносіцца да міжваеннага дваццацігоддзя), якія адпавядаюць камунальным кватэрам і інтэрнатам у горадзе. Могілкі робяцца аб’ектам жорсткай рэгламентацыі і стандартызацыі [3, с. 1-64], і ўсё ж адстаюць яшчэ на адну прыступку ад аналагічных працэсаў у горадзе. Гэта выдатна бачна на прыкладзе развіцця зялёнай зоны. Сённяшнія сучасныя мікрараёны будуюцца хутчэй, чым паспяваюць вырастаць дрэвы, ды і аб тым, каб пасадзіць іх, не вельмі клапоцяцца. Могілкі, асабліва старога паходжання, выконваюць яшчэ сваю функцыю парка, але і яны ў сучасным выглядзе усё больш пазбаўляюцца дрэваў. Такая аднесеная на адзін крок дэгуманізацыя прасторы стварае парадаксальную інверсію, пра праявы якой на Захадзе піша Бадрыйяр: “Дзіўна, што ў вялікіх амерыканскіх гарадах, ды часам і ў Францыі, традыцыйныя могілкі ўтвараюць адзіную зялёную і незабудаваную прастору ў гарадскім гетта. Прастора памерлых аказваецца адзіным у горадзе месцам, прыдатным для жыцця” [2, с. 234]. Гэта яшчэ не наша рэчаіснасць, але такая сацыяльная крытыка прасторы ўжо робіцца актуальнай і для нас.

Яшчэ адзін істотны фактар адрознення – значна большая семантычная насычанасць могілак ў параўнанні з горадам. Імя, рэлігійная сімволіка, суаднесенасць з часам – атрыбутыка кода, у які замыкаецца памерлы чалавек, сюды ж дадаецца яго партрэт, які ўводзіўся замест крыжа на надмагіллі ў савецкі час і застаўся як абавязковы атрыбут побач з крыжом, які вярнуўся ў шырокі ўжытак з 80-х гадоў. У горадзе такая маркіроўка аб’екта ў часе ёсць нечым надзвычайным і сустракаецца пераважна ў выглядзе мемарыяльных шыльдаў на дамах. У горадзе кожны чалавек з’яўляецца аб’ектам усё больш інтэнсіўнай унутранай урбаністычнай дынамікі і не можа прэтэндаваць на істотную замацаванасць у часе праз навязванне індывідуальнага кода для прасторы, як свежая газета не можа выпускацца ў цвёрдай вокладцы і прэтэндаваць на доўгатэрміновы продаж у кнігарні. Але і могілкі з іх новымі пахаваннямі на месцы старых рухаюцца ў тым жа кірунку, хай і больш марудна. Гэта ўсё той жа эфект спазнення на адзін крок, апісаны намі вышэй.

Спектр праблем, паднятых намі на паверхню пры правядзенні структурнага і семантычнага аналіза і параўнання горада і могілак, ступеня іх актуальнасці гавораць пра карысць даследаванняў у гэтай галіне і таксама раскрываюць механізмы ўзнікнення некаторых з іх, паказвае накірункі і тэндэнцыі развіцця сучаснага беларускага горада.

 

Крыніцы і літаратура

1.       Андерсон, Б. Уявлені спільнои. Міркування щодо походження й поширення націоналізму / Б.Андерсон. –Киів 2001.

2.       Бодрийяр, Жан. Символический обмен и смерть / Жан Бодрийяр. – М., 2000.

3.       Инструкция о порядке похорон и содержании кладбищ в РСФСР. Утв. От 12 января 1979г., №25. – М., 1980.

4.       Кулагін, А.М. Эклектыка / А.М.Кулагін. – Мн., 2000.

5.       Сыракомля, У. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах / У.Сыракомля. – Мн., 2003.

6.       Филипович, К. День накануне: рассказы / К.Філіповіч. – М., 2003.

7.       Чантурия, Ю.В. Градостроительное искусство Беларуси второй половины ХVI – первой половины XIX в. / Ю.В.Чантурия. – Мн., 2005.

 
      С.У. Грунтоў

 
Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.