Міжнародная навуковая канферэнцыя прысвячаецца 880-годдзю горада Гродна

Наша Міжнародная навуковая канферэнцыя прысвячаецца 880-годдзю горада Гродна і гродзенцам, хаця на самой справе горад наш значна больш сталы па ўзросту, вядома, як і яго жыхары. Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што славянскае паселішча ў сутоку ракі Гараднічанкі з Нёманам узнікла ў другой палове Х стагоддзя. Яно займала пляцоўку мысавага тыпу на высокім правым беразе ракі Нёман і было зручным для пабудовы паселішча. Археолагі сцвярджаюць, што названае плато (памерам 120х90х70 м) было асвоена старажытным чалавекам яшчэ ў эпоху неаліта – 7 – 4 тысячы гадоў да нашай эры. Гэта падцвярджаюць каменныя сякеры, знойдзеныя ў час археалагічных раскопак, якія вяліся тут у ХХ стагоддзі польскімі, расійскімі і беларускімі археолагамі (у 1932 – 1933 гады Ю.Ядкоўскім і З.Дурчэўскім, у 1949 годзе М.М. Вароніным, у 1971 – 1973 гадах Я.Г. Звяругай, у 1971, 1985 – 1988 гадах – М.А. Ткачовым, у 1985 – 1988 гадах А.А. Трусавым, у 1986 – 1988 – А.К. Краўцэвічам і іншымі, сярод якіх і літоўскія археолагі – С. Абрамаўскас, В. Левандаўскас). Імі знойдзены тут і фрагменты штрыхаванай керамікі эпохі ранняга жалезнага веку, якая датуецца рубяжом нашай эры. Ёсць нешматлікія кавалкі грубаляпнога посуду 6 – 8 ст., вядома, нашай эры. Працяг прыкладаў можна прадаўжаць бясконца, але ў  гістарычнай навуцы Беларусі і краін сусвету прынята правіла, што днём нараджэння горада лічыцца першае прамое ўпамінанне аб ім у  пісьмовай крыніцы. Для Гродна такой крыніцай з’яўляецца Іпацьеўскі летапіс, а годам 1127/1128, хаця першае ўскоснае ўпамінанне аб Гродне ёсць у тым жа летапісу пад 1116 годам. Упамінаецца князь летапіснага Гарадзена Усеваладка – праўнук Кіеўскага князя Яраслава Мудрага.

Станаўленне і развіццё горада пачынаецца з ужо ўзгаданага мною паселішча ў другой палове Х – ХІ стагоддзях. Забудова першапачаткова вялася хаатычна па ўсяму плато, пазней абазначылася ўяздная вуліца, якая вяла на невялікую плошчу ў цэнтры паселішча, ад якой на захад, поўнач і усход адыходзілі кароткія правулкі. Як указвае М.А. Ткачоў у артыкуле “Археалагічныя помнікі г.Гродна”, не выключана, што на плошчы першапачаткова стаяў драўляны храм, які ў ХІІ ст. саступіў месца мураванаму храму – так званай Ніжняй царкве. Увесь горад спачатку быў абнесены абарончымі драўлянымі забудаваннымі, якім ў канцы ХІІ ст. прыйшлі на змену мураваныя сцены з плінфы. Раскопкамі выяўлены рэшткі двух абарончых муроў ХІІ ст., а таксама і рэшткі мураванага храма – Ніжняй царквы – загінуўшай па дадзеным летапісу – ў час  пажару ў 1183 годзе, як загінула ў пажары і частка пабудоў на тэрыторыі дзядзінца. Пажар узнік па летапісных звестках ад “блистання молнии и шибения грома”.

Руіны Ніжняй царквы ХІІ ст. пасля пажару часткова разабралі, пусціўшы годную плінфу на рамонт і ўзвядзенне абарончых сцен дзядзінца, ужывалі яе пры пабудове печак у жылых дамах, а рэшткі засыпалі грунтам і на выраўнянай пляцоўцы пабудавалі на мяжы ХІІІ – XIV стагоддзяў новы мураваны храм – так званую Верхнюю царкву. Яна праіснавала да апошняй чвэрці XVI ст. у якасці дамавога храма і была разбурана пад час узвядзення палаца Стэфана Баторыя.

Размешчаны на важнай гандлёвай артэрыі – рацэ Нёман, летапісны Гарадзен трымаў у сваіх руках праезд па ёй купецкіх караванаў з узбярэжжа Балтыкі ў глыб Панямоння і наадварот. Горад рос, багацеў, разбудоўваўся, умацоўваўся, асабліва ў часы праўлення князя Вітаўта і караля Стэфана Баторыя, пабудаваўшых у ім свае палацы. Праўда, у выніку пажару 1398 г. Гродзенскі палац Вітаўта згарэў датла, ледзь не згінуў у агні і сам князь Вітаўт. Сцены і вежы Гродзенскага дзядзінца паспяхова вытрымлівалі аблогі крыжацкага войска, а іх да канца XIV ст. было больш за паўтара дзесятка.

Для свайго часу Гродзенскі каменны замак быў выключна магутным забудаваннем, дзе  гарманічна спалучаліся прыродныя крэпасці-самародкі (высокія і стромкія схілы, шырокая і хуткасная плынь Нёмана) і комплекс мураваных узмацненняў, сцены і вежы якіх складзены на вапне з вялікіх, злёгку абчасаных, валуноў, вялікапамернай брусковай цэглы ў тэхніцы “паласатай” муроўкі, дзе рады валуноў выраўнены радамі цэглы. Мур, звернуты да Нёмана, дасягаў 120 м даўжыні, сцяна з боку частак – 46 і 24 м. Таўшчыня сцен дасягала 2,5 – 3 м, вышыня – 6 – 8 м. У замку было 5 вежаў, у тым ліку вежа-брама, круглая вежа-стоўп ХІІІ ст. і тры квадратныя памеры каля 12х12 м у аснаванні. У лініі сцен, звернутых да гораду, і мясціўся новы каменны палац Вітаўта памерам 45х15 м, двухпавярховы, з таўшчынёй сцен да 3 м, якія праразалі вузкія, байніцападобныя вокны, звернутыя ў бок поля. У 1576 – 1588 гг. Гродзенскі замак стаў галоўнай і любімай рэзідэнцыяй караля Стэфана Баторыя. Па яго загаду палац Вітаўта перабудавалі італьянскія архітэктары на чале з дойлідам Скотто з г.Пармы. Яны пастараліся арганічна ўпісаць стары палац у новы, амаль цалкам выкарыстаўшы муры папярэдняга збудавання. Новы палац, паўстаўшы на мурах Вітаўтавага збудавання, спалучаў два стылі – рэнесанса і готыкі, нагадваў крыху перакошаны прамавугольнік памерам 21х60 м, падзелены на некалькі пакояў і залаў. Першы паверх адводзіўся для варты, канцэлярыі, скарбаў і архіваў, на другім знаходзіліся каралеўскія пакоі. Пакоі першага паверха былі аздоблены сціпла, другога – раскошна. Будынак завяршаўся фігурным шчыпцом франтона.

Палац выконваў і функцыі абарончага збудавання. У замку заўсёды мелася гарнізонная казарма (уздоўж заходняга мура), арсенал зброі і даспехаў на 600 чалавек. Даспехі і зброю даглядалі спецыяльны збраёўнік і слесар. Замак быў разбураны ў сярэдзіне XVII ст. у час руска-польскай вайны. Але пасля завяршэння вайны, калі ў Гродне з 1673 года сталі праводзіцца сеймы Рэчы Паспалітай, Гродзенскі замак пад наглядам канцлера ВКЛ К.Паца адбудавалі. У замку размясцілі Сенацкую залу, а ў будынку гарнізоннай казармы – пасольскую залу. У 1678 г. у замку адбыўся першы сейм, адкрыты каралём Янам ІІІ. А ў гады Паўночнай вайны Расіі са Швецыяй у замку адбылася сустрэча караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Саксонскага з рускім царом Пятром І, на якой быў абгавораны саюз супраць Швецыі [2]. Карл ХІІ захапіў Гродна і разбурыў замак.

Такім чынам, у 1734 – 1751 гг., на месцы Ніжняга замка, які заняпаў у гады руска-польскай вайны сярэдзіны ХVІІ і ў Паўночную вайну, быў пабудаваны новы каралеўскі замак у стылі ракако – т. зв. Новы замак. У 1780 г. была праведзена яго рэканструкцыя. Менавіта ў ім у 1793 г. адбыўся “нямы сейм” – апошні надзвычайны сейм РП, які зацвердзіў другі падзел РП [3].

У працах гісторыкаў ХІХ стагоддзя Бацюшкава М.П. і Галубінскага падаюцца звесткі аб утварэнні ў 1005 годзе Тураўскай епархіі, духоўная ўлада якой распаўсюджвалася на заходнія рэгіёны беларускіх зямель – Навагародак, Ваўкавыск, Гарадзен. Але ёй, гэтай інфармацыі, мала веры, таму што аўтары не спаслаліся на крыніцу, адкуль яны ўзялі гэтую інфармацыю. А таму мы павінны спасылацца на тую дату нараджэння нашага горада, якую я Вам, шаноўныя ўдзельнікі канферэнцыі, прывёў. На вялікі жаль, старажытныя летапісы данеслі да нас нешматлікія факты аб дзейнасці князёў гарадзенскай дынастыі, нашчадкаў малодшага сына кіеўскага князя Яраслава Мудрага – Ігара Яраслававіча, дзейнасць якога пераважна была звязана з Валынню.

У летапісе гаворыцца, што ў 1128 годзе “Всеволодка из Гародна” удзельнічаў у паходзе на Полацк, а ў 1132 годзе – на Літву. Паход на Полацк арганізаваў кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч – сын Уладзіміра Манамаха, а адну са стратэгічных аперацый выконваў гродзенскі князь Усеваладка Давыдавіч. Значыць, у той час ужо існавала Гарадзенскае княства і ў ім была трывалая дынастыя. Усеваладка Гарадзенскі памёр у 1141 годзе. Летапіс паведамляе нам аб шматлікіх вайсковых аперацыях яго сыноў Барыса, Глеба і Мсціслава, якія арганізоўваліся Кіеўскімі князямі супраць нападаў полаўцаў. Больш таго, Вялікі князь кіеўскі Усевалад Ольгавіч наладзіў шлюбы дачок памёршага гарадзенскага князя Усеваладкі: адну выдаў замуж за Чарнігаўскага князя Уладзіміра Давыдавіча, другую – за тураўскага князя Юрыя Яраслававіча. Відавочна, пры гэтым вырашалася і палітычная мэта – умацаваць сувязі Гарадзенскага княства з іншымі княствамі Старажытнай Русі з цэнтрам у горадзе Кіеве. У ХІІ – першай палове ХІІІ стагоддзя князі Гарадзенскага княства ўдзельнічаюць у барацьбе з полаўцамі за вялікакняжацкі кіеўскі прастол, у барацьбе з Літвой і яцвягамі. Ёсць упамінанне аб Гарадзенскім княстве і ў “Слове аб палку Ігаравым”. Такім чынам, не апошнюю ролю займала княства ў гісторыі Кіеўскай Русі, асабліва ў яе паўднёвай частцы.

Некалькі слоў аб дыскусіі гісторыкаў у ХІХ – ХХ стагоддзях аб знаходжанні летапіснага Гародна. Большасць даследчыкаў (Антановіч У.Б., Сямёнаў П.П., Баброўскі П.В., Глогер З. і інш., сцвярджалі, што горад, аб якім паведамляюць летапісы, гэта Гродна на Нёмане, а Карамзін М.М., Салаўёў С.М., Барсаў М.П., Ядкоўскі Ю., Лаўмянскі Г. і інш.) атаясамлівалі летапісны Гарадзен з мястэчкам Гарадно ў цяперашнім Столінскім раёне на Брэстчыне. Да такой пазіцыі прымкнуў і беларускі даследчык Мікола Ермаловіч у канцы ХХ стагоддзя. Хаця яшчэ ў 1893 годзе на ІХ археалагічным з’ездзе  ў Вільні гродзенскі краязнавец Я.Ф. Арлоўскі катэгарычна абверг гэты пункт гледжання. Даказаў правамоцнасць летапіснага Гарадзена і нашага Гродна ў 1949 г.  расійскі археолаг М.М. Варонін сваімі раскопкамі на Замкавай гары. Ім быў выяўлены  тут магутны культурны пласт ХІІ – ХІІІ стагоддзяў, чаго няма ў Гарадно на Століншчыне.

Новая веха пачынаецца ў гісторыі нашага Гродна  з сярэдзіны ХІІІ стагоддзя. Яна звязана са станаўленнем новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага. У канцы 1240 гадоў князь Міндоўг уключыў Гарадзен у склад ВКЛ. З трывогай сачылі за такім развіццём падзей князі Галіцка-Валынскага княства, якія самі трымалі пад кантролем Панямонне і не хацелі выпусціць яго са сферы свайго ўплыву. На працягу дваццаці гадоў (1250 – 1270) ішла жорсткая барацьба гэтых двух бакоў. Наш горад папераменна пераходзіў з рук у рукі. У часы праўлення Трайдзена ў ВКЛ усе памкненні галіцка-валынскіх князёў авалодаць Гродна і прылягаючымі да яго тэрыторыямі ў 1277 годзе былі адбіты. Дарэчы, гэтаму перыяду ў гісторыі ВКЛ і нашага горада належыць пабачыўшая свет у 2000 г. манаграфія А.К. Краўцэвіча “Стварэнне Вялікага княства Літоўскага”.

Праўду кажуць людзі, што адна бяда не ходзіць. З 1284 года па 1402 год тэўтонскія рыцары прыходзілі ў Гродна прыкладна 20 разоў. Яны не раз бралі прыступамі наш горад, разбуралі і спальвалі яго, рабавалі жыхароў. Але нямала было і беспаспяховых аблог і штурмаў. Пад сценамі Гродна (“Замак Гартэн” па назве прускіх храністаў) былі ваенныя атрады з Германіі, Францыі, Швецыі, Англіі, Галандзіі, Даніі. Многа зрабіў для ўмацавання Гродна літоўскі князі Віцень (1295 – 1315 г.). Гэта ў часы яго праўлення гродзенскі староста (а затым кашталян-начальнік гарнізона – Давыд Гарадзенскі (Давыд Даўмонтавіч) паспяхова адбіваў прыступы тэўтонскіх рыцараў і сам неаднаразова ўрываўся ў іх землі.

З 1376 года Гарадзен, як ужо ўзгадвалася, належаў князю ВКЛ Вітаўту, які ў канцы XIV – пачатку XV ст., рыхтуючыся да барацьбы з крыжакамі,  перабудаваў крэпасць на замкавай гары і ўзвёў ужо ўзгаданы мною мураваны княжацкі палац.  Гродзенская баявая дружына  (харугва) удзельнічала 15 ліпеня 1410 года ў Грунвальдскай бітве з тэўтонамі, якая паклала канец набегам тэўтонаў на беларускія землі, уключаючы і наш горад. Пры Вітаўце Гарадзен стаў другой сталіцай Вялікага княства Літоўскага з 1392 г., атрымаў годам раней Магдэбургскае права, а ў 1413 г. быў цэнтрам павета ў Трокскім (Тракай) ваяводстве.

Горад часта наведваў пераемнік Вітаўта князь ВКЛ Свідрыгайла, а з 1440 года горад перайшоў да вялікага князя ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, які пазней стаў і каралём польскім і даў нашаму гораду поўнае Магдэбургскае права і незалежнасць ад княжацкай адміністрацыі (горадам кіравала Рада, якую абіралі жыхары горада).

Новая веха ў развіцці горада адбываецца ў другой палове XVI – XVIII стагоддзях, пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 года і ўтварэння Рэчы Паспалітай і да яе падзення па выніках трох раздзелаў гэтай дзяржавы ў 1772, 1793 і 1795 гадоў. Гродна ў акрэслены адрэзак часу стаў адным з  важнейшых дзяржаўна-палітычных цэнтраў новай дзяржавы. З другой паловы XV ст. і да канца XVIII ст. тут праводзяцца сеймы – вышэйшы заканадаўчы орган РП. Горад, як ужо падкрэслівалася, стаў любімай рэзідэнцыяй некаторых з кіраўнікоў РП. У горад прыязджалі замежныя пасольствы. У 1575 годзе выдадзеная ў горадзе Кёльн энцыклапедыя Г.Браўна ўключыла горад Гродна ў лік “выдатных гарадоў свету”. Пасля Люблінскай уніі ў горадзе ўзмацніліся пазіцыі каталіцызму, падтрымаліваемага вярхоўнай уладай дзяржавы. У горадзе пачалося масавае будаўніцтва касцёлаў і кляштараў каталіцкіх ордэнаў. Адпаведна ў 1595, 1621, 1633, 1635 і 1647 гадах у горадзе заснаваны мужчынскі бернардзінскі касцёл, закладзены  мураваны касцёл і кляштар бернардзінак, дамініканскі касцёл і кляштар святой Брыгіты, францішканскі касцёл і кляштар у занёманскай старане, закладзены езуіцкі касцёл – буйнейшы ў Беларусі. Усё гэта садзейнічала акаталічванню і паланізацыі насельніцтва горада і краю.

Асобнае слова аб дзейнасці ў Гродна ў другой палове XVIII стагоддзя Антонія Тызенгаўза. Пры ім у Гродне былі адчынены навучальныя ўстановы, меўшыя чыста практычную накіраванасць: ветэрынарная школа (1775 г.), пераўтвораня затым у медыцынскую, якую ўзначаліў прафесар-медык Т.Э. Жылібер. Ён жа пачаў рыхтаваць у Гродне хірургаў і падрыхтаваў іх тры выпускі. Анатомію выкладаў прафесар К.І. Вірыіён, хімію і фізіку – І.Х. Мюнц. Пры акадэміі была створана выдатная бібліятэка з вялікай колькасцю кніг па медыцыне і прыродазнаўству. Прафесар Жылібер стварыў капітальную працу пад назвай “Флора Літвы”, пасадзіў батанічны сад, кіраваў аптэкай, школай бухгалтэрыі і справаводства, а архітэктар Сакко – будаўнічай школай. Па яго ініцыятыве быў закладзены тэатр у нашым горадзе. У гэты ж час у прыгарадзе Гродна Ласосны былі заснаваны і дзейнічалі 12 мануфактур і многае-многае іншае.

Новая веха ў палітычным развіцці Гродна пачынаецца з 1795 года, калі ў складзе Расійскай імперыі горад наш у 1795 – 97 гадах быў цэнтрам павета Слонімскай губерні, у 1797 – 1801 гадах – Літоўскай губерні, а з верасня 1801 года, калі была створана Гродзенская губерня, Гродна стаў яе цэнтрам. У складзе Гродзенскай губерні было 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі і Слонімскі. Губернскі Гродна хутка рос. Калі ў 1816 г. у горадзе было 9873 жыхары, то ў 1861 – 20241 жыхар. Імкліва развівалася ў  горадзе і рамесная вытворчасць, павялічвалася колькасць мануфактур і рамеснікаў. Апошніх у сярэдзіне ХІХ ст. было каля тысячы, а прамысловых прадпрыемстваў – 40. Хуткімі тэмпамі развіваўся і гандаль.

Вялікія бедствы прынясла гораду і яго жыхарам вайна 1812 года. Казацкі корпус атамана Платава напярэдадні вайны стаяў у Гродне. Ён ахоўваў пераправу праз Нёман, але хутка вымушаны быў адступіць праз Шчучын, Ліду. Эвакуіраваліся з Гродна і губернатар, чыноўнікі, частка гараджан. 18 (30) чэрвеня 1812 г. у горад уступілі французы на чале з братам Напалеона Жэром Банапартам, які затрымаўся тут на  адпачынак тэрмінам пяць дзён і страціў магчымасць даць бой войскам П.І. Баграціёна. На гэтым практычна была завершана Нёманска-Віленская аперацыя, а знішчэнне арміі Баграціёна не адбылося. Хоць і не працяглай была акупацыя Гродна французамі і іх сатэлітамі, але на плечы жыхароў горада яна лягла цяжкім брэмем. Горад ад аўстрыйскіх войскаў генерала Фрэйліха – саюзнікаў французаў – 8 снежня 1812 г. вызвалілі кавалерысты-партызаны Дзяніса Давыдава.

Выдатна праявіў сябе ў падзеях Айчыннай вайны 1812 года Гродзенскі 6-ы гусарскі полк, створаны 13 чэрвеня 1806 г. па волевыяўленню Александра І ваеннай калегіяй Расіі і камплектаваўшыйся асабістым складам за кошт жыхароў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і некаторых іншых губерняў. Полк уваходзіў у склад першага корпуса, які прыкрываў адступленне першай Заходняй арміі ад Вільні да ўмацаванага лагера “Дрыса”. Пад кіраўніцтвам сваіх камандзіраў Кульнява, Сіліна, Рыдзігера полк удзельнічаў у прыкрыцці ад французаў накірунка на Пецярбург 4 (16) ліпеня 1812 г., у бітве пад Клясціцамі (каля Віцебска), у ачышчэнні ад французскіх войскаў Вільні і Кёнінсберга, а затым у 1813 годзе адзначыўся ў Еўропе ў ваенных аперацыях з праціўнікам ля Магдэбурга, Люцэна, Баццэна, Дрэздэна, пад Лейпцыгам, праславіўся ў бітвах пры Бар-Сюр-Обе, Лебрэселі, Фер-Шапенуазе і, наканец, пры штурме Парыжа ў 1814 годзе. За ўвесь перыяд Айчыннай вайны полк захапіў 36 гармат, 60 зарадных скрынак, узяў у палон 5 генералаў, 117 афіцэраў, 13 тысяч радавых салдат.

13 красавіка 1813 года полк быў узнагароджаны трубамі са срэбра з надпісам “Гродзенскаму гусарскаму палку за адзнаку пры паражэнні і выгнанні непрыяцеля з межаў Расіі 1812 г.”, а ў 1814 г. увесь асабовы склад палка быў узнагароджаны медалём, на якім было выбіта “За ўзяцце Парыжа 19 сакавіка 1814 г.” А 30 сакавіка 1814 г. гродзенцы ўдастоіліся ганаровага знака на ківеры з надпісам “За адзнаку”. 17 лютага 1824 г. палку было прысвоена імя Кульнва – першага камандзіра палка. Забягаючы наперад хачу сказаць, што ўзгаданы полк, разам з Гродзенскім лейб-гвардыі гусарскім палком, створаным 19 лютага 1824 года, удзельнічаў у падаўленні польскіх паўстанняў 1830 – 1831 і 1863 – 1864 гадоў на Беларусі.

Не абыйшлі горад Гродна і знайшлі свой водгук сярод гараджан такія грамадска-палітычныя падзеі ХІХ стагоддзя, як дзекабрысцкі рух 1825 года, узгаданыя паўстанні 1830-31 і 1863-64 гадоў. У горадзе пражывалі сёстры дзекабрыста Міхаіла Рукевіча, Ксаверыя і Карнелія, затым арыштаваныя і сасланыя царскімі ўладамі на вечнае пасяленне ў манастыр. З горадам быў звязаны лёс капітана К.Ігельстрома, узначальваўшага арганізацыю “Ваенныя сябры”, у якую уваходзілі беларусы, палякі, літоўцы, служыўшыя ў Літоўскім асобным корпусе. Арганізацыі спачувала мясцовая моладзь. К.Ільгестром і М.Рукевіч былі арыштаваны і сасланы затым у Сібір разам з іншымі дзекабрыстамі. У сувязі з польскім паўстаннем 1830 – 1831 гадоў у Гродна адбыліся выступленні вучняў Гродзенскай духоўнай семінарыі і іншых навучальных устаноў. Частка семінарыстаў і іх настаўнікаў была арыштавана , а 22 лютага 1832 г. была ў Гродна створана  спецыяльная камісія па справах мяцежнікаў.

У Гродне атрымалі водгук падзеі, звязаныя з паўстаннем 1863 -1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага і яго паплечніка З.Серакоўскага, стварыўшых у горадзе падпольную рэвалюцыйную арганізацыю, якая непасрэдна рыхтавала паўстанне. Арганізацыя зімой 1864 г. была раскрыта ўладамі. Вынікі паўстання вядомы – яно было падаўлена, а Каліноўскі аказаўся 10 сакавіка 1864 г. на шыбеніцы ў г.Вільна. Пакараны былі і другія ўдзельнікі паўстання. У дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі ў г.Гродна захоўваюцца экземпляры газеты “Мужыцкая праўда”, якую выдаваў К.Каліноўскі.

Што датычыць эканамічнага развіцця горада, то пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе Гродна становіцца адным з буйнейшых эканамічных цэнтраў краю. З 1874 па 1898 год колькасць прамысловых прадпрыемстваў  павялічылася з 31 да 75, пятнаццаць з іх былі прадпрыемствамі фабрычна-завадскога тыпу (з выкарыстаннем паравых машын). Вядучае месца займалі галіны вытворчасці, звязаныя з пераапрацоўкай сельскагаспадарчай і мінеральнай сыравіны, дрэва, паперы, тытуню (маю на ўвазе тытунёвую фабрыку Шэрашэўскага (1860 г.), якому належалі яшчэ цыгарэтна-гільзавая фабрыка (1880 г.) і гільзавы завод (1882 г.). У канцы ХІХ стагоддзя ў Гродна было два вінакурных заводы, два спіртаачышчальных заводы, некалькі піваварных заводаў, чатыры лесапільных, якія выраблялі простую мэблю, мануфактура па выпуску канторскіх кніг і мануфактура па выпуску коркаў, алоўкавая фабрыка. Працавала пяць друкарняў. Вельмі шырока быў развіты як ўнутрыгарадскі, так і знешні гандаль.

Вялікі ўплыў на развіццё горада аказала ўдасканаленне шляхоў зносін, у прыватнасці, будаўніцтва чыгункі. Першым крокам у гэтым накірунку стала пракладка чыгункі Гродна-Парэчча, даўжынёй у 50 вёрст. Гэта быў участак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. А потым пайшлі ўчасткі Гродна-Ваўкавыск, Гродна-Сувалкі і іншыя.

Хачу завяршыць гэты раздзел свайго даклада ўпамінаннем аб архітэктурным узбагачэнні нашага горада. Архітэктурныя помнікі і іх комплексы, капітальная радавая забудова XVIII – ХІХ стагоддзяў адыгрываюць і сёння вялікую ролю ў фарміраванні кампазіцыі горада і мастацкім вобліку яго цэнтра. Помнікі старажытнарускага перыяду (Каложская царква), храмы XVI стагоддзя, цэрквы, касцёлы і свецкія пабудовы XVII – XVIII стагоддзяў і сёння сведчаць аб наліччы самабытных і непаўторных рыс у архітэктуры горада.

Новая веха ў развіцці Гродна пачынаецца на рубяжы ХІХ – ХХ стагоддзяў, як мы, гісторыкі, кажам – на “крутым павароце гісторыі”, калі ў горадзе зараджаецца і “інтэнсіўна” развіваецца рэвалюцыйны рабочы (і не толькі) рух – як вынік эканамічнага крызісу і развіцця рэвалюцыйнага руху ў Расійскай дзяржаве, які прывёў да рэвалюцыі 1905-07 гадоў, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года, адбыўшыхся ў ходзе Першай сусветнай  вайны.

Што тычыцца рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гадоў,  то яны ў першую чаргу былі выкліканы станам эканомікі. З 1900 па 1904 год у Гродна было зачынена пяць прадпрыемстваў, а 31 прадпрыемства перайшло на скарочаны рабочы дзень з паменшанай аплатай працы больш за 50%. Забастоўкі і першамайскія дэманстрацыі ў Гродна адбываліся штогод, пачынаючы з 1900 года. У жніўні 1903 г. паліцыя арыштавала 242 –х удзельнікаў сходкі ў лясным масіве Пышкі, а ў студзені 1904 г. усе рабочыя на фабрыцы Шэрашэўскага (1331 чалавек) былі звольнены з работы. Фабрыка аднавіла працу толькі праз некалькі месяцаў. У маі – жніўні 1904 г. па закліку групы РСДРП на вуліцы горада вышлі сотні людзей з чырвонымі сцягамі і лозунгамі “Далоў вайну!”, “Далоў самадзяржаўе”. А 1 мая 1905 г. у  горадзе адбылася ўсеагульная забастоўка, у якой прынялі ўдзел рабочыя ўсіх гарадскіх прадпрыемстваў. Летам таго ж года рэвалюцыйная прапаганда ахапіла часці Гродзенскага вайсковага гарнізона. У другой палове кастрычніка 1905 г. захваляваліся салдаты 12-й і 26-й артылерыйскіх брыгад, для іх уціхамірвання прыйшлося вызываць шэсць рот 103-га Петразаводскага палка.

У 1905 г. у актыўную барацьбу ўключыліся і вучні гарадскіх гімназій. Яны выдавалі часопіс “Школа” пад марксісцкім лозунгам “Пралітарыі ўсіх краін, яднайцеся!”, у якім крытыкавалася палітыка ўрада Расійскай дзяржавы. У 1906 – 1907 г. стачкі і забастоўкі насілі пераважна эканамічны характар, асаблівых практычных вынікаў не мелі, а сама рэвалюцыя 1905 –1907 гадоў пацярпела паражэнне.

Новы рэвалюцыйны пад’ём у Гродна назіраецца з 1913 – 1914 гады, калі ў горадзе адбыліся эканамічныя і палітычныя стачкі, вызваныя і падзеямі ў Расіі (растрэл рабочых на Ленскіх залатых прыісках), і актывізацыяй дзейнасці Гродзенскай арганізацыі РСДРП, распаўсюджаннем у горадзе газет “Сацыял-дэмакрат”, “Звязда”, “Праўда”. Нарастанне развіцця рэвалюцыйных падзей было перарвана Першай сусветнай вайной. 21 жніўня (3 верасня) Гродна было акупіравана нямецкімі вайскамі. Акупацыя працягвалася амаль чатыры гады. Рэвалюцыйны рух быў задушаны акупантамі. Кайзераўскія войскі паводзілі сябе ў 1914 – 1918 гадах практычна так, як гітлераўскія ў 1941 – 1944 гадах. Таму ў студзені – сакавіку 1918 г. у Гродна адбыліся стачкі супраць нямецкай акупацыі і ў падтрымку Кастрычніцкіх падзей 1917 года ў Петрагарадзе. Яны насілі больш палітычны характар.

У ліпені 1918 г. быў створаны Гродзенскі падпольны раённы камітэт РКП(б), дзейнічаўшы пад кіраўніцтвам Паўночна-Заходняга партыйнага камітэта. Гродзенскі камітэт узначальваў Вацлаў Антонавіч Багуцкі. Камітэт выдаваў штотыднёвую газету “Набат”, рэдактарам  якой быў С.Я Капланскі. Пад кіраўніцтвам партыйнага камітэта былі арганізаваны забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі насельніцтва, у першую чаргу рабочых, супраць акупацыйных войскаў дыслацыраваных у горадзе, а затым і створаны баявыя дружыны. Адначасова ў горадзе дзейнічалі Польская партыя сацыялістаў, яўрэйскія партыі Бунд, “Палей цыён”, рабочая група “Гэхаблуц”, партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў і сацыялістаў-федэралістаў. У сувязі з лістападаўскімі 1918 года рэвалюцынымі падзеямі ў Германіі і падзеннем урада Вільгельма ІІ, ануліраваннем Савецкім урадам Брэсцкага дагавора, нямецкае ваеннае камандаванне пачало вывад сваіх узброеных сіл з тэрыторыі Беларусі. Але 27 красавіка 1919 г. германскія акупанты перадалі ўладу ў Гродна легіянерам Юзэфа Пілсудскага, якія распараджаліся тут 14 месяцаў. А ў ліпені 1920 г. конніца чырвоных пад кіраўніцтвам Г.Д. Гая авалодала нашым горадам, а орган улады Ваенрэўкам узначаліў Адам Сямёнавіч Славінскі. Рэўкам нацыяналізаваў шэраг прамысловых прадпрыемстваў, устанавіў кантроль над прыватнымі прадпрыемствамі, стварыў для налажвання і развіцця вытворчасці 15 жніўня 1920 г. раённы Саўнаргас.

Органамі новай улады было прынята рашэнне аб адкрыцці ў Гродна музыкальнай школы, а аддзел народнай адукацыі разпачаў падрыхтоўку кадраў музычных работнікаў, стварэнне дзіцячых прыютаў для дзяцей-сірот. 1 – 2 жніўня 1920 г. горад наведаў Ф.Э. Дзяржынскі, пабывалі ў горадзе М.Н. Тухачэўскі, Ю.Ю. Мархлеўскі.

Новая веха ў развіцці Гродна пачынаецца пасля заключэння 18 сакавіка 1921 г. Рыжскага міру, згодна з якім да 20 верасня 1939 г. горад, як і ўся тэрыторыя Заходняй Беларусі, уваходзілі ў склад Польскай дзяржавы. Як ацаніць гэты перыяд у жыцці горада і гараджан? Можна адназначна канставаць, што ні ў эканамічным, ні ў сацыяльным, ні ў культурным, ні ў палітычным развіцці горада пазітыўных зрухаў практычна не было. Затое была ліквідацыя многіх прадпрыемстваў. З 75 прадпрыемстваў у 1923 г. толькі на 23 прадпрыемствах працавала па 20 і болей чалавек. У 1931 годзе быў створаны картэль “Дзяржаўных хлебапрамыслолвых прадпрыемстваў”, які поўнасцю манапалізаваў унутраны і знешні гандаль зернем і іншымі харчовымі таварамі. Рабочым у Гродна, як і на тэрыторыі ўсёй Заходняй Беларусі, плацілі ў 1,5 – 2 разы меней, чым у цэнтральнай часцы Польшчы. Рабочы дзень доўжыўся 10 – 12 гадзін, што ў спалучэнні з цяжкімі ўмовамі працы прыводзілі да ўвеччаў і захворванняў,  эміграцыі. Толькі ў 1921 – 1933 гады з Гродна выехала 2997 чалавек.

К 1939 г. у Гродна не было школы з беларускай мовай навучання. Не дапускаліся беларусы да вышэйшай адукацыі (не было ВНУ ні ў Гродне, ні ў Заходняй Беларусі).

У такіх умовах інтэнсіўна распаўсюджвалася рэвалюцыйная барацьба, падпольны камуністычны рух (КСМЗБ, КПЗБ), праходзілі стачкі, забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі.

Летам 1934 г.  урад Польшчы прыняў закон аб ізаляцыі “сацыяльна-небяспечных элементаў”, а Канстытуцыя Польшы 1935 г. пазбавіла працоўных палітычных і грамадскіх правоў, што ўзмацніла напружанасць у грамадстве, уключаючы і жыхароў Гродна. Жыхары горада падтрымалі ідэю аб амністыі палітычным вязням, ліквідацыю канцлагера “Бяроза-Картузкая”, удзельнічалі ў палітычнай акцыі ў абарону С.В. Прытыцкага ў 1936 – 1937 гада і ў іншых акцыях.

Пасля вызвалення Гродна ад белапольскай акупацыі 20 верасня 1939 г. у горадзе пачаліся пераўтварэнні на савецкай аснове. Яны прадаўжаліся да чэрвеня 1941 г. Перш за ўсё было створана 22 верасня часовае ўпраўленне горада з пяці чалавек на чале з І.К. Жытковым, затым – грамадзянская міліцыя і рабочая гвардыя, адноўлена праца нацыяналізаванай прамысловасці (23 прадпрыемствы). Да канца 1939 г. была ліквідавана беспрацоўе. 12 чалавек ад горада былі абраны ў Нацыянальны сход Заходняй Беларусі (Н.С. Бандарык, С.В. Прытыцкі, П. Пестрак і інш.). У сакавіку 1940 г. былі абраны дэпутаты ў Вярхоўны Савет СССР і БССР, а затым і ў Гродзенскі гарадскі Савет (180 чалавек). Старшынёй Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта стаў Пётр Іванавіч Ратайка. У красавіку 1940 г. быў сфарміраваны і Гродзенскі гаркам КП(б)Б на чале І.Б. Пазняковым. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941 – 1945 гг. у горадзе была налажана дзейнасць прамысловасці, гандлю, адукацыі на роднай мове, устаноў аховы здароўя, культуры. Запрацаваў Гродзенскі настаўніцкі інстытут, аднавіў работу гісторыка-краязнаўчы музей у будынку Гродзенскага замка.

Новая гераічная і трагічная веха ў жыцці горада звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны (у кантэксце Другой сусветнай вайны). Гітлераўцы авалодалі горадам пасля гераічнага супраціўлення часцей Чырвонай Арміі ў ноч з 26 на 27 чэрвеня 1941 года і ўстанавілі тут свой “Новы парадак”. Горад быў пераіменаваны ў “Гартэн” і ўключаны ў склад асобнай акругі “Беласток”, якім кіравала ўсходне-пруская адміністрацыя. На яго распаўсюджвалася дзейнічаўшы ў рэйху суд і права, фінансавая і падатковая палітыка. Акруга, уключаючы і “Гартэн”, павінна была быць каланізавана і германізавана. Тут павінна былі пасяліцца 10 тыс. немцаў-каланістаў, а іх павінны былі абслугоўваць 20 тыс. мясцовых жыхароў. Ужо ў пачатку ліпеня 1941 г. былі растраляны 80 прадстаўнікоў інтэлегенцыі, якія належылі пераважна да яўрэйскай нацыянальнасці.

Масавае знішчэнне насельніцтва працягвалася ўвесь перыяд акупацыі горада. За тры акупацыйныя гады  фашысты забілі і замучылі ў Гродна 33 тысячы савецкіх грамадзян, разбурылі большасць прамысловых прадпрыемстваў, школ, бальніц, культурна-асветных устаноў, знішчылі 25 % жылога фонду. Агульныя страты, нанесеныя грамадскай гаспадарцы, склалі 252312 тыс. рублёў.

З асаблівай жорсткасцю фашысты распраўляліся з палоннымі савецкімі салдатамі і яўрэйскім насельніцтвам горада. Каля вёскі Калбасіно на плошчы 50 гектараў быў створаны стацыянарны лагер для ваеннапалонных (Шталаг №353) і яго філіялы ў вёсках Фолюш, Ласосна, Кульбакі, у казармах на вуліцах Чырвонаармейскай і Маставой. У Шталагу загінула 18 тысяч савецкіх ваеннапалонных.

У жніўні 1941 г. у Гродна пачалі дзейнічаць падпольныя групы супраціўлення. У іх складзе былі камуністы і беспартыйныя. Падпольныя групы ўзначальвалі: 1) Волкаў М.А. і Васілюк К.Г.; 2) Разанаў В.Д.; 3) Багатыроў М.М.; 4) Лямаў С.П.; 5) Святлічны Г.І.; 6) Панасюк С.Ф.; 7) Падпольная група ў Гродзенскім гета (кіраўнік Е. Чаппік і др.); 8) Арганізацыі польскага руху супраціўлення з 1942 г. (Саюз узброенай барацьбы); 9) Партызанка Вольга Соламава. Баявая дзейнасць усіх узгаданых груп, саюзаў і асоб была надзвычай эфектыўнай.

На жаль, многія з названых вышэй асоб загінулі ў барацьбе з ворагам, у тым ліку І В.Соламава. Яе родная сястра Ларыса вучылася разам са мною на гісторыка-філалагічным факультэце нашага педінстытута імя Я.Купалы ў 1954 – 1959 гадах. Ад фашыстаў Гродна быў вызвалены 16 ліпеня 1944 года воінскімі злучэннямі 2 і 3 Беларускіх франтоў, якімі камандавалі генерал-полкоўнік Захараў і генерал арміі – Чарняхоўскі. У баях за горад вызначыліся кавалерысты генерал-маёра  Брыкеля, генерал-маёра Болдзіна, генерал-лейтэнанта Аслікоўскага і іншыя. Іх імёнамі названы вуліцы нашага горада.

Новыя вехі ў развіцці Гродна звязаны  з пасляваенным аднаўленнем і развіцём горада ў 1944 – 1990 гады ў складзе БССР, і ў 1991 – 2008 гадах ў складзе Рэспублікі Беларусь. Аднаўленне горада пачалося яшчэ ў ходзе вайны, з 24 ліпеня 1944 года. У ліпені – верасні 1944 г. жыхары Гродна адпрацавалі на аднаўленні прамысловых прадпрыемстваў, камунальнай гаспадаркі, транспарце і сувязі 60 тысяч гадзін. 20 верасня 1944 г. Гродна стаў цэнтрам Гродзенскай вобласці. Ужо да канца 1944 г. у горадзе было адноўлена 17 прамысловых прадпрыемстваў, а ў 1945 г. – яшчэ 6 прадпрыемстваў.

Практычна аднаўленчыя работы ў Гродна былі завершаны ў 1950 годзе. А ў 1951 – 1955 гадах здзяйснялася будаўніцтва заводаў жалезабетонных канструкцый і санітарна-тэхнічнага абсталявання, швейнай фабрыкі, рамонтна-падшыпнікавага завода, высокаводнага маста праз Нёман. У гэтыя гады рэканструкцыя на новай тэхналагічнай аснове праведзена на шклозаводзе, велазборачным і кажэвенным заводах, тонкасуконным камбінаце, табачнай і мэблявай фабрыках, камбінаце будаўнічых матэрыялаў.

У наступныя гады (1956 – 1960) і (1961 – 1965) была рэканструіравана абутковая фабрыка і распачата будаўніцтва азотнатукавага завода – хімічнага прадпрыемства ўсесаюзнага маштаба, завода гандлёвага машынабудавання, другой чаргі завода “Аўтазапчастка”, завода сілікатных вырабаў, нафтабазы, фабрыкі дзіцячай цацкі і ншых. Запланавана было будаўніцтва новага будынка аўтавакзала, карпусоў вышэйшых навучальных устаноў горада, школ, бальніц, дзіцячых садоў, устаноў культуры, стадыёна, жылых кварталаў. У 1963 годзе, 1 верасня, была ўведзена у строй дзеючых першая чарга азотнатукавага завода – вытворчасць слабой азотнай кіслаты, а 1 ліпеня 1964 г. – пачалося асваенне абсталявання вытворчасці карбаміда. 9 студзеня 1965 вытворчасці аміяка і карбаміда сталі ўстойліва выдаваць прадукцыю. Да 1990 года азотнатукавы завод вырас у вытворчае аб’яднанне “Азот” імя С.В. Прытыцкага (з 1972 г.) – буйнейшае ў БССР. Пабудаваны былі і іншыя гіганты індустрыі – прадзільна-нітачны камбінат, аб’яднанне “Хімвалакно”, абутковае аб’яднанне “Неман”, аб’яднанне “Белкард” і іншыя. Горад Гродна стаў буйным індустрыяльным цэнтрам краіны.

Гродна ў пасляваенны перыяд пераўтварыўся ў адзін з вядучых культурных і навуковых цэнтраў БССР. У ім сталі дзейнічаць тры ВНУ – Гродзенскі дзяржаўны педінстытут імя Я.Купалы з 1978 г. універсітэт, сельскагаспадарчы з 1951 г. і медыцынскі інстытуты з 1958 г., а таксама навукова-даследчы Інстытут біяхіміі АН БССР з 1985 г., у якіх працавала 900 навуковых работнікаў, у тым ліку звыш 40 дактароў навук і каля 450 кандыдатаў навук. Акрамя таго, у Гродна працавалі філіялы шэрагу рэспубліканскіх і саюзных навукова-даследчых і праектных інстытутаў.

У Гродна дзейнічалі 42 установы культуры, шэраг мастацкіх і творчых калектываў: Гродзенскі абласны драматычны тэатр, телецэнтр; ансамбль песні і пляскі “Нёман”, ансамбль танца “Раніца”, народны ансамбль танца “Вянок”, літаратурнае аб’яднанне пры рэдакцыі “Гродзенская праўда”, выходзілі шматціражкі “Хімік”, “Вымпел”, “Гродзенскі універсітэт”, шэраг музеяў, спартыўных комплексаў.

У Рэспубліцы Беларусь Гродна захаваў і прыўмножыў лепшыя дасягненні савецкіх часоў.

І пошняя веха: што прадстаўляе наш родны горад Гродна ў пачатку ХХІ стагоддзя. На 1.01.2008 г. у г.Гродна пражывае 325800 чалавек. Па нацыянальнаму складу пераважаюць беларусы – каля 60%, на другім месцы – палякі, на трэцім – рускія, на чацвёртым – украінцы, на пятым – яўрэі, звыш 1 % – іншыя нацыянальнасці. На ўказаную вышэй дату ў горадзе зарэгістравана каля 4000 шлюбаў і да паўтары тысячы разводаў.

28 ліпеня 2003 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за №332 зацверджаны “Генеральны план г.Гродна”, які вызначае развіццё горада да 2020 года. У структуры прамысловай прадукцыі неабходна адзначыць хімічную і нафтахімічную прамысловасць; машынабудаванне і металаапрацоўку; прамысловасць будаўнічых матэрыялаў і харчовую прамысловасць; лясную, дрэваапрацовачную і цалюлозна-будаўнічую; лёгкую прамысловасць і іншыя віды прамысловасці.

На тэрыторыі горада дзейнічаюць 68 прамысловых прадпрыемстваў розных формаў уласнасці. Вядучыя прадпрыемствамі з’яўляюцца аб’яднанні “Азот” і “Хімвалакно” (хімічная прамысловасць), акцыянерныя аб’яднанні “Гродзенскі мясакамбінат” і “Малочны свет” (харчовая прамысловасць), “Белкард” і “Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання” (машынабудаўнічы камплекс), прадпрыемствы свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”  – “Зов-ЛенЕўрамэбля”, Зов-Пліта”, “Мэбля Нёман” і іншыя. Хачу падкрэсліць, што з пачатку дзейнасці СЭЗ “Гроднаінвест” і па 1.01.2008 г. прыцягнута капіталаў у далярах ЗША 76,0 млн. (толькі за 2007 год – 26 млн.). Гэта, па-першае, па-другое, у 2007 годзе на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы горада выкарыстана 953,9 млрд. рублёў інвестыцый (507 млрд. рублёў ці 143 % да ўзроўню 2006 г.).

Знешнегандлёвую дзейнасць у горадзе здзяйсняюць 500 суб’ектаў гаспадаранняў, у тым ліку 44 прамысловых прадпрыемствы. Гродна падтрымлівае гандлёва-эканамічныя адносіны больш чым з 95 краінамі свету. Мы пастаўляем сваю прадукцыю ў ЗША, Кітай, Бразілію, Краіны ЕС і СНГ – Расію, Украіну, Малдову, Азербаджан, Казахстан, Таджыкістан, Туркменістан (мінеральныя ўгнаенні, капралактам, сінтэтычныя валокны, абутак, адзенне, запчасткі, будаўнічыя матэрыялы і іншыя).

Развіваецца ў горадзе сувязь, эксплуатуюцца 19 тэлефонных станцый, 17 з якіх з’яўляюцца электроннымі.

Пастаянна павялічваецца сфера бытавых паслуг для насельніцтва. Толькі за 2007 год адчынена 69 пунктаў бытавога абслугоўвання жыхароў Гродна. Сюды хочацца дадаць і абслугоўванне патрэб насельніцтва транспартам: у горадзе функцыянуюць штосутачна 37 аўтобусных, 11 тралейбусных і 29 экспрэсных маршрутаў (не гаворачы ўжо пра таксі), 28 паяздоў, 115 міжнародных аўтобусаў.

Гаражадн і яго гасцей абслугоўваюць 505 прадпрыемстваў рознічнага гандлю ( у тым ліку 11 фірменных і 54 ведасных, 3 рынкі і 8 мінірынкаў).

Горад будуюць і рамантуюць каля 70 будаўнічых і рамонтных арганізацый, у гэтай галіне працуе 11 тысяч чалавек. У 2007 г. уведзена ў эксплуатацыю 271 тыс. 203 м² жылля (пры плане 270 тыс.м²). У 2007 г. рэканструявана вуліца Савецкая, ідзе рэканструкцыя Гродзенскага заапарка і стадыёна “Неман”. Апошні стане адным з лепшых у Рэспубліцы Беларусь.

Адукацыя прадстаўлена трыма універсітэтамі, філіялам недзяржаўнай ВНУ “БіП – Інстытут правазнаўства”, філіялам Інстытута біяхіміі НАН РБ і 10 каледжамі і вучылішчамі сістэмы прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі і 7 сярэднімі спецыяльнымі вучэбнымі ўстановамі; 42 школамі рознага тыпу, у тым ліку 26 сярэдніх агульнаадукацыйных школ, 7 гімназій, 1 ліцэй, 1 школа-ліцэй, 2 вячэрнія, 4 спецыяльныя, 1 пачатковая; 82 –дзяцячымі дашкольнымі установамі, шэрагам спецыяльных вучэбных устаноў і цэнтраў. Пры школах дзейнічаюць 13 музеяў і 15 музейных пакояў.

Гарадская культура прадстаўлены 23 культурнымі ўстановамі, ансамблем песні, музыкі і танца “Белыя росы”, драматычным і лялечным тэатрамі, музеямі гісторыі і рэлігіі, паэтаў Максіма Багдановіча і Элізы Ажэшка, гарадской выставачнай залай.

Арганічнай састаўной часткай станаўлення і развіцця культуры насельніцтва горада з’яўляецца рэлігія, перш за ўсё хрысціянская (праваслаўная, каталіцкая, пратэстанская), іудзейская, мусульманская і іншыя, свабода дзейнасці і падтрымка якіх забяспечваюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, гарадскімі і раённымі горада Гродна ўладнымі структурамі. Таму можна з поўнай адказнасцю сцвярджаць, што наш горад з’яўляецца сапраўдным цэнтрам асветы і духоўнасці яго жыхароў.

Ахова здароўя прадстаўлена “Гродзенскай цэнтральнай гарадской клінічнай бальніцай”, у якую ўключаны 5 клінічных бальніц на 1785 ложка-месцаў. У горадзе адчынена і працуе гаспадарча-разліковае прадпрыемства “Цэнтр прыгажосці і здароўя”.

Аптэчная справа ўключае ў сябе 14 аптэк, 17 аптэчных пунктаў, 12 аптэчных кіёскаў, а таксама 18 камерцыйных аптэк і 23 камерцыйных аптэчных кіёскаў.

У горадзе практыкуюць 83 урачы-індывідуальныя прадпрымальнікі.

Умацоўваць здароўе жыхары горада маюць магчымасць на 722 спартыўных пляцоўках, у тым ліку і 3-х стадыёнах, 1 лядовым палацы, 100 спартыўных залах, 32 стралковых цірах, 10 плавацельных басейнах, 35 міні-басейнах, 297 пласкастных пляцоўках, 207 прыстасаваных памяшканнях, у 82 дзіцячых дашкольных установах (у 23 з якіх ёсць плавацельныя басейны). І гэта далёка не поўны пералік.

Праводзіцца прадуманая маладзёжная палітыка, яна здзяйсняецца аддзелам па справах моладзі пры Гродзенскім гарвыканкаме, сродкамі масавай інфармацыі (16 газет, у тым ліку 5 дзяржаўных і 4 часопісамі, тэлерадыёкампаніямі).

У горадзе дзейнічаюць 22 абласных галіновых і 571 пярвічная прафсаюзная арганізацыя, 10 палітычных партый і 16 нацыянальна-культурных аб’яднанняў (5 – польскіх, 3 – яўрэйскіх, па 1 – рускаму, украінскаму, літоўскаму, татарскаму, грузінскаму, армянскаму, чувашскаму). Таму заслугоўвае быць адзначанай і тая акалічнасць, што ў Гродна перыядычна праводзяцца рэспубліканскія фестывалі нацыянальных культур народаў, якія пражываюць у Беларусі.

Хачу асабіста падкрэсліць, што ў такім станоўчым развіцці нашага горада ў дзень учарашні і дзень сённяшні, ёсць несумненны ўклад кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады горада Гродна, яго Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў, на якія горад быў падзелены яшчэ ў 1978 годзе, а таксама кіраўніцтва Гродзенскай вобласці. Лепшым з лепшых жыхароў горада рашэннем Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта і гарадскога Савета дэпутатаў прысвоены званні ганаровых грамадзян горада. З вялікім задавальненнем называю іх прозвішчы. Гэта Данілаў Андрэй Сцяпанавіч – лётчык-знішчальнік, удзельнік абароны г.Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Разанаў Віталь Данілавіч – кіраўнік падпольнай антыфашысцкай арганізацыі г.Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Соламава Вольга Восіпаўна – сакратар Гродзенскага падпольнага гаркама ЛКСМБ; Карбышаў Дмітрый Міхайлавіч – генерал-лейтэнант інжынерных войск у гады Вялікай Айчыннай вайны; Ратайка Пётр Іванавіч – першы старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных; Маставенка Дзмітрый Карпавіч – генерал-маёр, удзельнік абароны г.Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Болдзін Іван Васільевіч – генерал-палкоўнік, удзельнік вызвалення г.Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Аслікоўскі Мікалай Сяргеевіч – Герой Савецкага Саюза, генерал-палкоўнік, удзельнік вызвалення г.Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Кныш Рэнальд Іванавіч – заслужаны трэнер БССР і СССР па спартыўнай гімнастыцы; Водчыц Рыгор Мікалаевіч – брыгадзір, майстар домабудаўнічага камбіната; Кузняцоў Аляксей Міхайлавіч – удзельнік вызвалення г.Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Курловіч Аляксандр Мікалаевіч – чэмпіён XIV і XV алімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы; Шыдлоўскі Аляксандр Канстанцінавіч – кампазітар, Заслужаны дзеяч культуры Беларусі; Глазуноў Мікалай Кузміч – генерал-маёр, удзельнік вызвалення г.Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Навумаў Васілій Рыгоравіч – Заслужаны настаўнік БССР, удзельнік Вялікай айчыннай вайны; Арцёмаў Георгій Міхайлавіч – удзельнік вызвалення г.Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Іваноў Сяргей Фадзеевіч – удзельнік вызвалення г.Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Маслакоў Дзмітрый Андрэевіч – рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медынстытута ў 1962 – 1997 гг., Заслужаны дзеяч навукі БССР, доктар медыцынскіх навук, прафесар; Чопнчыц Адам Сідаравіч – кіраўнік народнага ансамбля песні і танца “Нёман” гарадскога Палаца культуры; Селіванчык Наталля Уласаўна – Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны; Мендараў Пётр Афанасьевіч – першы сакратар Гродзенскага гаркама КПБ з 1973 па 1985 г.; Лебедзеў Лявонцій Пятровіч – трэнер зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе, Заслужаны трэнер БССР; Паўлоўскі Аляксандр Аляксеевіч – генерал-лейтэнант, былы старшыня Дзяржаўнага камітэта пагранатрада РБ, зараз пасол нашай дзяржавы ў Францыі.

На прыканцы хачу выказаць шчырую падзяку ўсім тым навукоўцам, якія прымаюць удзел у гэтай навуковай канферэнцыі. Персанальную падзяку адрасую навукоўцам з Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі на чале з яго дырэктарам Аляксандрам Аляксандравічам Каваленяй. Поўнасцю падзяляю выказаныя ім ва ўступным слове думкі аб  плённасці і неабходнасці далейшага супрацоўніцтва навукоўцаў-гісторыкаў нашай Акадэміі навук і навукоўцаў-гісторыкаў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы і іншых ВНУ Рэспублікі Беларусь. Хачу нагадаць, што такое супрацоўніцтва паміж намі пачата ў 1992 годзе і працягваецца да сённяшняга дня. За гэты час арганізавана і праведзена дванаццаць рэгіянальных навуковых канферэнцый (двойчы ў Воранаўскім, па аднаму разу ў Ашмянскім, Смаргонскім, Дзятлаўскім, Ваўкавыскім, Іўеўскім, Зэльвенскім, Слонімскім, Свіслацкім, Навагрудскім і Карэліцкім раёнах). Выдадзены матэрыялы дзевяці з ўсіх пералічаных вышэй канферэнцый асобнымі навуковымі зборнікамі. Матэрыялы Смаргонскай канферэнцыі былі запісаны на дыктафон і выкарыстаны  ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць” па Смаргонскаму раёну (са згоды ўдзельнікаў каферэнцыі, вядома), а матэрыялы па Навагрудку і Карэлічах увайшлі навуковымі артыкуламі ў зборнікі канферэнцый “Этнасацыяльныя і канфесіянальныя праблемы ў сучасным грамадстве” і “Культура Гродзенскага рэгіёну:  праблемы развіцця ва ўмовах палітычнага сумежжа”. Сумесна з акадэмічным Інстытутам гісторыі Беларусі намі праведзена шэраг буйных рэспубліканскіх навуковых канферэнцый і выдадзены іх матэрыялы. Я маю на ўвазе канферэнцыі “Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця” і “Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў”, праведзеныя адпаведна ў 2002 і 2005 гадах на базе гістарычнага факультэта УА “ГрДУ імя Я.Купалы”.

Так што сённяшняя наша міжнародная навуковая канферэнцыя з’яўляецца прадаўжэннем і замацаваннем ужо склаўшайся традыцыі ў нашым плённым супрацоўніцтве.

Карыстаючыся прыемнымі абставінамі нашай сустрэчы, хачу выказаць сваю падзяку навукоўцам акадэмічнага Інстытута гісторыі і яго дырэктару за арганізацыю і правядзенне круглага стала, прысвечана праблеме БНР, публікацыю яго матэрыялаў на старонках газеты “Беларусь сёння”. Гэтыя матэрыялы праясняюць многія пытанні ў праблеме станаўлення беларускай дзяржаўнасці, здымаюць з яе былую запалітызаванасць. Стала відавочна, што аб’яўленне БНР у нейкім сэнсе (разам з другімі абставінамі) паскорыла стварэнне БССР. Сказанае мною напрамую звязана з гісторыяй горада Гродна, бо ўрад БНР пасля ад’езду з Мінску ў Вільню, а з Вільні пераехаў у Гродна, пэўны час знаходзіўся і працаваў у нашым горадзе, а затым ужо перабраўся ў Берлін і далей на захад.

І ў завяршэнне свайго выступлення хачу нагадаць прысутным на канферэнцыі наступныя радкі з верша пра Гродна Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі паэтэсы Дануты Янаўны Бічэль-Загнетавай “Горад мой – бяссоніца мая, як жа мне любіць цябе, скажы? Свеціш ты краіне, як маяк, на яе заходнім рубяжы”. Ад сябе хачу дабавіць пра самы мілы майму сэрцу горад Беларусі, што наш горад-помнік Гродна за ўсю гісторыю свайго існавання заўсёды свяціў, свеціць зараз і будзе свяціць у будучым нашай роднай беларускай зямлі, яе талерантным і працавітым людзям, замежным гасцям сваёй прыгажосцю, шчырай прыязнасцю, гасціннасцю і глыбокай патрыятычнасцю яго жыхароў.

Дзякую за ўвагу!

Літаратура і крыніцы:

  1. Археалагічныя помнікі Гродзеншчыны: Матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбылася 26 лістапада 1991 года ў Гродна / Адк. рэд. Я.Г. Звяруга, І.П. Крэнь. – Ліда: Лідская тыпаграфія, 1992. – 116 с.
  2. Боевая летопись белорусских полков. Выпуск 11. – Минск: Типография издательства «Белорусский дом печати», 1994. – 75 с.
  3. Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: стан гістарыяграфіі і перспектывы даследавання праблемы: Матэрыялы “круглага стала” / Рэд. кал.: А.А. Каваленя, А.М. Літвін (адк. рэд.) і інш. – Мн.: ДНУ “Інстытут гісторыі НАН Беларусі”, 2005. – 202 с.
  4. Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945 гг.). Да 50-годдзя Вялікай перамогі / Рэд. кал.: Крэнь І.П. (старшыня) і інш. – Гродна: Гродзенская абласная ўзбуйненая друкарня, 1995. – 207 с.
  5. Великой победе в Великой войне – 60: Материалы обл. межвуз. науч. студ. конф., 4 мая 2005 г., г.Гродно / под ред. И.П. Креня, В.А. Белозоровича, В.А. Неделько. – Гродно: ГрГУ, 2005. – 100 с.
  6. Гродно. Исторический очерк. / Под редакцией З.Ю. Копысского, Б.М. Фиха. – Минск: “Беларусь”, 1964. – 262 с.
  7. Гродно: Ист. – экон. очерк / Крень И.П., Мараш Я.Н., Ковкель И.И. и др. – Мн.: “Полымя”, 1988. – 240 с.: ил.
  8. Ткачев М.А. Замки Белоруссии. – Мн.: “Полымя”, 1987. – 222 с.: ил.
  9. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Гродна (Беларус. Энцыкл.; Рэд. кал.: Г.П. Пашкоў, Я.М. Жабрун, І.П. Крэнь і інш.; маст. Э.Э. Жакевіч. – Мн.: БелЭн, 1999. – 717 с.: іл.
  10. Бягучы архіў Гродзенскага гарвыканкама. Пашпарт горада Гродна на 1.01.2008 г.