Мещане в социально-экономическом развитии Беларуси (1861−1914 гг.)

Пашырэнне мадэрнізацыйных працэсаў у 60-я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст. абумовіла карэнныя змены ў грамадстве беларуска-літоўскіх губерняў Расійскай імперыі. Пад іх уплывам адбываліся прынцыповыя змены ў асновах сацыяльнай стратыфікацыі грамадства. Нягледзячы на ўрадавую палітыку, накіраваную на захаванне цэласнасці і ўпарадкаванасці саслоўнай структуры, у гэты час узмацніліся працэсы нівеліравання фактару саслоўнай прыналежнасці асобы. Сацыяльная трансфармацыя беларуска-літоўскіх губерняў ва ўмовах пераходу ад традыцыйнага грамадства да індустрыяльнага ў акрэслены перыяд набыла сістэмны і ўсебаковы характар, а таксама адрознівалася сваімі асаблівасцямі ў параўнанні з іншымі губернямі Расійскай імперыі.

Мяшчане як складаючая частка саслоўя гарадскіх абывацеляў у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. з’яўляліся адной з самых масавых катэгорый насельніцтва і займалі важнае месца ў структуры грамадства беларуска-літоўскіх губерняў. Да канца ХІХ – пачатку ХХ ст. адбывалася трансфармацыя гэтай саслоўнай группы, што ў значнай ступені было звязана з фарміраваннем новых катэгорый насельніцтва, сацыяльна-прававы статус якіх у меншай ступені вызначаўся саслоўнай прыналежнасцю і гаспадарча-эканамічнай дзейнасцю. Станаўленне прававога статусу мяшчан у беларуска-літоўскіх губернях насіла складаны і супярэчлівы характар, вывучэнне якога дазваляе прасачыць працэс  трансфармацыі правамоцтваў і абавязкаў гэтай сацыяльнай групы і садзейнічае разуменню ўрадавай палітыкі і традыцый прававой культуры. Даследаванне дынамікі колькаснага складу, асаблівасцей крыніц фарміравання і магчымасцяў сацыяльнай мабільнасці мяшчан беларуска-літоўскіх губерняў прадстаўляе аснову для аналізу сацыяльных кірункаў мадэрнізацыйных працэсаў, у тым ліку выступае паказчыкам паступовага пераходу ад закрытай структуры грамадства да  адкрытай.

Адным з асноўных фактараў дынамікі многіх бакоў развіцця беларускіх гарадоў і мястэчак (дэмаграфічнага, эканамічнага, сацыяльнага, рэлігійнага, культурнага) з’яўлялася мяжа яўрэйскай аседласці, што ў значнай ступені абумовіла асаблівасці ў складзе, крыніцах папаўнення, прафесійнай  спецыялізацыі мяшчан беларуска-літоўскіх губерняў, што выклікала  неабходнасць вывучэння іх этнаканфесійнага складу.

Важнейшымі паказчыкамі сацыяльнага і эканамічнага становішча асобы ў Расійскай імперыі, якія адлюстроўвалі ступень маѐмаснай дыферэнцыяцыі, аказвалі ўплыў на гаспадарчыя заняткі насельніцтва, з’яўляліся дома- і землеўладанне. Іх характарыстыкі былі закладзены ў аснову аналізу маѐмаснага становішча і ўнутранай стратыфікацыі мяшчан.

Рэканструкцыя сацыяльна-эканамічнага развіцця беларуска-літоўскіх губерняў у 60-я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст. немагчыма без даследавання  гаспадарчай дзейнасці мяшчан як адной з асноўных гандлѐва-прамысловых катэгорый насельніцтва. У сувязі з тым, што правы і абавязкі мяшчан, абумоўленыя   іх   гаспадарчымі   заняткамі,   па   сутнасці   выступалі паказчыкам прыналежнасці да адпаведнай сацыяльнай катэгорыі, значная ўвага ў дысертацыі нададзена вывучэнню мяшчанскай прамысловасці і гандлю.

Тэма даследавання актуалізуецца праз запатрабававанні сучаснага грамадства (змены ў сацыяльнай структуры, міграцыйных працэсах, занятасці насельніцтва). Для вырашэння гэтых праблем на сучасным этапе ў Рэспубліцы Беларусь былі прыняты Дзяржаўная праграма садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2012 г. (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 студзеня 2012 г. № 96), Праграма дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь на 2013–2015 гг. (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2012 г. № 1 242). Вывучэнне папярэдняга вопыту дазваляе выявіць тэндэнцыі, заканамернасці, умовы і вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў гістарычнай рэтраспектыве.

Терешкова Ксения Сергеевна