Магдэбургскае права і яго роля ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці

Гісторыя не церпіць мадэрнізацыі. Сучасныя гістарычныя і палітычныя тэрміны амаль не прыгодныя для цэласнага разумення падзей мінулых стагоддзяў. Але выкарыстанне архаізмаў зрабіла б навуковыя працы яшчэ больш акадэмічнымі і менш папулярнымі. Двухсэнсоўнасць, а часцей і мнагазначнасць тэрмінаў таксама негатыўна адбіваецца на працы, бо яны ўводзяць даследчыкаў з гістарычнай прасторы ў іншыя сферы – філасофскую, палітычную, ідэалагічную. Праца па ўдакладненню паняццяў значна спрасціла бы пошук гісторыкаў. Прыкладам такой работы можа стаць размежаванне тэрмінаў “дзяржава” і “дзяржаўнасць”.

Дзяржава і дзяржаўнасць у большасці слоўнікаў выглядаюць як сінонімы, але гэта не зусім так. Выключэннем з’яўляецца тлумачэнне паняццяў  у слоўніку Ожэгава. Паводле яго:

Дзяржава – гэта асноўная палітычная арганізацыя грамадства, якая ажыццяўляе яго кіраванне, ахову яго эканамічнай і сацыяльнай структуры.

Дзяржаўнасць – гэта дзяржаўны строй, дзяржаўная арганізацыя [9].

Засяродзім сваю ўвагу на дзяржаўнасці, якая праяўляе сябе ў наступным:

  • у асэнсаванні мэтаў і задачаў, вырашаемых дзяржаўнай машынаю, напрамкаў, па якіх развіваецца грамадства;
  • у ацэнцы эфектыўнасці функцыянавання дзяржаўнага механізму;
  • у азначэнні праблемаў, пралікаў, памылак, якія перашкаджаюць дасягненню пасталенных мэтаў;
  • ва ўдзеле грамадзян у падрыхтоўцы і рэалізацыі дзяржаўных мерапрыемстваў [5, с. 29].

Такім чынам, мы можам зрабіць выснову, што дзяржаўнасць у вузкім сэнсе можна разумець як адносіны грамадзяніна да дзяржавы і удзел у дзяржаўных мерапрыемствах, а таксама ўплыў, які чалавек аказвае непасрэдна на дзяржаву. Такі падыход дапамагае нам перайсці да вывучэння каранёў беларускай дзяржаўнасці, не звяртаючыся да спрэчнага пытання “беларускасці” ВКЛ. Бо незалежна ад таго, чыя была гэта дзяржава, можна гаварыць аб тым, што на яе тэрыторыі жылі беларусы, або іх продкі, і выражалі свае адносіны да існуючай палітычнай арганізацыі.

Магдэбурскае права аказала несумненны ўплыў на беларускую дзяржаўнасць. Набыццё прывілеяў стварала юрыдычныя асновы для развіцця гарадоў Беларусі, вылучала мяшчанскія абшчыны ў аўтаномную сацыяльную групу, спрыяла станаўленню горада як самастойнай гаспадарчай адзінкі з правам рэалізацыі ўласнай унутраннай палітыкі. Магдэбургскае права – гэта сукупнасць нормаў права, якія рэгулявалі жыццядзейнасць мяшчан гарадоў, што атрымалі права на самакіраванне [8, с. 215]. Першым горадам, які атрымаў Магдэбургскае права, стала Вільня. Яна атрымала прывілей на самакіраванне ў 1387 г. а ўжо ў 1390 і 1391 г. ён быў выдадзены Берасцю і Горадні. На працягу XV ст. Магдэбургскае права атрымалі яшчэ тры гарады Беларусі – Слуцк (1441 г.), Полацк (1498 г.) і Менск (1499 г.) [10, с. 144].

У заходніх землях Беларусі буйныя гарады атрымлівалі Магдэбургскае права значна раней, чым на ўсходзе. Гэта магло быць звязана з жывучасцю валасной сістэмы і вечавога ладу ў Падняпроўі ды Падзвінні. У гэтым рэгіёне старадаўнія цэнтры земляў, асабліва Смаленск, Віцебск і Полацк, яшчэ доўга захоўвалі сувязь з воласцямі. Аднак у другой палове XV – пачатку XVI ст. у выніку развіцця феадальнага землеўладання і на ўсходзе Беларусі валасная сістэма ды гарадская абшчына сталі хутка разбурацца, таму гарадскія вярхі самі пачалі дамагацца атрымання прывілея [7, с. 144].

Кожнай граматай на Магдэбургскае права прадугледжваліся тры асноўныя прынцыпы:

1)       адмяняліся ранейшыя прававыя нормы і звычаі, па якіх было арганізавана жыццё горада;

2)       утвараўся орган самакіравання – магістрат, склад якога абіраўся жыхарамі горада;

3)       улада і суд іншых органаў і асоб (апрача органаў самакіравання) у адносінах да мяшчан страчвалі сілу [7, с. 144-145].

Разгледзім гэтыя прынцыпы з пункту гледжання дзяржаўнасці. Па-першае, наяўнасць выбарнага органу самакіравання сведчыць аб традыцыі самастойнасці  жыхароў гэтых гарадоў у прыняцці гаспадарскіх рашэнняў. Па-другое, магістрат, які выбіраўся мясцовымі жыхарамі і камплектаваўся з іх жа, гаворыць нам  аб тым, што кадры для працы ў органах самакіравання рыхтаваліся на месцы. Па-трэцяе, горад фактычна атрымоўваў прававую самастойнасць і залежаў толькі ад цэнтральных органаў дзяржаўнага кіравання.

Горадам кіраваў магістрат, які засядаў у ратушы і складаўся з рады і лавы. Лава была органам войта як прадстаўніка ўладальніка горада. Войт меў права перадаваць свой урад у спадчыну ці прадаваць яго за грошы ў іншыя рукі. З гэтага можна зрабіць вывад, што пасада войта была паважанай. З цягам часу гарады выкупілі права выбіраць войта, бо раней яго прызначаў гаспадар. Войт мог судзіць мяшчан у крымінальных справах. На суд войта можна было апеляваць да вялікага князя [1, с. 135].

Бягучае кіраўніцтва знаходзілася ў руках гарадской рады і бурмістраў. Члены рады назначаліся войтам з кандыдатаў паспольства. Бурмістры абіраліся паміж членаў рады. У веданні рады знаходзіліся паліцыя, суд па грамадзянскіх справах, гарадская маёмасць. Рада наглядала за гандлем, правільнасцю мер і вагаў, сачыла за маральнасцю.  На суд рады можна было апеляваць да войта. У некаторых гарадах лава і рада не былі раздзелены [7, с. 145-146].

Такім чынам, мы можам зрабіць вынік, што гарадская грамада магла ў поўнай меры ўдзельнічаць у кіраўніцтве. Праўда, з часам паспольства было адсунута ад удзелу ў папаўненні рады, якая сама выбірала членаў на месца выбыўшых. Выбар лаўнікаў таксама паступова  перайшоў да рады.

У гарадах з канфесійна розным складам насельніцтва раду ўтваралі на парытэтных пачатках: палову месцаў аддавалі праваслаўным, а палову каталікам. Напрыклад, у прывілеі Вільні гаварылася, што “половица тое рады и бурмистров закону Римского, а половица Грецкого, так яко обудвум законам право Магдебургское дано”. Парытэтнасць прадстаўніцтва асноўных канфесій у магістратах прадугледжвалі таксама граматы, выдадзеныя Драгічыну (1498 г.), Полацку (1498 г.), Наваградку (1511 г.) і іншым гарадам Беларусі. Аднак магдэбургскі прывілей Магілёву, у якім абсалютна дамінавала праваслаўнае насельніцтва, такога прынцыпу не ўводзіў [7, с. 146].

З прынцыпу парытэту бачна, што традыцыі талерантнасці, якія і зараз  характэрны беларускаму менталітэту, у тыя часы падмацоўваліся  заканадаўча. А гэта вельмі станоўчы момант, які існуе і ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь, дзе дзяржаўныя пасады могуць займаць людзі незалежна ад іх веравызнання. Пачатак гэтаму быў закладзены яшчэ Гедымінам, які ўвёў верацярпімасць у ранг дзяржаўнай палітыкі, і яна мае свой працяг і ў сучаснасці.

Варта заўважыць, што з магдэбургскім прывілеем гарады не проста пераймалі новыя прынцыпы арганізацыі жыцця, але прыстасоўвалі іх да ўласных умоў і асаблівасцяў. Заходнееўрапейскія нормы Магдэбургскага права дапаўняліся тут мясцовай традыцыяй, што сведчыць не аб бездумным капіраванні замежнага вопыту, не аб падпарадкаванні еўрапейскай модзе, а аб стараннай і руплівай перапрацоўцы прыёмаў, спосабаў і метадаў рэфармавання гарадскога жыцця. Увогуле замежны ўплыў нярэдка адчуваецца ў каранях беларускай дзяржаўнасці, але дзякуючы менавіта такому асцярожнаму прынцыпу пераймання нашымі продкамі ўсяго новага, еўрапейскія традыцыі былі арганічна ўплецены ў жыццё народа і не выклікалі масавай непрыязні і варожасці сярод насельніцтва.

Магдэбургскае права ў беларускіх гарадах не было непарушным і бясспрэчным узорам. Мясцовыя ўмовы дыктавалі шэраг адступленняў ад нямецкага ўзору, а ўнутрыпалітычныя абставіны ў горадзе, барацьба супраць свавольства членаў магістрата давала нямала падстаў гараджанам знаходзіць сродкі па ўзмацненню кантролю за іх дзейнасцю [6, с. 39]. А што гэта як не ацэнка дзейнасці органаў самакіравання і спроба ўнесці змены ў  рэалізацыю мерапрыемстваў  мясцовай улады?

Права гарадоў на самакіраванне стварала спрыяльныя ўмовы не толькі для гаспадарчага развіцця, але і для фарміравання мяшчанскай супольнасці (communitas civium). Сцвярджаючы свабоду асобы і культывуючы праваздольнасць мяшчан як стану, Магдэбургскае права закладвала пачаткі дэмакратыі і грамадзянскага грамадства на Беларусі, уключала краіну ў абшар еўрапейскай цывілізацыі.

Такім чынам, на прыкладзе Магдэбургскага права мы разгледзілі праявы каранёў беларускай дзяржаўнасці ў Вялікім княстве Літоўскім і можам прыйсці да наступных высноў:

1.       Дзяржаўнасць праяўляе сябе у асэнсаванні мэтаў і задачаў, вырашаемых уладай, напрамкаў, па якіх развіваецца грамадства, у ацэнцы эфектыўнасці функцыянавання дзяржаўнага механізму, у азначэнні праблемаў, пралікаў, памылак, якія перашкаджаюць дасягненню пасталенных мэтаў, і ва ўдзеле грамадзян у падрыхтоўцы і рэалізацыі дзяржаўных мерапрыемстваў.

2.       Наяўнасць выбарнага магістрату сведчыць аб традыцыі самастойнасці  жыхароў гэтых гарадоў у прыняцці гаспадарскіх рашэнняў, аб падрыхтоўцы кадраў для кіравання на месцы, і прававой самастойнасці гарадоў.

3.       Гарадская грамада магла ў поўнай меры ўдзельнічаць у кіраўніцтве.

4.       Прынцып парытэту асноўных канфесій у кіраўніцтве магістратам падмацоўваўся  заканадаўча.

5.       Заходнееўрапейскія нормы Магдэбургскага права дапаўняліся мясцовай традыцыяй.

6.       Гараджане мелі сродкі для ўзмацнення кантролю за  дзейнасцю магістрата.

7.       Магдэбургскае права спрыяла развіццю пачаткаў дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці на Беларусі.

А.Ф. Фіронава

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.