Лінгвагеаграфія гаворак Выганаўскага Палесся

Шматлікія  пытанні  даследавання  зон,  дзе  адбываліся  ўзаемаўплывы лінгвістычных (дыялектных)  і  этнаграфічных  адметнасцей  этнасаў,  якія  іх насялялі,  застаюцца  надзвычай  актуальнымі  і  ў  наш  час.  У  гэтым  плане тэрыторыя  Выганаўскага  Палесся  ўяўляе  сабой  адзін  з  самых  цікавых, асаблівых  рэгіёнаў  Беларусі.  Тут  праходзіць  мяжа  паміж  заходнепалескай  і гродзенска-баранавіцкай  групамі  гаворак.  Акрамя  таго,  многія  даследчыкі праводзяць  паміж  арэаламі  названых  гаворак  старажытную  балта-славянскую этнічную мяжу, якая, верагодна, праходзіла паміж рэкамі Ясельдай і Шчарай. 

Выганаўскае  Палессе –  тэрыторыя  ў  міжрэччы  Ясельды (прытока Прыпяці)  і  Шчары (прытока  Нёмана),  таксама  ўключае  невялікую  частку басейна Шчары  ў  верхнім  цячэнні.  У  яго  межах  знаходзіцца  некалькі  азёр, менавіта  Выганашчанскае (26  км2),  Бабровіцкае (9,47  км2),  Гошча (0,82  км2) і інш. У  гэтым  рэгіёне  праходзіць Агінскі  канал,  пабудаваны  ў 1767–1783  гг., які  злучае  Ясельду  са  Шчарай.  Адміністрацыйна  гэта  паўднёвая  частка Івацэвіцкага  раёна (Целяханшчына)  і  сумежныя  тэрыторыі  Ганцавіцкага  і Пінскага  раёнаў  Брэсцкай  вобласці.  Геаграфічна  і  гістарычна  дадзены  рэгіён займае  своеасаблівае  прамежкавае  становішча  паміж “тыповым”  Заходнім Палессем  і  Панямоннем,  а  ў  этнаграфічным  аспекце  з’яўляецца  месцам сутыкнення  чатырох  буйных  гісторыка-этнаграфічных  рэгіёнаў  Беларусі:

Паўночна-Заходняга,  або  Панямоння,  Цэнтральнай  Беларусі,  Усходняга Палесся  і  Заходняга Палесся. У  лінгвістычным  плане Выганаўскае Палессе – пераходная  зона  паміж  гаворкамі  Панямоння  і  Заходняга  Палесся.  Таму  для больш дакладнага вызначэння структуры мясцовых гаворак і характару моўных працэсаў  было  вырашана  даследаваць  вышэйзгаданы  рэгіён лінгвагеаграфічным метадам; пры гэтым аб’ектам вывучэння сталі гаворкі ўсіх населеных  пунктаў.  Комплекснае  лінгвагеаграфічнае  даследаванне  і  апісанне дыялектнай  мовы  дадзенага  рэгіёна  раней  ніколі  не  праводзіліся,  гэтым найперш і тлумачыцца навуковая навізна працы.

Актуальнасць  лінгвагеаграфічнага  даследавання  гаворак  Выганаўскага Палесся  заключаецца  ў  тым,  што  карты  лінгвістычнага  атласа  з’яўляюцца найбольш дакладнымі і выразнымі адбіткамі ўзаемадачыненняў розных моўных з’яў паміж сабою па структуры, межах пашырэння,  іх  генезісе, фарміраванні  і развіцці  ў  часе  і  прасторы;  яны  даюць  магчымасць  вызначыць  генетычныя  і гістарычныя суадносіны беларускіх  гаворак  з  гаворкамі  іншых славянскіх моў па  шырокім  спектры  фанетычных,  марфалагічных  і  лексічных  асаблівасцей.

Акрамя  таго,  карты “Атласа  гаворак  Выганаўскага  Палесся”  і  лінгвістычнага атласа “Гаворкі  Выганаўскага  Палесся”  дапаўняюць,  канкрэтызуюць  і дэталізуюць  даныя “Дыялекталагічнага  атласа  беларускай  мовы” (1963)  і  “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак” (1993–1998), а таксама такіх спецыялізаваных  дыялекталагічных  выданняў,  як “Лінгвістычная  геаграфія  і групоўка  беларускіх  гаворак” (1968), “Лексічныя  ландшафты  Беларусі: жывёльны свет” (1995) і інш. 

 
Самуйлік Яраслаў Рыгоравіч