Крытычная думка літаратурнай старонкі БЛА “Белавежа”: на парозе свайго 20-годдзя

      Галоўнай  тэмай снежаньскага семінара «Белавежы» 1977 года  было абмеркаванне падрыхтоўкі да  святкавання 20-годдзя Беларускага літаратурна-мастацкага  аб'яднання ў Польшчы. Міхась Шаховіч у карэспандэнцыі  “Літаратурны семінар” інфармаваў на  першай Літаратурнай старонцы за 1978 год  пра  прынятыя на ім пастановы. Так, меркавалася  на працягу  юбілейнага  года прадставіць ”аўтарам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускага літаратурнага руху ў Польшчы, па поўнай літаратурнай старонцы” [1, с. 3], а таксама падрыхтаваць у чэрвені  спецыяльную пашыраную ”белавежскую” старонку.

       Лаканічна і канкрэтна адным важкім словам ”Белавежцы” назваў свой артыкул, надрукаваны на той жа  першай Літаратурнай старонцы года і прысвечаны дваццацігоддзю арганізацыі, Сакрат Яновіч. ”Яго (аб'яднання – Г.Т.) літаратурныя сябры называюць нас самай трывалай, найбольш жыццяздольнай пісьменніцкай групай у краіне. Гэта, несумненна, ” белавежцы” ўзбагацілі агульнамастацкае ўяўленне – вобразам  Беласточчыны,” [1, с. 3] –  адзначаў  аўтар ”Загонаў”, першай кнігі ”белавежскай” прозы. Родная ж зямля, сокамі  якой жывяцца сучасныя таленты, выразна падкрэсліваў С. Яновіч, не надта і цалінная:  ”<Белавежцы>  не з'яўляюцца на ёй пачынальнікамі”. Сярод іхніх папярэднікаў – Кастусь Каліноўскі з Мастаўлян (Яська-гаспадар з-пад Вільні), Сцяпан Пятэльскі з Гарадка (М. Арол),  Вера Маслоўская з Супрасля (Вера Мурашка), Сяргей Крывец, паэт чатырох моў.

       Удзячна згадаўшы папярэднікаў, С. Яновіч выпукляе  вельмі істотны момант: ”Аднак, эпахальнасць «Белавежы» трапна прадчуў Яўген Кабатц – у палове шасцідзесятых гадоў, у малады ”перыяд альманахаў” – калі  пісаў ён на старонках сучаснай ”Вспулчэсносці” [2, с. 5], што мы, мабыць, не столькі перанялі родную эстафету, колькі адшукалі яе, прычым, не адразу, з малечай свядомасцю найпершых.... У дзень нашых народзін беластоцкая традыцыя была непрысутнай” [1, с. 3].

     Хочацца ўсё ж удакладніць, што адшукаць можна толькі тое, што   ”прысутнічае”.Там жа, дзе справа датычыць з’яў мастацка-эстэтычнага, духоўнага характару, дзейнічаюць законы, механізм якіх не паддаецца звыкламу рэалістычнаму тлумачэнню. Невыпадкова  выдатны вучоны, мысліцель Тэяр дэ Шардэна і шэраг яго аднадумцаў прыйшлі да высноў аб  існаванні ноасферы, ствараемай чалавечымі  думкамі, пачуццямі, памкненямі – няўлоўнай  матэрыяй, здольнай вызначальна ўплываць на  развіццё рэальных падзей і чалавечых лёсаў. Між тым  менавіта ў падляскім  Цеханоўцу, праз які ў свой час праходзіла мяжа паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай,  напрыканцы ХІХ стагоддзя  нарадзіўся  і вырас выдатны паплечнік Канстанціна Цыялкоўскага і Уладзіміра Вярнадскага – Аляксандр Чыжэўскі. Гэта яму належыць “адкрыццё ўплыву касмічных фактараў на працэсы ў напоўненай жыццём геаграфічнай абалонцы Зямлі” [3, с. 11]. З цеханавецкай зямлі пачаўся  шлях  вялікага вучонага да асэнсавання быційна важных для ўсяго чалавецтва праблем. Увогуле ж спрадвеку багатая беластоцкая зямля на разнастайныя таленты. На прасторах, набрынялых памяццю высокіх чалавечых памкненняў, прасякнутых творчым натхненнем  пакаленняў беларусаў, традыцыя асаджана глыбінна і заўжды прысутная, гатовая ўвідавочыцца, чаму яскравым пацверджаннем  уласна і ўзнікненне  “Белавежы”, якая рыхтуецца  адзначыць у 2013 годзе свой ужо 55-гадовы юбілей.

       С. Яновіч згадвае, што “пачаткі пісьменніцкага жыцця ў Беластоку занатаваны ў гадах 1940 – 41”, але ж варта ўспомніць і пра своеасаблівы  “рэнесансік” (Масей Сяднёў)  беларушчыны  на Беласточчыне ў 1941– 1944 гадах, калі Беларускае аб’яднанне ў Беластоку актыўна садзейнічала беларускаму школьніцтву, а  газета “Новая дарога”, рэдактарам якой быў  цікавы паэт Хведар Ільяшэвіч,  разнастайна прадстаўляла інтарэсы тутэйшых беларусаў. Так, Масей Сяднёў надрукаваў у “Новай дарозе” “шмат сваіх вершаў і стаўся ўжо бадай вядомым паэтам” [4, с. 282]. 

      Аб тым, што на Беласточчыне існавала найперш  традыцыя беларускага  прыгожага пісьменства сведчыць і далейшая гісторыя яго развіцця. С. Яновіч падкрэсліваве: “У пазнейшы час “белавежцы” ўдзельнічалі і ў стварэнні ды ўмацаванні польскага літаратурнага  руху ў горадзе, даючы гэтым прыгожы прыклад інтэрнацыяналізму, у прыватнасці, заўсёды тыповага інтэлектуальным адзінкам і, натуральным чынам, адпавядаючага карэнным інтарэсам кожнай нацыянальнай культуры як  часткі сусветнай. Натуральна і тое, што менавіта “белавежцы” надалей пашыраюць беластоцкі ўдзел на Парнасе, выступаючы з ініцыятывай  стварэння ў Беластоку клуба Саюза Польскіх пісьменнікаў, які спрыяе ўзнікненню літаратурнага асяроддзя ў ваяводствах паўночна-ўсходняй Польшчы,  Сувалкаўскім ды Ломжынскім” [1, с. 3].  Мелі беларускія пісьменнікі Польшчы ўсе падставы для таго хоць бы і таму, што на гэты час ужо чацвёра з іх –  Алесь Барскі, Сакрат Яновіч, Ян Чыквін, Віктар Швед – з’яўляліся   членамі Саюза Польскіх пісьменнікаў. Творчасць  некаторых аўтараў была вядомаю не толькі ў Польшчы і Беларусі, але і прэзентавала “белавежцаў”, зразумела, найперш на польскай мове, але і на чэшскай, нямецкай, украінскай, англійскай. І тут па прычыне “скромнай выдавецкай базы”  мелі месца парадаксальныя сітуацыі, калі   творы, а то і некаторыя кнігі  паперад арыгіналу друкаваліся  ў іншамоўным перакладзе, “што трэба лічыць вельмі прыемнай нам з’явай, хоць і не дарэшты радаснай” [1, с. 3]. На дваццатым годзе існаваня БЛА можна было сказаць і аб сталым літаратуразнаўча-крытычным асэнсаванні творчага наробку “белавежцаў”  як у Польшчы, так і за мяжой.

      Юбілейныя даты звычайна схіляюць да ўспамінаў, асэнсавання  вузлавых момантаў,  найважных падзей. І тым большая прастора для такога асэнсавання, калі гаворка ідзе пра  юбілей творчай арганізацыі, гісторыя якой ствараецца  намаганнямі  шэрагу таленавітых індывідуальнасцей. Узнёсла, шматабяцальна і, можна сказаць, нават рамантычна заканчваўся артыкул “Белавежцы”: “Цярплівы чытач няхай прабачыць мне па-імяніннаму хвалебную  танацыю ў гэтым выказванні. Большасць  нас, калі не ўсе, што сабраліся тады, у той чэрвеньскі дзень 1958 года, у журналісцкім клубе над памяшканнямі рэдакцыі “Нівы”, нават і не марыла аб уласнай аўтарскай кніжцы ў вітрыне кнігарні. Мы, дзеці непісьменных бацькоў, благаслаўлёныя на вялікую жыццёвую дарогу дочкі і сыны мацярок, заплаканых як грамнічныя свечкі, ішлі ў будучыню з рэвалюцыйным мандатам на рэчаіснасць, якая тады яшчэ знясьмельвала па-старасвецку. І самае важнае, што мы пачалі рабіць, апавядаць аб жыцці людзям у свеце на роднай мове! На бацькоўскіх загонах вырасцілі мы спорны плён прыгожага слова” [1, с. 3].

     Артыкул С. Яновіча ў значнай  ступені  вызначыў ракурс далейшай  гаворкі   на Літаратурнай старонцы “Белавежы”. У наступных двух нумарах з публікацыямі ў рубрыцы “Нашы літаратурныя традыцыі” выступіў гісторык  Юры Туронак, актыўны ўдзельнік беларускага грамадска-культурнага  жыцця на Беласточчыне. Распачаў ён свой артыкул “М. Арол – нашаніўскі пясняр Беласточчыны” з досыць з’едлівага, але ўсё ж па-свойму і слушнага закіду: “На працягу мінулых гадоў некаторыя прадстаўнікі аб’яднання “Белавежа” нямала зрабілі для пашырэння погляду, быццам бы сучасная беларускамоўная літаратура Беласточчыны вырасла,  па сутнасці, на пустым палетку, а мясцовы фальклор, вучнёўскія вершыкі і сялянская графаманія былі, бадай усім, што папярэджвала творчыя здабыткі “белавежцаў”. Такая пастаноўка пытання абмяжоўвае дыяпазон нашай літаратурнай традыцыі і не садзейнічае яе вывучэнню. І таму не мэтанакіраваныя пошукі, а толькі выпадкова знойдзеная ў віленскай “Крыніцы” (№ 12 ад 1925 г.) кароткая інфармацыя пра М. Арла дазволіла “адкрыць”, што за паўстагоддзя да ўзнікнення  аб’яднання “Белавежа” паэтычны палетак Беласточчыны рунеў прыгожай і шматабяцаючай зеленню. Яго вядучым прадстаўніком быў спамянуты  М. Арол – сучаснік Купалы, Коласа, Багдановіча , актыўны  ўдзельнік адраджэнскага руху нашаніўскай пары” [5, с. 3]. Застаецца адно наракаць на нялітасцівы лёс, які адмераў толькі  28 гадоў  жыццёвай дарогі  надзвычай таленавітай асобе. Кароткі зарыс біяграфіі М. Арла папярэднічае ў “ніўскім” артыкуле  аналізу яго творчай спадчыны, прадстаўленай найперш вершамі, на якія звярнуў увагу ўжо ў 1913 годзе сам Максім Багдановіч. Спасылаецца Ю. Туронак на кампетэнтнае сведчанне Міхася Мушынскага (Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры, Мінск 1969, т. 2, с. 203), што “ўжо ў ранніх творах М. Арла ярка праявілася схільнасць да філасафічнасці, да шырокай абагульненасці малюнка і ўзбуйнення мастацкага вобраза. Рэальны план у яго вершах нярэдка пераплятаецца з абагульнена сімвалічным”. Шэрагу вершаў М. Арла ўласціва фальклорная паэтыка, творчае пераасэнсаванне народна-песеннай традыцыі Беласточчыны.

           На сакавіцкай Літаратурнай  старонцы “Белавежы” гаворка пра літаратурныя традыцыі была працягнута  Ю. Туронкам у артыкуле “Забытая ліра Веры Мурашкі”. Падчас архіўнай працы аўтару ўдалося расшыфраваць псеўданім  паэтэсы і пасля сустрэцца з ёй самой у Супраслі. У біяграфіі В. Маслоўскай, таленавітай, дзейснай, сацыяльна актыўнай асобы, напоўніцу  выявіліся драматычныя і нават трагічныя для Беларусі калізіі першай паловы ХХ стагоддзя. “Творчасць Веры Мурашкі – слаўнай дачкі Беласточчыны – адыграла акрэсленую ролю на першым этапе барацьбы працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Цікава падкрэсліць, што пакуль выраслі і згуртаваліся пад сцягамі Грамады і КПЗБ новыя творчыя сілы, Мурашка карысталася значнай папулярнасцю ў асяроддзі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі,” [6, с. 3] – зазначае Ю. Туронак. У гісторыю беларускай літаратуры паэтэса ўвайшла як цікавы прадстаўнік паэзіі Беласточчыны міжваеннай пары.

       Такім чынам,  Літаратурная старонка найперш, чым прызнаным “белавежцам”,  была прадстаўлена  іхнім двум, без перабольшання, выдатным папярэднікам, чым паглыбляўся, канкрэтызаваўся беларускі літаратурны кантэкст Беласточчыны. Віленская “Наша Ніва” ў асобе М. Арла сапраўды “працягвала руку” (Г. Валкавыцкі)  прадаўжальнікам беларускай справы ў сярэдзіну 50-х гадоў.  Трэба дадаць, што артыкулы Ю. Туронка суправаджаліся падборкамі вершаў М. Арла і В. Мурашкі, якія хораша прэзентавалі паэтаў.

        Красавіцкая ж Літаратурная старонка “Белавежы” набліжала да чытача асобу, добра вядомую ў беластоцкім грамадскім, пісьменніцкім асяроддзі: “Працаваў электраманцёрам, карэктарам, журналістам, асветным інструктарам. Цяпер з’яўляецца загадчыкам беластоцкага аддзела Ольштынскага выдавецтва “Паазер’е” і старшынёй Клуба Саюза польскіх пісьменнікаў у Беластоку” [7, с. 3], – сярод іншага адзначалася ў біяграфічнай         нататцы, падпісанай  крыптонімам Я.Ч. Меркавалася, што дваццацігадовы юбілейны год “Белавежы” будзе надзвычай плённым   для  С. Яновіча. Мусілі выйсці з друку “Zapomnieliska” (Ossolineum), “Сярэбраны яздок” (“Мастацкая літаратура”, Мінск), “Сцяна” (Pojezierze), а таксама пераклад на польскую мову “Вітражоў” Янкі Брыля. Былі яшчэ  падрыхтаваны да друку аповесць “Самасей” і  зборнік новых апавяданняў.

        Відавочна, што дэбютаваўшы ў  1956 годзе ў “Ніве”, ужо напрыканцы 70-х  С. Яновіч аказаўся  паперадзе ў “белавежскіх” шэрагах.  Пасля лаканічнай інфармацыі ў біяграфічнай нататцы   артыкул з нечаканай эмацыянальнай назвай “Засні сярод ашалелай радасці” Яна Чыквіна  па праву даўняга сяброўства прадстаўляў аўтара “Загонаў” як чалавека і  ўтрымліваў цалкам прафесійны падыход да творчасці калегі па пісьменніцкаму цэху, бо пісаўся  ўжо шматгадовым  доктарам гуманітарных навук. “Памятаю радасць Сакрата Яновіча, якая па сённяшні дзень з’яўляецца, у значнай ступені, у зменлівых формах, рухавіком яго творчых пачынанняў, калі даведаўся ён, што прыняты ў Саюз польскіх  пісьменнікаў. З Беластока адзін з нямногіх і першы з пішучых па-беларуску” [7, с. 3], – такімі словамі  распачынаў свой артыкул Ян Чыквін.

     Прыём у Саюз умацаваў веру маладога пісьменніка ў свае сілы, у тое, што ён робіць на літаратурным палетку. Праўда,  з першымі хвалямі папулярнасці  сталі праяўляцца самаўпэўненасць, сімптомы зазнайства, “супрацьлеглыя пісьменніцкай прамалінейнасці, сумненням і разладу з сабой”. Аднак Я. Чыквін  упэўнены, што за непрывабнымі адносінамі да людзей хаваецца чалавек іншай “псіхічнай канстытуцыі: Яновіч паэтычна ўражлівы, аж да сентыментальнасці. Яновіч,  які баіцца расслабіцца хоць на хвіліну. Яновіч, які, мабыць, ведае цану сваёй творчасці і які натужліва  цягне свой пісьменніцкі вазок. Яновіч, які  аж да стомы ненавідзіць цванікаў, нахабнікаў, кар’ерыстаў, бязмозглых ураднікаў, прыстасаванцаў – усе чалавечыя шкарлупіны, што ствараюць прадметна-звярыную рэчаіснасць” [7, с. 3]. І якраз такую дэградаваную рэчаіснасць, на думку Я. Чыквіна, адлюстроўвае С. Яновіч у аповесцях “”Самасей” і “Сцяна”, чытаных аўтарам артыкула на той час у машынапісе. Пры тым: “ Праз гэтую дэградаваную, гнілую рэчаіснасць прасвечваецца ў творах С. Яновіча рэчаіснасць іншая. Вясковая. Выступае яна не толькі ў аповесцях, але часта таксама ў яго празаічных мініяцюрах. Гэтая “іншая” рэчаіснасць – мала рэальная, таму што збудавана яна з часу прошлага і, хоць упісана ў геаграфічныя каардынаты, не пазбаўлена атрыбутаў зямлі запаветнай, упрыгожанай пажаданнямі людзей, спаглядаючых на яе. Таму яна такая далёкая. Дэкаратыўная” [7, с. 3].

       Асаблівую увагу варта звярнуць на тонкае  назіранне Я. Чыквіна адносна персанальнага ўнёску пісьменніка ў асэнсаванне  не новай, але важнай для сучаснага дня  тэматыкі: “Заслугай С. Яновіча з’яўляецца іменна тое, што здолеў ён напоўніць старую тэму знішчэння чалавека гарадской цывілізацыяй новым і важкім матэрыялам. І ў нашых умовах горад стварае не толькі большыя магчымасці развіцця. Ён паказаў, як чалавечая псіхіка не вытрымлівае тэхнічных тэмпаў, шматмэтнасці сацыяльнага развіцця, маральнай і эстэтычнай зменлівасці правілаў бюракратычнай гульні” [7, с. 3]. Заканчваўся ж артыкул-зарыс аб творчай індывідуальнасці С.Яновіча аптымістычнымі прагнозамі Я. Чыквіна адносна  шматабяцальных творчых перспектыў  калегі па пяру.

      На травеньскай Літаратурнай старонцы працягвалася рэалізацыя пастановы, прынятай “белавежскім” семінарам. Гэтым разам у цэнтры ўвагі аказалася  творчасць Яна Чыквіна. Слова ў асэнсаванні яго творчасці  ўзялі вядомы даследчык славянскіх літаратур Фларыян Няўважны і паэт з Гданьску Анджэй Васькевіч. 

      Для  назвы свайго артыкула “З возера дзяцінства, са студні сталасці...” Ф. Няўважны   абраў  радок аднаго з вершаў Я. Чыквіна, што  адразу звяртала ўвагу на сутнасна важны для паэта аспект творчасці. На падставе знаёмства з трыма паэтычнымі кнігамі паэта крытык робіць выснову, што  на працягу ўжо дваццаці  гадоў ён стварае свой аўтапартрэт, а гэта –  улюбёны ў вясковы пейзаж хлопец, паранены пачуццём юнак, шмат разумеючы і здольны прабачаць мужчына...  Ф. Няўважны  задаецца пытаннямі, якія ўтрымліваюць у сабе і адказы: “Добра гэта ці дрэнна, што Чыквін прабуе з большым ці меншым поспехам выказаць сябе, а не, напрыклад, Эпоху, Час, Краіну? А ці сам ён як паэт, як мастак, падданы націску думак і ўяўленняў, не з’яўляецца тых паняццяў выказальнікам?” [8, с. 3]        Далей Ф. Няўважны ставіць чарговае пытанне: “Адкуль і з якога паэтычнага красастану прыйшоў Чыквін?” На падставе першай кнігі паэта “Іду” крытык робіць выснову, што аўтар яе выйшаў “з краіны зачаравання, здзіўлення хараством сялянскага краявіду, з запалоненасці цяплом  спрацаваных і пакрытых жыламі мудрасці  матчыных далоняў, з захаплення  шматколернасцю перыядаў года і маляўнічымі падрабязнасцямі  дзяцінства і юнацтва” [8, с. 3].  У гэтай шматстайнасці вычувавалася  Ф. Няўважным  “адгалоссе звонкай ліры Багдановіча, сялянскага меласу Ясеніна і іграючай барвамі паэзіі Чаховіча” [8, с. 3].

      “Святая студня”, другая кніга Чыквіна, уяўлялася крытыку яшчэ адным пытаннем, пастаўленым сабе і чытачам, “пра сэнс паэтычнай працы і той прыгожай хваробы – тузання са словам, якое нам мае адказаць, хто мы, куды ідзём і нашто жывём” [8, с. 3].  Горкімі і годнымі паэта творамі называе Ф. Няўважны вершы першай часткі кнігі “Паверыўшы ў паэзіі крыло”. “Але ж ці без горычы, без яду магчымы мёд, што лечыць нашыя недамаганні? “  Назву другой кнізе Чыквіна даў вянок санетаў, які бачыцца крытыку спробай самаакрэслення польскага эстэтычнага генезіса, польскіх крыніц інспірацыі.

      Трэцяя кніга паэта “Неспакой“  ацэньваецца Ф. Няўважным як  найбольш спелая і  “з’яўляецца, несумненна, пасведчаннем сталасці паэта”. “(...) вершы з кніжкі “Неспакой”, напоўненыя порахам горычы з кнотам рамантычнага  liberum veto ўсяму штодзённа  празаічнаму, агіднаму, неаўтэнтычнаму, узрываюцца не адразу, а пасля нейкага часу, пасля ўважлівага  чытання і прымушаюць паставіць пацяшаючы дыягназ: у беларускай паэзіі, уключаючы сюды, вядома,  Савецкую Беларусь,  замацоўвае свае пазіцыі лірыка думкі, думкі ўнутранай сканцэнтраванасці, драматычнай, глыбока чалавечнай. І яе годным прадстаўніком  з’яўляецца Ян Чыквін” [8, с. 3].      

       Чацвёртага чэрвеня,  у адпаведнасці з пастановай снежаньскага семінара,   выйшла пашыраная Літаратурная старонка “Белавежа”, багатая на сяброўскія шаржы і, зразумела, развагі ў адпаведнасці з юбілейным чаканнямі. Артыкул Мікалая Гайдука  “ХХ год “Белавежы”” быў, аднак, далёка не кампліментарным, а  ацэньваў пройдзены аб’яднаннем шлях з пазіцый, можна сказаць, узвешаных. І меў М. Гайдук усе падставы, каб закончыць свае развагі наступным чынам: “Але як ні кажыце, усё ж беларускае літаратурнае аб’яднанне  “Белавежа” пры БГКТ – гэта арыгінальная, цікавая і непрамінаючая з’ява” [9, с. 5].  

 

Галіна Тварановіч