Крыніцы па гісторыі першых публічных музеяў гісторыка-краязнаўчага профілю ў гарадах Беларусі (другая палова ХІХ ст. – 1917 гг.)

 

Пачынаючы з другой паловы ХІХ ст. у культурным жыцці беларускіх гарадоў з’яўляецца новы элемент – агульнадаступныя для усіх зацікаўленых асоб “мясцовыя музеі”. Так даволі нявыразна яны звычайна называліся ў тыя часы. Гэтыя музеі былі дастаткова разнастайнымі па свайму зместу, таму аб’ектам нашай ўвагі будуць крыніцы па гісторыі тых з іх, якія паводле сучаснай тэрміналогіі мелі гісторыка-краязнаўчы накірунак. У гэту групу можна вылучыць музеі пры навуковых установах, музеі пры губернскіх статыстычных камітэтах, царкоўна-археалагічныя.

Агульную інфармацыю аб першых публічных музеях у Беларусі падаюць іх статуты і палажэнні, а таксама нарматыўныя дакументы навуковых таварыстваў, якія мелі дачыненне да музейнай справы [1]. Звычайна яны фармулявалі мэты і задачы дзейнасці музеяў, агаворвалі правы і абавязкі іх кіраўніцтва, рэгламентавалі ўзаемаадносіны з мясцовай адміністрацыяй. З гэтых дакументаў можна таксама даведацца і аб крыніцах фінансавання, якія, аднак, не былі стабільнымі.

Важнай крыніцай інфармацыі аб сабраных экспанатах у публічных музеях з’яўляюцца іх каталогі і апісанні [2]. Тэрмінам “апісанне” тагачасныя музейныя дзеячы карысталіся ў якасці сіноніма паняцця “каталог”. На жаль, захавалася няшмат гэтых крыніц. Асноўнымі недахопамі тагачасных каталогаў з’яўляюцца амаль поўная адсутнасць ілюстрацый, і вельмі часта – звестак аб месцы і часе выяўлення таго або іншага экспаната, што істотна зніжала іх навуковую каштоўнасць.

Афіцыйны пункт гледжання царскіх улад на праблемы развіцця музейнай справы ў Беларусі адлюстроўваюць гадавыя справаздачы губернатараў, справаздачы аб дзейнасці губернскіх статыстычных камітэтаў, Віленскай публічнай бібліятэкі і музея, губернскія памятныя кніжкі, а таксама цыркуляры папячыцеля Віленскай навучальнай акругі. Для іх характэрна паслядоўнае правядзенне ідэі аб неабходнасці збірання музейных матэрыялаў, якія б сведчылі аб “спрадвечным гістарычным адзінстве” рускіх і беларусаў. Аднак, трэба аддаць належнае, у гэтых крыніцах і шмат непалітызаванай, аб’ектыўнай інфармацыі аб першых беларускіх публічных музеях. Палітычныя ж аспекты курсу царскага ўрада на русіфікацыю Беларусі пры дапамозе музейнай справы  найбольш поўна выкладзены ў дзённіку спецыяльнай урадавай камісіі, створанай для разбору дзейнасці Віленскага музея старажытнасцяў [3].

Дастаткова складанай даследчыцкай задачай з’яўляецца прыцягненне статыстычных матэрыялаў для вывучэння тэмы гісторыі першых публічных музеяў у Беларусі. Справа ў тым, што афіцыйная статыстыка Расійскай імперыі адлюстроўвала пераважна колькасць цэнтральных, найбольш вядомых музеяў. Улік жа мясцовых музеяў, асабліва ў нацыянальных рэгіёнах, меў няпоўны характар.

Часткова музейная статыстыка па Беларусі адлюстравана ва ўзгаданых вышэй афіцыйных гадавых справаздачах губернатараў. Звычайна яна абмяжоўвался інфармацыяй аб колькасці музеяў, якія існавалі у гарадах той або іншай губерні. Дынаміку наведвання музеяў, сацыяльны і полаўзроставы склад наведвальнікаў змяшчалі гадавыя справаздачы кіраўніцтва Віленскай публічнай бібліятэкі і музея, некаторыя перыядычныя выданні.

Трэба адзначыць, што ў перыёдыцы маецца дастаткова разнастайная інфармацыя аб першых беларускіх публічных музеях: звесткі аб іх заснавальніках, характары сабраных экспанатаў, арганізацыйных праблемах, навукова-асветніцкай дзейнасці і інш. Такія матэрыялы сустракаюцца на старонках шэрагу газет, якія мелі агульную назву «губернские ведомости», а таксама «епархиальные ведомости». Трэба адзначыць, што якасць публікацый па музейнай тэматыцы залежала ад узроўню падрыхтоўкі супрацоўнікаў рэдакцый узгаданых выданняў (у першую чаргу – галоўных рэдактараў), ступені іх зацікаўленасці ў вывучэнні мясцовай старасветчыны, г. зн. ад суб’ектыўных фактараў. Акрамя таго, як «губернские ведомости», так і «епархиальные ведомости» на сваіх старонках шмат увагі надавалі асвятленню мясцовай гісторыі паводле канонаў афіцыйнай імперскай ідэалогіі. Зразумела, што і развіццю публічных музеяў надаваўся адпаведны накірунак.

На мяжы ХІХ – ХХ ст. ў мясцовай перыёдыцы значна пашырылася зацікаўленасць да розных аспектаў краязнаўства. Асаблівую ўвагу гэтаму кірунку надавала першая ў Беларусі прыватная грамадска-палітычная і літаратурная газета ліберальна-асветніцкага накірунку «Минский листок» [4]. Нацыянальна-адраджэнская “Наша ніва” ўжо выразна сфармулявала ідэю аб неабходнасці стварэння беларускага нацыянальнага музея [5].

Адпаведна, павевы новай эпохі адчула і афіцыёзная «Минское слово», якая вылучалася сваёй вялікадзяржаўна-шавіністычнай рыторыкай. Аднак, нягледзячы на гэта, на яе старонках можна знайсці шмат каштоўных фактычных матэрыялаў аб дзейнасці Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта і царкоўна-археалагічнага музея пры ім [6].

Польскамоўная перыёдыка [7], вывучаная намі, прысвечана характарыстыцы прыватных музейных збораў на тэрыторыі Беларусі і асобным аспектам гісторыі публічных музеяў Вільні. Іншыя публічныя музеі ў Беларусі яна не закранае.

Адносна перыёдыкі неабходна заўважыць, што айчыннымі даследчыкамі яна яшчэ не задзейнічана ў поўнай меры пры вывучэнні гісторыка-краязнаўчага аспекту дзейнасці публічных музеяў. У першую чаргу такая сітуацыя абумоўлена тым, што гэты комплекс крыніц вельмі дрэнна захаваўся ў бібліятэках і архівах Беларусі, і ён цяжка даступны беларускім гісторыкам. Найлепш ён прадстаўлены ў газетным аддзеле Расійскай публічнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу.

Успаміны аб музеях [8] і апісанні іх, пакінутыя падарожнікамі [9] маюць важнае крыніцазнаўчае значэнне, але пры іх аналізе заўсёды трэба крытычна адносіцца да суб’ектыўных назіранняў і вывадаў аўтараў. На жаль, тэму станаўлення і развіцця першых публічных музеяў у Беларусі яны асвятляюць надзвычай мала. Магчыма, тут выявілася пэўная даніна традыцыям эпохі, калі звычайна мемуарыстыка прысвячалася прыватным музейным зборам, у якіх часцей засяроджваліся больш цікавыя і багатыя экспанаты. Таму невыпадкова ўсе выяўленыя намі апублікаваныя ўспаміны прысвечаны калекцыі І. І. Луцкевіча. Што ж датыцца, апісанняў падарожнікаў, то тут, на нашу думку, рашаючае значэнне меў той фактар, што яны былі кепска інфармаваныя аб наяўнасці ў беларускіх гарадах публічных музеяў.

Крыніцы па гісторыі першых публічных музеяў знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (фонды губернскіх статыстычных камітэтаў – фф. 21, 2187, 2502; канцылярый грамадзянскіх губернатараў – фф. 295, 1430, 2001; губернскіх праўленняў – фф. 299, 1416; Віцебскай навуковай архіўнай камісіі – ф. 2771 і інш.); Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва  (фонд Беларускага навуковага таварыства ў Вільні – ф. 3-с); Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Віцебскім і Магілёўскім абласных краязнаўчых музеях; аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З замежных архіваў адзначым фонды Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы – (ф. 716, графоў Тышкевічаў; ф. 996, Е. Р. Раманава; ф. 1135, Польскага таварыства прыяцеляў навук), Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва – (ф. 970, фонд І. П. Карнілава і інш.).

У заключэнне неабходна коратка ахарактарызаваць прыватны архіў Л. А. Луцкевіча, які захоўваецца на сённяшні дзень у Вільні. Ён уяўляе сабой некалькі тамоў сістэматызаваных гаспадаром дакументальных матэрыялаў па розных пытаннях гісторыі беларускага нацыянальнага руху. На жаль, інфармацыі па музейнай тэматыцы ў ім вельмі мала. Асобны том прысвечаны Віленскаму беларускаму гісторыка-этнаграфічнаму музею імя І. І. Луцкевіча, які дзейнічаў у 1921 – 1945 гг. Што ж датычыцца другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., дык у гэтым прыватным архіве знаходзяцца толькі ўспаміны аб І. І. Луцкевічу яго нарачонай Ю. Мэнке (Вітан-Дубейкаўскай). У іх падаецца характарыстыка грамадска-культурнай ролі І. Луцкевіча ў музейнай сферы, чаго  няма  ў  апублікаваных успамінах Ю. Вітан-Дубейкаўскай. Ніякіх запісаў І. І. Луцкевіча на музейную тэматыку намі не выяўлена. Гэта тлумачыцца тым, што ён першаступеннае значэнне надаваў практычнай дзейнасці ў гэтай сферы.

    Такім чынам, крыніцы па гісторыі першых публічных музеяў – гэта вялікі комплекс апублікаваных і неапублікаваных дакументаў. Відавочна, што апошнія даследчыкамі выяўлены далёка не ў поўным аб’ёме. Аналіз пералічаных і іншых крыніц, якія не разглядаліся ў дадзеным дакладзе, дазволіць гісторыкам больш глыбока даследаваць шэраг актуальных пытанняў: характарыстыка персаналіяў заснавальнікаў першых публічных музеяў у Беларусі, прынцыпы ўрадавай палітыкі па ахове помнікаў гісторыі і культуры і яе ўплыў на развіццё музейнай справы, матэрыяльна-фінансавае становішча музеяў, праблемы ажыццяўлення новых музейных праектаў і інш.

 

СПІС КРЫНІЦ

 

1. Положение о Мстиславском музее древностей. – Мстиславль, 1915. – 14 с.; Положение о Музеуме Древностей и Временной Археологической Комиссии в Вильне  // Записки Виленской Археологической комиссии. – Вильна, 1856. Ч. 1. – С. 1-5; Примерные основания учреждения церковно-археологического музея в Витебске // Полоцкие епархиальные ведомости. – 1893. – № 9. – С. 212-217; Устав Гродненского педагогического общества // Педагогическое дело. – 1912. – Ч. I. – № 4. – С. 75-80; Устав Минского городского музея. – Минск, 1914. – 7 с.; Устав Минского церковного историко-археологического комитета // Минские епархиальные ведомости. – Дополнение к № 2 за 1908 г. – С. 1-5; Устав Общества изучения Белорусского края в городе Могилеве. Оттиск из № 3 циркуляров по Виленскому  учебному округу за 1905 год. – Вильна, 1905. – 4 с. і інш.

2. Каталог монет музея Витебской ученой архивной комиссии. Составил хранитель музея К. А. Змигродский. – Витебск,  1911. – 38 с.; Каталог музея Витебской ученой архивной комиссии. – Витебск, 1912. – 46 с.; Каталог предметов Музея древностей, состоящего при Виленской публичной библиотеке. Второе издание. – Вильна, 1885. – Х+272 с.; Киркор А. К. Перечневый каталог предметов в Виленском музеуме древностей. – Вильна, 1858. – 21 с.; Фурсов М. Описание Могилевского музея. – Могилев, 1898. – 53 с. і інш.

3. Дневник заседаний комиссии для разбора, приведения в известность и надлежащий порядок предметов, находящихся в Виленском музеуме древностей. – Вильна, 1865. – 8+14 с.

4. Довнар-Запольский М. Наша научная нужда. Заметки к предстоящему  ІХ Археологическому съезду в Вильне  //  Минский листок.  – 1893. – 23 июля. – С. 2-3.

5. З нашага жыцьця (збірайма рэчы ў беларускі музэй) // Наша ніва. – 1912. –   № 37. – С. 3.

6. Минское слово. 1909. – 1 августа. – С. 3; 1910. – 9 июня. – С. 2; 1910. – 1 июля. – С. 2; 1912. – 31 марта. – С. 2 і інш.

7. Gazeta warszawska. – 1880. – 8 (20) wreśnia. – S. 3; 9 (21) wreśnia. – S. 3; 10 (22) wreśnia. – S. 3; 16 (28) wreśnia. – S. 5. Goniec Wilenski. – 1909. – 8 lutego. – S. 3; 10 kwietnia. – S. 2. Kurier Litewski. – 1909. – 6 (19) lutego. – S. 1-2; 27 marca (9 kwietnia) – S. 1-2 і інш.

8. Адамовіч А. “Як дух змаганьня Беларусі” (да 100-угодкаў нараджэньня Івана Луцкевіча). – Нью-Ёрк, 1983. – 27 с.; Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. – V.: Gudų Kulturos Draugija Lietuvoje, 1994. – 191 c.; Станкевіч С.  Іван Луцкевіч (у дзесятыя ўгодкі сьмерці яго) (1919 – 1929 гг.) // Студэнцкая думка. – 1929. – № 1 (12). – С. 5-11.

9. Петров Н. Из путешествия в Северо-Западный край // Киевская старина. Год восьмой. Т. XXIV – XXV. – Киев, 1889; Проезжий. Путевая заметка // Новое время. – 1868. – 15 января. – С. 3; 25 июня. – С. 3-4; Случевский К. К. По Северо-Западу России. Т. ІІ. «По Западу России». – СПб., 1891.

І. В. Грабянчук.

Tags: