Каравай

Каравай – комплекс рытуалаў, што служылі маркерам пачатку традыцыйнага вяселля, галоўным зместам якіх было прыгатаванне спецыяльнага вясельнага хлеба, што выпякаўся толькі аднойчы для чалавека і сімвалізаваў змену яго статуса. Першыя звесткі ў пісьмовых крыніцах аб К. адносяцца да ХІ ст., у ХІІ – сяр. ХІV стст. складваюцца лакальныя асаблівасці гэтага абраду. Гродзеншчына ўваходзіць у лік рэгіёнаў, дзе каравайныя абрады з пэўнымі зменамі і значна рэдукаваныя захаваліся да нашага часу.

         Пеклі каравай напярэдадні “уласна вяселля”, часцей у суботу, але згодна некаторым лакальным традыцыям  - у чацвер. Звычайна выпякаўся ў абодвух вясельных дамах – у кожнага асобна. Пекчы каравай запрашалі замужніх жанчын, якія былі шчаслівыя ў шлюбе і вызначаліся добразычлівасцю. Часам для выпечкі каравая ў маладой запрашаліся сяброўкі маладой. Ідучы на К., запрошаныя каравайніцы бралі з сабою муку, яйкі.

Расчыняла каравай замужняя жанчына, часцей за ўсё хросная маці (звычайна яе называлі старшай каравайніцай). Пакуль цеста падыходзіла, каравайніц частавалі. Мясілі цеста звычайна ўсе каравайніцы. Каравайнае цеста не можна было мяць кулакамі, кладучы на лапату, патрэбна было ўзяць за адзін раз. З рэшткаў цеста рабілі ўпрыгожанні на К. – “шышкі” (абаранкі, птушак, фігуркі жывёл, а часам і людзей). Кожны этап вырабу К. суправаджаўся благаславеннямі і спецыяльнымі песнямі. У некаторых лакальных традыцыях рэгіёна пеклі некалькі караваяў (шэсць, дванаццаць, і нават па колькасці сямейных пар, запрошаных на вяселле).

Спечаны К. вымалі так, каб не пашкодзіць хлеб, няхай сабе для гэтага патрэбна было разабраць частку печы. Пасля К. упрыгожвалі, у залежнасці ад лакальнай традыцыі, штучшымі кветкамі, рутай , барвінкам (звычана рабілі гэта маладыя дзяўчаты).

Гатовы каравай у каравайніц выкупляў гаспадар, пасля чаго каравай адносілі ў камору на веку ад дзяжы, пакрытым ручніком альбо палатном.

І.С. Чарнякевіч