Інсцэніраванне беларускай і рускай класікі на сцэне драматычных тэатраў Беларусі канца ХХ – пачатку ХХІ ст.

Інсцэніраванне празаічных і паэтычных тэкстаў з’яўляецца неад’емнай часткай тэатральнага працэсу Беларусі. Актуальнасць дысертацыі абумоўлена тым, што сучасны нацыянальны драматычны тэатр развіваецца ва ўмовах збліжэння і ўзаемаўплыву літаратуры, кіно, музыкі. Дысертацыя прысвечана праблеме інсцэніравання, якая ўключае ператварэнне літаратурнага твора ў інсцэніроўку і інсцэнізацыю – сцэнічнае ўвасабленне класічных раманаў і паэм. Важнасць даследавання вызначаецца неабходнасцю навуковага аналізу прынцыпаў узаемадзеяння паміж прозай, паэзіяй і тэатрам як мастацкай з’явы, што дазваляе больш дакладна асэнсаваць асноўныя тэндэнцыі яго развіцця на сучасным этапе; вызначыць ролю класічнай літаратуры ў рэпертуары; прасачыць уплыў інсцэніроўкі на пашырэнне сродкаў мастацкай выразнасці спектакля; выявіць функцыі рэжысёра-інсцэніроўшчыка і адметнасць рэжысёрскіх падыходаў пры ўвасабленні недраматургічнага тэксту.

Культурная сітуацыя ў Беларусі канца ХХ – пачатку XXI ст. вызначаецца павышанай цікавасцю да айчыннай гісторыі. У моманты нацыянальнага самавызначэння чалавек мае неадольную патрэбу адчуць сябе часцінкай нацыі, асэнсаваць духоўны вопыт папярэдніх пакаленняў свайго роду, а таксама далучыцца да адвечных праблем быцця. Менавіта гэта абумовіла актыўны зварот творцаў сцэны да нацыянальнай і рускай літаратурнай спадчыны. Пачынаючы з 1990-х гадоў у тэатрах Беларусі пастаўлена больш за 70 спектакляў паводле твораў беларускіх і рускіх пісьменнікаў Сярод беларускіх аўтараў дамініруюць паэзія і проза Я.Купалы, Я. Коласа,У. Караткевіча, В. Быкава; сярод рускіх – класічныя творы Ф. Дастаеўскага, М. Гогаля, М. Булгакава, якія сваёй фантасмагарычнасцю, перапляценнем трагічнага і камічнага аказаліся на зломе эпох вельмі блізкай сучаснаму гледачу. Спектаклі актуалізуюць тэмы гістарычнага лёсу народа, раскрываюць непарыўную сувязь пакаленняў, асэнсоўваюць імкненне чалавека знайсці сябе і зразумець сваё прызначэнне ў свеце.

Аўтарам сабраны і сістэматызаваны шматлікія матэрыялы пра пастаноўкі беларускіх і рускіх класічных твораў на сцэнах тэатраў Беларусі за перыяд 1990–2015 гг. Дысертацыя з’яўляецца першым комплексным даследаваннем феномену інсцэніравання класічнай прозы і паэзіі на сучаснай беларускай сцэне.

Кастылянчанка Ірына Аляксандраўна

Irina Kostylianchenko
The stage adaptation of the belarusian and russian classical literature on the scene of Belarusion drama theatres in the late XX century – early XXI century

Key words: art theatre, dramatize of classical literature, the interpretation of stage director, author's concept, the prose and poetry at the theatre, the principles of stage adaptation.