Хрэсьбіны

абрад, дзе сумяшчаюцца рэшткі дахрысціянскага далучэння дзіцяці да грамады і пазнейшага хрысціянскага хросту. Хрысцілі дзіця звычайна пасля спаўнення 40 дзён, але ў выпадках, калі яно было кволым і снавала пагроза смерці немаўляці, стараліся пахрысціць як мага хутчэй. Час паміж нараджэннем і хрышчэннем лічыўся для дзіцяці вельмі небяспечным, яго, згодна традыцыйных уяўленняў, лёгка было сурочыць, таму дзіця стараліся не паказваць людзям, некаторыя нават на двор не выносілі. Падчас хрышчэння дзіцяці давалася імя. Хрысціць дзіця везлі кумы, якіх выбіралі і са сваякоў, і з чужых людзей. Асаблівая ўвага надавалася выбару кумоў, калі дзеці паміралі. Тады раілі бацькам браць за кумоў першых сустрэчных. Адмаўляцца ад кумаўства было нельга. У многіх лакальных традыцыях існаваў звычай хрышчэння ўсіх дзяцей з сям’і ў адной сарочцы, каб дружна жылі паміж сабою і не сварыліся. На хрысціннае застолле запрашалі сваякоў, звычайна яно бывала мнагалюдным. Госці абавязкова прыносілі падарункі. Кумы, пераступіўшы парог пасля вяртання з храма, адразу называлі імя дзіцяці. Папчэснай госцяй на хрысцінах была павітуха, якая прыносіла з сабою рытуальную страву. У адрознне ад большасці беларускіх рэгіёнаў, дзе бытавала “бабіна каша”, у Панямонні часцей устракалася яечня ў якасці такой стравы. Яе дзялілі паміж усімі гасцямі напрыканцы хрэсьбінаў. У абавязкі бабы наксама ўваходзіў збор сродкаў для дзіцяці, якія пазней сталі насіць назву “на мыла”. Збірала іх парадзіха са спецыяльнай песняй, звяртаючыся да кожнага з гасцей. Паўсюдна ў Панямонні існаваў звычай ушанавання бабкі. Яе насілі на ўслоне па хаце, вазілі па вуліцы на баране, пакрытай кажухам (зімою), альбо ў вазку (летам). У паасобных лакальных традыцыях хрэсьбіны заканчваліся карнаваламі (абрадавымі пераапрананнямі). У турыстычнай справе Р.А. можа выкарыстоўвацца ў якасці асновы для сцэнізацый з мэтай азнаямлення турыстаў з традыцыйнай абраднасцю рэгіёна. Інфармацыю аб асаблівасцях рэканструкцыі абрадавых элементаў можна атрымаць у раённых метадычных цэнтрах народнай творчасці. Ірына Чарнякевіч.

Этнакультурныя і прыродныя турыстычныя рэсурсы:Гродзеншчыны і Сувальшчына. Энцыкл. давед. ; Рэд. В.Р. Карнялюк, І.І. Трацяк [і інш.] – Гродна: СМЫК, 2014