Гуканне вясны

Гуканне вясны  – старажытныя абрадавыя дзеянні, што распачыналі веснавы цыкл беларускага календара. Сведчанні аб іх ёсць і ў сярэднявечных крыніцах. У 19 – пачатку 20 стст. былі шырока распаўсюджаны сярод вясковага насельніцтва па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Цэнтральным элементам Г.В. з’яўляецца выкананне “Вяснянак” – кароценькіх песен заклікальнага характару. Спяваць “вясну” пачыналі ў залежнасці ад мясцовай традыцыі – у некаторых рэгіёнах пачынаючы з 1 сакавіка. У большасці вёсак (у тым ліку і ў разглядаемым рэгіёне) веснавыя абрады пачыналіся са свята “Саракі” (22 сакавіка: у праваслаўнай традыцыі Дзень святых сарака мучанікаў Севасційскіх, у каталіцкім календары адпаведніка няма, але “Саракі” спраўляюцца і католікамі) альбо на Дабравешчанне (Звеставанне: 25 сакавіка па каталіцкім календары, 7 красавіка па праваслаўным). У гэты дзень моладзь збіралася разам, ішлі на высокі пагорак, дзе дзяўчаты спявалі “вяснянкі”. З сабою бралі старыя драўляныя колы, якія кацілі з пагорка. Потым самі з гэтай гары каціліся (некаторыя рэспандэнты адзначаюць, што так рабілі і на “Саракі”, і на Дабравешчанне). У некаторых вёсках качаліся толькі дзяўчаты, а хлопцы ў гэты час сядзелі асобна. Каціліся з гары, каб вясна хутчэй прыйшла, каб хутка было цёпла (існавалі і варожбы – куды пакоцішся, у які бок галавою апынешся – так прадказвалі і надвор’е, і лёс на ўвесь год). На Дабравешчанне каля гары моладзь ладзіла гульні, танцы і пачастунак.  Ёсць успаміны, што на межах рэгіёну на Дабравешчанне пускалі па вадзе запаленую салому (рабілі гэта сталыя жанчыны). На Дабравешчанне забаранялася ўсялякая праца ў хаце і на зямлі (зямлю ўвогуле нельга было кранаць да Дабравешчання). У гэты дзень гаспадары муслі выканаць шэраг дзеянняў, якія б забяспечылі добры ўраджай і спор у гаспадарцы: з раніцы гаспадары павінны былі “абудзіць” насенне – паварушыць яго, вынесці цыбулю з хаты ў камору; на Дабравешчанне выганялі запасваць скаціну – хоць на гадзіну. У многіх вёсках рэгіёна на Дабравешчанне перад узыходам сонца купаліся ў вадаёме – рэчцы ці сажалцы, каб цела ўвесь год было чыстае, каб балячкі ўсялякія праходзілі. Сярод абрадавых страў на святы Г.В. патрэбна адзначыць “жаваранкаў” альбо проста “птушачак”, якія пяклі на “Саракі”. Печыва звычайна аддавалі дзецям, якія выновілі яго на вуліцу, падкідвалі ўгару і з’ядалі. Увечары “птушак” ела ўся сям’я (“каб птушкі галодныя не былі”). На Дабравешчанне, чакаючы прылёту птушак, таксама пяклі “буслоў”, “галёпы”, “чалёпы”. З “галёпай патрэбна было выйсці на вуліцу, падняць угару. Часам такую галёпу захоўвалі да першага заворвання альбо “Зажынак”. Абрады Г.В. у рэгіёне патрабуюць больш дэталёвага даследавання для выяўлення лакальных традыцый, якія могуць стаць выдатнай асновай для рэканструкцыі і пастановак, а таксама стварэння анімацыйных праграм для турыстаў перш за ўсё ў аграсядзібах, якія арыентаваны на стварэнне атмасферы традыцыйнага беларускага свята.

І.С. Чарнякевіч