Гродзенскі абласны тэатр лялек

На плошчы Тызенгаўза знаходзіцца стары, незвычайны будынак  –  Гродзенскі абласны тэатр лялек. Ён быў пабудаваны ў 1774 годзе палітычным дзеячам, рэфарматарам гаспадаркі, мецэнатам культуры ў Вялікім княстве Літоўскім, гродзенскім старастай, графам Антоніем Тызенгаўзам па праекту вядомых архітэктараў Мозера і Сакко.

Біяграфія Гродзенскага тэатра лялек унікальна тым, што тэатр нараджаўся некалькі разоў. Першы раз гэта адбылося  больш сямідзесяці гадоў назад, і  гэта робіць тэатр старэйшым лялечным калектывам у нашай краіне ўслед за Беларускім дзяржаўным тэатрам лялек. Другое нараджэнне адбылося ўжо пасля вайны ў статусе тэатра лялек пры Доме народнай творчасці ў г. Гродна. У трэці раз Гродзенскі абласны тэатр лялек быў адкрыты  1 лістапада 1980 г. спектаклем “Людвиг и Тутта”  па п’есе В. Богача і С. Хрыстоўскага.

З 1985 г. пад знакам нацыянальнага адраджэння разгортваецца дзейнасць Гродзенскага тэатра лялек. Раней пры Міністэрстве культуры была рэпертуарная камісія, якая, з аднаго боку, сачыла за рэпертуарам тэатраў, а з другога – прапаноўвала яго. Зараз жа  тэатры атрымалі свабоду ў выбары рэпертуару.

Развіццё беларускага тэатра ў 90-я г. ХХ ст. пазначана пэўнымі асаблівасцямі, якія абумоўлены нараджэннем Рэспублікі Беларусь: дзяржаўная падтрымка нацыянальных тэатраў, знікненне цэнзуры, з’яўленне прыватных тэатраў, нараджэнне фестывальнага руху.

Больш чым 200-гадовая традыцыя і класічны інтэр'ер зала абумовілі мастацкі напрамак тэатра і дапамаглі творчаму развіццю гродзенскіх лялечнікаў. Шматлікія спектаклі Гродзенскага тэатра лялек увайшлі ў “залаты фонд” тэатральнай культуры Беларусі. Рэпертуарная афіша тэатра заўсёды адрознівалася жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. У ёй спалучаюцца як творы класічнай замежнай і беларускай драматургіі, так і творы сучасных  аўтараў.

Тэатр падтрымлівае творчыя сувязі з тэатрамі Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі і іншых краін. Гродзенскі калектыў з’яўляецца пастаянным удзельнікам Міжнародных фестываляў. Дзякуючы фінансавай падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама ў пачатку ХХІ ст. фэставы ланцужок не перарываўся, на кожнай такой сустрэчы гродзенцы атрымлівалі чарговыя прапановы. І хоць не ўсе паездкі атрымлівалася ажыццявіць з-за фінансавых праблем, гродзенскія лялечнікі імкнуліся прымаць як мага больш запрашэнняў.  

Гродзенскі абласны тэатр лялек здабыў прыхільнасць айчыннага і замежнага гледача дзякуючы творчаму росту і крапатлівай працы ўсёй трупы тэатра, тварам якога з’яўляліся яго кіраўнікі – дырэктары Мікалай Бардыга, Аляксандр Ігнаценка і яго намеснік Марыя Шабашова,  галоўныя рэжысёры Сяргей Юркевіч, Мікалай Андрэеў, Алег Жугжда, мастакі Леанід Быкаў, Юры Давыдзюк, Алесь Сураў, Ларыса Мікіна-Прабадзяк, акцёры Ларыса Мікуліч, Галіна Закрэўская, Тамара Корнева, Людміла Паўлоўская, Аляксандр і Святлана Боброўскія, Юры Менько, Юры Буракоў, Васіль Прабадзяк і іншыя.
 

Мінько Святлана Міхайлаўна, Сілава Святлана Уладзіміраўна