Гістарычнае краязнаўства Гродзеншчыны ў даследвання кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Янкі Купалы

Традыцыя даследавання гісторыі свайго краю была закладзена ў Гродзенскім дзяржаўным педагагічным інстытуце ў сярэдзіне 1950-х гг. з заснаваннем гістарычнага факультэта. Першым грамадска значным вынікам у гэтым напрамку была выдадзеная ў 1960 г. кніга “Гродно. Историко-экономический очерк” аўтарства інстыту- цкіх гісторыкаў [1]. Запатрабаваная гродзенцамі, яна ў 1964 г. выйшла другім выданнем [2]. Не адно пакаленне студэнтаў, экскурсаводаў, краязнаўцаў менавіта па гэтых кнігах вывучала гісторыю горада на Нёмане.

Першымі, хто ў інстытуце ўсур’ёз займаўся краязнаўчай праблематыкай, былі кандыдаты (потым дактары) гістарычных навук Б.М. Фіх і Я.Н. Мараш. Не дзіўна, што са стварэннем у 1981 г. пад кіраўніцтвам Я.Н. Мара- ша кафедры гісторыі БССР яна хутка заявіла аб сабе як аб інтэлектуальным асяродку даследавання гісторыі Гродзеншчыны.

У 1980-я г. краязнаўчая тэматыка, звязаная з даследаваннем гісторыі гарадоў і сёл Гродзеншчыны, выйшла на першы план у навуковай дзейнасці кафедры гісторыі БССР (з 1991 г. – кафедра гісторыі Беларусі). Гэта было абумоўлена рэалізацыяй тады беларускімі навукоўцамі-гуманітарыямі грандыёзнай праграмы напісання гісторыі ўсіх населеных пунктаў Беларусі. Самім лёсам кафедры было наканавана стаць абласным цэнтрам краязнаўчых даследаванняў. На ўзмацненне цікавасці гродзенцаў да айчыннай гісторыі, да лёсу роднага краю, якое назіраецца з сярэдзіны 1980-х г., вучоныя кафедры адказалі дзесяткамі манаграфій, папулярных кніг, якія з вялікай увагай былі сустрэтыя спецыялістамі і грамадскасцю. Паслядоўнікамі знаўцаў мясцовай даўніны Я. Арлоўскага і Ю. Яд- коўскага сталі Я.Н. Мараш, І.І. Коўкель, І.П. Крэнь, М.В. Васілючак і інш., якія ўнеслі значны ўклад у выкананне згаданай дзяржаўнай навуковай праграмы. У 1980-я – пачатку 1990-х гг. з-пад іх пяра выйшла серыя гісторыка- эканамічных нарысаў гарадоў краю: Смаргоні, Мастоў, Гродна, Шчучына, Іўя [3 – 7].

У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гг. кафедра выдала пад агульнай назвай “Наш край” серыю брашур па розных перыядах гісторыі Гродзеншчыны [8 – 10 і інш]. Узятыя разам, яны фактычна склалі першы сістэматы- заваны навуковы нарыс гісторыі беларускага Панямоння. Брашуры адрасаваліся для лектараў таварыства “Ве- ды”, але ўяўлялі цікавасць для гісторыкаў, краязнаўцаў і экскурсаводаў.

Да 50-годдзя Перамогі кафедра падрыхтавала па даручэнню Гродзенскага гарадскога выканаўчага  камітэта кнігу “Гродна ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945 гг.)” [11].

У 1990-я – 2000-я гг. кафедра прыняла ўдзел у рэалізацыі грандыёзнай дзяржаўнай навуковай праграмы падрыхтоўкі гісторыка-дакументальных хронік “Памяць” па гарадах і раёнах Беларусі, якая здзяйснялася па рашэнню Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. Вынікам гэтай работы стала кніга “Памяць” па гораду Гродна, якую рыхтавалі ўсёй кафедрай, а асабліва шмат папрацавалі дацэнты У.А. Нядзелька і Э.С. Ярмусік [12], а так- сама хронікі па Шчучынскаму раёну, Іўеўскаму раёну, Воранаўскаму Лідскаму раёнам Гродзенскай вобласці [13 – 16], у напісанні і выданні якіх прымалі ўдзел І.П. Крэнь, М.В. Васілючак, У.А. Нядзелька, С.В. Марозава, С.Я. Сяльверстава, Т.А. Лугачова і іншыя выкладчыкі.

У 1990-я – 2000-я гг. кафедра правяла сумесна з абласным аддзяленнем Таварыства аховы помнікаў (старшыня – Д.С. Аляшкевіч), мясцовымі органамі ўлады, у супрацоўніцтве з вучонымі Інстытута гісторыі На- цыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта серыю выяздных гісторыка- краязнаўчых канферэнцый у райцэнтрах і гістарычных вёсках Гродзеншчыны. Кожная з гэтых сустрэч пры- водзіла важнейшыя пытанні гісторыі дадзенага рэгіёна ў адпаведнасць з тагачасным станам навуковых ведаў і крыніцавай базы. Канферэнцыі станавіліся падзеямі жыцця раёна.

Вынікам канферэнцый станавіліся навуковыя зборнікі, якія давалі новыя веды па рэгіянальнай гісторыі. Гэтыя зборнікі з’яўляюцца настольнымі кнігамі мясцовых краязнаўцаў і экскурсаводаў. Такога роду канферэн- цыямі і выданнямі кафедра ахапіла дзесяць з пятнаццаці раёнаў Гродзенскай вобласці: Ваўкавыскі, Воранаўскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Лідскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Шчучынскі [17 – 30].

Кафедра сама выгадоўвае будучых краязнаўцаў і даследчыкаў айчыннай гісторыі з ліку сваіх студэнтаў. Асабліва плённа папрацаваў на гэтай ніве студэнцкі навукова-даследчы гісторыка-краязнаўчы гурток, закладзе- ны яшчэ ў 1954/1955 навучальным годзе [31; 32].

На мяжы ХХ – ХХІ ст. факультэт гісторыі і сацыялогіі атрымаў прызнанне як цэнтр гродзенскай школы гісторыкаў – адной з мацнейшых у Беларусі, хоць фарміравацца гэта школа пачала намнога раней. Значную ролю ў гэтым адыграла кафедра гісторыі Беларусі са сваёй сфармираванай школай гістарычнага краязнаўства.

Кафедральную традыцыю гісторыка-краязнаўчых даследаванняў у трэцім тысячагоддзі працягнулі да- цэнты Н.А. Івашчанка, У.Я. Ягорычаў, І.В. Соркіна, В.А. Белазаровіч, С.У. Сілава, І.Ф. Кітурка, С.У. Амелька, А.К. Гецэвіч, А.М. Загідулін і інш. Выкладчыкі, а таксама аспіранты і магістранты кафедры даследуюць сёння гісторыю і культуру этнасаў, якія пражываюць у краі [33]; біяграфіі і спадчыну яго знакамітых ураджэнцаў [34]; гісторыю грамадска-палітычных рухаў [35], палітычных партый [36; 37] і грамадскіх арганізацый [38], устаноў [39], культавых інстытутаў [40]; вядуць генеалагічныя даследаванні, у тым ліку аднаўляюць свае ўласныя рада- воды [41]; рэканструіруюць старонкі гісторыі вёсак, мястэчак і гарадоў [42 – 46] і вывучаюць шырокае кола іншых пытанняў, “завязных” на рэгіён.

У апошні час у сваіх даследаваннях кафедра выйшла на ўзровень рэгіяналістыкі, разглядаючы гісторыю края ў больш шырокім кантэксце – заходне- і агульнабеларускім, рэгіянальным, міжнародным, еўрапейскім, цывілізацыйным і інш. [47 – 51]. Калектыў кафедры выканаў па заданню Міністэрства адукацыі шэраг навуко- ва-даследчых работ па рэгіянальнай праблематыцы: «Сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і канфесіянальныя працэсы ў заходнім рэгіёне Беларусі ў 1921 – 2000 гг.», «Працэсы урбанізацыі ў заходнім рэгіёне Беларусі ў ХІХ – ХХ ст.» (навуковы кіраўнік – І.П. Крэнь), працуе над тэмай «Деятельность национальных общественных объ- единений в Западной Беларуси (1918 – 1939 гг.)» (навуковы кіраўнік – А.К. Гецэвіч) і іншымі навуковымі пра- ектамі, арыентаванымі на рэгіён.

Такім чынам, кафедра гісторыі Беларусі ГрДУ імя Я. Купалы за сваю больш чым 30-гадовую дзейнасць (1981 – 2013 гг.) пераўтаварылася ў буйны і прызнаны цэнтр даследавання гісторыі Гродзеншчыны. Гістарыч- нае краязнаўства было і застаецца прыярытэтнай сферай навуковых інтарэсаў кафедры. Яно “працуе” на рэгіён і з’яўляецца візітнай карткай кафедры і факультэта гісторыі і сацыялогіі. Кафедра гісторыі Беларусі шмат зрабіла дзеля таго, каб гродзенцы ведалі сваю гісторыю, ёй ганарыліся і з павагай ставіліся да гісторыка-культурнай спадчыны.

І.В.Ракоўская

Наука-2013 : сб. науч. ст. В 2 ч. Ч. 1 / ГрГУ им. Я. Купалы ; редкол.: Г. А. Хацкевич (гл. ред.), Г. М. Третьяков (зам. гл. ред.) [и др.]. – Гродно : ГрГУ, 2013. – 377 с.