Гарады Беларусі ў грамадзянскай вайне 1696 – 1702 гг.

Даследаванне грамадзянскай вайны 1696 – 1702 гг. ў ВКЛ, нягледзячы на значныя поспехі ў гэтым накірунку, пакуль што знаходзіцца ў стане, далёкім ад завяршэння. Што тычыцца ролі, якую адыгралі ў гэтам канфлікце беларускія гарады, то можна адзначыць, што гэтае пытанне ніхто спецыяльна не вывучаў. Некаторыя ўзгадкі пра барацьбу за Стары Быхаў прысутнічаюць у працах польскіх гісторыкаў, якія займаліся паўстаннем Палея на Украіне [1], што тлумачыцца ўдзелам палееўскіх казакаў у баявых дзеяннях на ўсходзе Беларусі ў 1701–1702 гг. на баку Сапегаў, а таксама ўдзелам вернага на той час Расіі ўкраінскага казацкага войска ў аблозе гэтага горада “рэспубліканцамі” ў 1702 г.

 Увогуле, ў канцы XVII ст. большасць беларускіх гарадоў яшчэ не адыйшла ад разбурэнняў, пакінутых войнамі сярэдзіны стагоддзя. У падобнай сітуацыі зразумелай становіцца іх нізкая палітычная актыўнасць і незаангажаванасць у барацьбу розных магнацкіх груповак, асабліва на яе пачатковым этапе. У гэты перыяд неабароненасць гарадоў часта станавілася прычынай таго, што многія з іх моцна цярпелі ад войска і шляхты. Так, падчас рабункаў шляхтай сапяжынскіх уладанняў у 1697–1698 гг. частка рэспубліканскіх атрадаў на чале з Казімірам Пацеем накіравалася да Дуброўна. Горад, убачыўшы войска, запрасіў літасці і адчыніў браму, пасля чаго Дубровенскае графства было разрабавана [2, с. D3]. У 1698 г. аўстрыйскі пасол Іаган Георг Корб, які ехаў праз Беларусь у Маскву, бачыў у Барысаве людзей, прыбітых за языкі да дзвярэй за тое, што адмаўляліся плаціць паборы [3, с. 28].

Зразумела, што прыватнаўласніцкія гарады падчас канфлікту заставаліся на баку сваіх гаспадароў. Асобную пазіцыю займалі гарады, якія ўваходзілі ў склад т. з. “нойбургскіх уладанняў”: Слуцк, Копысь, Невель, Себеж і інш. Пад “нойбургскімі ўладаннямі” маецца на ўвазе спадчына па Багуславу Радзівілу, якой  валодала яго дачка Людвіка Караліна, жонка Карла Філіпа Нойбургскага (памерла ў 1695 г.). Затым права валодання гэтымі землямі перайшло да іх двухгадовай дачкі Альжбеты Аўгусты, але, паколькі не было недахопу ў жадаючых падпарадкаваць іх сабе, то на практыцы апошняе слова доўгі час заставалася за адміністрацыяй гэтых зямель, на чале якой стаяў падчашы калішскі Станіслаў Незабітоўскі і галоўнай сядзібай якой з’яўляўся Слуцк. У 1695 г. Незабітоўскі не дапусціў захопу Слуцка сіламі нясвіжскага ардыната Караля Станіслава Радзівіла, а пазьней падпісаў з Сапегамі дамову наконт пераходу “нойбургскіх ўладанняў” пад іх апеку. З гэтага часу Слуцк пастаянна знаходзіцца пад кантролем сапяжынскіх харугваў.

Значэнне гэтых зямель узрастала па меры таго, як канфлікт набліжаўся да вырашальнай развязкі, паколькі “нойбургскія” гарады мелі крэпасці, што ўваходзілі ў лік наймацнейшых у Княстве. “Алькеніцкая пастанова”, прынятая 24 лістапада 1700 г. пасля перамогі шляхты над Сапегамі, перадавала ўсе гэтыя землі пад апеку Караля Станіслава Радзівіла. Пры гэтым паўсюдна захоўвалася ранейшая адміністрацыя, а ў фартэцыях павінны былі размясціцца рэспубліканскія гарнізоны [4, с. F2]. У той жа самы дзень, пасля прыняцця “Пастановы”, Міхал Вішнявецкі як генеральны палкоўнік ВКЛ прызначыў камісараў, якія павінны былі прывесці да прысягі губернатараў фартэцый (Слуцк, Біржы, Невель, Себеж), вайсковыя гарнізоны, магістраты гарадоў і мястэчак. У якасці арміністратараў універсал называе Станіслава Незабітоўскага, Багуслава Сеніцкага, Рыгора Аборскага і Яна Юрыя Хвалкоўскага [5, с. 3]. Цікава, што з іх прынамсі трое былі кальвіністамі. Незабітоўскі клапаціўся пра захаванне ў Слуцку і іншых “нойбургскіх уладаннях” той свабоды веравызнання, якая там існавала яшчэ з часоў Багуслава Радзівіла. Відаць, гэта ў нейкай ступені паўплывала на тое, што калішскі падчашы перашапачаткова пайшоў на супрацоўніцтва з Сапегамі і пагадзіўся на апякунства Казіміра Яна Сапегі. Апошні на той час знаходзіўся ў вострым канфлікце з каталіцкім клірам і асабіста з віленскім біскупам Канстанцінам Бжастоўскім, які нават у 1694 г. адлучыў яго ад касцёла. Аднак апетыты Сапегаў адносна “нойбургскіх уладанняў” і асабліва набыццё іх усіх адразу у Карла Філіпа Нойбургскага ў 1700 г., якое не прызнаў Незабітоўскі, прывялі да пахаладання адносінаў. 5 мая 1700 г. падчашы калішскі пасля не зусім удалай размовы з вялікім гетманам запісаў у сваім дзённіку, што сыны Сапегі “нападаць [на ўладанні] пагражалі, і на здароўе маё пагрозы чынілі, але добры пан Бог абароніць мяне ад злых людзей” [6; 237]. Відаць пэўныя дзеянні з іх боку сапраўды мелі месца, бо ў 1701 г. Аборскі, капыскі адміністратар, адзначыў падчас выплаты падаткаў, устаноўленых Алькеніцкай пастановай, што “графства Капыскае моцна спустошана ў выніку нападу вяльможнага яго міласці пана стольніка ВКЛ (Юрыя Станіслава Сапегі – Д.В.) праз здабыванне штурмам [Копысі], зруйнаванне горада і спусташэнне воласці” [7, арк. 1510]. Пасля бітвы пад Алькенікамі 18 лістапада 1700 г. сапяжынскі гарнізон пакінуў Слуцк.

Сярод іншых гарадоў, якія былі заангажаваныя ў барацьбу магнацкіх груповак, варта асабліва адзначыць сапяжынскія гарады Падняпроўя. Такія цэнтры сапяжынскіх уладанняў, як Стары Быхаў і Дуброўна, працягвалі аказваць супраціўленне рэспубліканцам нават пасля паразы Сапегаў ў бітве пад Алькенікамі, і прынялі актыўны ўдзел у сялянска-сапяжынскім паўстанні 1701–1702 гг. Існуе пэўная блытаніна адносна таго, хто стаяў на чале гэтага паўстання і абароны Быхава ў 1702 г. Як можна меркаваць на падставе аналізу розных архіўных дакументаў, дакладнай субардынацыі сярод камандавання не існавала. Большасць крыніц, дзе згадваецца Стары Быхаў і засеўшыя там сапяжынцы, называюць у першую чаргу парнаўскага падкаморага Мікалая Більдзюкевіча, які камандаваў быхаўскім гарнізонам. Аднак губернатарам Старога Быхава, якога прызначыў яшчэ Казімір Сапега, з’яўляўся обер-лейтэнант Якуб Дэро. На практыцы ж аператыўнае камандаванне паўстанцкімі сіламі ў шэрагу аперацый на тэрыторыі Падняпроўя ажыццяўляў Ян Станіслаў Юрэвіч, мечнік полацкі (паводле “Магілёўскай хронікі”, памёр незадоўга да пачатку аблогі Быхава [8, с. 258]). Побач з сялянамі, якія складалі большасць паўстанцаў, і сапяжынскімі наёмнымі харугвамі (драгунская, валашская, казацкая харугвы, венгерская і нямецкая пяхота), галоўнай базай якіх з’яўляўся Быхаў, актыўна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на баку Сапегаў таксама быхаўскія мяшчане. Так, напрыклад, жыхары горада прынялі ўдзел у выправе на Галоўчын 23–24 лістапада 1701 г., па ходу якой былі разрабаваныя маёнткі Пяшчанка і Шчагліца, уласнасць Войцаха Баліцкага [7, арк. 841–841 адв.].

Ваявалі супраць “рэспубліканцаў” таксама жыхары іншага сапяжынскага ўладання – Дуброўны.  Некалькі дзесяткаў дубровенцаў загінула ў бітве, якая адбылася недалёка ад горада 26 ліпеня 1701 г [8, с. 252]. Пасля паразы сапяжынскага войска, большасць якога складалі мясцовыя сяляне, вымушана была капітуляваць і Дуброўна. Вішнявецкі паведамляў Радзівілу (пераказваючы змест лістоў Казіміра Пацея, які камандаваў у бітве “рэспубліканцамі”), што, калі пераможцы падступілі да Дуброўны, то “мяшчане дубровенскія спачатку зразумелі, што гэта іх людзі, але потым, калі ўбачылі, што нашы, пачалі былі на гвалт біць, але ўбачыўшы, што іх людзей пабілі, паддаліся” [9, с. 108]. У Дуброўне пачаліся рабункі, якія ў навакольных вёсках перараслі наогул ў жудасную разню. Адзін з атрадаў быў накіраваны Пацеем нават да славутага куцеінскага манастыра пад Оршай, які быў абрабаваны пад выглядам таго, што ў манастыры быццам бы хаваецца дубровенскі войт і іншыя ўцекачы, а таксама схавана маёмасць “дубровенскіх абывацеляў”. Ігумен манастыра быў пабіты, а манахі разагнаныя. На падставе пададзенай з гэтай нагоды скаргі ў аршанскі гродскі суд была заведзеная крымінальная справа [7, арк.  502–513].

Зразумела, што жаўнерамі кіравала ў першую чаргу жаданнне парабаваць, аднак цалкам верагодна, што ў манастыры на самай справе была схаваная маёмасць дубровенскіх мяшчан. “Магілёўская хроніка” паведамляе, што нападаўшыя знайшлі пад купалам царквы вялікія скарбы, з-за чаго шмат хто з дубровенскіх жыхароў увадначассе стаў жабраком [8, с. 252]. Відаць, ў мяшчанскім асяроддзі існавала практыка ў выпадку ваеннай небяспекі хаваць грошы і каштоўныя рэчы ў манастырах і асобных храмах (што, як бачым, не заўсёды дапамагала). Так, напрыклад, напярэдадані Алькеніцкай бітвы, калі шляхта яшчэ толькі збіралася пад Ліпнішкамі, у Вільні пабываў маскоўскі рэзідэнт у Рэчы Паспалітай Любім Судзейкін. Ігумен віленскага Святадухава манастыра Ісакій, з якім Судзейкін меў гутарку, паведаміў яму, што “за такими де их свясками и замешанием (…) виленские жители, а паче же мещаня, зостают в великом страху и многие пожитки свои ставят на сбережения у них в монастыре, а иные в кляшторах и в костелах. И ежели де междо ими не успокоитца, то де и им тут же будет разорение невинное” [10, арк. 452].

Апошнім эпізодам грамадзянскай вайны ў ВКЛ, які ўжо часткова асвятляўся ў літаратуры [1], з’яўляецца абарона Быхава ад аб’яднанага рэспубліканска-казацка-расійскага войска ў 1702 г. Побач з сапяжынскім гарнізонам і сялянамі ўдзел у абароне прымалі таксама мяшчане. На чале быхаўскіх мяшчан стаяў, па ўсёй верагоднасці, мясцовы войт – падобна як і ў Дуброўне. Прычым вядома нават яго прозвішча – Кацкевіч [7, арк. 1370 адв.].  Не ўваходзячы ва ўсе перыпетыі аблогі Быхава, можна толькі адзначыць, што ішла яна з пераменным поспехам. Але пасля таго, як стала відавочна, што шведы, якія рушылі ўглыб ВКЛ на пачатку 1702 г., не збіраюцца тут затрымлівацца, а ўслед за імі ў Польшчу адыйшлі і Сапегі, у абаронцаў Быхава зніклі апошнія надзеі на дапамогу, і 10 лістапада 1702 г. яны здалі фартэцыю [11, с. 1–4]. Прыняў капітуляцыю мазырскі стараста Міхал Халецкі як камандуючы Беларускай дывізіі войска ВКЛ. Аднак новым губернатарам горада Быхава стаў Казімір Крыштап Сеніцкі [12, с. 151]. Гэта істотна змяніла расклад сіл на Падняпроўі. На першы план тут выходзіць Сеніцкі, які на той момант быў ужо магілёўскім эканомам, а хутка зрабіўся яшчэ і губернатарам цэлага Быхаўскага графства.

Нельга сказаць, што беларускія гарады (за выключэннем Старога Быхава) знаходзіліся на першым плане ў змаганні магнацкіх груповак, хаця ўдзел у гэтай барацьбе розных сацыяльных слаёў (шляхты, сялянства, мяшчанаў) толькі падкрэслівае той факт, што вайна мела грамадзянскі характар. Пазіцыя адміністрацыі Слуцка ўскосна паўплывала на вынікі вайны, бо як толькі ў Радзівілаў з’явіўся шанц пераняць апеку над “нойбургскімі ўладаннямі”, яны адразу ж  прынялі бок “рэспубліканцаў”, што і прадвырашыла зыход барацьбы.

Д.В. Віцько

 

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.