Гарадскі астрог: штодзеннасць і побыт у 60-я гг. XIX ст. (паводле матэрыялаў Гродзенскай губерніі)

Турма была месцам пакарання за здзейсненае злачынства і, у большай ступені, месцам папярэдняга зняволення. Прычым часта зняволены чакаў судовага выраку некалькі гадоў, пасля чаго палова такіх арыштантаў аказвалася невінаватымі [1, арк. 17 - 17 адв.]. У Гродзенскай губ. у 60-я гг. XIX ст. было дзевяць астрогаў, адпаведна колькасці паветаў. Гэта была тыповая сітуацыя для таго часу: астрогі размяшчаліся ў кожным губернскім і павятовым горадзе. Амаль усе астрогі размяшчаліся ў адмыслова для іх пабудаваных будынках [1, арк. 41 - 42; 3, арк. 62, 67]. Большасць гэтых турэмных замкаў была пабудавана ў 1820 г., у Беластоку − у 1831 г., у Брэсце − у 1850 г. [1, арк. 41 - 42]. Бельскі астрог месціўся ў былой кляштарнай кармеліцкай камяніцы [3, арк. 32 адв.]. Камеры Гродзенскага астрога, акрамя непасрэдна турэмнага замка, знаходзіліся ў былых будынках езуітаў і кармелітаў [1, арк. 41; 3, арк. 112]. І толькі ў Саколцы астрог месціўся ў прыватным мураваным доме, узятым у арэнду Сакольскім турэмным аддзяленнем [3, арк. 75, 119; 11, арк. 101].

У кожным астрозе абавязкова павінны былі існаваць так званыя сакрэтныя камеры для ўтрымання неспакойных арыштантаў; асобныя пакоі для перасыльных арыштантаў і, нарэшце, мясцовыя арыштанты размяркоўваліся па камерах паводле ўзроста, пола, віда злачынства. Самым непрыстасаваным у гэтым плане быў Бельскі астрог: арыштанты, нягледзячы на віды злачынства і ўзрост, утрымліваліся разам у 4 маленькіх камерах (у кожнай каля 20 чалавек); адмысловай камеры для перасыльных наогул не існавала (месціліся ў двух маленькіх пакоях лазні), як не існавала і сакрэтнага пакоя [14, арк. 155, 156, 164 адв.]. Ва ўсіх турмах, акрамя астрогаў у Гродне і Беластоку, падсудныя ўтрымліваліся асобна ад пакараных [1, арк. 19 - 19 адв.]. Хворыя арыштанаты размяшчаліся асобна ад астатніх. Пры ўсіх астрогах існавалі бальніцы з асобнымі пакоямі для мужчын і жанчын [3, арк. 36, 43 адв., 63 адв., 67 адв., арк. 75 адв., 86, 96, 103 адв., 113].

Парадак і чысціня астрога ўваходзілі ў абавязкі саміх арыштантаў. Задача была нялёгкая. Перапоўненасць некаторых камер, недастатковая топка печак, і нерэгулярнае праветрыванне, мыццё і развешванне бялізны ў камерах і т.п. былі прычынамі распаўсюджвання бруду, вільгаці, душнага і цяжкага паветра [5, арк. 2, 9 - 9 адв.; 14, арк. 155; 13, арк. 505, 506 адв.]. Нават такія абавязковыя атрыбуты чысціні, як лазні, пакідаюць кепскае ўражанне. Так, лазня гродзенскага астрога ў 1862 г. была чорнай, закуранай, з затхлым паветрам, гніллю і вільгаццю, падлога, столь і паліцы ў ёй паступова гнілі. Прычым такой яна выглядала праз год пасля рамонту. Прычына − дрэнны догляд: пасля мыцця арыштантаў лазню не чысцілі і не праветрывалі [5, арк. 1 адв.]. У беластоцкім астрозе праз комін лазні выходзіла полымя, таму карыстацца ёй было небяспечна для жыцця [13, арк. 401 адв.]. А ў Бельску, Кобрыне, Пружанах, Слоніме і Ваўкавыску лазняў пры астрогах наогул не было: арыштанты пасылаліся ў прыватныя і інвалідныя лазні [1, арк. 18 адв.]. Самым брудным месцам у астрогах былі прыбіральні. Смурод ад іх распаўсюджваўся па калідорах [13, арк. 322]. Напрыклад, у тым жа беластоцкім астрозе ў 1864 г. прыбіральня была такім жа небяспечным месцам, як і лазня: тонкія бакавыя сценкі згнілі, зямля абвальвалася, лавы пагражалі зусім разваліцца, акрамя таго, тут была цеча [13, арк. 420].

Паводле штогадовых справаздач турэмных аддзяленняў арыштанты забяспечваліся вопраткай, абуткам, камплектам для ложка. Пры гэтым у “аглядах” турмаў гродзенскім губернатарам быў заўважаны шэраг парушэнняў. Каты і каптаны, дасланыя падрадчыцай Гіндаю Вільбушэўскай у 1865 г. у бельскі, брэсцкі і беластоцкі астрогі, былі непрыдатнымі для выкарыстання, прычым каптаны разышліся па швах яшчэ да апранання [8, арк. 17 — 17 адв.]. У беластоцкім астрозе вопратка, што заховалася ў цэйхгаузе, належным чынам не даглядалася і, як вынік, яе з'ела моль [8, арк. 5 адв.].

Кожны арыштант меў права на нары і поўны камплект ложка. Але часам не хапала нават першых: арыштанты часта спалі на падлозе [8, арк. 5 адв.]. Не хапала і камлектаў для ложка, прычым гаворка ўжо не ішла пра навалкі і насыпкі з пер'я. Сеннікі замяняліся лямцамі, а калі і іх не хапала, то падкладалася вопратка [5, арк. 1 - 2]. Можна меркаваць, што адной з прычын такой сітуацыі было тое, што тэрмін выпрацоўкі рэчаў не адпавядаў заяўленаму тэрміну іх дзеяння. Але галоўным было слабое фінансаванне астрогаў [5, арк. 8].

Харчаваліся арыштанты ў залежнасці ад сваёй сацыяльнай прыналежнасці. Норма кармавых грошай прызначалася Міністэрствам унутраных спраў у залежнасці ад коштаў на прадукты харчавання па губерні. Дваранам і чыноўнікам грошы выдаваліся на рукі. Астатнія арыштанты харчаваліся “з падрада”, права выбару арыштанты простага саслоўя тут не мелі. Меню не адрознівалася разнастайнасцю:

-    хлеб (2 1/2 фунта на чалавека на дзень);

-    ячныя крупы;

-    каля 615 г гародніны: буракоў, капусты або шчаўя (часам замяняліся гарохам);

-    сала (у постныя дні - алей);

-    соль;

-    па серадах і пятніцах на 10 чалавек выдаваўся адзін селядзец [1, арк. 38 - 38 адв.; 3, арк. 19 адв. - 20].

На святы прадугледжвалася палепшанае харчаванне − ялавічына [3, арк. 67]. У Гродзенскім астрозе арыштанты простага саслоўя былі забеспечаны мясной порцыяй (1/2 фунта ялавічыны на чалавека на дзень) на працягу двух месяцаў падчас эпідэміі халеры ў горадзе [10, акр. 1, 29 - 29 адв.]. Стравы гатаваліся самімі арыштантамі (якія ўтрымліваліся за нязначныя злачынствы) [1, арк. 12].

Арыштанты простага паходжання займаліся штодзённымі гаспадарчымі працамі ў астрозе: наглядалі за чысцінёй і парадкам, мылі і рамантавалі вопратку, насілі ваду, калолі дровы, гатавалі ежу на агульнай кухні [3, арк. 36, 43 адв., 96, 104]. Акрамя таго, гэта магла быць праца на агародзе, калі апошні меўся пры астрозе (Пружаны [3, арк. 36; 4, арк. 148], Гродна [4, арк. 148]). Зрэдку, калі была магчымасць забяспечыць іх каравулам, арыштантаў накіроўвалі для ачысткі гарадскіх плошчаў і вуліц (такое было ў Брэсце [3, арк. 67 адв.] і Гродне [3, арк. 113]).

Адным з клопатаў астрожнага кіраўніцтва было т.зв. маральнае выхаванне арыштантаў. Вядучую ролю ў ім адыгрывала рэлігія. Прадугледжваліся абавязковыя штодзённыя маленні арыштантаў раніцай і ўвечары, павучальныя размовы са святарамі, чытанне рэлігійнай літаратуры. Цэрква мелася толькі пры Гродзенскім астрозе, тут у нядзелі і святочныя дні адбываліся набажэнствы [3, арк. 112 адв. - 113]. Яшчэ ў Беластоку ў адным з калідораў была створана капліца [3, арк. 63]. У астатніх астрогах арыштанты маліліся ў камерах [3, арк. 35 адв., 43 адв., 67 - 67 адв., 75 - 75 адв., 85 адв. - 86, 95 адв., 103 адв.].

Падчас і пасля паўстання 1863 − 1864 гг. турмы запоўніліся палітычнымі арыштантамі. Месца не хапала. Пад турмы, дзе была магчымасць, прыстасоўваліся былыя кляштарныя будынкі, напрыклад будынак бенедыктынскага кляштара ў Слоніме [15, арк. 1,5-6 адв.].

 

Крыніцы і літаратура

 

1. НГАБ у г. Гродна. – Фонд 1. – Воп. 13. – Спр. 1306. Сведения о тюрьмах губ. и количестве заключённых в них и переписка по этому вопросу, 1862 – 1863 гг. – 73 л.

2. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. – Воп. 1. – Спр. 481. Дело по распоряжению губернского тюремного комитета о обеспечении продовольствием арестантов в 1860 г. по Гродненской губ. и о заключении контракта на время с 1860 по 1863 г. – 137 л.

3. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. – Воп. 1. – Спр. 529. Годовые отчеты Губернского о тюрьмах Комитета за 1860 г. – 181 л.

4. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. – Воп. 1. – Спр. 571. Годовой отчет за 1861 г. – 185л.

5. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. – Воп. 1. – Спр. 599. Дело о замеченных начальником губернии недостатках по Гродненскому и Белостокскому острогам и исправлении первого, 1862 – 1863 гг. – 15 л.

6. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. – Воп. 1. – Спр. 662. О поставке продовольствия для арестантов в 1863 г. и выплате денег подрядчице. – 435 л.

7. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. – Воп. 1. – Спр. 682. Об отпуске подрядчице денег за продовольствие арестантов по острогам Гродненской губ. в 1864 г. – 435 л.

8. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. – Воп. 1. – Спр. 735. Дело о замеченных при ревнзии Гродненского губернатора беспорядках в городовых острогах и о нсправлении таковых, 1865 – 1872 гг. – 36 л.

9. НГАБ у г.Гродна. – Ф. 37. – Воп. 1. – Спр. 776. Дело об отпуске гюдрядчице Вильбушевской кармовых денег за продовольствие арестантов по острогам Гродненской губ. в 1866 г. – 121 л.

10. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. – Воп. 1. – Спр. 785. Дело о покупке говядины для улучшения пищи арестантам Гродненского острога во время существования болезни холеры в г. Гродно, 1866 г. – 32 л.

11. НГАБ у г.Гродна. – Фонд 37. – Воп. 1. – Спр. 887. С годовыми отчетами за 1868 г. – 137 л.

12. НГАБ у г.Гродна. – Фонд. 8. – Воп. 1. – Спр. 1310. Дело о ремонте казенных зданий в губернии, 1861 – 1863 гг. – 445 л.

13. НГАБ у г.Гродна. – Фонд. 8. – Воп. 1. – Спр. 1340. Дело о ремонте казённых зданий в городах Гродненской губ., 1863 – 1865 гг. - 596 л.

14. НГАБ у г. Гродна. – Фонд. 8. – Воп. 1. – Спр. 1348. Дело о ремонте казенных зданий в городах Гродненской губ., 1863 – 1871 гг. – 173 л.

15. НГАБ у Гродна. – Фонд. 8. – Воп. 1. – Спр. 1345. О перестройке упраздненного Бенедектинского монастыря под помещение для политических заключенных в г. Слоннме, 1863 г. – 17 л.

 
     Н.А. Лісейчыкава

 
Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.