Гаданні

Гаданні

1. Дровы неслі, сколькі ўхваціць, у хату і счыталі. Еслі ў пары, то выйдзе замуж, а калі не, то не выйдзе.

2. У дванаццаць часоў выходзілі на вуліцу і абдымалі забор. Колькі абхвацілі досак, счыталі. Калі ў пары, то выйдзе ў гэтым годзе  замуж, калі не, то астанецца ў дзеўках.

3. Бахілы кідалі цераз забор і ў які бок падалі носам, туды і пойдзе замуж.

Запісана ў в. Вуглы Брагінскага р-на

ад Найдзенка Клары Пятроўны, 1926 г.н.,

студэнтам Васілеўскім У.

 

Калі мы хадзілі калядаваць, дык пелі малым дзецям. Хлопчык прасіўся ў таткі жаніцца:

Прасіўся Іванка ў таткі жаніцца,

Святы вечар.

Ой, татка, ажані мяне,

Святы вечар.

Ой, сынку, сынку, катору любіш,

Святы вечар.

Я тую люблю, што па небу ходзіць,

Святы вечар.

Што па небу ходзіць, з месяцам гаворыць,

Святы вечар.

Ой, сынка Ванько, то нам не роўня,

Святы вечар.

То нам не роўня, то каралёўня,

Святы вечар.

За старажамі, за замкамі,

Святы вечар.

Я тыя старажы камні разжану,

Святы вечар.

Я тыя замкі мячом рассяку,

Святы вечар.

Такі да сябе каралёўну вазьму,

Святы вечар.

Паздраўляю з Новым годам, з святым Васіллем.

Васіллем называўся Новы год па-стараму. Калісь называўся Васіллем,  а цяпер Новым годам.

Казу вадзілі. Трэба дзявоцкую песню праспяваць. Хлапец жаніцца прасіўся, а дзеўка па-другому.

Маладая Алёнка раненька ўстае,

Святы вечар.

Раненька ўстае, тоненька прадзе,

Святы вечар.

Тоненька прадзе, звонка кросны тчэ,

Святы вечар.

Белянька бяліць, дай нас абдзяліць,

Святы вечар.

*

Ой, дома, дома сам пан гаспадар.

Святы вечар…

Ой, няма дома, у шчырам бару.

Святы вечар…

У шчырам бару сасонкі творыць.

(значыць, вуллі творыць)

Святы вечар…

Сасонкі творыць, да й Бога просіць.

Святы вечар…

Дай нам, Божа, да й тры карысці.

Святы вечар…

Первая карысць – пчолкі злыя.

Святы вечар…

Другая карысць – мядок салодкі.

Святы вечар…

Трэцяя карысць – жоўценькі вашчок.

Святы вечар…

Жоўценькі вашчок Богу на свячу.

Святы вечар…

Гаспадару-пчаляру

Хадзіў, блудзіў Іванюша па крутой гарэ,

Па крутой гарэ, расчэсаваў русы кудры ў сваёй галаве.

І шчоткаю-грабёнкаю прыгладжвае,

Прыгладжвае, на чужыя харошыя заглядвае.

А бо чужыя, харошыя, як макавы квет,

А жызнь мая няўдалая на весь белы свет.

Вазьму я, да ўкіну ў Дунай,

Да яна плыла-плыла, да стала тужыць.

Запісана ў в. Карлаўка Брагінскага р-на

ад Петрасевіч Ефрасінні Фролаўны, 1911 г.н.,

студэнткай Бычковай Я.

 

На Каляды былі ражаныя. Рабілі казу.

Збіраліся моладдзю, ішлі на поўдзярэўні, гэта – наша граніца, а далей – другія. Было чатыры гурты. А калі накалядуюцца, усе збіраліся ўместа. Да гаспадара прыходзілі і паказвалі казу, хвалілі яго, сала прасілі. Заходзілі ў хату. У сажу мазаліся. Гаворым, што за сала на пузе будзем скакаць, а калі сала ці яец дадуць, дык тады пугу з-пад палы дастанем і паскакалі на падлозе.

 

Ой, бабка мая, малодка,

Наперадзе скаварада, пасярэдзіне чыгунок,

Ззаду скавародка.

 

Зайшла каляда к пану Івану,

А ты, пан Іван, навары-ка піва,

Ажані-ка сына, аддай дачку хоць Настачку.

 

Го-го-го, каза, го-го-го, шэрая,

А дзе ж ты была, ягадкі рвала.

Каму давала, ці салдацікам, ці цябе

Білі, лупцавалі, лупцавалі.

Запісана ў в. Карлаўка Брагінскага р-на

ад Макарак Ніны Рыгораўны, 1930 г.н.

(перасяленка з в. Пасудава Брагінскага р-на),

студэнткамі Кушняровай К., Тараненкай А.,

Арловай А., Сакаловай Ю. (2003 г.)

 

Шчэдрыкі-педрыкі,

Дайце варэнікі,

Грудку кашкі,

Кальцо каўбаскі.

А шчэ чаго мала,

Дайце кусок сала.

Шчадрую, шчадрую,

Віно, шкваркі чую.

Запісана ў в. Малейкі Брагінскага р-на

ад Лук’янава Мікалая Іванавіча, 1940 г.н.,

студэнткай Лук’янавай Л.

 

Усю жызнь спраўлялі Каляды. Мая матка ў Лоеў хадзіла. Сначала начынаўся пост, які называўся Піліпаўка, і цягнецца ён да 7 студзеня. У пост елі ўсё поснае. Большасць людзей саблюдалі ў нас пост. 7 студзеня пост заканчваўся і пачыналіся Каляды. На першы дзень Каляд вараць ячную посную кашу і ігрушы з яблакамі і становяць на кут, сена кладуць і буханку хлеба. Посную кашу становяць адзін раз толькі на посную куццю. Хлеб, які лажылі на першую куццю, ляжаў аж да трэцяй. Сена потым патроху лажылі пад курэй, гусей, калі яны садзіліся, давалі карові, каб яна давала багата малака, кашу давалі мы курам, каб квакталі.

13 студзеня начыналася другая куцця. Яна была скаромная. Варылі багата яды ўсякай. На етую куццю шчадроўшчыкі хадзілі з казой, звязду тожа насілі. Каза спявала святыя песні, хазяйны дарылі ёй і другім шчадроўшчыкам усякія гатункі. На ўсе 3 куцці звалі Мароза – куццю есці. На шчадруху яшчэ глядзелі: калі прыйдуць першыя хлопцы засяваць, то ў каровы будзе бычок, калі дзеўкі, то цёлка.

У нас багата гурткоў шчадроўшчыкаў хадзіла, як які год. Хадзілі па 15 гурткоў, а калі дык і больш.

Песні пелі разныя, ну, такую помню:

А ў полі, у полі вішанька стаіць,

Святы вечар!

На той вішаньцы свечачка гарыць,

Святы вечар!

З тае свечачкі іскарка ўпала,

Святы вечар!

Іскарка ўпала, возера стала,

Святы вечар!

А ў тым возеры сам Бог купаўся,

Святы вечар!

З Ісусам Хрыстом, са Святым Раждзяством,

Святы вечар!

Дай вам, Божа, добры вечар!

Другія, напрыклад, дзеці, спявалі так:

Шчадрую, шчадрую, канфеты чую.

Не дасі канфет – палезу ў буфет.

Назаўтра ў нядзелю прадаўжалі гуляць. Елі, пілі, спявалі песні. Хадзілі яшчэ засяваць. Засявалі пшаніцай, ячменём, жытам і кідалі, што паболей, штоб быў вялікі ўражай зярна. Пры засяванні спявалі: “Сею, сею, засяваю, з Новым годам паздраўляю”.

Гадалі і ў нас на Каляды. Як я помню, тухлі кідалі цераз забор. Глядзелі, як носам у тую старану – пойдзеш туды ў скорым часе, калі ж носам у квортку – не пойдзеш замуж. З зеркалам гадалі ў пограбі. У стакан ставілася свечка і ета ставілі перад зеркалам і глядзелі ў яго. Калі хто будзе ісці, то значыць, яго судзьба.

З трэцяй куцці начынаўся мясаед, цягнуўся да посту, які пачынаўся за сем нядзель да Пасхі.

Запісана ў в. Малейкі Брагінскага р-на

ад Краўчанкі Ганны Паўлаўны, 1935 г.н.,

студэнткай Максімчык А.

 

Сабіраліся, шчадравалі. Збіраліся толькі старыя. Калі была маладзёж, яны хадзілі самі сабе. Песні шчадроўныя пелі. Па ўсяму сялу ходзяць, у кожную хату. Станавіліся на дварэ ля вакна ці заходзілі ў сенцы. Кажуць хазяіну: “Добры вечар! Мы цябе не зневажаем, а з Новым годам паздраўляем!” Тады ўжо разрашалі спяваць. Пелі шчадроўную песню:

Ішоў Ванечка беражынкаю,

Найшоў ветачку-вінаградачку.

То не ветачка-вінаградачка,

Яго Верачка ненаглядачка.

Ён яе шукаў, ладачкі пляскаў.

Ён яе найшоў, упрысядкі пайшоў.

За адну ручку ўзяў, падарачак даў,

За другую ўзяў, ды й пацалаваў.

Мы цябе, Ванечка, не зневажаем,

А з Новым годам паздраўляем,

Ісусам Хрыстом, Святым Ражаством.

Ражаство прыйшло, радасць прынясло.

Дай, Божа, добры вечар!

Святы вечар!

Хазяін з хазяйкай давалі сала, гарэлку, каўбасы, бублікі розныя – што ў каго было, калі і грошы давалі.

Калі і казу вадзілі з сабою. Хто-нібудзь пераадзяваўся ў кажух – гэта, значыць, была каза. Пакуль спявалі песні, яна скакала каля хазяіна і прасіла іх тожа танцаваць. Усе выходзілі і шлі далей, у другую хату. А каза цегла вялікую торбу з гасцінцамі. Так і шчадравалі.

Народная духоўная культура Брагіншчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / Складальнікі: Новак В.С., Коваль У.І.