Фразеалагічна-фанетычныя дыялектызмы ў гаворках Косаўшчыны

У 2011 беларуская дыялектная лексікаграфія ўзбагацілася працай А.Ф. Зайкі “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны”[1], які быў апублікаваны ў выдавецтве “Слонімская друкарня”. Косаўшчына – паўночная частка сучаснага Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Само Косава (упершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1494 годзе) ляжыць на высокай градзе – мяжы вялікага водападзелу паміж Чорным і Балтыйскім морамі. Праз Косава праходзіў старажытны шлях, “дорога звычайная звечная” з Вільні на Валынь. Тут ад сярэдзіны 16 ст. ладзіліся шумныя кірмашы. З 1594 па 1765 гады мястэчкам і маёнткам Косава валодалі знакамітыя Сапегі (пабудавалі касцёл, царкву, адкрылі школы пры іх). Усё 19 стагоддзе Косава з вакольнымі вёскамі – уласнасць багатых прамыслоўцаў Пуслоўскіх (заклалі суконную, дывановую і коўдраткацкую фабрыкі, працавалі гута, бровар, цагельня, смалакурня). З 1921 па 1939 гг. мястэчка – цэнтр Косаўскага павета, з 1939 па 1947 – цэнтр Косаўскага раёна. Ад самага пачатку і да сённяшняга дня Косава было і ёсць тым ядром-цэнтрам, які аб’ядноўваў, групаваў вакол сябе мясцовы люд. Размаўляюць у гэтай частцы Беларусі гаворкай, характэрнай для гродзенска-баранавіцкай дыялектнай групы, якая вельмі блізкая да беларускай літаратурнай мовы. Слоўнік А.Ф. Зайкі з’яўляецца лексічным. У ім даецца лексікаграфічная распрацоўка каля 4000 слоў. Ужыванне кожнага слова падмацоўваецца ілюстрацыйнымі прыкладамі-сказамі з жывога народнага маўлення. І вось у гэтых прыкладах сустракаецца нямала фразеалагізмаў. Яны аўтарам слоўніка спецыяльна не вылучаюцца і не распрацоўваюцца. Гэта элементы натуральнай мовы жыхароў Косаўшчыны.

У 2014 з другу выйшаў “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны”[2] – плён доўгай і руплівай працы А.Ф.Зайкі. Угэтым слоўніку прадстаўлена фразеалогія насельнікаў паўночнай часткі Івацэвіцкага раёна. Фразеалагічны склад кожнае мовы вызначае нацыянальную адметнасць народа, раскрывае самабытнасць яго духоўнага свету, маральна-эстэтычныя каштоўнасці, мастацка-вобразны лад маўлення. Фразеалогія ж пэўнага дыялекта спрыяе пашырэнню і ўзбагачэнню агульнанароднай фразеалогіі. У слоўніку да кожнага фразеалагізма даецца тлумачэнне, прыводзіцца прыклад з жывой гутарковай мовы, што дазваляе вызначыць сэнс кожнага выразу, пабачыць яго ў кантэксце.

Алесь Фаміч Зайка не прафесійны навуковец, а краязнавец-аматар. Нарадзіўся ён 12 жніўня 1948 года ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1966 годзе скончыў Косаўскую сярэднюю школу, у 1971 – філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Пасля службы у Савецкай Арміі вярнуўся ў родную вёску, працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Цяпер загадвае школьным этнаграфічным музеем. Аўтар кнігі “Дым з коміна” (2011), у якой краязнаўчы досвед аўтара ўвасобіўся ў літаратурныя формы – лірычныя запісы, мініяцюры, апавяданні.

На падставе вышэйзгаданых двух слоўнікаў А.Ф. Зайкі і праводзіцца наша даследаванне, задача якога – выявіць і сістэматызаваць фразеалагізмы, якія «раскіданы» на старонках лексічнага слоўніка, ахарактарызаваць іх разам з фразеалагізмамі, што змешчаны ў “Фразеалагічным слоўніку Косаўшчыны” з пункту гледжання адносін да фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы.

Выяўленыя фразеалагізмы Івацэвіччыны можна падзяліць  на дзве вялікія групы: агульнанародныя фразеалагізмы, дыялектныя фразеалагізмы. Аб’ектам даследавання з’яўляюцца дыялектныя фразеалагізмы. Пры параўнанні іх з літаратурнымі фразеалагічнымі адпаведнікамі паміж імі выяўляюцца адрозненні, на падставе якіх можна вылучыць наступныя тыпы  фразеалагічных дыялектызмаў: фразеалагічна-фанетычныя, фразеалагічна-словаўтваральныя, фразеалагічна-марфалагічныя, фразеалагічна-сінтаксічныя, фразеалагічна-лексічныя, фразеалагічна-семантычныя, канструкцыйна-колькасныя, уласнафразеалагічныя, камбінаваныя. Спынімся больш падрабязна на фразеалагічна-фанетычных дыялектызмах.

Фразеалагічна-фанетычныя дыялектызмы – фразеалагізмы, што бытуюць на пэўнай тэрыторыі і пры тоеснасці значэння адрозніваюцца ад літаратурных фразеалагізмаў асобнымі гукамі, месцам націску ў кампанентах ці тым і другім адначасова: паляц у рот ні кладзі – палец у рот не кладзі, кадук яго ведая – кадук яго ведае, ні пусціць на парог – не пусціць на парог, лыка ні вяжа – лыка не вяжа, у мінюту – у мінуту, як ржа жалезо – як іржа жалеза, ні чуць рук – не чуць рук, хоць косу закладвай – хоць касу закладвай, на свеці – на свеце, пальца ў рот ні кладзі – пальца ў рот не кладзі, крышкі пабраў – крошкі пабраў, слаць лістом – слаць лістам, пальцом не паварушыць – пальцам не паварушыць, есці поедом – есці поедам, як на свіні набэдрыкі – як на свінні набэдрыкі, усё раўно – усё роўна, халера ні бярэ – халера не бярэ, наступаць на горло – наступаць на горла, найшла каса на камянь – найшла каса на камень, на лбе напісано – на лбе напісана, пераліваць з пустого ў парожняе – пераліваць з пустога ў парожняе, пішы прапало – пішы прапала, пясок сыпляцца – пясок сыплецца, раз на раз ні прыходзіцца – раз на раз не прыходзіцца, адбою німа – адбою няма, адкуль вецяр дзьме – адкуль вецер дзьме, вывясці на чыстую воду – вывесці на чыстую ваду, чорно ў році – чорна ў роце, што будзя тоя будзя – што будзе тое будзе, што ўбіў то ўехоў – што ўбіў то уехаў, як старой бабі сесці – як старой бабе сесці, на поўну губу – на поўную губу, як на сповядзі – як на споведзі.

Гукавое адрозненне кампанентаў выклікана рознымі прычынамі. Найбольш значнай з іх выступае ўплыў фанетычнай сістэмы гаворкі. Фанетычныя заканамернасці ў галіне галосных і зычных гукаў праяўляюцца ў канкрэтных словах. Стаўшы кампанентамі фразеалагізма і ў той ці іншай ступені дэактуалізаваўшыся семантычна, словы працягваюць выконваць функцыю носьбітаў дыялектных фанетычных з’яў.

Фразеалагічна-фанетычныя дыялектызмы, зафіксаваныя ў “Дыялектным слоўніку Косаўшчыны” і “Фразеалагічным слоўніку Косаўшчыны” ўвабралі ў сябе фанетычныя рысы паўднёва-заходняга дыялекту, лакальныя асаблівасці гродзенска-баранавіцкіх гаворак, вузкарэгіянальныя моўныя асаблівасці – усю палітру дыялектных адметнасцяў Косаўшчыны:

- захаванне канцавога  ненаціскнога о ў назоўніках, прыслоўях і інш.: наступаць на горло, раздзьмуць кадзіло, сабакам сено косіць, чорно ў році, шырокае горло, шыто-крыто, язык гладко ходзіць, як воко ў лбе, як кот на сало, як масло, як мёртваму кадзіло, як небо і зямля;

- наяўнасць моцнага якання ў канчатках дзеясловаў другой і трэцяй асобы адзіночнага ліку: кадук яго ведая, аглянуцца ні паспеяш, пясок сыпляцца, раса вочы выядая;

- няўстойлівае ўжыванне прыстаўных галосных: як ржа жалезо, голкаю німа дзе ткнуць; граць на нервах, ні голка ў сені, як воко ў лбе;

- адсутнасць падаўжэння зычных ў інтэрвакальным становішчы: як на свіні набэдрыкі, на свіне катаўся, панадзілася свіня ў агарод, перабіла свіня пацяры;

- разам з поўнай формай прыметнікаў, займеннікаў і лічэбнікаў ужываецца сцягнутая форма: на поўну губу, на скору руку, на шыроку ногу, пад гарачу руку папасці, шапку чырвону адзець, як горка рэдзька, як сабацы пята нага, як чорна хмара;

-о на месцы а ў афіксе -ся зваротных дзеясловаў прошлага часу ў ніякім родзе: небо з аўчынку паказаласё, жывого места ні засталосё, каб сало завязаласё;

- канчатак ў месным склоне адзіночнага ліку ў назоўніках з асновай на шыпячы і р:па душэ;

-гук о ў канчатку назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду творнага склону: раскінуць розумом, рыць носом, чмыхаць носом, як акінуць воком, абысці боком, абрасці мохом, адным воком глянуць;

- гук -і ў канчатку меснага склону назоўнікаў : расце ў році, чорно ў році, шукаць ветру ў полі, як гарох пры дарозі, як дзірка ў мосці, як костка ў горлі, як марка па пеклі, як сыр у маслі качацца, мароз па целі прабег.

На першы погляд адзначаныя фанетычныя асаблівасці не маюць непасрэднага дачынення да фразеалогіі як аб’екту вывучэння, бо з’яўляюцца адзінкамі фанетычна-фаналагічнага ўзроўню. Аднак трэба ўлічваць, што фразеалагізм пазбаўлены ўласнага фанетычнага матэрыялу, ён уяўляе сабой “своеасаблівую сінтэтычнасць, лексічна-сінтаксічную гібрыднасць, якая праяўляецца ў супярэчлівым сумяшчэнні прыкмет і ўласцівасцей рознаякасных адзінак у плане зместу і ў плане выражэння” [3, с. 25].Фанетычнае напаўненне кампанентаў – паказчык знешняй фразеалагічнай формы. Гукавыя заканамернасці дыялекту вызначаюць спецыфіку формы кожнага канкрэтнага фразеалагізма пры параўнанні яго з адпаведнымі формамі ў літаратурнай мове.

Асобную групу складаюць фразеалагічна-фанетычныя дыялектызмы, структурным кампанентам якіх з’яўляецца слова не з заканамернай, а індывідуальнай, як правіла, толькі яму ўласцівай фанетычнай адметнасцю. “Яно і па-за фразеалагізмам ужываецца ў якасці самастойнай адзінкі, выступае элементам лексічнай сістэмы гаворкі” [4, c. 21].“Дыялектныя словы з такімі асаблівасцямі матэрыяльна нязначна адрозніваюцца ад літаратурных, але іх адрозненні з’яўляюцца вынікам дзеяння ў дыялектных сістэмах разнастайных працэсаў абмежанавага характару,таму і самі словы набываюць спецыфічна дыялектны характар” [5, c. 172]. Яны могуць разыходзіцца з літаратурнымі адпаведнікамі якасцю, колькасцю, парадкам размяшчэння гукаў у выніку замены, адпадзення, прыбаўлення, перастаноўкі гукавога матэрыялу, замацавання архаічных ці іншамоўных элементаў, лексікалізацыі фанетычных працэсаў. Напрыклад: у мінюту, крышкі пабраў, брахаць на воду, голкаю німа дзе ткнуць,ні голка ў сені, як дзірка ў мосці, граць на нервах. У прыведзеных прыкладах фанетычныя асаблівасці маюць пазафразеалагічнае паходжанне. Яны развіліся ў фанетычнай ці лексічнай сістэмах і адтуль трапілі ў фразеалагізмы, надаючы апошнім дыялектную афарбоўку. Параўн.: Падажджэм мінют пяць аўтобуса, а тады пешшу пойдзям. Гошчава Стайк. У мінюту зрабіў. Заполле Кос. Мне старой ужэ цяжко ў голку нітку засадзіць. Гошчава Стайк. Столькі людзей напхаласё ў клуб – голкаю німа дзе ткнуць. Гошчава Стайк.Карова з пашы ні прышла. Цёмно зараз, рано будзям шукаць. Ні голка ў сені, знойдзяцца. Хрышчонавічы Квас. На вяселлі ў дачкі папрасілі граць сваяка. Хадоркі Кос. Ты праз увесь час мне на нервах граяш. Шчо кепскаго мае бацькі табе зрабілі? Хату паставілі, дзяцей памаглі гадаваць, а ты ўсё нідавольны. Сенькавічы Падст.

 Спецыфічную групу складаюць фразеалагічна-фанетычныя дыялектызмы, гукавыя адрозненні якіх з’яўляюцца ўнутрыфразеалагічным утварэннем і, як правіла, не выходзяць за яго межы. Фанетычныя з’явы такога тыпу адзначаюцца ў кампанентах, якія замацаваліся за пэўнымі фразеалагізмамі і ў сінхраніі як лексемы свабоднага ужывання не фунцыянуюць.

Да фразеалагічна-фанетычных дыялектызмаў належаць і такія выразы,што не супадаюць з літаратурнымі акцэнталагічна: аддаваць ду́шу – аддаваць душу́; біць кулакамі ў грудзі́ – біць кулакамі ў гру́дзі; Бог мілава́ў – Бог мі́лаваў;вымацьду́шу– вымаць душу́,  Божа літасці́вы – Божа лі́тасцівы; вярэдзіць ду́шу – вярэдзіць душу́.

Націск, як і гук, з’яўляецца адзінкай фанетыкі, і вельмі часта паміж імі ўзнікае прычынна-выніковая залежнасць. У дыялектызмах акцэнтна-фанетычнага тыпу кампаненты адрозніваюцца націскам і гукам(гукамі) адначасова. Змяненне месца націску звычайна цягне за сабою змяненне якасці гука: абвясці́ кругом пальца – абве́сці кругом пальца; брахаць на во́ду – брахаць на ваду́; вывясці на чыстую во́ду – вывесці на чыстую ваду́. Акцэнтна-фанетычныя змяненні тут, магчыма, выкліканы ўплывам рускай мовы. Звычайна дыялектнае гукавое афармленне не прыводзіць да якіх-небудзь семантычна-экспрэсіўных зрухаў фразеалагізма.

Фразеалагічна-фанетычныя дыялектызмы адрозніваюцца фанетычнымі, акцэнтнымі і акцэнтна-фанетычнымі асаблівасцямі, якія выяўляюцца праз параўнанне дыялектызма з літаратурным адпаведнікам.  Характар гэтых асаблівасцей мае пазафразеалагічныя вытокі, дыктуецца заканамернасцямі фанетычнай сістэмы і адметнасцю лексічнага складу гаворак. Значна радзей дыялектная агаласоўка развіваецца ў межах самога фразеалагізма, закранаючы перш за ўсё кампаненты, якія не з’яўляюцца словамі свабоднага ўжывання.

А.В.Свейко

The structure of the phraseological units of the dialect of Kosovshchina, Ivatsevichi district and their relation to the modern phraseology of the Belarusian literary language are ascertained in the article. The correlation between the general language units and dialectal items in the phraseological system of the dialect is determined. The types of phraseological dialecticisms are defined, the comparative investigation, connected with the dialectal phraseological units and their literary equivalents, is carried out.