Францыск Скарына

У зімовы семестр 1504 г. пад час рэктарства Яна Аміцына ў альбом іматрыкуляцый Кракаўскага універсітэта ўпісаўся Францыск сын Лукі з Полацка. Яму было наканавана праславіць у вяках не толькі alma mater, але і ўвесь свой народ, для асветы якога ён пераклаў і выдаў Біблію.

Дакументальныя пацверджанні аб вучобе Ф.Скарыны ў полацкай бернардынскай школе адсутнічаюць, аднак, каб працягваць навучанне ў Кракаўскім універсітэце хлопец павінен быў ведаць лаціну і  элементарны трывіюм навук – дыялектыку, граматыку, рыторыку, - чаго не давала ніводная праваслаўная школа. Ф.Скарына, магчыма, пэўны час вучыўся ў школе пры кафедральным касцеле ў Вільні, з якой былі добрыя стасункі ў полацкага гвардыяна. Тут ён мог атрымаць належную падрыхтоўку для паступлення ў школу вышэйшага ўзроўню. Так, увосень 1504 г. Францішак Скарына (хутчэй за ўсе з абозам скураў) прыехаў у Кракаў.

Уезд Францішка Скарыны ў Кракаў для беларускай культуры можна параўнаць з ўездам Езуса Хрыста ў Ерусалім. Гэта не проста метафара, гэта сымбаль нашай культуры, у якой сустракаюцца ўсходняя і заходняя традыцыі. Скарына працаваў на стыку дзвюх вялікіх культур, адзначаў А.Навумаў. Вырасшы ва ўсходняй традыцыі, у праваслаўі, як вучоны біблеіст, ён быў чалавекам Захаду. Кракаў, пазней Падуя, Прага сфармавалі яго асобу, навучылі  спецыфічнаму стаўленню да традыцый не са сляпой верай, а ў дынамічным развіцці інтэлектуальнай спадчыны свайго народу. На працягу ўсяго ХV стагоддзя   наспявалі перадумовы, каб гэтая сімвалічная сустрэча культур адбылася, каб сваёй прысутнасцю ў старажытным еўрапейскім універсітэце беларус Францыск Скарына засведчыў прысутнасць усіх беларусаў у еўрапейскай культуры.

Калі далей следаваць логіцы сымбаляў і метафар, то можна дадаць, што прыездам Ф.Скарыны ў Кракаў скончваецца ананімна-маўклівы сярэднявечны перыяд нашай культуры і пачынаецца перыяд гуманістычна-рэнесансавага індывідуалізму. Да канца ХV ст. у сферы культуры дзейнічалі пэўныя асобы, якія па розных прычынах захоўвалі свае інкогніта, аб іх дзейнасці засталося вельмі мала, альбо зусім не засталося пісьмовых узгадак, як, зрэшты, і іх твораў. Так, аб ранніх этапах жыцця Ф.Скарыны на радзіме мы не маем ніводнага дакладнага дакумента. Іншая сітуацыя пануе ў еўрапейска-гуманістычных асяроддзях Кракаўскага і Падуанскага універсітэтаў, дзе кожны студэнт мусіў напачатку іматрыкулявацца ў адмысловым альбоме (Album studiosorum), а пазней фіксавалася кожная прыступачка іх навуковай кар’еры (Liber diligentiarum, Liber promotionum). Першыя праўдзівыя звесткі аб жыцці Скарыны звязаны з ягоным прыездам у Кракаў. У тым ліку адштурхоўваючыся ад іматрыкуляцыйнага запісу, вылічваецца дата нараджэння Скарыны: студэнт паступаў у Кракаўскі ўніверсітэт звычайна ва ўзросце 12-14 год, такім чынам, ен мог нарадзіцца каля 1490-га года.

Наступнай дакументаванай датай біяграфіі Ф.Скарыны з’яўляецца атрыманне ім 14 снежня 1506 г. ступені бакалаўра вызволеных навук. Паміж дзвюма датамі – восень 1504 – снежань 1506 г. – ляжыць перыяд напружанай інтэлектуальнай працы маладога чалавека, якую звычайна ўвенчвала ступень бакалаўра. Прыкладна толькі чвэрць студэнтаў універсітэту скончвала сваю вучобу з гэтай ганаровай ступенню. Пасля чаго большасць з іх магла распачынаць педагагічную працу ў кафедральных і парафіяльных школах.

Францішак Скарына вучыўся на пачатковым факультэце універсітэта – artium, альбо філасофскім. Акрамя гэтага ў Кракаве існавалі факультэты тэалогіі, права і медыцыны. Не знакамітыя італьянскія, а Парыжскі універсітэт паслужыў за ўзор і ідэал для арганізацыі Кракаўскага універсітэту ў часы караля Ягайлы. У аснове яго ляжала сістэма бурсаў. У перыяд вучобы Ф.Скарыны іх было 10. Для ліцьвінаў і русінаў прызначалася найстарэйшая бурса “Раuреrum”, заснаваная доктарам тэалогіі Янам Існерам у 1409 г.

Скарына мог чытаць ужо ў друкаваным выглядзе працы знакамітага філосафа ХІІІ ст. Альберта Вялікага, якія выдавалі ў Кракаве К.Гохфедэр і Я.Галер (Albertus Magnus. De intellectu et intelligibili. 1504; Philosophia pauperum. 1508). Лацінскую граматыку Скарына хутчэй за ўсё вывучаў па славутаму падручніку Э.Даната, вучонага ІV ст. н.э., перапрацаванаму прафесарам кракаўскага універсітэта Янам з Глагова і выдадзенаму ім у Ляйпцыгу ў 1500 г., альбо па падручніках італьянскіх гуманістаў А.Датуса і М.Пероцці.

Старэйшымі сучаснікамі Скарыны, якія маглі яго вучыць у Кракаўскім універсітэце, былі Міхал з Вроцлава – філолаг і матэматык, выкладчык антычнай літаратуры, Марцін Бэм з Олькуша – астраном і тэолаг. Ян з Асвенцыма – выдатны мысліцель і палітычны дзеяч, будучы ў Вільні на пачатку ХVІ ст. напісаў невялічкі трактат аб праваслаўнай веры “Elucidarius errorum ritus Ruthenici”. Скарына хутчэй за ўсе ведаў Яна з Стобніцы, знаўцу філасофіі Дунса Скота, які выдаў трактат пад назвай “Parvulus philosophiae naturalis” (1507), дзе растачаў пахвалы маладому Паўлу Гальшанскаму. Усе гэтыя славутыя асобы разам з Францішкам Скарынам стваралі адзіную інтэлектуальную эліту Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага.

Кракаўскі перыяд жыцця нашага першадрукара, безумоўна, быў часам станаўлення яго характара і поглядаў. Чыннікамі станаўлення былі не толькі універсітэт, але іншыя культурныя і інтэлектуальныя асяродкі. Тут Францішак Скарына непасрэдна дакрануўся да друкаваных кніг, у тым ліку кірылічных, выдадзеных Швайпальтам Фіёлем, ды пазнаёміўся з іншымі мясцовымі друкарамі. Кнігавыдавецкая дзейнасць Ш.Фіёля была надта кароткай (2-5 год). Абвінавачаны ў сімпатыях да гусізма, ён апынуўся за кратамі. Прычына зняволення была, напэўна, не столькі ў гусіцкіх поглядах друкара, сколькі ў непрыхільным стаўленні кракаўскага клеру да славянска-візантыйскіх традыцый, якім спрыяў сваёй друкарскай дзейнасцю Фіёль. Дарэчы, пазней Скарыну таксама абвінавачвалі ў гусіцкіх ерасях.

Сярод інтэлектуалаў Кракаўскага кола, відаць, належыць шукаць паплечнікаў Скарыны. Новыя гуманістычныя ідэі, з якімі першадрукар пазнаёміўся пад час вучобы, вызначылі яго заняткі і далейшы лёс. Дарэчы, паслядоўнікі Скарыны на ніве беларускага кнігадрукавання з радзівілаўскіх афіцынаў у Брэсце і Нясвіжы – Цыпрыян Базылік, Мацей Кавячынскі, Ваўжынец Крышкоўскі, Сымон Будны - таксама свае прагрэсіўныя ідэі вынеслі з кракаўскай вучэльні.

Ён прадстае перад намі ў сваіх творах адначасова пісьменнікам, перакладчыкам са старажытных моў, экзэгетам, філолагам-біблеістам, уласна тыпографам, а таксама, ілюстратарам сваіх выданняў. Скарына сам пісаў акафісты што ставіць яго ў шэраг арыгінальных славянскіх гімнографаў.

У Кракаў, відаць, Скарына больш не вяртаўся. Магчыма, толькі па дарозе ў Прагу ў 1535 г., едучы па запрашэнні  Фердынанда І працаваць каралеўскім батанікам на Градчанах, ён мог нядоўга затрымацца ў горадзе свайго юнацтва і маладосці, дзе ўсё пачыналася ў далёкім 1504 годзе...