Формирование и развитие системы общественного питания в Беларуси в XVI – начале ХХ вв.

Грамадскае харчаванне – гэта галіна народнай гаспадаркі па вытворчасці і рэалізацыі гатовай ежы насельніцтву праз сетку сталовых, кафэ, рэстаранаў, буфетаў1. Пад грамадскім харчаваннем таксама разумеецца працэс спажывання ежы ў спецыялізаваных установах2. Яно займае важнае месца ў сектары эканомікі, валодае сваёй спецыфікай, асаблівасцямі фарміравання, развіцця, а таксама прызначэннем, якое заключаецца ў задавальненні патрэб насельніцтва ў ежы, камунікацыі, адпачынку.

Неабходнасць вывучэння гісторыі грамадскага харчавання на Беларусі мае сваё тэарэтычнае і практычнае значэнне і абумоўлена мноствам прычын. Па-першае, вывучэнне грамадскага харчавання мае тэарэтычную значнасць, так як выяўляе механізм узаемадзеяння асобных элементаў гэтай галіны эканомікі і характарызуе дадзеную з’яву як цэласную сістэму. Па-другое, сучаснае развіццё эканомікі Рэспублікі Беларусь патрабуе не толькі новых інавацыйных падыходаў, але і пераймання гістарычнага вопыту, у тым ліку і ў сферы грамадскага харчавання. Дадзеная работа дае магчымасць прасачыць генезіс сістэмы грамадскага харчавання як часткі эканомікі і абаперціся на назапашаны вопыт. Па-трэцяе, вывучэнне прававой сферы, што датычыцца ўстаноў харчавання, дазваляе не толькі абапірацца на вопыт, але і выпрацоўваць эфектыўныя шляхі заканадаўчай рэгламентацыі грамадскага харчавання. Па-чацвёртае, у аспекце развіцця турызму даследаванне становіцца асабліва актуальным, так як дае магчымасць рэканструяваць аўтэнтычны побыт і каларыт традыцыйных устаноў харчавання, што можа зрабіць больш прывабнай і адметнай сучасную сацыяльную інфраструктуру. Па-пятае, распрацоўка дадзенай тэматыкі мае важны выхаваўчы аспект, які выяўляецца праз магчымасць рэканструкцыі традыцый нацыянальнай кухні (рэгіянальнасць і экалагічнасць), удасканаленне культуры адпачынку, спажывання ежы і спіртных напіткаў.

У дадзенай рабоце ўпершыню ў беларускай гістарычнай навуцы даследуюцца наступныя праблемы: узаемадзеянне традыцый грамадскага харчавання і інавацый у эканамічным і грамадска-сацыяльным жыцці; трансфармацыя ў часе функцый, відаў і ролі ўстаноў грамадскага харчавання; змены ў стасунках дзяржавы да сферы грамадскага харчавання.