Факультэт гісторыі і сацыялогіі ГрДУ імя Янкі Купалы - да 65 - годдзя з дня заснавання

Факультэт гісторыі і сацыялогіі з’яўляецца адным з самых старэйшых у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Сваю гісторыю ён пачынае ў далёкім 1954 годзе ў якасці аддзялення факультэта замежных моў. За час свайго існавання факультэт неаднойчы змяняў свае назвы, спецыялізацыі выпускнікоў, накірункі даследчай дзейнасці. Ён назьбіраў багаты запас традыцый, навуковых дасягненняў і стаў адным з вядучых цэнтраў гістарычнай думкі Беларусі. Але нельга сабе ўявіць гісторыю факультэта без моцнага падмурка яго універсітэта.

Фармальна Гродзенскі дзяржаўны універсітэт узнік 1 мая 1978 года, калі пастановай Савета Міністраў БССР Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут быў пераўтвораны ў дзяржаўны універсітэт. Аднак рэальная гісторыя універсітэту пачынаецца раней, а менавіта з 7 сакавіка 1940 года – з першага дня заняткаў у Гродзенскім настаўніцкім інстытуце. Практыка заснавання універсітэтаў сведчыць, што такі шлях фармавання (на базе іншай навучальнай установы), з’яўляецца найбольш эфектыўным [1, c. 4].

Такім чынам, сучасны патэнцыял Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта з’яляецца вынікам дзейнасці не толькі сёняшніх студэнтаў, прафесараў і выкладчыкаў, але і калектываў настаўніцкага і педагагічнага інстытутаў.

Гродзенскі універсітэт заўсёды вылучаўся сярод іншых навучальных устаноў краіны арыгінальнасцю навучальных і выхаваўчых тэхналогій, эфектыўнай сістэмай арганізаціі навукова-даследчай працы,. высокім узроўнем культуры і інтэлегентнасці прафесараў, выкладчыкаў і студэнтаў. Студэнт засвойваў не толькі еўрапейскія, старажытна-грэчаскія і рымскія навуковыя дасягненні, але і культурныя адметнасці свайго роднага краю.

Традыцыі, дух і вопыт гродзенскай “альма-матар” перадаліся і гістарычнаму факультэту. Гродзенская гістарычная школа з’яўляецца адной з вядучых у Рэспубліцы Беларусь. Дзякуючы такім выкладчыкам як Б. М. Фіх, Я. Н. Мараш, В. А. Ваяхін, І. П. Крэнь, І. І. Коўкель і многім іншым гістарычны факультэт атрымаў ня толькі рэспубліканскую, але і еўрапейскую вядомасць. Метадычныя распрацоўкі Я. Н. Мараша па падрыхтоўцы маладых даследчыкаў сталі падмуркам нацыянальнай школы гісторыкаў. Гісторыя факультэта пачынаецца з 1 верасня 1954 года. Менавіта тады ў Гродзенскі педагагічны інстытут быў праведзены першы набор студэнтаў-гісторыкаў у колькасці 61 чалавек. Першапачаткова на факультэце працавала 4 выглдачыкі (Б.М. Фіх, В.І. Дзенісюк, Я.Н. Мараш і І. М. Малюкевіч, які адначасова з’яўляўся і дырэктарам Гродзенскага педагагічнага інстытута і загадчыкам кафедры) [2, c. 125; 305; 425]. Акрамя В. І. Дзенісюк, усе астатнія мелі вучоныя ступені кандыдатаў навук. Факультэт пачынаў свой шлях як аддзяленне факультэта замежных моў у 1954/1955, дэканам якога з’яўляўся А.М. Сапожнікаў. Толькі ў 1955 годзе, пасля перадачы факультэта замежных моў Мінскаму педагагічнаму інстытуту замежных моў, быў створаны дэканат гістарычнага факультэта. Такія структурныя змяненні здараліся з гістарычным факультэтам даволі часта. Аднойчы ўзросшы з факультэта замежных моў, ён сам стаў калыскай многіх факультэтаў Гродзенскага універсітэта. Таксама змянялася назва факультэта і яго спецыяльнасці: 1954 год – гістарычны факультэт, 1956-1963 – гісторыка-філалагічны факультэт, 1963-1968 – і зноў гістарычны, 1967-1978 – гісторыка-педагагічны факультэт. Юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага універсітэту пачынаўся як аддзяленне правазнаўства гістарычнага факультэта (1978-1979) пад кіраўніцтвам І. В. Гушчына. З 1994 года, у выніку ўключэння агульнауніверсітэцкіх кафедр філасофіі, тэорыі і гісторыі сусветнай культуры (зараз культуралогіі), паліталогіі і сацыялогіі, новая назва – факультэт гісторыі і культуры, якая праіснавала па 2001 год. Усе названыя кафедры ў 1999 годзе былі ўключаны ў аб’яднанне сацыяльна-гуманітарных навук. З 2001 па 2006 год факультэт і зноў называўся гістарычным, а з 2006 года і па сённяшні дзень – факультэт гісторыі і сацыялогіі. [3, с. 4]

 Не меньш цікавая гісторыя стварэння і пашырэння кафедр і спецыяльнасцей. Першыя выпускнікі былі настаўнікамі гісторыі, мовы і літаратуры (беларускай альбо рускай). У часы гісторыка-педагагічнага факультэта вялася падрыхтоўка настаўнікаў гісторыі і грамадствазнаўства, а таксама метадыстаў па выхаваўчай працы ў школе. У выніку доўгага працэсу развіцця своеасаблівым “вяртаннем да вытокаў” была арганізацыя ў 1990 годзе кваліфікацыі “Гісторык. Настаўнік гісторыі і замежнай мовы” (ангельскай, нямецкай альбо французскай). Набор на  гэтую спецыяльнасць вёўся з перапынкамі (1990-1993 гады і 2003-2006 гады), а з 2003 года была дададзена польская мова. Дзеля гэтай кваліфікацыі на факультэце была арганізавана кафедра замежных моў. У 2001 годзе, у сувязі з новым напрамкам падрыхтоўкі спецыялістаў, з’явілася кафедра археалогіі і этналогіі. Новая спецыяльнасць “Гісторыя-архівазнаўства”, падрыхтоўка якой выдзецца на завочнай форме, адчынілася ў 2002 годзе. Пачынаючы з 2005/2006 навучальнага года на факультэце з’явілася спецыяльнасць “сацыялогія”. З 1990 года студэнт-гісторык мае кваліфікацыю “Гісторык. Настаўнік гісторыі і грамадствазнаўства”.

Усе дасягненні факультэта ёсць вынік пільнай працы яго кіраўнікоў і выкладчыкаў. У розныя гады дэканамі факультэта былі: Аляксандр Міхайлавіч Сапожнікаў (1956-1958), Уладзімір Антонавіч Нядзелька (1959-1963), Аляксей Пракопавіч Аўчыннікаў (1967-1973), Якаў Навумавіч Мараш (1.01.1970-1.07.1970 – 1.10.1971-1.09.1973), Міхаіл Васільевіч Жарскі (1973-1978), Валерый Мікалаевіч Чарапіца (1978-1995), Іван Платонавіч Крэнь (1995-2001), Аляксандр Мікалаевіч Нечухрын (2001-2006), Эдмунд Станіслававіч Ярмусік (з 2006 года) [3, c. 5].

Першыя выкладчыкі гістарычнага факультэта прыехалі з розных навучальных альбо дзяржаўных устаноў і нават краін. Напрыклад, кандыдат гістарычных навук Б. М. Фіх ураджэнец Малдаўскай ССР, а ў Гродна пераехаў з Пінскага настаўніцкага інстытута ў 1954 годзе [2, c. 425].  В. І. Дзенісюк нарадзілася ў Варшаве, пачатковую адукацыю атрымала ў Маскве, а вышэйшую ў Мінску. У Гродзенскім педагагічным інстытуце выкладаў з 1947 года [2, c. 305]. І. М. Малюкевіч займаў пасаду памочніка загадчыка 1-га аддзялення Міністэрства замежных спраў БССР (1945-1947), пасля быў абраны дырэктарам Гродзенскага педагагічнага інстытута [2, c. 125].

У выніку сваёй руплівай працы на пасадзе дырэктара Гродзенскага педагагічнага інстытута і загадчыка кафедры гісторыі І.М. Малюкевіч і яго калектыў зрабілі значны прарыў у  падрыхтоўцы якасных спецыялістаў. Былі адчынены новыя спецыяльнасці, развівалася навукова-даследчая дзейнасць. Гістарычны факультэт з самага пачатку быў пад пільнай увагай вышэйшага кіраўніцтва інстытута. Пасля І.М. Малюкевіча на пасадзе дырэктара зноў апынуўся гісторык – Д.С. Маркоўскі [4].

З кожным годам узрастала матэрыяльная база факультэта, яго выпускнікі, займаючы розныя пасады ці працуючы ў галіне адукацыі, рабілі добрую “рэкламу” факультэту. Такім чынам, у сярэдзіне 1980-х гадоў гістарычны факультэт быў лідэрам па падрыхтоўцы высакаякасных спецыялістаў і навукова-даследчай працы.  Лічбы кажуць самі за сябе: за 30 год існавання было падрыхтавана 30 манаграфій і вучэбна-метадычных спраў, 50 брашур, больш за 1000 навуковых артыкулаў [4].

У выніку плённых даследванняў паўставалі такія значныя працы як “История крестьянства Беларуси”, якую падрыхтаваў калектыў даследчыкаў з удзелам прафесара Я.Н. Мараша, згодна з дагаворам аб супрацоўніцтве з Інстытутам гісторыі АН БССР. Дацэнт М.А. Ткачоў у складзе навуковага калектыву Інстытута археалогіі АН БССР удзельнічаў у падрыхтоўцы 3-томнай працы “Белорусский феодальный город”. Дацэнты М.В. Жарскі, І.П. Крэнь, І.І. Коўкель, В.А. Нядзелька працавалі над калектыўнай манаграфіяй вучоных гродзенскіх ВНУ “Очерки истории Гродненской областной организации Компартии Беларуси”. Асаблівы ўклад, а менавіта больш за 100 артыкулаў па актуальным пытанням гісторыі СССР і БССР, археалогіі і ўсеагульнай гісторыі, быў унесены выкладчыкамі гістарычнага факультэтіа ў стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Студэнты, працуючы разам са сваімі выкладчыкамі, набывалі неабходны вопыт працы з крыніцамі і іншым навуковым матэрыялам. Спецыяльны індывідуальна-комплексны план даследчай працы на перыяд навучання выхоўваў дысцыпліну, адказнасць, прафесіяналізм. Толькі студэнтамі гісторыка-краязнаўчага гуртка за ўсе гады існавання было апублікавана больш сотні прац, прадстаўленых у розных часопісах і зборніках. Большасць студэнтаў уваходзіла ў розныя Студэнцкія навуковыя таварыствы, займалася на семінарах навуковых кіраўнікоў, у творчых групах і г. д. Студэнты прымалі актыўны ўдзел у навуковых канферэнцыях не толькі факультэта і рэспублікі, а таксама і ўсесаюзнага ўзроўню [5, с. 31].

Асаблівая ўвага на факультэце заўжды надавалася вучэбным практыкам, а таксама арганізацыі самастойнай працы студэнтаў і іх тэхнічна-метадычнаму забеспячэнню. Студэнты мелі магчымасць працаваць у архівах і музеях Гродна, Навагрудка, Полацка, Віцебска, Ленінграда. Маладыя спецыялісты знаёміліся з фондамі музеяў і архіваў, набывалі навык працы з дакументамі, які дапамагаў студэнтам у навуковым росце і павышаў ўзровень дыпломных прац. На шляху падрыхтоўкі маладога гісторыка асаблівую ролю адыгрывала археалагічная і педагагічная практыкі. Дзякуючы археалагічным раскопкам, якія праводзіліся ў самых старажытных гарадах Беларусі, такіх як Навагрудак, Гродна, Полацк і г. д., студэнты маглі дакрануцца да гісторыі Бацькаўшчыны, пазнаць рамантыку турыстычнага жыцця, прыгажосць беларускіх вёсак, непаўторнасць краявідаў Радзімы. Што ж датычыцца педагагічнай практыкі – яна была сур’ёзным экзаменам на сталасць для студэнтаў, і для многіх з’яўлялася адным з найбольш эмацыянальных іспытаў за ўвесь перыяд навучання. Студэнты мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка ў лепшых школах горада, пад пільным кіраўніцтвам лепшых педагогаў, выпускнікоў гістарычнага факультэта Стальбоўскай Р.А., Разумейка Т.І., Беленькай З.П. і многіх іншых [3, с. 6].

У нашыя дні гісторык павінен мець высокія камунікатыўныя навыкі, якія, разам з высокім прафесіяналізмам, дазволяць яму быць канкурэнтназдольным на сучасным рынку працы. Менавіта дзеля дасягнення гэтай мэты факультэт праводзіць розныя мадэрнізацыі ў сферы матэряльна-тэхнічнага забеспячэння, і выкарыстоўвае сучасныя сродкі падрыхтоўкі спецыялістаў. Дзякуючы гэтаму, сучасны выпускнік гістарычнага факультэта запатрабаваны ня толькі ў сферы адукацыі, але і ў кіраванні, і ў культуры, і ў сілавых структурах. Дэканат і прафесарска-выкладчыцкі састаў факультэта робіць усё магчымае дзеля гэтага.

З 2007 года факультэт носіць назву факультэт гісторыі і сацыялогіі. Ён налічвае 896 стдэнтаў дзённай формы навучання (306 гісторыкаў і 193 сацыёлагаў). У хуткім часе плануецца адкрыццё магістратуры па спецыяльнасці “Сацыялогія” [5, c. 33]. Адная з найбольш неабходных задач – гэта павышэнне ролі студэнцкага самакіравання і ўзмацненне значэння кафедр факультэта як важнага падраздзялення, якое здзяйсняе тэарэтычна-метадалагічную падрыхтоўку спецыялістаў па міжнародных стандартах якасці. Кафедра павінна мабільна рэагаваць на змяненні і запатрабаванні часу. Паспяховае вырашэнне гэтых пытанняў давзволіць факультэту стаць цэнтрам кансалідацыі гісторыкаў Гарадзенскага рэгіёну і важным падраздзяленнем універсітэта ў ажыццяўленні яго культурных місій на прасторы Рэспублікі.

В.В. ПАРМАНЧУК

The author analyzes the development of the Historical Faculty of Grodno State University, its role in the Republic of Belarus. Allocates workers, who have launched the faculty. Pays attention to changes in the structure of the faculty and training students.

Спіс крыніц і літаратуры

 

  1. С. А. Габрусевіч, І. П. Крэнь. Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы: гістарычны нарыс. – Гродна: ГрДУ, 2001. – 174 с.
  2. Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэту імя Янкі Купалы: Бібліяграфічны даведнік / пад рэдакцыяй В. М. Чарапіцы. – Гродна: ГрДУ, 1999. – 595 с.
  3. Крень, И. П., Ярмусик Э. С. Факультет истории и социологии УО «ГрГУ имени Я. Купалы»: 55 лет созидания / И. П. Крень, Э. С. Ярмусик // Веснік ГрДУ імя Я. Купалы. Серыя 1: Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. – 2009. – №3. – С. 4-7.
  4. Анікевіч, І. Постаці ў гісторыі універсітэта / І. Анікевіч // Гродзенская праўда. – 2005. – 31 сакавіка. – С. 6.
  5. Крэнь, І. П. Гістарычны факультэт ГрДУ імя Я. Купалы: да 50-годдзя з дня заснавання / І. П. Крэнь // Вышэйшая школа. – 2005. – №1. – С. 29-33.