Евангеллі

Евангеллі (ад грэч. Euaddelio добрая вестка) – раннехрысціянскія творы-казанні пра жыццё і вучэнні Ісуса Хрыста. Асноўны сюжэт Евангелій – хаджэнне Ісуса з апосталамі па зямлі Іудзеі і Галілеі і пропаведзь Царства Божага. Узніклі на мяжы 1-2 стст. н.э. і падзяляліся на кананічныя – ад Мацвея, ад Марка, ад Лукі, ад Іаана, прызнаных Царквой як “боганатхнёныя”

і ўключаных у Новы Запавет, а астатнія адвяргаліся як апакрыфічныя (ад Іакава, ад Фамы, ад Нікадзіма, ад Пятра і інш.). Паводле царкоўнай традыцыі Евангеллі складзены апосталамі Ісуса Хрыста або іх вучнямі. Першыя тры Евангеллі ў белетрыстыцы носяць назву сінаптычных, бо вельмі блізкія кампазіцыяй, зместам і расказваюць пераважна пра зямное жыццё Ісуса. У Евангеллі ад Іаана ўвага акцэнтуецца на боскай прыродзе Хрыста і цудах, створаных ім у Іудзеі. Кананічныя Евангеллі складаюць асноўную крыніцу і крытэрыі хрысціянскай веры, дагматаў і таінстваў.

У Беларусі Евангеллі ў стараславянскім перакладзе бытуюць з часоў прыняцця хрысціянства. Найстарэйшыя з іх, якія дайшлі да нашага часу ў рукапісах, – Супрасльскае Евангелле (10 ст.), Тураўскае (XI ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкае (13-14 ст.), Друцкае, Лаўрышскае, Мсціжскае (14 ст.), Жыровіцкае (15 ст.), Шарашоўскае (15-перш. пал. 16 ст.). Яны адрозніваюцца высокім майстэрствам устаўнога пісьма і мастацкага афармлення (арнаментальныя пачатковыя літары, застаўкі, мініяцюры, гравюры). Евангельскія сюжэты, вобразы, сімвалы, прытчы шырока выкарастоўвалі як пісьменнікі старажытнасці, так і нашага часу (К. Тураўскі, К. Смаляціч, Ф. Скарына, В. Цяпінскі, пісьменнікі-палямісты, Сімяон Полацкі, М. Багдановіч, Я. Колас, К. Крапіва, Ул. Караткевіч і інш.), а таксама майстры скульптуры, жывапісу, кніжнай гравюры.

Літ.: Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. – Мн., 1989. ; Легенды і паданні. – Мн., 1983.

 

У.І. Каяла