Дзейнасць дабрачынных устаноў на старонка часопіса "Dzieje dobroczynnosci"

У XVIII ст. манаполію на дабрачынную дзейнасць трымала царква. Яна выступала і як дабрачынца і як адрасат дабрачынных ахвяраванняў з боку свецкіх асоб. У пачатку XIX ст. дабрачыннасць у літоўска-беларускіх губернях набывае новыя рысы. Акрамя традыцыйнай царкоўнай дабрачыннасці, якая ўваходзіць у рэлігійную дактрыну (дапамога хворым, бедным, сіротам), з’яўляецца дабрачыннасць свецкая, якая робіцца ўжо не толькі паказчыкам хрысціянскай міласэрнасці, а набывае вагу і на грамадскім узроўні. Такая трансфармацыя была з аднаго боку абумоўлена эканамічна-прававымі зменамі: змена дзяржаўнасці (падзелы Рэчы Паспалітай), значнае збядненне і зніжэнне прэстыжу мясцовай шляхты ў сістэме Расійскай імперыі. З іншага боку, значную ролю адыгрывалі грамадска-культурныя фактары, да якіх можна аднесці “прэстыж” і “моду”.

Грамадскае прызрэнне з’яўляецца культурнай формай дабрачыннасці. Яго асноўная мэта – забяспечыць тых, хто мае патрэбу ў грамадскай дапамозе ўсім неабходным для жыцця і прадухіліць па магчымасці беднасць і галечу [6, с. 165].

Дзяржава ўзяла на сябе клопат аб бедных у канцы XVIII – пачатку XIX стст. Зробленая праца паказала, што неабходна арганізаваць нагляд за беднымі і хворымі людзьмі (прызрэнне), а аснову апекі над імі складзе грамадская дабрачыннасць.

Першапачаткова стварэнне дабрачынных арганізацый адбывалася пад кіраўніцтвам самога імператара. У 1775 годзе быў выдадзены ўказ аб “Учреждениях для управления губерниями Всероссийской империи”. Згодна ўказа ў склад адміністрацыі кожнай губерні для кіравання дабрачыннымі ўстановамі ўвайшла новая ўстанова – “Прыказ грамадскага прызрэння” [16, c. 119].

У 1862 г. права арганізацыі дабрачынных таварыстваў было перададзена Міністэрству ўнутраных спраў па ўзгадненню з падлеглымі ведамствамі, а з 1869 г. міністру ўнутраных спраў дазвалялася зацвярджаць статуты прыватных і грамадскіх дабрачынных устаноў [44, с. 58-59].

Першае дзесяцігоддзе праўлення Аляксандра I характарызуецца моцным грамадскім уздымам, які быў выкліканы ўплывам Французскай рэвалюцыі і распаўсюджваннем ідэалаў гуманізма ў адукаваным асяроддзі грамадства. Гэты ўздым выявіўся ў тым ліку ў развіцці прыватнай дабрачыннасці. Адным з рухавікоў гэтага працэсу стала палітыка Аляксандра I, асноўнымі накірункамі якой ў сферы сацыяльных пытанняў былі забеспячэнне ваеннаслужачых і іх сем’яў, падтрымка прыватнай дабрачыннасці і развіццё сістэмы прыказаў грамадскага прызрэння [33, с. 29].

Па падліках расійскага даследчыка А.Р. Сакалова толькі ў першае дзесяцігодзе XIX ст. агульная сума дабрачынных ахвяраванняў па ўсёй Расійскай імперыі пераўзышла 9 млн. руб.

Франка-расійская вайна 1812 г. выклікала не толькі новы ўсплеск дабрачыннасці, але і наватарскія рашэнні. Узнікаюць у гэты час першыя дабрачынныя таварыствы, у зборы сродкаў актыўна ўдзельнічаюць такія перыядычныя выданні, як “Сын отечества” і “Русский инвалид” [34, с. 150].

Неабходна адзначыць, што дзейнасць дабрачынных арганізацый мела адрозненні па сваіх функцыях і накірунках. Па крыніцах фінансавання і па характару працы іх дзейнасць можна ўмоўна падзяліць на чатыры групы.

Да першай адносяцца арганізацыі, дабрачыннасць якіх была сканцэнтравана ў вялікіх гарадах – цэнтрах губерняў, напрыклад, Прыказ грамадскага прызрэння. Што датычыцца матэрыяльнага боку, то фінансаваліся гэтыя арганізацыі праз Казну Расійскай імперыі, або асабістыя ахвяраванні імператара і членаў царскай сям’і.

 Прыватныя дабрачынныя таварыствы складалі другую групу. Фінансавую падтрымку яны атрымоўвалі ад прыватных ахвяраванняў, а таксама з працэнтаў ад капіталаў.

Трэцюю групу складаюць таварыствы, узнікшыя пры тым ці іншым дзяржаўным ведамстве, а таксама пры навучальных установах. Фінансаваліся яны за кошт ведамстваў і прыватных ахвяраванняў.

Чацвёртая група распаўсюджвала сваю дзейнасць на пэўныя групы насельніцтва, звязаныя з канфесійнай або прафесійнай прыналежнасцю [27, с. 46].

Прыказы грамадскага прызрэння мелі шырокае кола абавязкаў: уладкаванне народных школ, сіроцкіх дамоў, бальніц, аптэк, дамоў працы і дамоў уціхамірвання, а таксама багадзельні. Яны ж неслі адказнасць за дзейнасць прыватных дабрачынных таварыстваў, кантралявалі і каардынавалі іх дзейнасць [16, с. 120].

Аднак пасля стварэння ў 1802 г. Міністэрства народнай асветы школы адышлі з-пад ведання прыказаў грамадскага прызрэння.

У арганізацыю прыказаў грамадскага прызрэння былі закладзены тры асноўныя прынцыпы: самастойнасць мясцовых дабрачынных устаноў, прыцягненне да кіравання імі мясцовага насельніцтва і забеспячэнне іх дастатковымі грашовымі сродкамі.

Структура прыказаў мела адзіны склад ва ўсіх расійскіх губернях. На чале Прыказа стаяў старшыня – гэтую пасаду займаў губернатар, акрамя яго туды ўваходзілі па 2 прадстаўнікі ад 3 саслоўных устаноў. Кожны Прыказ пры адкрыцці атрымоўваў 15 тыс. руб. адначасова, з правам аддання гэтых грошаў пад залог маёнткаў [6, с. 174].

У Вільні Прыказ грамадскага прызрэння быў створаны ў 1808 годзе. Першы студзеньскі нумар часопіса “Dzieje Dobroczynnosci” за 1820 г. змяшчае звесткі аб стане Прыказа грамадскага прызрэння на пачатак 1820 г.

Кіраваў у ім у гэты перыяд віцэ-губернатар, які выконваў абавязкі грамадзянскага губернатара, а членамі з’яўляліся: губернскі прадвадзіцель дваранства (маршалак), інспектар медыцынскай управы, асэсар II дэпартамента Галоўнага суда. У канцылярыю ўваходзілі: сакратар, бухгалтар, столаначальнік і канцылярыст. Прыказ меў у веданні:

1. Шпіталь “Святых апосталаў Філіпа і Якуба”, які ўтрымоўвалі сёстры міласэрнасці.

2. Шпіталь “Паннаў міласэрнасці”, які ўтрымліваўся адпаведнай суполкай.

3. “Шпіталь” або дом выхавання сірот пад назвай “Дзіцяці Езуса”.

4. Шпіталь для “душэўна” хворых, які ўтрымоўвалі баніфраты.

5. “Дом выхавання” сясцёр марыявітак пры парафіяльным касцёле Св. Стэфана для адукацыі ўбогіх дзяўчынак, а таксама для ўтрымання жанчын, якія пераходзілі ў хрысціянскую веру з іншых веравызнанняў.

6. Лазарэт для вайскоўцаў пад назвай “Городская больница военного отделения”, які пачаў утрымлівацца з 1 ліпеня 1817 г.

7. Яўрэйскі шпіталь, які ўтрымліваўся вызначанымі праз кагал асобамі.

Агульная сума капіталаў, якімі валодаў Віленскі Прыказ на пачатак 1819 г. складала: 135 120 руб. 44 кап. асігнацыямі, 77 654 руб. 60 кап. серабром, 6 531 чырвонец. Акрамя іншых, у яе ўваходзіла сума ў 15 тыс. руб. ас., атрыманая пры адкрыцці Прыказа, а таксама сума ў 38 159 руб. 29 кап. ас., 12 225 руб. 75 кап. сер., атрыманая з працэнтаў ад капіталаў і нясталых даходаў, і якая ў асноўным расходавалася на дом уціхамірвання [45, s. 1-5].

Што датычыцца Гродзенскага Прыказа грамадскага прызрэння, то заснаваны ён быў у 1802 г. з утварэннем Гродзенскай губерні і лічыўся трэцяй па значнасці губернскай установай пасля Губернскага Праўлення і Казёнай Палаты [27, с. 221-222].

Крыніцы фінансавання прыказа на момант яго заснавання былі наступныя:

  1. “Высочайше дарованные” яму пры адкрыцці 15 тыс. руб.
  2. Узнос кавалераў ордэна Св. Станіслава па 8 чырвонцаў з кожнага.

3. Арэнда з вёскі Якушава і з некаторых палацаў у Гродне, адданых на “вечны чынш”.

4. Працэнты ад цяжбавых сум, якія знаходзіліся ў Прыказе, а таксама працэнты ад сумы ў 111 чырвонцаў, 22 796 руб. 89 кап. сер., 68 602 руб. 57 кап. ас., якая захоўвалася ў Казёнай Палаце.

Гэтыя сумы выдаваліся пад пазыкі памешчыкам.

5. Штогадовы ўзнос з Казёнай Палаты на суму 4 375 руб. ас., прызначаны на ўтрыманне школы для сірот.

За кошт Прыказа ў пачатку XIX ст. у Гродне ўтрымлівалася бальніца, прытулак для дзяцей і сіроцкая школа [36, с. 21]. Акрамя гэтых дабрачынных устаноў у Гродзенскай губерні знаходзілася 2 шпіталя – адзін у Гродне, пад апекай баніфрацкага манастыра, а другі ў Шчучыне (Лідскага павета) пад апекай сясцёр міласэрнасці [4, с. 659-660].

Дзейнасць Гродзенскага Прыказа грамадскага прызрэння знайшла сваё адлюстраванне ў шматлікіх дакументах, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне. Аднак, на жаль, дакументы, якія тычацца гарадской сістэмы дабрачыннасці, захаваліся не поўнасцю. Асноўная маса матэрыялаў прыходзіцца на другую палову XIX –  пачатак XX стст.

Матэрыялы, якія тычацца дзейнасці Гродзенскага Прыказа ў першай палове XIX ст. нешматлікія, але дазваляюць ахарактарызаваць матэрыяльны бок яго дзейнасці і крыніцы фінансавання. Так, у 1810 г. Прыказ распараджаўся наступнымі капіталамі:

1. Агульная сума добраахвотных ахвяраванняў на рахунак Прыказа складала 5 тыс. руб. сер. і 5 тыс. руб. ас., у якую ўваходзілі ахвяраванні прыватных асоб і ўклады з завяшчаннямі па ўжыванню працэнтаў.

2. Капіталы, атрыманыя ад прырошчвання даходаў Прыказа на суму 39 260 руб. 32 кап. ас., 1 700 руб. сер.

3. Пабочныя капіталы, перададзеныя ў Прыказ ад Губернскага Праўлення, павятовага суда, з ратушы з продажу маёнтка і інш. на суму 11 485 руб. 87 кап. сер.

4. 10 тыс. руб. даслала духоўная кансісторыя пад працэнты, з якіх 1%  прызначаўся ў кошт Прыказа, а 5% залічваліся да капітала.

Расходаваліся сродкі на наступныя патрэбы:

1. Выдадзена на запазычванне 4 асобам 12 тыс. руб. ас. і 1 тыс. руб. сер.

2. Адаслана праз Казёную Палату ў Дзяржаўны заёмны банк пад працэнты 15 тыс. руб. ас.

3. На працягу 1810 г. на ўтрыманне Прыказа і яго ўстаноў расходавана 7 158 руб. 14 кап. ас.

Агульная сума расходу ў гэтым годзе цалкам адпавядала суме даходу і складала 39 260 руб. 32 кап. ас., 1700 руб. сер. [26, спр. 1, арк. 14-16].

У перыяд з 1811 па 1814 г. у архіўных матэрыялах захавалася некалькі дакументаў, якія гавораць аб тым, што ўсе паперы, якія тычацца Прыказа грамадскага прызрэння пад час вайны 1812 г., былі здадзены на захаванне Шпітальнай камісіі [26, спр. 2, арк. 1-2].

Згодна з правіламі для Прыказаў грамадскага прызрэння аб прыёме і выдачы ў пазыку капіталаў, якія былі прыняты ў 1815 г., ім дазвалялася прымаць капіталы тэрмінам на год і болей ці на “вечное обращение” з выплатай працэнтаў на канец года або на пачатак самому ўкладчыку, або яго даручыцелю. Капітал выдаваўся пад распіску пасля прадастаўлення білета [26,  спр. 1, арк. 44].

Такім чынам, побач з дабрачыннай дзейнасцю прыказы грамадскага прызрэння паступова становяцца губернскім банкам, цэнтрам крэдыту, заснаванага на пазямельнай уласнасці, бо доступ да пазык дазваляў памешчыкам закладваць у Прыказе свае маёнткі для атрымання грошаў і задавольвацца невялікімі працэнтамі.

Дабрачынная дзейнасць у першай палове XIX ст. выступае ў першую чаргу як рух грамадскасці. У ўказе аб “Устанаўленні кіравання губернямі Усерасійскай імперыі” (1775 г.) упершыню ў Расіі было дазволена засноўваць дабрачынныя ўстановы і таварыствы прыватным асобам.

Аднак, пачынаючы ўжо з 1809 г. урад прадпрымаў спробы ўвесці дабрачыннасць у пэўныя рамкі, паставіць яе пад кантроль. Так, сапраўдным ахвяраваннем прызнаваліся толькі тыя ўстановы, “кои, быв учреждены для пользы всех людей недостаточного состояния, обеспечатся навсегда в содержании их известным определённым капиталом, отдаются под надзор и управление местного начальства или, состоя под управлением самого учредителя, обязаны будут отчётом приказам общественного призрения” [35, с. 97].

 Такім чынам дабрачынныя ўстановы ставіліся пад кантроль прыказаў і ім прадпісвалася форма фінансавага забеспячэння, зручная для кантролю –  даходы з пэўнага маёнтка, або “вечны капітал”, працэнты з якога пакрываюць расходы ўстановы.

Тэндэнцыі да аб’яднання намаганняў грамадскасці ў дабрачыннай дзейнасці розным катэгорыям бедных выявіліся ў стварэнні расійскіх квазідзяржаўных таварыстваў, якія не падпарадкоўваліся ніякаму міністэрству, знаходзіліся пад эгідай царскай сям’і і карысталіся сістэмай ільгот ад частковага дзяржаўнага фінансавання да індывідуальнай падтрымкі. Ва ўсіх беларускіх губернях былі створаны іх аддзяленні [10, с. 58].

У 1802 г. у Расіі было створана прыватнае філантрапічнае аб’яднанне, якое з ліпеня 1816 г. пачало называцца Імператарскім Чалавекалюбівым таварыствам. Да пачатку XIX ст. яно стала буйнейшым у краіне ведамствам, амаль незалежным ад уладаў [8, с. 77].

Яно было заснавана па прынцыпе ўжо існаваўшых на захадзе, а менавіта ў Гамбургу. Аб мэце заснавання таварыства гаварылася ў “праекце ўтварэння”: “Человеколюбивое  общество обязано не только раздавать милостыню, но… особенно стараться выводить из состояния нищеты тех, кто трудами своими и промышленностью себя пропитать могут. Таким образом, множество бедных избавится от крайней нищеты, а милосердием движимые граждане менее будут подвержены тягости частного, нередко бесполезного подаяния”.

Для выканання гэтых намераў акрамя Апекунчага і Медыка-філантрапічнага камітэтаў пры новым таварыстве планавалася стварыць і іншыя камітэты, як для прызрэння ўбогіх, цяжка хварых, для выхавання і абучэння карысным рамёствам малалетніх бедных і г.д. [35, с. 98].

 Таварыства мела Раду, якая складалася з 11 членаў на чале з  куратарам  князям Аляксандрам Галіцыным. Зацвярджаў членаў Рады імператар. Апекунчы камітэт, складаўся з 15 членаў, якія “павінны былі быць беднага стану, каб добра ведалі патрэбы немаёмных”. Між тым яны павінны былі быць забяспечаны, каб увесь час прысвячалі на выкананне сваіх абавязкаў і таму атрымоўвалі па 1 200 руб. у год кожнаму і  2 000 руб. на патрэбы канцылярыі з агульнай сумы ў 100 тыс. руб. выдзяляемай Аляксандрам I на патрэбы бедных [45, s. 41-46].

У 1807 г. віленскі каталіцкі біскуп Ян Корвін-Касакоўскі заснаваў у Вільні аддзяленне Імператарскага Чалавекалюбівага таварыства – “Віленскае таварыства дабрачыннасці”. Асноўнымі мэтамі таварыства з’яўляліся: “абдумваць заробак бедным, якія знаходзяцца ў стане працаваць, дапамагаць бедным у хваробе, дапамагаць ў выхаванню і адукацыі сірот і дзяцей бедных бацькоў, якія саромяцца прасіць міласціну”.

 Таварыства падзялалася на тры аддзелы. Задачай першага аддзелу была арганізацыя дома працы, дзе бедныя маглі працаваць, а таксама выхаванне сірот. Другі аддзел аказваў разавую дапамогу тым патрабуючым, якія сароміліся жабраваць. Задачай трэцяга аддзелу было аказанне бясплатнай медыцынскай дапамогі бедным:  парады і лекі, прышчэпкі дзяцей ад воспы. У медыцынскім аддзеле працавалі прафесары Віленскага універсітэта, дактары Мацей Баранкевіч, Мікалай Мяноўскі, Вацлаў Пелікан, Урублеўскі, Савіч і Парцыянка. Віленскія аптэкары па рэцэптам выдавалі ўбогім лекі бясплатна.

З кожнай парафіі ў Вільні выбіраліся апекуны над убогімі. Яны сведчылі аб беднасці асобы, прысутнічалі пры раздачы прадуктаў харчавання. Горад быў падзелены на 3 часткі па 4 кварталы і меў 12 апекуноў убогіх [81].

 Князь Дамінік Радзівіл дараваў таварыству палац з домам па вуліцы Віленскай, дзе харчаваліся немаёмныя. Тут жа быў створаны дом працы для заробку бедных і школа для дзяцей.

Статуты таварыства былі зацверджаны Аляксандрам I на публічным пасяджэнні 14 мая 1808 г., які ахвяраваў 10 тыс. руб. ас., “і ў сваім імператарскім рэскрыпце паведаміў усім членам таварыства, што на яго прыхільнасць яны заслужылі” [45, s. 11-12]. Ахвяраванні манарха, якія склалі матэрыяльны падмурак існавання Таварыства дабрачыннасці пацягнулі за сабой і іншыя, а ў кнізе ахвярадаўцаў можна было сустрэць імёны прадстаўнікоў арыстакратычных радоў: князь Адам Чартарыйскі, Станіслаў Замойскі, Людвік Пац, Аляксандр Пацей, князь Францішак Сапега, Людвік Тышкевіч, Людвік Плятэр, Ігнацый і Канстанцін Тызенгаўзы, Канстанцін і Леон Радзівілы, Тадэуш Чацкі, А. Патоцкі і іншыя.

Адміністрацыю таварыства складалі: прэзідэнт і старшыні аддзелаў разам з намеснікамі, дырэктар дому таварыства, 21 член і парафіяльныя апекуны. Пасяджэнні ў рамках аддзелаў праходзілі раз у тыдзень, па справах агульна-адміністрацыйных – раз у месяц, а кожны год у красавіку адбываўся агульны сход, на якім разглядалася справаздача з дзейнасці таварыства за мінулы год.

Членам таварыства магла стаць любая асоба, якую параілі 3 надзейныя абывацелі. Членскія складкі складалі 30 руб. у год, не плацілі іх толькі дактары, хірургі і парафіяльныя апекуны [81].

Як было ўжо адзначана вышэй, значная ўвага на старонках часопіса       “Dzieje Dobroczynnosci” надаецца асвятленню дзейнасці дабрачыннных таварыстваў. Большую частку ў гэтым накірунку складаюць матэрыялы па Гродзенскай і Мінскай губернях.

Галоўнымі сродкамі існавання такіх таварыстваў былі добраахвотныя складкі. Члены таварыстваў праводзілі шырокую прапагандысцкую дзейнасць па збору сродкаў. Дзейнасць дабрачынных таварыстваў ахоплівала разнастайныя бакі жыцця тагачаснага грамадства. Сярод іх утрыманне шпіталяў – прытулкаў для бедных, дамоў працы і прытулкаў для сірот, а таксама дапамога ў пабудове касцёлаў. Яшчэ адным напрамкам у іх дзейнасці з’яўлялася ўтрыманне сталовых і выдача разавых або сталых грашовых сродкаў у якасці дапамогі немаёмным сем’ям.

Дзейнасць іх будавалася на грамадскіх пачатках, іншымі словамі, супрацоўнікі матэрыяльнага ўзнагароджвання за сваю працу не атрымоўвалі і займаліся справамі таварыства ў вольны час.

Паколькі часопіс выдаваўся ў даход дому для бедных пры Віленскім таварыстве дабрачыннасці, амаль кожны яго нумар змяшчаў інфармацыю са спаваздач аб колькасці асоб, што знаходзіліся пад апекай таварыства, публікавалася і яго фінансавая дакументацыя з падрабязным пералікам даходаў і выдаткаў. Рыхтаваў і дакладваў дадзеныя справаздач на адміністрацыйных пасяджэннях таварыства яго сакратар Ігнацый Юндзіл.

Так, у чэрвені 1820 г. агульная колькасць бедных, якія атрымалі дапамогу ад таварыства складала 556 асоб. З гэтай лічбы 408 асоб абодвух палоў і рознага ўзросту пражывалі непасрэдна ў доме пры таварыстве, з горада прыходзілі харчавацца 12 асоб, яшчэ 117 убогіх з Вільні бясплатна атрымоўвалі хлеб, штомесячную грашовую дапамогу атрымалі 17 бедных (усяго 52 руб. сер.). Аднаразовую грашовую дапамогу – 6 руб. 50 кап. сер. атрымалі 2 асобы [50, s. 330].

У жніўні ў доме таварыства знаходзілася ўжо 424 асобы. З горада прыходзілі харчавацца разам з усімі 14 асоб, бедных, якія атрымоўвалі хлеб з горада – 154 асобы, грашовую дапамогу (79 руб. 50 кап. сер.) атрымалі 35 убогіх. Агульная колькасць бедных, якімі апекавалася таварыства ў гэтым месяцы складала 633 асобы [51, s. 450]. У наступным месяцы ў доме таварыства знаходзілася бедных рознага ўзросту і абодвух палоў – 443 асобы. Тых, што прыходзілі з горада да супольнага стала – 15 асоб, бедных, якія атрымоўвалі бясплатна хлеб – 154 асобы. Штомесячную грашовую дапамогу (78 руб. 50 кап. сер.) атрымалі 34 асобы.  Усяго на працягу верасня таварыства дапамагала 654 бедным [52, s. 489].

На канец 1820 года агульная колькасць бедных, якім дапамагала  Таварыства дабрачыннасці на працягу месяца значна ўзрасла і складала ў снежні 758 асоб, з якіх непасрэдна ў доме пражывала 534 асобы. Грашовую дапамогу, якая складала 88 руб. 50 кап. сер., атрымалі ў гэтым месяцы 32 асобы і 178 бедных з горада атрымоўвалі хлеб у доме таварыства бясплатна  [55, s. 1].

Дынаміку колькасці ўбогіх і немаёмных, утрымліваемых у доме Віленскага таварыства дабрачыннасці на працягу наступнага 1821 года, дазваляе прасачыць табліца (гл. табл. Д.1.1.). Так, толькі ў гэтым годзе таварыства ўтрымлівала сваім коштам больш за  7  тыс. бедных асоб. Дадзеныя табліцы дазваляюць на прыкладзе толькі гэтага аднаго таварыства дакладна ўявіць лічбу патрабуючых у губернскім цэнтры, якім аказвалася грамадская дапамога.     

Якія крыніцы фінансавання мелі прыватныя дабрачынныя таварыствы і як расходаваліся грашовыя сродкі, разгледзім больш падрабязна на прыкладзе Віленскага таварыства дабрачыннасці.

Часопіс утрымлівае касавыя рахункі таварыства за 3 гады (з 1818 па 1820). Гадавы касавы рахунак складаўся на падставе рэестраў, якія разглядаліся і абмяркоўваліся рэгулярна на пасяджэннях таварыства ў канцы кожнага месяца. Так, у 1818 г. фундушавы капітал таварыства складаўся з наступных сум:

1. 10 тыс. руб. ас., дараваныя іператарам Аляксандрам I, што па курсу складала 5 850 руб. сер.

2. 500 руб. сер. ахвяраваў у 1810 г. член таварыства, генерал Людвік Крапіньскі на “вечны фундуш”, з якіх таварыства атрымоўвала штогод 6%  (30 руб. сер.).

3. 810 руб. сер. ахвяраваў былы член таварыства Якуб Шымкевіч.

4. Віленскі біскуп Я. Корвін-Касакоўскі ахвяраваў 3 тыс. руб. сер. і 9 тыс. руб. ас. 

 Увесь фундушавы капітал у гэтым годзе складаў 11 833 руб. 85 кап. сер. і 9 тыс. руб. ас. [46, s. 70-71]. Аднак трэба адзначыць, што асноўную частку сталых даходаў таварыства складалі членскія складкі. На канец 1818 г. агульная сума ахвяраванняў ад членаў таварыства складала ў касе таварыства 5 216 руб. 62 кап. сер. Сярод членаў таварыства трэба называць наступныя імёны: Мікалай Абрамовіч, маршалак Віленскага павета, Адам Храпавіцкі, старшыня I дэпартамента Галоўнага  Літоўскага суда, граф Адам Храптовіч, Караль Чапскі, мінскі маршалак, Юзэф Франк, прафесар Віленскага універсітэта, князь Ігнацый Гедройц, біскуп Кундзіч, Эдвард Мастоўскі, вілейскі маршалак, сенатар Міхаіл Агінскі, старшыня першага аддзела таварыства, граф Аляксандр Пацей, старшыня другога аддзела, Рымскі-Корсакаў, вайсковы генерал-губернатар, князь Францішак Сапега, граф Юзэф Серакоўскі, граф Ігнацый Тызенгаўз, генералы Л. Крапіньскі, Ю. Ваўжэцкі, Несялоўскі, Кахоўскі і інш. Старшыня таварыства – мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч [46, s. 81-82].

Частку даходаў таварыства атрымоўвала ад аднаразовых ахвяраванняў, а таксама міласціны ад ананімных асоб, якія звычыйна складаліся пры наведванні дому таварыства. Гэтыя паступленні ў 1818 г. склалі суму ў касе таварыства ў 5 075 руб. 69 кап. сер. Сюды ж адносіліся даходы, атрыманыя з дабрачынных акцый за білеты на канцэрт і з чатырох маскарадаў, прызначаных на дапамогу бедным.

З нагоды свята Вялікадня дабрачынныя дамы Ромер, Бялінская, Бабяцінская, Мірская, Валеўская і іншыя сабралі і ахвяравалі таварыству 2 563 руб. 60 кап. сер. [46, s. 83-84].

Справаздача ахоплівае і іншы бок фінансавай дзейнасці таварыства, а менавіта расходаванне грашовых сродкаў на патрэбы бедных і немаёмных. Так, у якасці грашовай дапамогі ўбогім было выдаткавана ў 1818 г. 580 руб. 70 кап. сер., з іх  штомесячныя выплаты 17 асобам склалі 337 руб. сер. (па 6 руб. сер. на чалавека), аднаразовыя выплаты 37 асобам – 243 руб. 70 кап. сер.

 Арыманыя сродкі расходаваліся галоўным чынам на кармленне і забеспячэнне бедных. Справаздача дазваляе ўявіць чым харчаваліся бедныя і колькі каштавала таварыству гадавое ўтрыманне  немаёмных у доме. Так,  было выдаткавана: за 355 бочак жыта – 3 016 руб. 17 кап. сер.,

за 109 бочак ячменю – 811  руб. 87 кап. сер.,

за 43 бочкі аўса – 194 руб. 34 кап. сер.,

за 22 бочкі гароху – 194 руб. 25 кап. руб. сер.,

за агародніну – 461 руб. 6 кап. сер.,

за 75 бочак піва – 248 руб. 45 кап. сер.,

за 3 378 фунтаў гавядзіны і 87 быкоў – 1 348 руб. сер.,

за мёд і зёлкі – 80 руб. 96 кап. сер.,

за сметанковае масла – 119 руб. сер. і за смятану – 33 руб. 38 кап. сер.,

за сушаную рыбу – 52 руб. 85 кап. сер. і за яйкі 23 руб. 15 кап. сер.  

На гаспадарчыя патрэбы было выдаткавана: на адзенне – 493 руб. 48 кап. сер., за 148 вазоў сена для коней і кароў – 187 руб. 4 кап. сер., на гаспадарчыя прадметы (сані, кола, помпы ад пажару і г.д.) – 268 руб. 51 кап. сер., на дровы – 1 491 руб. 66 кап. сер., на аплату служачым пры доме – 275 руб. 64 кап. сер., а таксама аплату працы эканома, пісара з крамы, хірурга, настаўніка для дзяцей – 550 руб. сер. Частка даходаў таварыства кожны год прызначалася на дабудову дому для бедных. У 1818 годзе на гэтыя патрэбы было выдаткавана 1 947 руб. 39 кап. сер. За гэты кошт была завершана двухпавярховая пабудова, першы паверх якой быў аддадзены пад краму, была зроблена пякарня, пастаўлены дадатковыя вокны для рукадзельні, у якой працавалі немаёмныя пад наглядам платных майстраў. Тут вырабляліся абрусы, ручнікі, каўтаны, капелюшы, якія затым прадаваліся ў краме і складалі частку агульнага даходу таварыства.

Агульная сума гадавога прыходу з розных крыніц у 1818 г. складала 16 602 руб. 58 кап. сер., і перавышала суму расходаў таварыства, якая складала 15 060 руб. 58 кап. сер. Астатак у касе на пачатак 1819 г. складаў 1 541 руб. 99 кап. сер. [46, s. 85-86].

У наступным 1819 годзе штогадовыя членскія складкі складалі ў касе Віленскага таварыства дабрачыннасці 3 169 руб. 72 кап. сер. Аднаразовыя ахвяраванні, міласціна і даходы з дабрачынных акцый прынеслі таварыству 5 380 руб. 92 кап. сер. Усяго сума гадавога прыходу складала 11 436 руб. 50 кап. сер. На кармленне і забеспячэнне бедных, а таксама ўтрыманне школы для дзяцей, што жылі ў доме таварыства было выдаткавана 10 995 руб. 23 кап. сер. Астатак на наступны год складаў, такім чынам, 441 руб. 27 кап. сер. [47, s. 115-121].

Трэба адзначыць, што бедныя ў доме харчаваліся 3 разы ў дзень, прычым малалетнія мелі дадаткова падвячорак. Усе немаёмныя забяспечваліся адзеннем і абуткам. Зімой усе памяшканні ў доме абаграваліся і асвятляліся.

Сярэдняя колькасць бедных, якімі апекавалася таварыства ў 1820 г. складала 702 асобы, прычым 58 дзяцей прыходзілі ў школу пры таварыстве з горада і навучаліся бясплатна.

Агульны прыход таварыства ў 1820 г. складаў 11 146 руб. 78 кап. сер. Толькі членскія складкі прынеслі ў касу таварыства 4 089 руб. 62 кап. сер., працэнты ад капіталаў – 1 058 руб. 60 кап. сер., з дабрачынных публічных мерапрыемстваў і маскарадаў было атрымана 716 руб. 77 кап. сер.

Расход грашовых сродкаў на кармленне і забеспячэнне бедных, а таксама  на выплату разавай грашовай дапамогі складаў у гэтым годзе 9 998 руб. 90 кап. сер. [63, s. 2001-2010].

Такім чынам, толькі за 3 гады прыход грошаў у касу Віленскага таварыства дабрачыннасці складаў больш за 39 тыс. руб. сер. (гл. табл. Д.1.2.), што яскрава сведчыць аб уздыме грамадскай дабрачыннасці ў гэты час.

Трэба адзначыць, што кожны год члены таварыства выбіралі паміж сябе асоб на кіруючыя пасады. Так, на адміністрацыйным пасяджэнні таварыства, якое адбывалася 28 красавіка 1821 г. былі абраны кіраўнікі яго аддзелаў на бягучы год. Старшынёй першага аддзела быў зноў абраны князь Міхаіл Агінскі,  другога аддзела – граф Аляксандр Пацей, трэцяга – Мацей Баранкевіч. Старшынёй таварыства па-ранейшаму заставаўся мітрапаліт Саніслаў Богуш-Сестранцэвіч, сакратаром Ігнацый Юндзіл.

   Як ужо было адзначана вышэй, пры Віленскім таварыстве дабрачыннасці існавала школа ўзаемнага навучання, або ланкастарская (па прозвішчу вынаходніка гэтай сістэмы) для бедных дзяцей і сірот, якія жылі ў доме пры таварыстве і тых, што прыходзілі з Вільні. Сістэма Дж. Ланкастара была ўведзена ў ёй у верасні 1819 г. Хлопчыкі вучыліся зранку пад наглядам члена таварыства А. Марціноўскага, а дзяўчыкі ў пасляабедзенны час, пад наглядам  двух марыявітак – Розы Гурскай і Агаты Карніловічаўны [45, s. 17].

Найбольш інтэнсіўна заснаванне ланкастаскіх школ ішло ў 1820 – 1821 гг., калі ўлады падтрымлівалі гэту ініцыятыву. Утрымлівацца школы павінны былі за кошт грамадскіх сродкаў. Найлепей былі ўладкаваны ланкастарскія школы ў маёнтку А. Храптовіча ў Шчорсах, М. Румянцава ў Гомелі, дзе мецэнаты не шкадавалі на іх грошаў [20, с. 68-70].

У 1820 – 1830-я гг. у Беларусі працавала больш за 20 ланкастарскіх школ. У 1819 г. у Гомелі і ў 1821 г. у Гродне была арганізавана падрыхтоўка настаўнікаў для ланкастарскіх школ рэгіёна [7, с. 141].

У Гродне першы збор грашовых сродкаў для арганізацыі дабрачыннага таварыства адбыўся ў губерні ў 1816 г. Усяго было сабрана 139 чырвонцаў, 8 298 руб. сер., 10 507 руб. ас. і прадуктамі 34 чвэрцей жыта, 9 круп [25, спр. 752, арк. 16].

Гродзенскае таварыства дабрачыннасці атрымала будынак для таварыства – дом графіні Касакоўскай, якая аддала яго ў распараджэнне “на вечныя часы”.

Кіравалася яно статутам Віленскага таварыства дабрачыннасці, узятым за ўзор. З Кабінета імператара праз Гродзенскую Казёную палату Гродзенскаму дабрачыннаму таварыству была ахвяравана сума ў 10 тыс. руб. [25, спр. 1342, арк. 35, 76].

У 1818 г. паступленнне грашовых сродкаў у Гродзенскае таварыства дабрачыннасці складала 144 чырвонца, 18 310 злотых і 11 182 руб. ас. З іх шляхта Гродзенскай губерні ахвяравала 5 тыс. руб. ас., яшчэ 10 тыс. злотых даслаў таварыству віленскі генерал-губернатар Рымскі-Корсакаў, ахвяраванні, сабраныя ў Гродне гараднічым Крэйбічам склалі 509 злотых, 130 руб. ас. [45, s. 37-40].

У 1820 г. даходы Гродзенскага таварыства дабрачыннасці ўжо складалі 129 чырвонцаў, 5 307 руб. 87 кап. сер., 14 237 руб. 50 кап. ас.

Падобна як і ў Віленскім таварыстве, кожны год на генеральным пасяджэнні Гродзенскага таварыства дабрачыннасці выбіраліся асобы на кіруючыя пасады. Так, на пасяджэнні, якое адбывалася 12 снежня 1820 г. на наступны год былі абраны: прэзідэнтам – Міхал Бутаўт-Андржэйковіч, грамадзянскі губернатар, віцэ-прэзідэнтамі – К. Максімовіч, віцэ-губернатар і Л. Сухадольскі, старшыня I дэпартамента Літоўска-Гродзенскага галоўнага суда, сакратаром – Міхал Вітаноўскі, касірам быў абраны Юзэф Нелюбовіч [55, s. 2-13].

Сярод 13 кандыдатаў у члены таварыства, 6 асоб належылі да масонскай ложы “Сябры чалавецтва”: прэзідэнт М. Бутаўт-Андржэйковіч, члены Юзэф Харэхляд, Антоні Ельц, Дамінік і Міхал Вітаноўскія, Казімір Крэйбіч [79].

Трэба адзначыць, што на Беларусі з канца XVII ст. да забароны іх імператарскім указам у красавіку 1822 г. налічвалася болей дзесятка таварыстваў масонаў з колькасцю каля 700 чалавек. У складзе праўлення ложай абавязкова знаходзіўся так называемы “папячыцель аб бедных”. Галоўнай мэтай свайго руху масоны абвясцілі распаўсюджванне адукацыі ў народзе. Беларускія масоны мелі сваіх пансіянераў, якім выплачвалі пасобія. Пансіённая форма дапамогі як адна з асноўных формаў масонскай дабрачыннасці (а затым адна з асноўных формаў свецкай дапамогі патрабуючым) распаўсюджвалася не толькі на немаёмных вучняў, студэнтаў але і на ўдоў і наогул бедных людзей [10, c. 59].

За перыяд з 12 снежня 1823 г. па 12 снежня 1824 г. прыход грошаў у Гродзенскае таварыства складаў 720 руб. 87 кап. сер., 1 070 руб. ас., з іх добраахвотныя ахвяраванні ад членаў таварыства складалі 605 руб. 72 кап. сер., 1 070 руб. ас. За гэты час таварыства ўтрымлівала сваім коштам 96 бедных асоб абодвух палоў. Акрамя гэтай сумы сталы фундуш таварыства складаў 1 200 чырвонцаў, дараваных памешчыкам Яблонскім [25, спр. 1342, арк. 111-112].

Па прыкладу Віленскага таварыства дабрачыннасці былі заснаваны прыватнымі асобамі мясцовыя аддзяленні Імператарскага Чалавекалюбівага таварыства: таварыства дабрачыннасці ў Навагрудскім павеце (1809 г.) і Брэсцкае таварыства дапамогі немаёмным (1809 г.)

Статуты Навагрудскага дабрачыннага таварыства былі зацверджаны  імператарам Аляксандрам І, і змешчаны ў чэрвеньскім нумары часопіса за 1820 г. Так, стваралася таварыства з наступнымі мэтамі: “дапамагаць немаёмным, забяспечваць іх першажыццёвыя патрэбы, дапамагаць тым бедным, што не могуць працаваць, а для тых, што ў стане працаваць, абдумваць заробак паводле стану, полу і магчымасцей, лячыць бедных хворых, а таксама выхоўваць дзяцей і сірот, даваць ім адукацыю згодна з полам”. Статуты таварыства дэкларавалі, што лічба членаў таварыства не будзе мець абмежаванняў “ні ў розніцы стану, нараджэння і рэлігіі”. Асобы жаночага полу таксама плацяць ўзносы, або збіраюць міласэрныя ахвяраванні і будуць унесены ў кнігу пад назвай “Асобы, дапамагаючыя таварыству”. Члены таварыства,  абраныя на кіруючыя пасады 16 снежня 1809 года, а менавіта прэзідэнт, віцэ-прэзідэнты і парафіяльныя апекуны былі ўпаўнаважаны на адзін год, пасля заканчэння якога, павінны былі зноў выбірацца большасцю галасоў і маглі быць прызначаны на далейшы час, але без прымусу. За сваю працу ўзнагароджвання яны не атрымоўвалі. Таварыства складалася з трох аддзелаў. У трэці аддзел уваходзілі навагрудскія дактары, якія добраахвотна ўступілі ў таварыства і абавязаліся лячыць бясплатна хворых немаёмных, апекаваць бедных цяжарных жанчын, а таксама сірот, якім уводзілі вакцыну ад воспы. Пасяджэнні таварыства праходзілі кожны тыдзень, акрамя святочных дзён, на іх была дастатковай прысутнасць трох членаў. Адміністрацыйныя ж пасяджэнні праходзілі два разы ў месяц і вызначаліся прэзідэнтам таварыства. Звычайна на іх абмяркоўваліся рапарты, неабходныя патрэбы таварыства, стан касы, параўноўваліся выдаткі з даходамі і абмяркоўваліся расходы на будучыню, якія павінны былі адпавядаць прыходу.

Прэзідэнт таварыства і старшыні аддзелаў не былі ўпаўнаважаны прыватна выдаваць грошы з касы падскарбію, на што павінны былі атрымаць дазвол на пасяджэнні таварыства і занесці суму ў пратакол. На канец года адбывалася генеральнае пасяджэннне, на якім абавязковай была прысутнасць усіх членаў таварыства [49, s. 299-303].

Падобныя статуты мела і Брэсцкае таварыства дапамогі немаёмным, якія змешчаны ў лютаўскім нумары часопіса за 1820 г. Колькасць членаў таварыства таксама не была абмежаванай, але была “патрэбна рэкамендацыя за подпісам 3 членаў, пра годнасць і добрыя памкненні жадаючай асобы”. Прадстаўніцы жаночага полу таксама “плацяць узносы, або збіраюць міласэрныя ахвяры і як кожная асоба ў таварыстве будуць старацца па сваёй магчымасці прыкладаць намаганні да сталага фундушу і зацікаўлення іншых асобаў” [46, s. 100-102].

 Трэба адзначыць, што амаль усе статуты дабрачынных таварыстваў ствараліся на ўзор Віленскага таварыства дабрачыннасці (статут якога быў зацверджаны расійскім манархам) і ўтрымлівалі аднолькавыя ўмовы ўдзелу.

Фінансавы бок дзейнасці Навагрудскага і Брэсцкага таварыстваў дазваляюць прааналізаваць архіўныя матэрыялы НГАБ у Гродне, а менавіта справы аб дабрачынных таварыствах у Гродзенскай губерні, што ўтрымліваюць рапарты, справаздачы, запіскі, якія дасылаліся на імя гродзенскага грамадзянскага губернатара М. Бутаўта-Андржэйковіча.

 Так, пры сваім заснаванні Брэсцкае таварыства дапамогі немаёмным мела наступныя крыніцы фінансавання: добраахвотныя членскія складкі (27 членаў ахвяравалі 392 руб.), працэнты ад фундушавых капіталаў, а менавіта 1 800 руб., запісаныя Д. Шамбэлянам на атрыманне гадавога працэнту ў 126 руб. сер., 2 тыс. руб. сер., запісаныя маршалкам Ягмінам у 1808 г., гадавы працэнт з якіх складаў 140 руб. сер., 900 руб. сер. запісаў Ксаверый Шэмёта ў 1809 г. з гадавым працэнтам у 63 руб. сер. і інш., а таксама аднаразовыя ахвяраванні і міласціна, прыбытак з арэнды розных гаспадарчых будынкаў (свірана і г. д.). У 1813 г. даход з гэтых крыніцаў склаў у касе таварыства 808 руб. 51 кап. сер., з якіх членскія складкі склалі 102 руб. сер., іншыя ахвяраванні і міласціна прынеслі таварыству 243 руб. 68 кап. сер. З гэтай сумы на ўтрыманне 50 убогіх і хворых было выдаткавана 606 руб. 47 кап. сер. [25, спр. 557, арк. 15-16]. Так, толькі за 8 гадоў (з 1817 па 1824 гг.) агульная сума паступленняў у Брэсцкае таварыства дапамогі немаёмным складала 5 667 руб. 40 кап. сер. і 5 263 руб. 83 кап. ас. Даходы ж Навагрудскага таварыства дабрачыннасці за аналагічны перыяд складалі 473 чырвонца, 2 281 руб. 98 кап. сер., 602 руб. ас. (гл. табл. Д.1.3.).

 Расходаваліся грашовыя сродкі галоўным чынам на кармленнне і забеспячэнне ўбогіх усім неабходным, а таксама лячэнне бедных абодвух палоў і рознага ўзросту ў дамах для немаёмным пры таварыствах, на аднаразовыя грашовыя выплаты і міласціну, на аплату служачых і г. д. Дынаміка колькасці бедных, якіх апекавалі гэтыя дабрачынныя таварыствы за перыяд з 1817 па 1824 гг. паказана ў табліцы (гл. табл. Д.1.4.).

Мінскае таварыства дабрачыннасці было заснавана ў 1811 г. на такіх жа прынцыпах як і папярэднія. Так, у ліпеньскім нумары часопіса “Dzieje Dobroczynnosci” прыводзяцца звесткі аб кіраўніцтве камітэта Мінскага таварыства. У яго ўваходзілі: мінскі біскуп – старшыня, 4 свецкія і 4 духоўныя асобы, сакратар. Кожны з членаў меў права голасу ў камітэце, і рашэнні прымаліся большасцю галасоў. Рада камітэта, якую складалі ўсе члены таварыства збіралася 6 разоў у год. У выпадку смерці аднаго з членаў камітэта, яго старшыня вызначаў на агульным пасяджэнні пераемніка. Кожны член камітэта павінен быў складаць 15 руб. сер. у год на патрэбы шпіталя. Камітэт займаўся зборам складак,  добраахвотных ахвяраванняў і фундацый, а таксама іншых паступленняў у касу таварыства.

Мінскае таварыства дабрачыннасці ўзяло пад сваю апеку шпіталь, які ўтрымліваўся сёстрамі міласэрнасці Св. Вінцэнта. Ён быў створаны для дапамогі бедным з горада Мінска і яго ваколіц, утрымліваліся ў ім і сіроты, пераважна жаночага пола [50, s. 348-349]. Так, сваім коштам таварыства павялічыла колькасць ложкаў у шпіталі з 12 да 30 для хворых абодвух палоў з улікам дзяцей.

У 1821 г., напрыклад, значную частку даходаў у касе таварыства складалі ахвяраванні, якія сабралі жанчыны: Алена Ашторп, жонка маршалка Мінскай губерні – 328 злотых, Храпавіцкая, жонка маршалка Дзісненскага павета – 417 злотых, Грыневічава, жонка маршалка Бабруйскага павета – 280 злотых, Любанская, жонка маршалка Вілейскага павета і Непакаечыцкая, жонка маршалка Слуцкага павета склалі па 20 злотых. Акрамя гэтага, з дабрачыннага канцэрта, арганізаванага Людавікай Ашторп – 556 руб. злотых. Ксёндз Антоні Дзядэк, Вінцэнт Бароўскі, Пётр Вержбіцкі, Караль Кухэнбэкер ахвяравалі таварыству выйгрыш з латарэі на агульную суму ў 100 руб. ас. [74, s. 273-275].

Яшчэ адным мясцовым аддзяленнем Імператарскага Чалавекалюбівага таварыства з’яўляўся Слуцкі камітэт апекі бедных, заснаваны ксяндзом С. Шантырам у 1822 г. Яго статуты былі разгледжаны членамі Рады Чалавекалюбівага таварыства і прызнаны адпавядальнымі мэтам і задачам таварыства, але для іх зацвярджэння Слуцкі камітэт павінен быў падаць у Раду Чалавекалюбівага таварыства наступныя звесткі: аб імёнах і стане яго членаў, аб асобах якія будуць займацца яго ўстановамі, аб пачатковым капітале, які камітэт павінен быў мець пры адкрыцці, аб прыкладнай суме, якой ён будзе валодаць кожны год, а таксама імёны сваіх дабрачынцаў [55, s. 14-16].

Так, адной з задач Слуцкага камітэта апекі бедных было “прызрэнне састарэлых, калек, цяжка хворых, сляпых і ўбогіх, няздольных працаваць”.

Ужо 5 жніўня 1823 г. на пасяджэнні членаў Слуцкага камітэта пад кіраўніцтвам яго старшыні Адама Непакаечыцкага, маршалка Слуцкага павета, разглядаліся яго даходы і выдаткі. Так, у 1822 г. агульная сума фундушавага капіталу складала 51 220 руб. ас. Лічба бедных, якім дапамагаў камітэт у гэтым годзе складала 760 асоб. Трэба дадаць, што пры Слуцкім камітэце апекі бедных пры дапамозе дабрачынных дам утрымліваўся дом міласэрнасці для бедных і хворых, які быў адкрыты 2 лістапада 1819 г. у Слуцку [73, s. 149-155].

Так, на працягу 1821 г. у доме міласэрнасці ўтрымлівалася 60 бедных, з якіх 2 асобы памерла , 42 – пакінулі яго, на наступны год заставалася 16 асоб. Акрамя гэтага, з-за недахопу месца ў доме дапамагалі 103 асобам у іх дамах, аднаразовую міласціну выдалі 198 асобам, апекавалі 96 вучняў парафіяльных школ, а таксама 4 сірот, 10 бедным выдалі грошы на паграбенне родных. Усяго ў гэтым годзе падтрымка ахоплівала 545 асоб [61, s. 699-700].

У ліпеньскім нумары часопіса “Dzieje Dobroczynnosci” за 1824 г. прыводзяцца звесткі з расійскага “Журнала императарского человеколюбивого товарищества” са справаздачай з дзейнасці Слуцкага камітэта апекі бедных у перыяд з 22 красавіка 1822 г. па 1 студзеня 1824 г.  Так, камітэт меў наступныя капіталы: з тастамента доктара Плацінскага – 11 053 руб. ас., членскія складкі, ахвяраваныя пры адкрыцці камітэта складалі 5 175 руб. ас., сума іншых ахвяраванняў складала 16 085 руб. ас., працэнты ад капіталаў складалі 23 671 руб. 47 кап. ас. Расходаваліся сродкі наступным чынам: марыявіткам на навучанне ўбогіх дзяўчынак было выдаткавана 3 320 руб. ас., на ўтрыманне ўбогіх клерыкаў у семінарыі – 1 040 руб. ас., на ўтрыманнне бедных у дабрачынных установах Слуцкага камітэта  было расходавана 4 369 руб. 60 кап. ас., на шпіталі выдаткавана 600 руб. ас., на ўтрыманне парафіяльных школ і бедных вучняў – 8 405 руб. ас. Да таго ж  з нагоды дня нараджэння імператара 46 убогіх асоб атрымалі новае адзенне і кожны па 46 кап. сер. Усяго сума расходаў на забеспячэнне бедных за гэты перыяд складала 23 674 руб. 80 кап. ас.

Трэба адзначыць, што пры заснаванні дабрачынных таварыстваў у ахвяру паступала некаторая сума грошаў і ад імператарскай фаміліі. Так, Слуцкі камітэт атрымаў 2 тыс. руб. [77, s. 655-658].

Часопіс “Dzieje Dobroczynnosci” утрымлівае таксама артыкулы аб заснаванні і дзейнасці Варшаўскага таварыства дабрачыннасці [53, s. 553-555], а таксама адкрыцці падобных устаноў у Лондане і Парыжы [74, s. 304-305].

Такім чынам, аналіз крыніц дазваляе сцвярджаць, што бурныя падзеі першай чвэрці XIX ст. садзейнічалі развіццю як дзяржаўнай сістэмы прызрэння, так і прыватнай дабрачыннасці.

Прадстаўнікі мясцовых улад непасрэдна ўдзельнічалі ў працы і кіраўніцтве некаторых дабрачынных устаноў. Так, нярэдка губернатары ўзначальвалі праўленні прыватных дабрачынных таварыстваў, так званых “губернскіх”, непасрэдна ўздзейнічаючы на работу гэтых устаноў. Членамі губернскіх таварыстваў у асноўным былі чыноўнікі губернскіх устаноў, а таксама дваране і прадстаўнікі духавенства. Напэўна, хрысціянскія і філантрапічнія матывы, а таксама публічная падзяка праз перыядычныя выданні надавала гэтай працы грамадскай значнасці, што па сутнасці, было прэстыжным.

Разам з заснаваннем дабрачынных таварыстваў і прыказаў грамадскага прызрэння ў губернскіх гарадах, прыватна-дабрачынныя ўстановы дапамагалі зняць вастрыню праблемы атрымання немаёмнымі слаямі насельніцтва бясплатнай медыцынскай дапамогі. У той жа час дапамогу розным катэгорыям  патрабуючых аказвалі рэлігійныя канфесіі ў каталіцкіх кляштарах і манастырах, якія імкнуліся супрацоўнічаць у гэтай справе з дзяржаўнымі органамі грамадскага прызрэння.

Сыч М.У.