Дробная шляхта Беларусі ў 30–60-я гг. XIX ст.: склад і эвалюцыя сацыяльна-прававога становішча

Актуальнасць вывучэння гісторыі дробнай шляхты ў 30–60-я гг. XIX ст. абумоўлена значнай адметнасцю ў самасвядомасці, звычаях, паводзінах, якой вызначалася дробная шляхта. Дробная шляхта прымала вельмі актыўны ўдзел у значных падзеях грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў XIX ст., з яе асяроддзя паходзілі многія дзеячы беларускага і польскага нацыянальных рухаў, што яшчэ болей актуалізуе ўзнятую праблематыку. Дробная шляхта была значнай групай у сацыяльнай структуры грамадства – яна складала каля 5% насельніцтва Беларусі.

У айчыннай гістарыяграфіі дробная шляхта ніколі яшчэ не была аб’ектам асобнага навуковага даследавання. Вывучэння патрабуе сацыяльнае становішча дробнай шляхты ў XIX ст., яе сацыяльная структура – падзел дробнай шляхты на катэгорыі, яе колькасны, веравызнальны і этнічны склад, ментальнасць дробнай шляхты, яе адметны этас. Недастаткова да гэтага часу была даследавана эвалюцыя прававога становішча дробнай шляхты ў XIX ст., палітыка расійскіх улад у адносінах да дробнай шляхты. Без даследавання гісторыі дробнай шляхты немагчыма паўнавартаснае вывучэнне сацыяльнай гісторыі грамадства Беларусі ў XIX ст. Даследаванне гісторыі дробнай шляхты ў перыяд кардынальнай трансфармацыі грамадства і дзяржавы ў XIX ст. з’яўляецца актуальным не толькі для гістарычнай навукі, але і для сумежных дысцыплін – этналогіі, гістарычнай сацыялогіі і інш.

У дысертацыі аналізуецца гістарыяграфія і крыніцы па тэме, праведзены аналіз унутранай структуры дробнай шляхты Беларусі, яе падзелу на больш дробныя катэгорыі ў адпаведнасці з сацыяльным, прававым становішчам, заняткамі і ладам жыцця. Разглядаюцца пытанні колькаснага і нацыянальнага складу дробнай шляхты, яе канфесійнай прыналежнасці і спецыфікі рассялення. Прааналізавана трансфармацыя сацыяльнай структуры дробнай шляхты і вызначаны яе прычыны. Асноўная частка працы прысвечана аналізу палітыкі расійскіх улад у дачыненні дробнай шляхты: “разбору” шляхты, аналізу працэдуры праверкі дакументаў і працэсу яе легітымізацыі, перасяленчай палітыкі, пытанням рэалізацыі т.зв. “абмежавальнага” заканадаўства ў адносінах да дробнай шляхты. У рабоце даецца ацэнка вынікаў палітыкі расійскіх улад ў адносінах да дробнай шляхты. Вызначаны этапы яе правядзення і змены ў прававым статусе дробнай шляхты.

Храналагічныя межы працы ахопліваюць перыяд 30–60-х гг. XIX ст. – перыяд паслядоўнай дэкласацыі дробнай шляхты расійскімі ўладамі. У працы, тым не менш, з-за працягласці некаторых трансфармацыйных працэсаў і мерапрыемстваў расійскіх улад у адносінах да дробнай шляхты, немагчыма было абмінуць пэўныя аспекты звязаныя са становішчам дробнай шляхты і накірункамі палітыкі ўлад у 20-я і 70–90-я гг. XIX ст.

 

Макарэвіч Віталь Сяргеевіч