Біблейскія матывы паэзіі Наталлі Арсенневай

Далучанасць да высокіх хрысціянскіх ідэалаў, узнёслае ўслаўленне святыняў, прасветлены малітоўны настрой – гэта характэрная асаблівасць паэзіі Наталлі Арсенневай, знакамітай беларускай паэткі ХХ стагоддзя, аўтаркі духоўнага гімна-малітвы «Магутны Божа».

Ужо ў першым перыядзе яе творчасці (20 – 30-я гады, калі ствараліся вершы, што ўвайшлі ў паэтычныя кнігі «Пад сінім небам» і «Жоўтая восень») выразна прасочваецца скіраванасць да вечных каштоўнасцяў, імкненне да красы і гармоніі высокага сіняга неба. Ужо сама назва першай кнігі і зачынны верш «Пад сінім небам» азначае стан душы – пад покрывам нябеснага, боскага святла. Гэта своеасаблівы паэтычны вектар, куды скіраваны погляд творцы, дзе спраўджваецца цуд – незямное, узвышанае жыццё-свята, супрацьпастаўленае шэраму зямному існаванню:

…Пад сінім небам усё іначай –

здаецца сьветлым, як сны, жыцьцё,

Такім нязнаным, дзіўным, узлётным,

жыцьцём-натхненьнем бязь сьлёз, турбот.

У сінях неба несмяротных

Бясконцым сьвятам сплывае год116.

Найвялікшым дарам Неба ўсяму жывому ўспрымала паэтка зямную красу, красу прыроды. Таму невыпадкова ў яе паэзіі гучыць шчырая малітоўная ўдзячнасць Творцу за гэты праўдзівы рай – зямлю, за шчасце, асалоду, што дае гэтая краса. Да прыкладу, фінал верша «Улетку»: «Нясуцца да нябёс малітвай дзякавання // Вышэй, вышэй, вышэй…»117. У нью-ёрскім выданні гэты верш, як і многія іншыя, перапрацаваны, зменены. Так, матыў удзячнасці заменены малітоўнай просьбай: «Імкнуць у вышыню за ўсіх, за ўсё, за сяньня // маліць, маліць, маліць…»118. Відавочна, аўтарку не задавальняла слова «дзякаванне», тым болей з націскам на трэцім складзе, што вымушалася рыфмоўкай.

Прырода бачыцца паэтцы праўдзівым храмам, месцам малітвы і супакаення душы, дзе між вечнай, дасканалай красы адбываецца таямніца споведзі, калі адыходзяць смутак і роспач, крыўда і адчай. Асабліва вабіць лес, дзе гонкія сосны – калоны храму:

Калі людзі пакрыўдзяць цябе,

калі хочацца плакаць, маліцца, –

ты ідзі вузкай сьцежкай у лес,

там так лёгка на крыўды забыцца!119

Таму невыпадкова, што там, у тым светлым хораме-лесе, пануе сапраўды незямны супакой, дзе да спакутаванай душы з’яўляецца сам Збаўца, прамаўляе вечныя, нязменныя ісціны пра ўсёдараванне і ўлівае ў душу акавіту веры, жывіцу гармоніі. Голас Бога, велічны і ўзвышаны, чутны  ў шолаху лісця, у кожнай кволай былінцы. Яго слова ўказвае на асабісты прыклад, на сваю вялікую ахвяру і дараванне:

Быццам прыйдзеш ты ў хорам дзіўны,

дзе няма ані сьлёз, ні маны,

дзе пачуеш у шэптах лісьця:

«Ты даруй неразумным, як я…» 120

Апошні радок паўтарае словы Евангелля: «Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць» [Лк 23.24].

Улюбёнай парой для Наталлі Арсенневай  былі змярканне, ноч з іх відавочнымі зменамі, з гульнёй колераў і адценняў, думак і настрояў, з неразгаданымі таямніцамі. «Вячэрні змрок, ноч для яе – гэта час роздуму аб вечных болях, аб вечных муках, час таямнічых ценяў, душэўнай тугі, але галоўнае – час ісціны, гранічнай праўды перад сабою, калі пазнаеш тайну жыцця і Бога»121.

Пазнанне Бога як пазнанне вялікай  таямніцы гучыць лейтматывам у вершы «Шэпты ночы», у прасторы якога пануе надзвычайная сцішанасць, бо «з душою душа гавора». Вынікам духоўных пошукаў ёсць узыходжанне на новы шлях, што азначае новае ўспрыняцце, бачанне, разуменне сэнсу жыцця. Гэта рацыянальная аснова, роздумная канва твора. Аднак жа лірычнае дзеянне скіравана ў іншую, эмацыйную прастору, якая поўніцца пачуццямі мройнымі, недасказанасцю. Верш завяршаецца тым жа пытаннем, якім і пачынаецца: «Што сумна шэпчуць мне тыя ночы?» Кальцавая кампазіцыя тут не толькі элемент формы, але і зместу: знайсці адказы, да канца пазнаць таямніцу жыцця немагчыма. Пытанні паўстаюць зноў і зноў.

Пошукі нязведанага, імкненне разгадаць таямніцы нязменна прыводзяць да высокага, нябеснага святла, адбываецца «эстэтызацыя» душы праз судакраненне з прыгожым, вечным, калі адкідаюцца як недасканалыя, непатрэбныя, не вартыя ўвагі зямныя ўцехі:

Не, не зямных я хацела б уцех,

Радасьцяў дробных празь сьлёзы і сьмех…

Я… я б раззорыць хацела душу122.

Два вершы Наталлі Арсенневай з аднолькавай назвай «Вячорны абразок» успрыняты літаратуразнаўцай Лолай Званаровай як прысвячэнні іконе: «Зялёны, жоўты сімвалізуюць комплекс фарбаў, асабліва папулярных сярод усходнеславянскіх іканапісцаў. Невыпадкова сярод вершаў Наталлі Арсенневай сустракаем два вершы «Вячэрні абразок», прысвечаныя іконе»123. З гэтым можна згадзіцца, калі ўлічыць, што абразок – гэта мініяцюрная ікона, маленькі абраз. Але відавочна, што паэтка мела на ўвазе хутчэй жанр, празаічную і паэтычную мініяцюру, вядомы  ад нашаніўскай пары. Згадаем знакамітыя «Абразкі» Змітрака Бядулі. Што да колеравай палітры, то толькі ў першым вершы паэтка выкарыстоўвае адценне жоўтага («і чыстым золатам заліта // ціхіх палёў далечыня»124). А ў другім нават прадмет традыцыйна жоўтага, залатога колеру зафарбаваны інакш: «Зіркае месяц кругатвары, // зялёна-сіні»125. І ўсё ж расейская даследчыца  ў пэўным сэнсе мае рацыю: ад вершаў сыходзіць той незвычайны, сцішана-роздумны, легкавейны настрой, які спрыяе малітве. Як прад абразом.

Паэтычная антытэза нябеснае – зямное выразна прагучала ў вершы «На матыў хаўтурнага маршу», высока ацэненага яшчэ ў 20-я гады. Па выхадзе першай кнігі паэткі савецкі крытык Мікола Байкоў пісаў у палымянскім артыкуле: «Па глыбокай натхнёнасці жывога пачуцця смутку бязмежнага, па музычнасці і бездакорнасці рытміцы гэты верш магчыма было б назваць найлепшым вершам Арсенневай і разам з тым адным з найлепшых у беларускай паэзіі»126. Меладычнасць, узнёслая малітоўнасць робяць гэты твор праўдзівай песняй, светлым развітаннем з жыццём. Тут адлюстравана не столькі імкненне ў край сценяў і нябыту, колькі да нябеснай гармоніі:

Гукі ўрачыстага маршу хаўтурнага

ціха ў паветры імглістым плывуць.

Сэрцы ад сьвету няветлага, хмурнага

ў сьвет неспазнаны, таёмны вядуць127.

Твор уражвае тым болей, што напісаны ён быў у 1921 годзе, калі аўтарка мела ўсяго васемнаццаць гадоў.

На першым этапе творчасці Наталлі Арсенневай біблейскія матывы не прагучалі непасрэдна, яны як бы знаходзяцца ўнутры паэтычнага твору, у самім элегічна-малітоўным настроі гераіні-верніцы, калі заміж слоў «гаварыць», «пісаць», «думаць», «марыць» часта выкарыстоўваюцца «маліцца», «маліць», калі сустракаем шчырыя звароты да Бога, як, да прыкладу, у вершы «Пытанне»:

Божа! Дні мае, хіба што шчасныя,

Ціха сыходзяць, сплываюць удаль,

Па сабе пакідаючы жаль,

Па мінулым – тугу перадчасную,

Што звініць, быццам кропляў крышталь128.

Колеравая палітра таксама непасрэдна звязана з хрысціянскімі матывамі. Так, колер Хрыста – белы – часта адлюстроўвае малітоўны настрой: «У белай рызе рабіны стаяць», «Высокі белы хорам».

Па-новаму загучалі хрысціянскія матывы ў творчасці Наталлі Арсенневай часоў вайны. Яе паэзія быццам набрыняла крывавымі падзеямі трагічнага часу, увабрала тыя страшныя рэаліі і адначасна надзею на паўстанне з попелу, з руінаў Беларусі.

Першы верш новай творчай пары «Палеглым» слушна называюць праўдзівым рэквіемам па загубленых маладых жыццях. Малітоўны настрой ствараецца праз успрыняцце прыроды як храму, калі  ў аснове метафары – вобразныя рэаліі царкоўнага жыцця: званы, абразы, свечкі, крыжы. Верш  «Палеглым» успрымаецца як развітальная імша ў прыродзе, калі кволае святло восеньскага дня саступае месца вечнай цемры:

Пахучай свечкай з воску залатога

канае

         над палеглымі

                                   асеньні дзень…129

Матыў супрацьстаяння жыцця і смерці на зруйнаванай вайной зямлі прагучаў у многіх вершах  Наталлі Арсенневай. Так, у вершы «Асенняя дарога» смерць паўстае ў вобразе крыважэрнай міфалагічнай істоты,  што мае багатае жніва, дзе каласы –  людскія жыцці: «Разбадзялася сьмерць, // люба ёй зрэзваць калосьсе, // ляскаць клыччом, // вылупляць ямы вачэй без павек»130. Магутная сіла жыцця, што здольна перамагчы смерць, вера ў чалавека – носьбіта жыцця, які сілай свайго духу, ахвярнасцю, веліччу ідэяў пераадольвае гібенне, знішчэнне, – гэты аптымістычны матыў завяршае верш:

Ды не, не скасіць ёй жыцьця,

нат чалавека ня скосіць, –

ён – несмяротны, як сьвет. Сьвет ёсьць, дык ёсьць чалавек!

А пакуль ёсьць чалавек –

                                        можна з крыві і руінаў

веліч ідэяў снаваць, найпрыгажэйшых за ўсё,

можна натхнёна гарэць за чалавецтва… і  гінуць,

каб на руінах жыцьця зноў красавала

                                                              жыцьцё!131

У апошніх радках матыў уваскрасення жыцця пераплятаецца з матывам Хрыстовага ўваскрасення, што праз сваю ахвяру даў надзею на перамогу над смерцю, загінуў за чалавецтва, смерцю знішчыўшы смерць.

Няпросты лёс мастака ў часы ваеннай навалы, ягоная высакародная і адначасна вельмі адказная місія тварыць параўноўваецца паэткай з крыжовымі пакутамі, калі слова ператвараецца ў той жа цвік, якім прабіваецца душа, вярэдзяцца раны:

Кожнае слова баліць, колець іржавым цвіком,

З кожным зьнізаным радком зноў устаюць успаміны

Ночных пажараў, трупоў, ледзьве прыкрытых пяском132.

Вяршыняй духоўнай паэзіі Наталлі Арсенневай  ваеннага часу ды і наогул усёй творчасці ёсць знакамітая малітва «Магутны Божа!». Сёння гэта для многіх – духоўны гімн Беларусі. Вядома гісторыя стварэння верша, вядома, што ён пісаўся на замову. Але гэта якраз той шчаслівы выпадак у мастацтве, калі вялікі талент пераплаўляе творы, напісаныя з неабходнасці, у прадзівы шэдэўр. Даследчык беларускай эміграцыі Арнольд Макмілін адзначае, што «гэтая ўзнёслая малітва са спецыфічнымі культурнымі спасылкамі (напрыклад, земляробчымі) больш нагадвае нацыянальны гімн, чым царкоўны спеў, і не ёсць тыповым вершам на выпадак…»133. Духоўным гімнам твор робяць і ўзнёслы малітоўны настрой, і шчыры, палымяны зварот да Бога, і ўкладзены ў змест вялікі клопат пра лёс Бацькаўшчыны. Гэта кранальная малітва, «якая ўзвышае і аб’ядноўвае нашы душы ў адзіным узнёслым парыве – чалавечай просьбе да Бога даць «ціхой і ветлай Беларусі» шчасце на зямлі»134.

Вялікае свята Хрыстовага Уваскрасення адлюстравала паэтка ў вершы «Велікодным ранкам». Зачынны матыў тут – усеахопная радасць, што шырокай хваляй запаўняе свет прыроды і чалавечыя душы. Упершыню ў творчасць Наталлі Арсенневай уваходзіць запачаткаваны яшчэ нашаніўцамі матыў, звязаны з надзеяй на  Адраджэнне Краю: Хрыстос уваскрос – уваскрэсне Беларусь, які пазней, на эміграцыі, стане адным з галоўных між біблейскіх матываў.

У глыбока патрыятычным вершы «О, родны край!» сустракаем асэнсаванне паэткай жыцця як найвялікшай кнігі – Бібліі, знаёмства з якой і ёсць жыццёвая плынь, рухомая, няспынная, незваротная:

Мне вечар разгарнуў пурпурныя балоны

вялізнай бібліі,

якую зваць «жыцьцём».

Яе лістаю я, а сонца дыск чырвоны

зьбіраецца тым часам науцёк135.

Відавочна, знаны даследчык творчасці  беларускіх эмігрантаў Мікола Мішчанчук не зусім мае рацыю, калі сцвярджае, што «пасля ж вайны, прайшоўшы праз расчараванне, перажыўшы трагедыю адрыву ад краю і страты веры ў адраджэнне нацыі, паэтка настроілася на хвалю адычную, знайшла дарогу ў Храм, да Бога»136. Яна заўсёды, з першых крокаў і ў жыцці, і ў паэзіі, ішла гэтай дарогай. Іншая справа, што вершаў, выразна хрысціянскай тэматыкі ў ранняй лірыцы не было, паэтка ў тым часе – над схваткай, у імкненні да чыстай красы і гармоніі высокага сіняга неба: адначасна нацыянальна-адраджэнскай тэматыкі ў ранняй лірыцы не было. І не магло быць, бо паэт

Нібы жоўтая восень,

                                 стаю над жыцьцём

і гляджу на яго,

хоць навокал – змаганьне137.

У эмігранцкі перыяд творчасці Наталля Арсеннева вельмі часта звярталася да біблейскіх матываў. Асабліва, калі асэнсоўвала лёс Бацькаўшчыны, яе сыноў, яе мінулае і будучае. У вершы-звароце «Беларусі» пераапрацаваны біблейскі матыў пакарання – кінуць каменем, калі паэтка задае пытанне: ці маюць права тыя, хто дайшоў да вяршыняў веры, для каго Беларусь – сімвал веры, папракаць тых, хто «верыць і ня верыць», хто здраднікамі не ёсць, але і веры вялікай не маюць: «Іх лёс няласкавы, іх шлях імглісты й шэры. // Ці нам каменьне ў сэрцы іх шпурляць?» Гэты ж матыў сустракаем і ў вершы «Сыны й маці», калі пачуццё сяброўства прыносіцца ў ахвяру дзеля «лусты тлустае», калі відавочна імкненне перакрыць шлях сябрам, кінуўшы «пад ногі камяні». Ужо ў прысвячэнні да гэтага верша прагучаў біблейскі  матыў блуднага сына, «перанесены» паэткай на беларускую глебу, на знакамітую старонку нашай гісторыі: «У Слуцкія ўгодкі нашым блудным сынам прысьвячаецца»138. Абагульнены вобраз беларускіх матуляў ўзвышаецца да вобліку Найсвяцейшай Маці:

Закрыўшы вочы зрэбнай палатнінай,

  • каторая ужо праз доўгія вякі –

сумуе Маці

                   й гэтая

                              па блудным сыне…139

Верш «Ён дайшоў» таксама гучыць як інтэрпрэтацыя матыву вяртання блуднага сына. Але ў вершы гэтае вяртанне выклікана не пакутамі матэрыяльнага плану, не голадам і холадам, а горкім хлебам чужыны, хай і белым, непераадольнай настальгіяй, патрэбамі высокага духоўнага кшталту. Шлях на Радзіму пакутны і доўгі. Слушна заўважае Лола Званарова, што ў вобліку безыменнага вандроўніка «праглядваюцца рысы гнанага Хрыста»140. Адзінокі, лішні, выгнаны  з роднага краю, ён сапраўды трывае пакуты крыжовага шляху:

На балі вясновым, пышным, лішні

Ён ішоў па росах, па жарсьцьве.

Ногі ранамі крывавымі зайрдзелі,

Вецер стрэчны вочы прыгасіў141.

У гэтым вобразе ўвасоблены некалькі іпастасяў: Хрыстос, блудны сын, вечны вандроўнік, выгнаннік-беларус. Трагедыя асобы спалучаецца, падсвечваецца, павялічваецца з трагедыяй Краю, зруйнаванага чужынцамі. Так чаканы прытулак, родны дом, што ўспрымаецца ў мроях праўдзівым раем, паўстае змрочнай карцінай разбурэння. Абрываецца надзея на вяртанне як збавенне ад пакутаў чужыны:

…Сьвіслач…//

                             Што?//

Чорны комін… Чорнай хаты рэбры…//

Пажарышча //

                       ўжо //

                                   парос //

                                                асот142.

У фінале верша вобраз ізноў узвышаецца да вобліку Хрыста, што чарговы раз завяршае свой зямны шлях, непрызнаны, непрыняты:

…Сына

             раз яшчэ

                           праводзіла зямля.

Ён ішоў, нікому непатрэбны,

і з тугой, якой ужо нічым ня змыць.

А ўздагон яму глядзелі вербы

нявідучымі, старэчымі вачмі143.

Духоўная слепата, не зжытая на гэтай зямлі, дзе людзі не здольны пазнаць і прыняць сына Божага, і ёсць крыніцай знішчэння і руйнавання. І гэтая ісціна  старая, як свет, і гэтак жа непахісныя ў сваёй духоўнай слепаце людзі, якія не ведаюць, што твораць.

Музычны акампанемент – покліч званоў – суправаджае рух лірычнага дзеяння ў вершы «Снежань». Малітоўны матыў падсвечваецца колеравай  гамай, паўсюль пануе непарушная белая чысціня: белы снег, белы вецер і «нехта белы» – Магутны Бог, перад абліччам якога роўныя ўсе, калі не ў гэтым, зямным, жыцці, то там, дзе вечны чакае спачын. Місія Хрыста выратавальная, ён імкнецца вырваць чалавечыя душы («блакітныя») ад злога, пякельнага, згубнага. Покліч Неба, покліч званоў гучыць у поўнай цішыні, гучыць выразна, настойліва, запаўняе ўсю прастору:

Места сьпіць… Ды ужо званьніцы

клічуць пышных і клічуць ніцых

выйсьці, вочы узьняўшы ў вышу,

Хай сабе не маліцца – спачыць.

Белы  вецер нясе, калыша

гэты кліч… І далечам сьніцца:

нехта белы, найбельшы кліча

іх, блакітных, ад злога ўцячы144.

Хрыстос жыве ў кожным, выяўляе сябе ў моманты найвышэйшага напружання, у хвіліны трагедыі. Прымае на сябе пакуты людскія. Так у вершы «Акцыя», дзе ўзнаўляюцца трагічныя падзеі знішчэння яўрэяў  у гады вайны. Нельга згадзіцца з развагамі Алеся Марціновіча пра твор,  калі як адкрыццё (пытальнік і клічнік у канцы сказа) падаецца наступнае: «Гэты верш «вельмі ж ужо пераклікаецца з яе «Малітвай»?!145. Далей крытык прыводзіць доказы, якія якраз і адлюстроўваюць адрозненне між творамі, а не іх падабенства. А якое неахайнае цытаванне: «Там зварот да «магутнага Божа, Уладара сусветаў, вялізных сонцаў і сэрцаў малых», «над Беларусяй ціхай і ветлай» рассыпаў «праменні Свае хвалы», а значыць, убярог яе ад усёй пошасці, якая можа толькі быць. Тут жа з’яўленне самога Хрыста, як галоўнага маральнага суддзі»146. Вершы аб’ядноўвае толькі вобраз Хрыста, а ва ўсім астатнім (і па жанравых асаблівасцях, і па форме: узнёслая малітва-гімн, палымяны зварот у адным вершы і аповед пра акцыю-знішчэнне, прапушчаны праз душу паэткі ў другім) творы цалкам адрозніваюцца. У фінале верша «Акцыя» Хрыстос з’яўляецца, каб прыняць на сябе пакуты знішчаных людзей. З’яўляецца ў вачах – люстэрку   душы – расстралянага яўрэйскага хлопчыка Ёселя:

І спад павек яго, хоць ён ня знаў Хрыста,

глядзеў Хрыстос з тугой нянаскаю, дзівоснай

на тых, каму зь пяску крывавага ня ўстаць,

на катаў у крыві…

                             слату…

                                     і восень…147

У Нямеччыне ў першыя пасляваенныя гады беларуская  эміграцыя імкнулася наладзіць нацыянальнае жыццё, найперш стварыць умовы для падрыхтоўкі юных беларусаў да будучага жыцця, даць ім належную адукацыю. Так паўстала Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, у якой актыўна працавала і Наталля Арсеннева. Яе вершы, прысвечаныя беларускім гімназістам, гучаць як палымяныя  заклікі верыць у паўстанне вольнага роднага Краю. Гэта глыбока патрыятычныя вершы, што выхоўвалі пачуццё любові і адказнасці за лёс Беларусі, вучылі служыць ідэалам яе Адраджэння і на чужыне. А здраду Радзіме паэтка разумела як учынак найганебнага ва ўсе часы злачынцы – Юды. Біблейскі матыў асуджэння здрады прагучаў у вершы-звароце «Моладзі»:

Бо няма на сьвеце злыдні больш нягоднай,

Чыну, вартага й праклёну і суда,

Чымся Юдам стацца для свайго народу,

Чым братоў ці здрадзіць, ці прадаць148.

Паэтка не змагла завяршыць сваю творчую задуму – паэму «Зьнічы». Аднак жа фрагменты яе ўспрымаюцца як даволі цэласны мастацкі арганізм. У творы адлюстравана трагедыя Беларусі – Правечнага Зніча. Лёс краіны заўсёды раздзялялі яе дзеці, гарэлі ў пажарах, як палымяныя знічы. Напластаванне эпітэтаў, паўторы ўзмацняюць эмацыянальна-экспрэсіўнае багацце паэтычнага выказвання: «Паланеў у неба шырока, нязгасна // велічны, // крывавы, // зыркі, зыркі  // зьніч»149. Гэты  крывавы зніч, што ўздымаецца да нябесных вышыняў, знаходзіць там водгук, спачуванне, суцяшэнне. Яскрава намаляваны вобраз крыжа, што паўстае як абаронца. А галоўнай выратавальнай сілай – «Хтось Найвышні», Магутны Бог:

А над ім ірдзеўся золатам найшчырым,

Рукі разгарнуўшы, распрастаўшы – крыж.

І сьцішаў звуглелых Хтось Найвышні

                                                            з вышы:

– Хай зытлелі целы,

                            Дух ваш – не згарыць150.

У зборніку Наталлі Арсенневай «На ростанях», які не пабачыў свет асобным выданнем, і сапраўды «дамінуе думка пра ўваскрашэнне жыцця, веры. Вяртаецца на грэшную зямлю Ісус Хрыстос, і побач з ім аказваецца Беларусь. Беларусь і Бог – яны побач, яны крочаць скалечанымі і зруйнаванымі прасторамі»151. З біблейскіх вобразаў сустракаем тут вобраз Фамы Нявернага, што  не здольны быў паверыць Слову (верш «Мой скарб»). У вершы «Прошча» таксама паўстае гэты вобраз, дзе ён сімвалізуе тых, для каго страчана вера, страчана наша найвялікшая святыня – Вострая Брама. Але магутная Пагоня, нібы вецер, няспынна ймкне да Вільні «стаконна, стамечна, стамільна». Наватворы Наталлі Арсенневай тут вельмі выразныя, літаральна стакроць павялічваюць эмацыйны напал паэтычнага радка.

Нашы хрысціянскія святыні-храмы часта згадваюцца паэткай. Так, у нізцы «Прывіды» ў вершы «Готык» паўстае вобраз касцёлу Святой Ганны, што ў яе роднай Вільні. Паэтычныя радкі нагадваюць узвышаныя звароты акафісту:

Готык непераможны!

Готык імклівы, вечны!

Келіх лялеі божае!

Наквець грамнічнай свечкі!152

У вершы «25 Сакавік» узнаўляецца абрад  святога прычасця: «Ахвяраю крыві, // а Слова стане Целам…»153.

Біблейскі матыў стварэння чалавека выкарыстаны дзеля асэнсавання працы паэта, мастака. Наканаванне таленту ў тым, каб узгадоўваць у целе чалавека душу, «агонь распальваць боскі // у целе з гліны і пяску»154, тварыць свой запавет.

У жанрава-разнастайных творах (а гэта малітоўныя споведзі, біблейскія прытчы, урачыстыя малітвы) адлюстраваны пачуцці паэткі, верніцы, хрысціянкі, патрыёткі. У многіх вершах, што прысвечаныя палеглым за Беларусь, пачуццё гонару за геройскія подзвігі змагароў пераплятаецца з матывам «вечная памяць» як духоўная даніна ад нашчадкаў («Над паўстанцкай магілай»).

Рамантычная традыцыя ўвасаблення вобразу Айчыны ў вобразе жынчыны ўваскрошана паэткай у вершы «Вы пайшлі паміраць», дзе вобраз Маці напоўнены пазнакай святасці. Гэта ўжо не проста жанчына-маці, а вялікая Маці Збаўцы, бо і яе сыны сталі збаўцамі для сваёй Радзімы, загінулі, укрыжаваныя, кінутыя на мукі дзеля святой справы:

… Прад табою, сьвятою, Айчына,

аж ты, Маці, гаркіх не сцалуеш сьлязін

зь вейкаў,

             вуснаў

                       ды ранаў

                                   змагальніка – сына155.  [1, с. 244]

Сімвал урачыстага свята Вербнай Нядзелі, якая адначасна ёсць пачаткам тыдня вялікіх трыванняў і пакутаў, – галінка вярбы, лазы. Гэты вобраз уваскрашае ў памяці паэткі-эмігранткі недасяжныя далечы, «дзе вецер сіней», дзе пануе мілая  сябрына вясновых лозаў. Яны, жывыя, набрынялыя сокамі вясны, падрыхтаваныя, каб паўстаць ахвярай, аддаць сваё цела, як Ісус Хрыстос, каб смерцю сваёй аднавіць надзею на вечнае жыццё:

…Даць ахвярнае цела

на нясьцерпную сьмерць, пад нажы,

каб у ладанах Вербнай Нядзелі

серабранай вярбою аджыць156. [1, с. 248]

Блісне раптам між паэтычных радкоў мроя-згадка пра Чысты Чацвер, калі йдзе ачышчэнне і душаў, і целаў, каб належна сустрэць наступныя вялікія Дні пакуты і радасці. І, згадка з мінулага, з вясковага жыцця беларусаў, – кросны таксама зіхацяць «і ў токам і асновай», ствараючы настрой урачыстасці і чысціні («Увесну»).

А самыя яркія ўзоры хрысціянскай і глыбока патрыятычнай паэзіі звязаны ў Наталлі Арсенневай з вялікім святам Божага Уваскрасення. Такіх вершаў многа: «Уваскрэсьні», «Дай, Добры Кон», «Свята Уваскрасеньня», «Ён граць ня сьціхне», «Радасьць», «І была там вясна…». Літаральна ў кожным з гэтых твораў сустракаем глыбокую веру ў уваскрэсенне Беларусі, бо ўваскрос Хрыстос:

…Ускрэсьне Край,

                           бо й Ён ускрос!

Мацней за сьмерць,

                              за ўсё,

                                        каханьне

зямлі, дзе ад дзіцяці ўзрос…

Устань-жа, ўстань,

ускрэсьні сяньня,

мой Край, як уваскрос Хрыстос!157 [Ускрэсьні]

 Вылучаецца між гэтых твораў верш «Каласы», дзе паэтка ўзнаўляе падзеі, апісаныя ў заключных раздзелах «Евангелля». У вершаваных радках дакладна, трапна і вельмі лаканічна адлюстраваны апошнія тры дні зямнога існавання Хрыста. Пакуты страшнага катавання – бічавання, вытрываныя Збаўцам: «Хрыстовы плечы // бізуну не дадзела крывавіць ды йрваць»158. З адданнем Яго на смерць праз цемру і няверу людскіх душаў пачынаецца новы час. Гэта новы, страшны дзень, разбуджаны трайнымі спевамі пеўня, гэта дзень невідучых і неразумных патрабуе сотнямі дзікіх галасоў літасці для разбойніка,  а Ягонага ўкрыжавання: «Так устаў новы дзень, захлынаўся: // «Вараву»!159 Псіхалагічна тонка перадзены паводзіны Пілата, які не мае сілаў, каб данесці дзікаму натоўпу праўду, каб адхіліць праліццё нявіннай крыві:

Прыглядаўся, як пільна мые рукі Пілат,

і лічыў – і зьбіваўся – град кропляў крывавых

на Сьвяцейшым Чале,

і адводзіў пагляд…160

Укрыжаванне – кульмінацыя пакутаў. Тут самыя значныя вобразы крыжа і каменя. Камень – сімвал маўчання – душыць, не дае праз крык вырвацца з грудзей нясцерпнаму болю. Здаецца, трыванне гэтае бясконца. Ратуе смерць. Прытулак зняможанаму целу дае камень, што часова становіцца Ягонай магілай. Паэтка не згадвае біблейскага Язэпа з Арымафеі, які хавае Хрыста. Бо гэта людскі страх пра здзейсненае хавае Святло за каменнай мяжою. Таму і надыходзіць часіна цемры. У «Евангеллі» цемра паўстае перад смерцю Хрыста на крыжы: «А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай» [Мк 16.33]. У вершы ж падзеі разгортваюцца згодна з наступнай логікай: страх, што ляжыць каменем на душах, хавае Цела-Святло, таму следам надыходзіць змрок:

У каменьні сівым

супачыла слабое,

бяз крывінкі, слухмянае Цела,

камень

да яго прыгарнула вялізарны

боязь,

сьвет прыгас, прыцямнеў…161

Але новы дзень, сімвал усёпераможнага Святла, абавязкова прыходзіць пасля цемры, расцвітае вясновай радасцю, зыркімі краскамі: «Ён расьцвіў // весьні, водырны, чысты, // серабрыстай лялеяй у пырсках расы»162. Уваскрэсенне Хрыста – гэта перадумова ўваскрасення жыцця, гэта перамога жыцця над смерцю, гэта пачатак новага Дня:

Дзень ускрос,

як Хрыстос,

што Рукою Прачыстай

ідучы, бласлаўляў

у палёх каласы…163

Вось тут і паўстае вобраз каласоў, што даў назву ўсяму вершу. Паэтка падводзіць да высновы: усе вялікія пакуты былі вытрыманы дзеля людзей, каб вярнуць ім надзею, каб аддаць сваё Цела, што стане хлебам для людскіх душаў. Матыў блаславення «ў кажнай дарозе»-жыцці завяршае верш.

Наталля Арсеннева заўсёды жыла тым, што адбывалася на яе Бацькаўшчыне. Адгукнулася яна і на нашу вялікую бяду – Чарнобыль. Верш з гэткай назвай – адзін з яе апошніх паэтычных твораў – упершыню быў прачытаны на ўрачыстай вечарыне, прысвечанай 60-годдзю газеты «Літаратура і мастацтва» Пятром Краўчанкам, які наведаў паэтку ў часе сваёй паездкі ў Амерыку. Верш заканчваецца прачулай малітвай, зваротам да Бога, каб адвёў пакуты ад нашай будучыні – дзяцей:

Божа! Божа!

                      Адзіны ў сусьвеце,

што ўсё знае, ўсё можа,

                       зрабі ж,

каб за нас не пакутвалі дзеці,

не яны каб,

                   а мы несьлі крыж!164

Паслядоўнае  адстойванне хрысціянскіх ідэалаў было характэрна Наталлі Арсенневай на працягу ўсёй яе творчасці. У даследаванні Міколы Мішчанчука знаходзім цалкам бясспрэчную выснову што да ўспрыняцця веры, Бога паэткай: «Хрыстос пачуваўся ў сабе самой»165. Ізноў жа, нельга згадзіцца, што гэта мае дачыненне толькі да пэўнага этапу яе творчасці. Хрыстос пачуваўся ў яе душы заўсёды, ад самых першых твораў да апошніх.

А.М. Петрушкевіч

Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: манагр. / І.В. Жук [і інш.].; пад рэд. І.В. Жука — Гродна : ГрДУ, 2009.