Беларускія традыцыйныя вясельныя строі маладых XIX - першай паловы ХХ ст.

У жыцці чалавека спакон вякоў былі тры самыя важныя падзеі: нараджэнне, стварэнне сям’і і смерць, з якіх толькі другую (вяселле) ён мог сам выбіраць. Таму вясельная абраднасць з’яўляецца адной з самых старажытных. У кожнага народа гэтае свята рыхтавалася з неверагоднай стараннасцю і з’яўлялася часткай традыцыйнай культуры са сваімі нацыянальнымі, рэгіянальнымі і лакальнымі адметнасцямі. У разнастайных рытуалах, іх музычна-песенным суправаджэнні, а таксама ў візульна-вобразным рашэнні вяселля ў цэлым галоўная роля адводзілася строям маладых. Яшчэ ў Святым Пісанні сцвярджаецца: “Ці можа забыцца … нявеста на ўбранне сваё?” (Іерамія 2:32).

Пры шырокім даследаванні музычна-фальклорнага боку традыцыйнага беларускага вяселля, строі маладых пакуль што заставаліся па-за ўвагай даследчыкаў-мастацтвазнаўцаў. Актуальнасць тэмы дадзенага дысертацыйнага даследавання вызначаецца неабходнасцю запаўнення прагалаў у навуковых ведах пра традыцыйныя вясельныя строі маладых, стварэння сістэмнага ўяўлення аб іх як важнай і ўнікальнай мастацкай з’яве традыцыйнай культуры. Аднаўленне разумення гэтага адметнага прадмета народнай творчасці ва ўмовах імклівых працэсаў глабалізацыі будзе спрыяць фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці і самаідэнтыфікацыі беларусаў сярод іншых народаў свету.

На працягу ХІХ стагоддзя адбываўся працэс складвання асноўных прыкмет традыцыйнага беларускага касцюма, у тым ліку вясельных строяў, якія па сваіх кампанентах і іх мастацкім рашэнні цалкам сфарміраваліся да канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Першая палова ХХ ст. стала часам актыўных палітычных, эканамічных і сацыяльных змен, пераходу ад традыцыйнага побыту да гарадскога, што абумовіла суіснаванне розных падыходаў да стварэння вясельнага адзення. Абраны перыяд для вывучэння (ХІХ – першая палова ХХ ст.) дазваляе ахапіць мастацкія асаблівасці беларускіх традыцыйных вясельных строяў маладых як на вяршыні іх развіцця, так і ў іх паступовым згасанні, і вылучыць найбольш трывалыя рытуальныя элементы.

Рассыльная Вераніка Юр’еўна

Rassylnaya Veranika

 

BELARUSIAN TRADITIONAL WEDDING COSTUMES

IN THE 19TH AND THE FIRST HALF OF THE 20TH CENTURIES

Key words: wedding, newlyweds, groom, bride, Belarusian folk clothes, traditional costumes, wedding ceremony, wreath, decorations, costume functions, regional distinctions, evolution of artistic solution, fashion, applied art.