Беларуская гістарыяграфія дэмаграфічнага развіцця гарадоў Заходняга рэгіёна Беларусі ў першай палове ХІХ ст.

У вядомым вучэбным дапаможніку З.Ю.Капыскага і В.В.Чапко “Историография БССР (эпоха феодализма)”, выдадзеным ў 1986 г., сцвярджаецца, што ў 1920 – 1930 гг. па сацыяльна-эканамічнай гісторыі гарадоў апублікавана 9 артыкулаў. Ні адзін з іх не прысвечаны дэмаграфічнаму развіццю гарадоў Гродзенскай губерні першай паловы ХІХ ст. З прац, апублікаваных у 1950 – 1980 гг. называецца толькі кніга В.В.Чапко “Города Белоруссии в первой половине ХІХ в.” [22, с. 80, 143]. Сваім артыкулам мы хочам дапоўніць агляд беларускай гістарыяграфіі дэмаграфічнага развіцця гарадоў Беларусі, пашырыць яго на 1990 – 2006 гг. і звярнуць увагу на  заходні рэгіён. Усяго прааналізавана 37 публікацый (кнігі серыі “Памяць” засталіся па-за ўвагай).

Спачатку разглядзім падручнікі і дапаможнікі па гісторыі Беларусі. У 1920-я гады, часы беларусізацыі, В.Ю.Ластоўскі, А.Смоліч, В.І.Пічэта, М.В.Доўнар-Запольскі выпусцілі падручнікі, у якіх сканцэнтравалі сваю ўвагу на сучаснай ім гісторыі Беларусі. Таму дэмаграфічнае развіццё навогул, і гарадоў, у прыватнасці, не знайшло належнага асвятлення. Ластоўскі адзначыў дзяленне мяшчан беларускіх гарадоў даследуемага намі часу на праваслаўных і уніятаў па мове беларускай і каталікоў па мове польскай [23, с. 92]. Смоліч у 28 параграфе сваёй “Геаграфіі Беларусі” падаў размеркаванне, рух і падзел насельніцтва Беларусі на канец ХІХ – пачатак ХХ ст. У параграфе 30 расказаў пра меншасці, якія пражываюць на землях Беларусі. Сярод іншых назваў яўрэяў, якія ў пачатку ХІХ ст. у мястэчках і гарадах складалі, на погляд аўтара, “усюды блізка большасць насялення”, бо была “черта оседлости” і ім забаранялася жыць у вёсках і займацца земляробствам [32, с.144]. У раздзеле ХІІІ “Истории белорусского народа” Пічэты, дзе ідзе гаворка пра палітыку расійскага ўрада ў Беларусі ў канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст., упамінаецца дазвол яўрэям прыпісвацца да купецтва з выплатай вызначанага працэнта з аб'яўленых капіталаў [30, с.68]. Доўнар-Запольскі ў “Гісторыі Беларусі” насельніцтву прысвяціў 3 параграф ХVI главы. Спасылаючыся на дадзеныя Германа, аўтар гаворыць пра “прырост” у гарадскім класе ў 1810 г. і піша, што па 7 і 8 рэвізіям “прырост мяшчанскага насельніцтва ідзе нармальным тэмпам, а прырост вышэйшага гарадского класа – купецтва – ідзе вялікімі скачкамі” [13, с. 307, 309]. Паводле дадзеных Арсеньева (1846 г.) і Трайніцкага (1858 г.) Доўнар-Запольскі робіць выснову пра насельніцтва Гродзенскай губ.: “Толькі ў адной Гродзенскай губерні рост насельніцтва можа быць прызнаны нармальным, што тлумачыцца развіццём тут фабрык. Найменш населенай з'яўляецца Мінская губерня і найбольш населенай Гродзенская” [13, с. 308].

У беларускіх падручніках, пачынаючы з выдання ў 1954 г. “Истории Белорусскай ССР” і заканчваючы сучаснымі, няма спецыяльнага параграфа, прысвечанага насельніцтву Беларусі наогул і гарадскому ў прыватнасці. Звычайна ад некалькіх сказаў да некалькіх абзацаў  пра яго гаворыцца ў параграфах пра эканамічнае развіццё беларускіх зямель. У другім выданні названага падручніка пра насельніцтва Беларусі ў першай палове ХІХ ст. амаль нічога не гаворыцца, а ў першым выданні адзначаецца рост гараджан з 1825 па 1863 г. з 129 да 350 тыс. чал., указваецца, што ў 1861 г. Брэст па колькасці насельніцтва займаў 3, а Гродна 4 месца пасля Віцебска і Мінска [16; 17, c. 211]. У наступным падручніку “История Белорусской ССР” (1977) А.М.Карпачоў і К.І.Шабуня пішуць пра павелічэнне гарадскога насельніцтва са 150 да 316 тыс. чал. за перыяд з сярэдзіны 1820-х да пачатку 1860-х гадоў, што прывяло да росту ўдзельнай вагі гараджан у агульнай колькасці насельніцтва да 5 %. Прычынай гэтага аўтары лічаць перасяленне ў гарады яўрэяў. У складзе гарадскога насельніцтва яны выдзяляюць наступныя катэгорыі: гільдзейскае купецтва (больш 3 % гараджан), сялянства (“значна больш” за купецтва), дваранства (7 %), інтэлігенцыя, рамеснікі (Гродна названы сярод гарадоў, дзе яны канцэнтраваліся), дробныя гандляры і лавачнікі (значная частка гараджан) [18, с. 101, 103].

У “Истории БССР” (1981 г.) аўтар 7 параграфа першай главы В.В.Чапко адзначае рост гарадскога насельніцтва са 150 да 316 тыс. чал. з пачатку ХІХ ст. да канца 1850-х гадоў. Упершыню ў беларускай гістарыяграфіі сярод прычын гэтага працэсу яна называе натуральны прырост і перасяленне ў гарады шляхты. У складзе гараджан аўтар называе мяшчан, дваранства і духавенства (6-7%), гільдзейскае купецтва (2-2,5%) [19, с.179]. У “Нарысах гісторыі Беларусі” (Ч.1) ёсць пункт “Зямельнае пытанне і саслоўныя ўзаемаадносіны”, у якім Я.К.Анішчанка піша пра сялянства і шляхту, пра прымусовае высяленне яўрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі, што, на яго погляд, было галоўнай прычынай павелічэння гарадского насельніцтва з  1796 па 1861 г. у 4 разы. Прыведзены лічбы: яўрэйскае насельніцтва складала ў сярэдзіне стагоддзя каля 70 % рамесна-гандлёвай часткі гараджан, а выхадцы з сялян – 2,5-3 % [29, с. 278-279].

І.І. Коўкель у падручніку “История Беларуси. С древнейших времён до нашего времени” адзначыў, што прычынамі хуткага росту гарадскога насельніцтва Беларусі ў 1830 – 50-е гады былі не эканамічныя, а палітычныя фактары, у першую чаргу прымусовае высяленне яўрэяў з вёсак і памешчыцкіх маёнткаў у гарады і мястэчкі. Са структуры гараджан ён выдзеляе мяшчан (рамеснікаў, дробных гандляроў, чорнарабочых і інш.), якія складаюць 75 – 80 % гарадскога насельніцтва [21, с. 90]. У “Гісторыі Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі” адзначаецца павелічэнне гарадскога насельніцтва 42 беларускіх гарадоў з 1825 па 1861 г. са 151 да 320 тыс. чалавек [7, с. 131]. Гэтыя лічбы не стасуюцца з дадзенымі на тыя ж гады ў “Экономической истории БССР” [37, с. 6 1]. У “Нарысе гісторыі Беларусі” З.Шыбекі ёсць раздзел “Гараджане” ў параграфе 1.2 “Змены ў становішчы жыхароў Беларусі”, але па даследуемым намі праблемам, акрамя ўказання на наяўнасць сярод гарадскога насельніцтва яўрэяў, якія жылі ў мяжы аселасці, нічога няма [36, c. 17-21].

Наступную групу аналізуемай літаратуры складаюць кнігі па эканоміцы Беларусі. У 1969 г. была выдадзена “Экономическая история БССР”. У п. 5 главы ІІ ёсць спецыяльны раздзел, прысвечаны становішчу гарадоў і развіццю гандлю.  Адзначаецца павелічэнне гарадскога насельніцтва 42 беларускіх гарадоў з 1825 па 1861 гг. са 150 да 316 тыс. чалавек. Гэты рост тлумачыцца “галоўным чынам за  кошт прытока з вёскі сялян” і станаўленнем рысы аселасці яўрэйскага насельніцтва [37, с. 61]. Наступная кніга па эканамічнай гісторыі Беларусі выйшла праз 35 гадоў. У 6 главе “Эканамічнае развіццё Беларусі ў перыяд крызысу і разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы (першая палова ХІХ ст.)”, напісанай І.І.Гвардзеевым, указваецца на некаторыя фактары, якія прыводзілі да змены структуры гарадскога насельніцтва: ліквідацыя самастойнасці і карпаратыўнай замкнёнасці цэхаў, прымусовае перасяленне ў гарады і мястэчкі яўрэяў, перасяленне ў гарады сялян (хаця прыгоннае права стрымлівала гэты працэс). Называюцца такія групы гараджан, як рамеснікі (у канцы 1850-х гадоў іх налічвалася 16,5 тыс. чал.), купцы, мяшчане, рабочыя, працаўнікі па найму [38, с. 123-124]. Адзначаны рост колькасці гарадоў як гандлёва-прамысловых цэнтраў – у сярэдзіне ХІХ ст. 50 гарадоў і болей 400 мястэчак і колькасці гарадского насельніцтва са 105 тыс. (3,3 %) да 315 тыс. (10 %) [c.127]. Акрамя падручнікаў, былі апублікаваны метадычныя рэкамендацыі “Экономическая история Беларуси и зарубежных стран”. У тэме  “Эканамічнае развіццё Беларусі ў перыяд крызысу і разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы (першая палова ХІХ ст.)” усяго 5 сказаў прысвечана эканоміцы гарадоў [12, с. 21]. Аўтар піша, што яна “прыходзіць у стан крызіса і ўпадку з-за захаваўшыхся і пераважваючых феадальна-прыгонніцкіх форм гаспадарчага жыцця”. Заўважана, што ў гарадах скарачаецца феадальнае саслоўе і павялічваецца насельніцтва, якое працуе па найму, а таксама купецтва.

У кнігах па гісторыі гарадоў Беларусі маюцца толькі фрагментарныя дадзеныя па гарадам заходняга рэгіёну Беларусі. У першай главе кнігі  “Города и сёла Белорусской ССР” даецца агульная характарыстыка гарадоў і сельскіх пасяленняў, прыведзена табліца, у якой падаецца колькасць насельніцтва ў некаторых гарадах Беларусі ў 1800 – 1956 г. Сярод іншых указаны Брэст і Гродна, якія ў першай палове ХІХ ст. уваходзяць у першую шасцёрку найбольш буйных беларускіх гарадоў [14, с. 12]. У апісанні ж гарадоў Гродзенскай вобласці пазначаецца, што губернскі Гродна заставаўся невялікім горадам, а яго насельніцтва складалася з чыноўнікаў і кустароў [с. 225]; Ваўкавыск быў “невялікім гарадком” [с. 232], а Ліда “хутчэй напамінала вёску, чым горад”, бо ў ёй жылі ў 1861 г. толькі 2,5 тыс. чал. [c. 236]; Навагрудак на працягу ўсяго ХІХ ст. “заставаўся маленькім гандлёвым гарадком”, у якім жылі “некалькі чыноўніцкіх сямей, войскі, раскватараваныя ў горадзе, абывацелі, не маючыя вызначаных заняткаў, дробныя гандляры” [с. 241].

Невялікі раздзел “Дыслакацыя гарадоў у дарэвалюцыйны перыяд” ёсць у кнізе “Развитие городов Белоруссии”. У ім называецца распаўсюджаная па іншых выданнях лічба росту гараджан з 1825 па 1863 г. Сярод буйных гарадоў трэцім названы Гродна [1, с. 14]. Першая глава кнігі “Города Белоруссии. Краткий экономический очерк” прысвечана ўзнікненню і развіццю гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Сярод больш значных беларускіх гарадоў  канца ХVІІІ – першай паловы ХІХ ст. называюцца Гродна і Брэст, адзначаецца павелічэнне гарадскога насельніцтва з 1825 па 1861 г. болей чым у 2 разы [2, с. 10]. У артыкулах, прысвечаных гарадам Гродзеншчыны, у кнізе “Гарады і гарадскія пасёлкі Беларусі” няма матэрыялаў па насельніцтву, толькі ў некаторых прыводзіцца колькасць гараджан на 1897 г. У артыкуле “Горад” гаворыцца пра павелічэнне гарадскога насельніцтва пасля уз'яднання Беларусі з Расіяй і ўказваюцца дзве прычыны стрымлівання працэса урбанізацыі – прыгонніцтва і слабае развіццё прамысловасці [5, с. 73]. Пэўны матэрыял па урбаністыцы дае кніга В.Целеша “Гарады Беларусі на старых паштоўках”, бо змешчаныя паштоўкі Брэста, Ваўкавыска, Гродна, Ліды, Навагрудка, Слоніма знаёмяць нас з выглядам гарадоў канца ХІХ – пачатку ХХ ст., дзейнасцю і бытам жыхароў [33].

У кнігах, напісаных пра  канкрэтныя гарады, патрэбныя нам матэрыялы таксама або адсутнічаюць, або фрагментарны і не даюць карціны дэмаграфічнага развіцця гарадоў. У вядомай серыі гісторыка-эканамічных нарысаў ёсць кнігі пра Ваўкавыск [6, c. 9], Гродна [10, c. 32, 46], Ліду [24, c. 11], Слонім. У іх маецца толькі фіксацыя колькасці гараджан на пэўныя даты. Тое ж маем і ў гістарычных нарысах пра Гродна і Слонім. Толькі тут ёсць яшчэ дадзеныя пра некаторыя групы насельніцтва гарадоў: рамеснікаў і рабочых [9, c. 27. 66; 28, c. 14-16]. Cтруктура энцыклапедычнага даведніка “Гродно”, відаць, не прадугледжвала паказаць дэмаграфічнае развіццё, бо дадзеных пра гараджан розных эпох няма [11].

З цікавых выданняў пра гарады ўспомнім кнігу Д.Вашукувны-Каменецкай “Брест – город незабываемый”. Тут няма матэрыялу аб насельніцтве, але аўтар піша аб знішчэнні старога Брэста падчас будаўніцтва крэпасці ў 1836 – 1846 г. і пераносе горада на 2 км на ўсход ад яго, на месца былога Кобрынскага прадмесця. Гэты факт мае несумненны ўплыў на развіццё гарадского насельніцтва Брэста [3, с. 87]. У 1993 г. выйшла кніга-хроніка пра Гродна, паклаўшая пачатак такому роду прац пра іншыя гарады Беларусі (у тым ліку пра Навагрудак М.Гайбы). Аўтары А.П.Госцеў і В.В.Швед прыводзяць  колькасць насельніцтва горада ў 1797, 1816 (амаль у 6 разоў іўдзеяў больш, чым хрысціян), 1825, 1837, 1856, 1859, 1861 гадах, колькасць каменных і драўляных дамоў [8, с. 48, 51, 52, 54, 56-57]. У публікацыі “Ліда на старых малюнках, паштоўках, фатаздымках” ёсць раздзел “Яўрэі ў Лідзе”, дзе прыведзена табліца “Насельніцтва горада”, у якой ёсць дадзеныя па ўсіх гараджанах і яўрэях на  1817 – 1862 г. Атрымоўваецца, што апошнія складалі палову ці болей насельніцтва Ліды [25].

Багаты матэрыял і цікавыя разважанні маюцца ў кнігах па эканоміцы гарадоў, напісаных В.В.Чапко і яе паслядоўнікам А.М.Лютым. У пятай главе сваёй манаграфіі “Города Белоруссии в первой половине ХІХ в.: Экономическое развитие” Чапко піша пра насельніцтва гарадоў. Асноўныя палажэнні базіруюцца на дадзеных яе артыкула “Население городов и местечек Белоруссии в первой половине ХІХ в.”, надрукаваным у 1976 г. (пра яго будзе сказана ніжэй). Аўтар на падставе статыстычнага матэрыяла паказала рост насельніцтва з 1811 г. па 1861 г. больш чым у 3 разы, прааналізавала сацыяльны, рэлігійны і нацыянальны склад гараджан і зрабіла высновы пра тое, што насельніцтва беларускіх гарадоў у першай палове ХІХ ст. перажывала перыяд перахода ад феадальнага грамадства да капіталістычнага, што пачалі фарміравацца класы гэтага новага грамадства [35, с. 112-129]. Пры гэтым Чапко дапусціла недакладнасці ў прывядзенні некаторых лічбаў у табліцах, не звярнуўшы ўвагу на выпраўленне памылак у наступных выданнях розных статыстычных зборнікаў, якія яна выкарыстоўвала. Гэта не паўплывала на канчатковыя высновы аўтара.

Адным з грунтоўных даследаванняў, у якіх дадзена характарыстыка гарадоў і прааналізавана іх насельніцтва ў першай палове ХІХ ст. па такіх параметрах, як: колькасць гарадоў, воблік гарадоў, рост колькасці гараджан, сацыяльны і канфесіянальны склад з’яўляецца манаграфія Лютага. Табліца “Колькасць насельніцтва гарадоў Беларусі” прыводзіць дадзеныя па гарадах усіх губерняў на 11 дат (з 1786 па1861 г.). Недакладнасці некаторых лічбаў Люты правільна тлумачыць недахопамі ўліку, пропускам беглых сялян, ухіленнем яўрэяў ад падаткаў, утойваннем багатай гарадской вярхушкай часткі рэвізскіх душ з гэтай жа мэтаю. Звернута ўвага  на тое, што найбольшыя тэмпы росту колькасці гараджан назіраюцца ў Гродзенскай губерні; што асабліва хутка расла колькасць насельніцтва ў гарадах – рачных партах (сярод іх названы Гродна, Брэст, Кобрын) [26, с. 31- 33, 36]; што паміж трох самых буйных гарадоў Беларусі даследуемага часу ёсць Гродна і Брэст [26, с. 38]; што крыніцамі росту гарадскога насельніцтва былі: незначнымі – натуральны прырост, перасяленні з іншых губерняў, дзяржаўныя сяляне, цыгане, замежнікі; значнымі – вёска (шляхта, вольныя збожжааратыя, панцырныя баяры), мястэчкі (адпушчаныя на волю сяляне, дзяржаўныя сяляне на аброку), вайскоўцы (ніжнія чыны, безтэрміноваадпушчаныя, салдаты), яўрэі, чыноўніцтва. Табліцы 9 – 11 “Размеркаванне гарадскога насельніцтва па сацыяльным группам” [26, с. 50-61] дае матэрыял па такіх групах гараджан, як: дваранства, духавенства, чыноўнікі, вайскоўцы, купцы, мяшчане, сяляне, замежнікі, іншыя (незапісаныя ў названыя групы). Падрабязна аўтар аналізуе дынаміку развіцця кожнай групы (зменшылася ці павялічылася з якіх прычын). Табліцы 12-13 прысвечаны “Размеркаванню гарадскога насельніцтва па веравызнанню”: праваслаўныя, уніяты, каталікі, лютэране, яўрэі, мусульмане, цыгане [26, с. 68-70, 72-23]. У сваёй наступнай кнізе “Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX стагоддзя” насельніцтву гарадоў і мястэчак Беларусі Люты прысвяціў 3 параграф 2 главы. Ён паўтарыў тут асноўныя палажэнні сваёй манаграфіі па гарадах Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. [27].

Ёсць некалькі працаў, прысвечаных непасрэдна насельніцтву Беларусі. Самая ранняя публікацыя – брашура У.Ігнатоўскага “Белоруссия. Территория, население, эканомика и важнейшие моманты истории”. Паколькі задачай аўтара было паказаць сучасны яму стан терыторыі, насельніцтва і эканомікі, дык і дадзеныя ён прывёў толькі на канец ХІХ ст. (паводле перапісу 1897 г.) для таго, каб параўнаць іх  з 1924 г. Ігнатоўскі звярнуў увагу на натуральны прырост насельніцтва ў Беларусі на працягу 1860 – 1900 г., прывёўшы лічбы Ромера [15, с. 9, 11]. Я.І.Карнейчык у кнізе “Беларуская нацыя”, разглядаючы ўтварэнне супольнасці эканамічнага жыцця беларускай нацыі, звяртае ўвагу на рост гарадскога насельніцтва на працягу 32 гадоў з 1825 па 1856 г., павелічэнні яго ўдзельнай вагі ў агульнай колькасці насельніцтва (з 5 да 8 %). На яго погляд, прычынамі гэтага росту было перасяленне з вёскі – багатыя імкнуліся запісацца ў мяшчане, а бедныя шукалі заробкаў на прадпрыемствах, на прыстанях суднаходных рэк (Брэст, Гродна), павялічыўся слой гандлёва-прамысловага насельніцтва. Сярод буйных беларускіх  гарадоў называюцца Брэст, Гродна [20, c. 47, 55].

Грунтоўны артыкул напісала Чапко – “Население городов и местечек Белоруссии в первой половине ХХ в.”. Адзначана колькасць гарадоў у Гродзенскай губерні на 1802 и 1861/62 г. (яна зменшылася з 8 да 6), паказаны уплыў развіцця рамяства,  прамысловай вытворчасці, гандлю і промыслаў на рост колькасці насельніцтва гарадоў, а апошняга на пашырэнне ўнутранага рынку для збыту прадукцыі сельскай гаспадаркі [34, с. 161]. Аналізуецца колькасць насельніцтва шасці гарадоў губерні на 1811-1861 г., падкрэсліваецца назіранне працэсу “узбуйнення” гарадоў у Беларусі (Гродна меў звыш 20 тыс. чал.) [с. 167]. Сярод крыніц роста гараджан называюцца: вёска (шляхта, вольныя людзі, панцыпныя баяры), мястэчкі (адпушчаныя на волю сяляне, дзяржаўныя сяляне на аброку), вайскоўцы (ніжнія чыны, безтэрміноваадпушчаныя, салдаты), яўрэі, чыноўніцтва, натуральны прырост. Аўтар спыняецца і на нацыянальным складзе гарадскога насельніцтва, прызнаваючы, што зрабіць гэта даволі складана з-за адсутнасці ў статыстыцы таго часу нацыянальнага вызначэння. Дзяленне па прыкмеце "вера" прыводзіць да таго, што рускія, беларусы, украінцы адносяцца да праваслаўных, палякі – да каталікоў, беларусы – да уніятаў, больш даставерна можна паказаць толькі яўрэяў і татар-мусульман [с. 169]. Чапко выдзеляе такія групы насельніцтва гарадоў, як: дваране (у большасці дробнапамесныя ці безпамесныя, служачыя на вайсковай ці дзяржаўнай службе), духавенства, чыноўніцтва, гільдзейскае купецтва, мяшчанства (уладальнікі мануфактур і рамесных прадпрыемстваў, рабочыя, асобы творчых спецыяльнасцяў, без вызначаных заняткаў), сяляне (памешчыцкія, дзяржаўныя, дваровыя, якія былі слугамі, рознарабочымі), ганаровыя грамадзяне, разначынцы, вучні, аднадворцы, вайскоўцы (афіцэры, салдаты мясцовых гарнізонаў, інвалідных каманд, паліцыі, жандармерыі) [с. 173, 177]. Чапко вызначае, што ішоў працэс складвання новых класаў капіталістычнага грамадства: буржуазіі з гільдзейскага купецтва і пралетарыята з рабочых мануфактур, фабрык, прадпрыемстваў дробнага тыпу [с. 177].

Неабходна ўспомніць артыкул А.Ф.Вішнеўскага і В.М.Краўцовай “Рост численности и изменение социального состава населения городов Белоруссии в период кризиса феодализма”. У ім праглядаюцца тыя ж ідэі і палажэнні, якія выказаныя ў названым артыкуле В.В.Чапко. Можа, толькі больш раскрываецца, чаму ў гарадах стала больш вайскоўцаў (паўстанне 1830-31 г., падзеі 1848-49 г.),  шляхты (скарачэнне яе ў сувязі з палітыкай урада), менш духавенства [4, c. 16-18].

Па матэрыялам: Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І.П. Крэнь, І.В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. – Гродна: ГрДУ, 2007.