Баявыя дзеянні 85-й стралковай дывізіі пад Гродна ў чэрвені 1941 года

Пачатак вайны для 85-й стралковай дывізіі, як і для іншых часцей 3-й Арміі Заходняга фронту, быў катастрафічным. Гэтыя злучэнні пацярпелі паразу ўжо ў першы тыдзень нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз. Пад Гродна адбываліся жорсткія баі з вялікімі стратамі, і менавіта 85-я дывізія прымала ў іх самы актыўны ўдзел. На сённяшні дзень ход гэтых баявых дзеянняў прадстаўляецца аўтару недастаткова даследаваным і нават заблытаным. Дастаткова нагадаць, што, напрыклад, у кнізе "Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка горада Гродна" камандзір дывізіі Аляксандр Васільевіч Бандоўскі названы Бандароўскім, а баявыя дзеянні лакалізаваны памылкова [1, с. 344]. У кнізе "В июне 1941 г. (воспоминания участников первых боев на Гродненщине)" на схеме складу 3-й Арміі 85-я дывізія паказана ў складзе 11-га мехкорпуса Чырвонай Арміі [2, с. 62]. Асноўная частка нашых ведаў аб падзеях таго чэрвеня грунтуецца галоўным чынам на ўспамінах іх удзельнікаў, аднак баявая дзейнасць 85-й дывізіі ў апублікаваных матэрыялах адлюстравана эпізадычна. У фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея захоўваюцца яшчэ не ўведзеныя ў навуковы зварот успаміны генерал-маёра А.В. Бандоўскага і іншых камандзіраў і байцоў 85-й дывізіі, якія ў значнай меры могуць запоўніць гэты прабел [3].

         85-я Чалябінская ордэна Леніна стралковая дывізія ўваходзіла ў склад 4-га стралковага корпуса, які ў сваю чаргу быў нададзены 3-й Арміі Заходняй Асобай акругі (з пачаткам вайны — Заходняга фронту). Дывізія была перакінута ў Гродна ў сярэдзіне мая 1941 года. З самага пачатку яе дыслакацыя была не вельмі ўдалай: два стралковыя палкі — 103-ці і 141-шы — размяшчаліся ў лагерах каля вёскі Солы на паўднёвым ускрайку горада. Разам з імі стаялі спецыяльныя часці: 167-мы лёгкі артполк, 223-ці гаўбічны артполк, 346-ты асобны зенітны артдывізіён. У казармах недалёка ад чыгуначнага вакзала размяшчаліся 59-ты стралковы полк, 74-ты асобны разведвальны батальён (у іншых крыніцах разведбат мае нумар 78, а нумар 74 — асобны батальён сувязі, размяшчэнне якога высветліць не ўдалося), 2-гі аўтабатальён (у іншых крыніцах — 3), 48-мы медыцынскі батальён. Акрамя таго, 130-ты сапёрны батальён з моманту прыбыцця дывізіі ў Гродна быў адпраўлены ў Беласток, а за тыдзень да нямецкага наступлення з кожнага палка па адным батальёне было накіравана на лінію дзяржаўнай мяжы для ўдзелу ў будаўніцтве ўмацаванняў 68-га УРа і з 59-га палка ўзяты тры роты ў горад для аховы складоў [4, л. 1 – 2].

         У пачатку чэрвеня штаб дывізіі па загаду камандарма-3 В.І. Кузняцова пачаў распрацоўку плана дзеянняў на выпадак вайны. Згодна з гэтым планам па трывозе часці дывізіі падымаліся і, каб пазбегнуць удараў авіацыі праціўніка, выводзіліся ў лясныя масівы побач з горадам з паўночна-ўсходняга і паўднёвага бакоў. У выпадку актыўных дзеянняў ворага на граніцы дывізія павінна была на працягу дня зрабіць 30-кіламетровы марш на захад у раён пасёлка Дамброва і далей дзейнічаць згодна з загадам вышэйстаячых штабаў. План распрацоўвалі 4 чалавекі: камандзір дывізіі, начальнікі штаба, артылерыі і сувязі. Ніхто з іншых камандзіраў у дывізіі з планам не быў азнаёмлены. Распрацоўка плана была скончана 20 чэрвеня, 22 іх павінен быў зацвердзіць камандуючы арміяй. Планы павінны былі быць змешчаны ў пакеты, запячатаны і захоўваліся ў сейфе аператыўнага аддзела штаба арміі. Такім чынам, можна канстатаваць, што рэальна ва ўмовах, якія склаліся раніцай 22 чэрвеня, дзейнічаць згодна з гэтымі планамі часці 85-й дывізіі не маглі, таму што на азнаямленне з імі ў камандзіраў палкоў і спецпадраздзяленняў дывізіі не было часу, акрамя таго, планы не былі правераны на практыцы [4, л. 4 – 5].

         У першай гадзіне ноччу з 21 на 22 чэрвеня генерал Бандоўскі правёў у сваім штабе (вул. Ажэшкі) аператыўную нараду з упраўленнем дывізіі па пытаннях забеспячэння. На ёй было вызначана, што ў дывізіі былі створаны запасы прадуктаў з разліку на 5 сутак, па 2 запраўкі гаручага, але належнай колькасці да двух камплектаў артылерыйскіх боепрыпасаў яшчэ не завезлі. 22 чэрвеня было апошнім тэрмінам стварэння неабходных запасаў на выпадак вайны. Нарада скончылася ў 3.30 22 чэрвеня [4, л. 6].

         У 4 гадзіны раніцы, калі разарвалася першая бомба каля штаба арміі, генерал Бандоўскі заставаўся ў сваім штабе. Планы, якія ён распрацоўваў напярэдадні, атрымліваць у аператыўным аддзеле генерал адмовіўся па прычыне таго, што, як ён сам напісаў у сваіх успамінах, "…для меня, да и не только для меня, было ясно, что наши планы — ни больше, ни меньше как груда ненужных бумаг". Каля 5 гадзін ён атрымаў загад ад В.І. Кузняцова заняць абарону па рацэ Ласосна ад пасёлка Ласосна на поўначы да леса за Чэхаўшчызнай на поўдні фронтам на захад. Артылерыя заняла пазіцыі ў ваколіцах Калбасіна. Камандны пункт дывізіі размясціўся ў яры каля в. Солы, дзе ён быў надзейна прыкрыты батарэямі 346-га зенітнага дывізіёна. У 6 гадзін часці дывізіі з лагера Солы пачалі рухацца на рубеж Ласосна [4, л. 7 – 8].

         Належыць асобна сказаць аб тых аддзелах 85-й дывізіі, якія да вайны размяшчаліся ў казармах у горадзе. 59-ты стралковы полк і разведвальны батальён былі вылучаны з-пад каманды Бандоўскага камандуючым Кузняцовым і выйшлі з Гродна для абароны горада з поўначы. Ноччу з 22 на 23 чэрвеня гэтыя часці па загаду камандуючага арміяй пакінулі пазіцыі і накіраваліся на паўднёвы ўсход да Скідзеля і далей да Мастоў, дзе іх рэшткі злучыліся з іншымі, таксама моцна парадзеўшымі, часткамі 85-й дывізіі [5, л. 1 − 6]. 48-мы медсанбат спачатку разгарнуў сваю дзейнасць у казармах ваеннага гарадка, але з-за бамбёжак перайшоў у раён чыгуначнага маста, дзе таксама была вялікая небяспека ад блізкіх разрываў бомбаў, таму медсанбат хутка перадыслацыраваўся на левы бок Нёмана ў бліжэйшы лес, а пазней — у вёску Каўпакі (15 км на поўдзень ад Гродна па дарозе на Лунна). Увесь час батальён прымаў параненых, ім рабіліся перавязкі і аперацыі, прымаліся меры па эвакуацыі параненых. Бандоўскі піша, што кіраўніцтва ваеннага шпіталя і медсанбата дабілася, каб 22 чэрвеня з чыгуначнага вакзала былі адпраўлены 2 санітарныя эшалоны [4, л. 9 – 10].

         Пасля абеду 22 чэрвеня Бандоўскага зноў выклікалі ў штаб арміі, дзе ён далажыў абстаноўку і даведаўся, што на паўночным накірунку ад Гродна часці 56-й і 27-й стралковых дывізій, пагранічнікі і выдзеленыя для будаўніцтва батальёны з яго дывізіі вядуць бой з наступаючым праціўнікам.

         У 19 гадзін вечара праз парадкі 85-й дывізіі праехаў камандуючы Кузняцоў з невялікай групай камандзіраў штаба, якія спыніліся ў лесе на адлегласці 2 км на поўдзень ад Солаў. Кузняцоў выклікаў Бандоўскага і іншых камандзіраў 3-й Арміі да сябе і растлумачыў, што абстаноўка для арміі склалася вельмі небяспечная. На поўначы 27-я і 56-я дывізіі не стрымалі націску ворага і адыходзяць, раскрыўшы правы фланг арміі, ёсць небяспека, што немцы могуць хутка прасунуцца наперад у паўднёва-ўсходнім накірунку і захапіць пераправы праз Нёман у Лунне і Мастах. З суседам злева — 10-й Арміяй — сувязі няма. Таму камандарм-3 загадаў ноччу з 22 на 23 чэрвеня пакінуць Гродна і адвесці войскі на рубеж рэчак Свіслач і Котра. 85-я дывізія павінна была адыходзіць па левым беразе Нёмана да ракі Свіслач і аднайменнага маёнтка, дзе пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР быў створаны саўгас [4, л. 17 – 18].

         Перад адыходам з горада  па загаду Кузняцова сапёры павінны былі ўзарваць масты праз Нёман, склады ГЗМ на паўднёва-заходняй ускраіне, боепрыпасаў ― на паўднёвай і выбуховых рэчываў ― на паўночнай. Адказным за правядзенне выбухаў камандарм прызначыў Бандоўскага, які адразу пасля вяртанння ад Кузняцова ў 21 гадзіну 22 чэрвеня пачаў арганізоўваць адвод сваіх падраздзяленняў і рыхтаваць падрывы. Першымі на Свіслач павінны былі выступіць аўтабатальён і палявы хлебазавод, каб забяспечыць дывізію фуражом і 23 чэрвеня правесці першую палявую выпечку хлеба. З надыходам змроку (прыкладна каля поўначы) часці пакінулі рубеж на Ласосна і пачалі адступленне. У 0.30 прагрымелі выбухі складоў і мастоў. Яны былі такой моцы, што ўзрыўная хваля валіла людзей на зямлю на адлегласці 5 км. Належыць адзначыць, што не ўсе выбухі былі праведзены правільна. На кінахроніцы, якую знялі нямецкія аператары 23 чэрвеня ў Гродне, відаць, што цяперашні Стары мост хаця і пашкоджаны, але прыдатны для пераправы [4, л. 18 – 19].

Бандоўскі апасаўся, што выбухі могуць выклікаць паніку сярод насельніцтва, якое таксама кінецца ў "отступ" і будзе перашкаджаць руху ваенных, таму на Індурскай шашы хацеў арганізаваць каменданцкую службу, якая накіроўвала б цывільных на Індуру, пакідаючы дарогу на Лунна для вайсковых. Аднак тыя з грамадзян, хто хацеў пакінуць Гродна, выехалі яшчэ днём, і ўначы дарогі былі ўжо вольныя.

Да світанку 23 чэрвеня часці дывізіі дясягнулі рубяжу Пагараны-Гібулічы (каля 5 км ад горада), і неўзабаве над імі з’явіліся нямецкія самалёты. Пачалася бамбардзіроўка паходных калон. Дывізія несла страты галоўным чынам у сродках транспарту, і, каб пазбегнуць людскіх стратаў, Бандоўскі вырашыў не спыняцца на прамежкавых рубяжах, якія былі вызначаны Кузняцовым, і адыходзіць адразу на Свіслач. Часці дасягнулі пазіцый каля 8 гадзін раніцы 23  чэрвеня і занялі абарону па паўднёвым беразе ракі ад яе ўпадзення ў Нёман да вёскі Заневічы фронтам на паўночны захад даўжынёй каля 10 км. Штабы дывізіі і арміі размясціліся ў невялічкіх лясках на поўдзень і захад ад саўгаса Свіслач. Нямецкая авіацыя некалькі разоў атакавала гэтыя ляскі, але 346-ты зенітны дывізіён пакуль паспяхова спраўляўся са сваёй справай і адбіваў іх налёты, у адным з якіх быў паранены генерал-маёр А.К. Кандрацьеў. Пасля гэтага штаб арміі днём 23 чэрвеня перабраўся яшчэ прыкладна на 20 км на ўсход у лес на паўночны захад ад Лунна. Самымі цяжкімі стратамі дывізіі ад авіацыі ў ранішнія гадзіны 23 чэрвеня сталі поўны разгром аўтабата на маршы і палявога аўтамабільнага хлебазавода на беразе Свіслачы ― часцей, якія першымі пакінулі Гродна. Гэта, а таксама знішчэнне маста праз Нёман у Лунне па загаду камандавання 3-й Арміі яшчэ вечарам 22 чэрвеня самым негатыўным чынам сказалася на забеспячэнні дывізіі прадуктамі і боепрыпасамі, якія здабываліся з выпадкова знойдзеных складоў [4, л. 22 – 26].

Увесь дзень 23 чэрвеня дывізія прастаяла на Свіслачы, чакаючы немцаў, аднак яны так і не з’явіліся. Нават бліжняя разведка, накіраваная на некалькі кіламетраў у напрамку Гродна, праціўніка не сустракала. У другой палове ночы з 23 на 24 чэрвеня Бандоўскі атрымаў нечаканы загад са штаба 3-й Арміі ― падняць дывізію і весці наступленне назад у накірунку Гродна з мэтай адбіць горад. Можна сабе толькі ўяўляць, што ў гэты момант думаў генерал аб кіраўніцтве арміяй [4, л. 29].

         Сёння зразумела, што змена ў планах камандавання 3-й Арміі была звязана з загадам камандуючага Заходнім фронтам генерала арміі Д.Г. Паўлава аб стварэнні конна-механізаванай групы пад кіраўніцтвам генерал-лейтэнанта Івана Васільевіча Болдзіна, якой ставілася задача: наступленнем у накірунку Сувалак адрэзаць групоўку нямецкіх войскаў з 3-й танкавай групы генерал-палкоўніка Г. Гота і 9-й Арміі генерал-палкоўніка А. Штраўса, што прарваліся на стыку Заходняга і Паўночна-Заходняга франтоў. Гэтая задача ставілася згодна з дырэктывай № 3 НКА, якая была накіравана ў штабы франтоў вечарам 22 чэрвеня і патрабавала, каб да канца дня 24 чэрвеня (!) Сувалкі былі занятыя Чырвонай Арміяй.

         Прынята лічыць, што ў КМГ І.В. Болдзіна ўваходзілі 6-ты і 11-ты механізаваныя корпусы, 6-ты кавалерыйскі корпус. Аднак задачу наступаць разам з мехкорпусамі атрымалі і часці 4-га стралковага корпуса, у тым ліку 85-я дывізія.

         Бандоўскі пастроіў рэшткі сваёй дывізіі ў дзве калоны. Правая складалася з 141-га сп і двух дывізіёнаў артылерыі і павінна была наступаць уздоўж Нёмана па маршруту Дзекалавічы ―Горны ― Жукевічы ― Солы. Левая калона складалася са 103-га сп, чатырох дывізіёнаў артылерыі і накіроўвалася паралельна правай калоне на Гродна праз Квасоўку, Каўпакі. Да канца дня 24 чэрвеня правая калона павінна была заняць Кашэўнікі, левая ― Гібулічы. У выпадку поспеху меркавалася, што дывізія можа заняць левабярэжную частку Гродна [4, л. 30].

         Наступленне пачалося ў 9.30 24 чэрвеня. Калі палкі дывізіі дасягнулі прамежкавага рубяжа Горны ― Каўпакі, каля 13 гадзін над калонамі з’явіўся "юнкерс", які зенітчыкам удалося падбіць. Нямецкі лётчык быў паранены, але здолеў пасадзіць самалёт перад наступаючымі калонамі і, па меркаваннях сведкаў, паспеў перадаць сігнал аб сваёй пасадцы. Неўзабаве з боку Гродна з’явілася дзевяць "юнкерсаў", якія атакавалі левую калону. Іх змянілі 9 "месершмідтаў", пасля іх ізноў з’явіліся "юнкерсы". Над правай калонай тварылася нешта падобнае. Налёты нямецкай авіацыі працягваліся дзевяць з паловай гадзін да 22.30. Падраздзяленні 85-й дывізіі зноў панеслі значныя страты ў тэхніцы, менш адчувальныя ― у асабовым складзе. Была разбіта радыястанцыя штабу дывізіі. З-за налётаў дывізія да вечара не здолела дайсці да рубяжу Кашэўнікі ― Гібулічы 5 – 7 км, спынілася ў лясах і пачала прыводзіць сябе ў парадак [4, л. 31 – 33]. Былі пахаваны забітыя, раненых накіравалі ў 48-мы медсанбат, які (дзіўная рэч!) увесь гэты час знаходзіўся ў Каўпаках. Атрымліваецца, што адступаючая дывізія ноччу з 22 на 23 чэрвеня мінавала свой медсанбат і пакінула яго разам з раненымі, а вечарам 24 падчас вяртання пад Гродна зноў накіроўвала сваіх параненых у тыя ж самыя Каўпакі. Толькі ўвечары 25 чэрвеня камандзір медсанбата, зразумеўшы, што эвакуацыі яго пацыенты не дачакаюцца, вырашыў накіроўваць тых, хто можа ісці, на Ваўкавыск ― Слонім. Лёс цяжкапараненых хутчэй за ўсё быў самым трагічным [4, л. 34 – 35].

         Гэтай жа ноччу адбыўся выпадак, які ў пэўнай ступені характарызуе атмасферу агрэсіўнай істэрыі, што нагняталася ў той час сярод камандзіраў і чырвонаармейцаў па прычыне напружанай стрэсавай сітуацыі. З-за таго, што дывізія засталася без штатнай разведкі (разведбат, згодна з загадамі камандарма-3, знаходзіўся невядома дзе), Бандоўскі вырашыў сфарміраваць імправізаваны разведвальны аддзел пад кіраўніцтвам старшага лейтэнанта Безмацерных, вядомага як вопытнага конніка. Калі фарміраванне ўжо заканчвалася, маёр Данілюк са штаба дывізіі вырашыў пастроіць новы аддзел. У гэты момант перад строем з’явіўся намеснік начальніка асобага аддзела дывізіі старшы лейтэнант Жракаў. Нечакана для ўсіх ён выхапіў рэвальвер і адным стрэлам забіў Безмацерных. Некалькі хвілін замяшання сярод разведчыкаў ― і хтосьці з іх страляе ў Жракава і таксама забівае яго на месцы [4, л. 36]. Бандоўскі вырашыў, што Жракаў, які не карыстаўся сярод камандзіраў аўтарытэтам, сам вінаваты ў сваёй смерці, а шкадаваць можна толькі аб смерці Безмацерных[1].

         Раніцай 25 чэрвеня ўжо парадзеўшыя палкі дывізіі прадоўжылі свой шлях, паступова разгортваючыся ў баявыя парадкі, і каля 15 гадзін пачалі наступленне: 141-шы ― на Кашэўнікі, 103-ці ― на Гнойніцу[2]. Наступленне па прычыне таго, што чырвонаармейцы былі стомленыя і галодныя, з нізкім баявым настроем, вялося вельмі марудна. Да таго ж артылерыя рухалася галоўным чынам ужо на руках. Негатыўны ўплыў на байцоў 103-га палка аказала відовішча паспешнага адступлення праз іх парадкі мотастралковага падраздзялення (хутчэй за ўсё батальён з 11-га мехкорпуса), якое выглядала свежым і перамяшчалася на новых аўтамабілях. Спробы затрымаць яго вынікаў не далі. Па меркаваннях удзельнікаў падзей, гэтыя мотастралкі пазней былі прыціснуты да Нёмана нямецкімі танкамі(?)[3] і расстраляны імі пры спробах перабрацца на правы бераг [4, л. 38].

         У час наступлення палкі 85-й дывізіі зноў былі атакаваны нямецкімі самалётамі. На рубяжы Гнойніца ― Солы іх сустрэла агнём нямецкая пяхота. Бой быў вельмі гарачы і ўпарты. Нягледзячы на значныя страты, чырвонаармейцы вялі інтэнсіўны агонь па нямецкіх агнявых кропках і ў выпадку іх падаўлення прасоўваліся наперад. Да ночы 103-ці полк здолеў заняць фарты старой Гродзенскай крэпасці і тэрыторыю лагернага стрэльбішча. 141-шы полк спыніўся перад Кашэўнікамі. Немцы пад вечар запалілі Гнойніцу і адышлі на новы рубеж за доўгім ярам, што цягнецца ад Малахавіч да Нёмана. Пазней, па словах удзельнікаў падзей і мясцовых жыхароў, у ваколіцах Гнойніцы, Солаў, Кашэўнікаў, на ўскрайку леса было падабрана каля тысячы забітых байцоў і камандзіраў 85-й дывізіі. 103-ці полк страціў усіх камандзіраў і палітрукоў рот. Хавалі забітых чырвонаармейцаў мясцовыя жыхары пад наглядам немцаў на полі боя ў розных ямах. Немцы таксама панеслі вялікія страты, але сваіх палеглых яны хавалі самыя [4, л. 39, 43].

         Вечарам 25 чэрвеня генерал Бандоўскі зноў атрымаў загад на вяртанне на рубеж Свіслачы (як можна зразумець з яго ўспамінаў, ужо ад камандзіра 11-га мехкорпуса генерал-маёра Д.К. Маставенкі, якому дывізія была падпарадкавана ў час наступлення на Гродна). Нягледзячы на цяжкі бой днём і шматлікія страты, моцна парадзеўшыя батальёны (па прыблізных падліках Бандоўскага, з чатырох батальёнаў засталося тры) за ноч ізноў зрабілі марш да Свіслачы і раніцай 26 чэрвеня занялі абарону на яе рубяжы. Гэты дзень прайшоў адносна спакойна: нямецкая авіацыя амаль не турбавала рэшткі дывізіі, а іх пяхота з’явілася перад Свіслаччу толькі позна вечарам. Аднак і тыя рэшткі дывізіі, што засталіся пад камандай Бандоўскага, працягвалі расцягваць. Днём 26 чэрвеня адзін батальён 141-га палка быў накіраваны ў распараджэнне камандзіра 11-га мехкорпуса, яго далейшы лёс невядомы. Такім чынам, ад дывізіі засталося два батальёны. Вечарам 26 чэрвеня яны правялі кароткі паспяховы бой з нямецкім падраздзяленнем, якое бестурботна стала лагерам на левым беразе ракі Свіслач на блізкай адлегласці ад замаскіраваных чырвонаармейцаў і значна пацярпела ад іх нечаканага шквальнага агню з блізкай адлегласці. Падчас гэтага бою штаб дывізіі атрымаў загад ад камандзіра 11-га мехкорпуса на адыход на рубеж ракі Рось [4, л. 44].

         Такім чынам, за 5 першых дзён вайны 85-я стралковая дывізія (у тым складзе, які быў ёй пакінуты камандаваннем 3-й Арміі) мела два непасрэдныя сутыкненні з пяхотай ворага, з якіх бой пад Гродна быў доўгатэрміновым і вельмі напружаным. Акрамя страт, якія дывізія панесла ў баях з наземным праціўнікам, вельмі цяжкімі, асабліва для тэхнікі, былі налёты варожай авіяцыі (страчаны аўтабат, палявы аўтахлебазавод, частка артылерыі). Распараджэнні камандавання 3-й Арміі прывялі да таго, што з 9 стралковых батальёнаў дывізіі асобна дзейнічалі з першага дня вайны 5, з 26 чэрвеня ― яшчэ адзін. Да іх ліку належыць дадаць і разведвальны батальён, а сапёрны батальён наогул апынуўся ў паласе дзеяння 10-й Арміі. Такім чынам, баявая сіла дывізіі была зменшана больш як у два разы, што не дало магчымасці паспяхова выконваць пастаўленыя задачы, асабліва наступленне на Гродна.

Важным сведчаннем, якое дапамагае зразумець прычыны паражэння Чырвонай Арміі на першым этапе вайны, з’яўляецца тая частка мемуараў А.В. Бандоўскага, дзе гаворыцца (без усякай ацэнкі ці выказвання адносін аўтара) аб хуткім адступленні з Гродна штаба 3-й Арміі на чале з камандармам В.І. Кузняцовым, знішчэнні па яго загаду ваенных запасаў (у першы дзень вайны!). Цікава і тое, чаго ў тэксце Бандоўскага няма, а менавіта: у чым праявілася кіраўніцтва 85-й дывізіяй з боку камандавання 4-га стралковага корпуса, у склад якога дывізія ўваходзіла? Як належыць успрымаць неаднаразова ўзгаданыя эпізоды з затрыманнем варожых дыверсантаў, што падавалі сігналы нямецкім самалётам? Хто былі гэтыя дыверсанты: мясцовыя жыхары ці шпіёны, засланыя з-за мяжы? Наколькі сапраўднымі былі іх дыверсійныя дзеянні, якія часам выглядаюць даволі дзіўна і вельмі па-дылетанцку? Гэтая тэма чакае свайго даследчыка.

У заключэнне належыць сказаць некалькі слоў аб генерал-маёры Аляксандры Васільевічы Бандоўскім. Ён нарадзіўся 25 снежня 1896 г. у Пензе, быў старшым сынам у сям’і рабочага-слесара. Скончыў 3-класнае пачатковае вучылішча і чатыры класы гімназіі. У 1912 г. пераехаў да цёткі ў Рыгу, дзе ўладкаваўся на працу ў банк. З пачаткам Першай сусветнай вайны эвакуіраваўся з банкам у Маскву, пасля — у Харкаў, адкуль у 1915 годзе быў прызваны ў армію. Скончыў школу прапаршчыкаў, быў на Паўночным фронце з верасня 1916 г. Лістапад 1917 г. сустрэў у чыне падпаручыка, тады ж выехаў у адпачынак да родных у Пензу. Працаваў у мясцовай міліцыі, з чэрвеня 1918 г. па загаду М.М. Тухачэўскага (?) быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў на пасадзе камандзіра стралковай роты на Усходнім фронце, быў паранены. У 1919 г. як камандзір асобнага кулямётнага атрада змагаўся з войскамі генерала Дзянікіна. У 1920 г. уступіў у камуністычную партыю. Пазней служыў у арміі на пасадах ад памочніка камандзіра вучэбнай роты да камандзіра палка, у 1936 г. атрымаў званне палкоўніка. У 1937 г. ледзь не трапіў у махавік тэрору, быў выключаны з партыі на мясцовым узроўні па тыповых для таго часу бязглуздых абвінавачваннях, але здолеў дабіцца разгляду сваёй справы ў партыйнай камісіі Галоўнага палітычнага ўпраўлення РСЧА са станоўчым для сябе вынікам[4]. 19 жніўня 1939 года прызначаны камандзірам 85-й дывізіі ў званні камбрыга. 4 чэрвеня 1940 атрымаў званне генерал-маёра. Пасля баёў пад Гродна адступаў з часцямі дывізіі, быў у акружэнні, выйшаў з часткай штабу 3-й Арміі. Са студзеня 1942 года быў у Маскве ў распараджэнні Галоўнага ўпраўлення кадраў НКА СССР, выкладаў тактыку на курсах "Выстрал" у Солнечнагорску пад Масквой. У лістападзе 1943 г. стаў намеснікам камандзіра 121-га стралковага корпуса, са снежня таго ж года прызначаны камандзірам 324-й стралковай дывізіі, але ў лютым 1944 г. быў цяжка паранены, страціў нагу, доўга лячыўся, з 1946 года адпраўлены ў адстаўку. У канцы 1960-х гг. А.В. Бандоўскі многа займаўся гісторыяй першых дзён вайны, актыўна перапісваўся з тымі, хто пачынаў з ім вайсковы шлях у чэрвені 1941 г. і перажыў вайну. Яго вельмі хвалявала тэма ўвекавечання памяці байцоў 85-й дывізіі, загінуўшых у чэрвені 1941 г. На жаль, Аляксандр Васільевіч памёр 15 сакавіка 1970 г., так і не паспеўшы дапісаць свае ўспаміны [7]. А памятны знак у гонар загінуўшых чырвонаармейцаў 85-й дывізіі быў пастаўлены толькі ў другой палове 1990-х гг.

 

Ю.В. Кітурка, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея

 


[1] Наконт Жракава існуе і іншае меркаванне. Палітрук 48-га медсанбата А. Цепцін (Тептин) адзываецца аб ім з павагай, пераказвае эпізоды, у якіх Жракаў выглядае як патрыёт і баец, які аддана выконвае сваі абавязкі. Іншая справа, што гэтыя абавязкі Жракаў выконваў, страляючы ў разгубіўшыхся камандзіраў РСЧА і нават сваіх калег па асобаму аддзелу [6, с. 24].

[2] Пасля вайны Гнойніца перайменавана ў Вішнявец.

[3] Вядома, што ў раёне Гродна танкавых часцей нямецкага войска не было. Магчыма, калі падобны выпадак здарыўся менавіта ў той час і ў тым месцы, як аб гэтым гаворыцца ва ўспамінах, то за танкі яшчэ нявопытныя чырвонаармейцы прынялі нямецкія самаходныя гарматы, якія дадаваліся да пяхотных часцей.

[4] Галоўнай прычынай выключэння з партыі А.В. Бандоўскага належыць лічыць арышт яго роднага брата Івана, які быў старшынёй Орскага гарсавета ў Арэнбургскай вобласці. І.В. Бандоўскі быў арыштаваны па "Ішымскай справе" ў 1937 г., памёр у заключэнні. "Справа" была перагледжана ў 1938 г., усе праходзячыя па ёй былі рэабілітаваны. Магчыма, гэты факт адыграў галоўную ролю ў пераглядзе асабістай справы А.В. Бандоўскага.