Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Уплыў гістарычнай спадчыны на развіццё інфраструктуры горада
Рыгор Будзько

 Гродна – адзін з беларускіх гарадоў, дзе захавалася так шмат гістарычных помнікаў. Наш горад - нібы своеасаблівы падручнік па гісторыі архітэктуры Беларусі. Усё гэта ўплывае і на менталітэт яго жыхароў, выклікае цікавасць да мінуўшчыны свайго гораду.

Але такая колькасць помнікаў архітэктуры складае і некаторыя цяжкасці. Прынамсі, горад не можа правесці тэрміновую рэстаўрацыю ўсіх помнікаў, якія гэтага патрабуюць. Што, у сваю чаргу, садзейнічае занядбанню і знішчэнню некаторых з іх. Прыкладам можа служыць мост паміж Новым і Старым замкамі, для рэстаўрацыі якога доўгі час не маглі знайсці грошы. Сёння рэстаўрацыйныя працы над ім вядуцца. Тым не менш выклікае занепакоенасць стан будынкаў гісторыка-археалагічнага музея (Стары замак).

Па аб’ектыўных прычынах дастаткова грошай на патрэбы захавання і рэстаўрацыі гісторыка-архітэктурнай спадчыны няма. Няшмат зраблена дзеля таго, каб гэтыя помнікі прыносілі прыбытак у гарадскую казну. На сёняшні дзень пэўныя грошы зарабляюць толькі музеі. Гэтага недастаткова.

Што такое музей? Гэта кладзезь гістарычнай, часта унікальнай, інфармацыі для гісторыкаў. А для звычайных людзей, турыстаў, якія і прыносяць прыбытак, гэта ўсяго толькі выкапні, прычым не заўсёды зразумелыя. Так, гэта наша гісторыя. Але яна мёртвая, статычная. Шэраговаму грамадзяніну і замежнаму турысту, якія не вельмі знаёмыя з гісторыяй, цяжка ўявіць, як у сярэднявеччы біліся на мячах, што зараз стаяць за шклом у музеі. Альбо як гатавалі ежу. Як гучалі музычныя інструменты, якім ужо 300–400 гадоў. Усё гэтага ён не адчуе, а значыць, не зразумее.

Турыстычны бізнес павінен прыносіць даходы нашаму гораду. У параўнанні з іншымі еўрапейскімі гарадамі, нам пакуль няма чаго прапанаваць турыстам, акрамя ўласна экскурсій, якія ўяўляюць цікавасць далёка не для ўсіх. У такіх умовах карысным было б распрацаваць бізнес-план па гістарычнай рэканструкцыі на тэрыторыі Старога горада (вул. Савецкая, пл. Савецкая, вул. Віленская, абодва замкі, Каложа і інш.). Яго распрацоўкай павінны заняцца прафесійныя гісторыкі. Акрамя таго, існуе патрэба заснавання своеасаблівага цэнтра, які б займаўся пастаяннай падтрымкай праекту. Такім цэнтрам мог бы стаць гістарычны факультэт ГрДУ.

Што павінна ўяўляць сабой такая рэканструкцыя? Па-першае, рэканструкцыю пэўнай гістарычнай эпохі (ці эпохаў) ў гістарычнай частцы горада. Па-другое, стварэнне турыстычных кропак. Да прыкладу: рыцарскія турніры, касцюмаваныя шоў, прыгатаванне ежы па старажытных рэцэптах і інш. Нешта падобнае ўжо даўно існуе ў Еўропе і прыносіць велізарны прыбытак.

Акрамя ўласна матэрыяльнай зацікаўленасці, такая рэканструкцыя прыцягне вялікую ўвагу да гісторыі з боку жыхароў горада і асабліва моладзі.

Сам праект не толькі прынясе матэрыяльныя сродкі на аднаўленне гістарычных помнікаў, але і паставіць гістарычную навуку на больш высокі ўзровень, узровень практычнага яе выкарыстання, а таксама ўзбудзіць большую запатрабаванасць да яе з боку грамадства.

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика