Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Лёс царквы св. Аляксандра Неўскага ў Гродна як адлюстраванне палітычных працэсаў другой паловы XIX – першай паловы XX ст. на Беларусі

Аляксей Загідулін

 Помнікі гісторыі і культуры нашага краю неаднойчы станавіліся закладнікамі недарэчных палітычных кампаній, якія праводзіліся ў тыя ці іншыя часы ўладамі дзяржаў, у склад якіх уваходзіла наша радзіма.

Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 г. актывізавалася палітыка расійскага самаўладдзя, накіраваная на падаўленне польска-каталіцкага ўплыву ў заходніх губернях. Зачыняліся касцёлы. Для ўзняцця аўтарытэту праваслаўя было распачата грандыёзнае культавае будаўніцтва. У кантэксце гэтых працэсаў і пачалося ўзвядзенне гродзенскай Аляксандра-Неўскай царквы, якое ператварылася ў сапраўдную прапагандысцкую акцыю.

Ідэя пабудовы царквы ўзнікла ў 1866 г. пасля замаху на Аляксандра ІІ, вядомага ў гісторыі як стрэл Каракозава. Узвядзенне царквы меркавалася за кошт дабрачынных ахвяраванняў жыхароў губерні, якія такім чынам жадалі адзначыць "чудесное спасенне ценнейшей жизни Государя Императора". Месцам для царквы была абрана Палацавая (Дварцовая) плошча (сучасная плошча Тызенгаўза). Для арганізацыі работ быў складзены камітэт на чале з князем А.Б.Абаленскім. Кіраўніцтва будаўнічымі работамі гродзенскі губернатар А.3ураў даручыў архітэктару Гур'еву, а нагляд за іх правядзеннем - губернскаму інжынеру В.С.Джэнееву.

Збор сродкаў набыў шырокі размах. Рабілі ахвяраванні ўсе сацыяльныя слаі: сяляне, памешчыкі, чыноўнікі, навучэнцы, духавенства. Як ні дзіўна, самую вялізную суму – 7 тысяч рублёў – сабралі сяляне. Усяго за 1866–1870 гады было сабрана 18 346 рублёў. Пра важнасць і папулярнасць кампаніі па збору сродкаў сведчыць той факт, што ўдзел у ёй прынялі высокапастаўленыя асобы з ліку членаў імператарскай сям’і, жонка гродзенскага губернатара, фрэйліны Яе Вялікасці і інш. На сабраныя сродкі на працягу 1869 г. архітэктарам Гур'евым быў узведзены будынак храма. 4 красавіка 1870 г. царква была асвечана ў гонар
кананізаванага князя Аляксандра Неўскага. 24 чэрвеня таго ж года яе наведаў імператар Аляксандр ІІ, які праязжаў праз Гродна.

У 1900 г. пры царкве быў адкрыты прыход, да якога прыпісалі вернікаў, што жылі ў Гродна на поўнач ад ракі Гараднічанкі, а таксама жыхароў вёсак Чашчаўляны, Зарыца, Пярэселка, Капліца, Малышчына, Дзевяткавічы, Грандзічы і Чэхаўшчына.

У міжваенны час, калі Гродна апынуўся пад уладай Польшчы, царква Аляксандра Неўскага была перададзена ваеннаму ведамству ў якасці гарнізоннага храма для праваслаўных ваеннаслужачых. З мэтай асіміляцыі мясцовага, пераважна праваслаўнага, насельніцтва "ўсходніх крэсаў" у 30-я гады пачынаецца наступ на праваслаўныя цэрквы, аж да іх разбурэння. У межах сучаснай Беларусі адзіным храмам, які напаткаў такі трагічны лёс, была царква Аляксандра Неўскага.

У 1938 г. органы мясцовага самакіравання Гродна прынялі рашэнне аб яе закрыцці і разборцы пад прадлогам, што царква, пабудаваная фактычна ў гонар падаўлення паўстання 1863–1864 г., замінае руху на плошчы, правядзенню масавых дэманстрацый, шэсцяў і парадаў, што будынак храма скажае гістарычны выгляд старажытнага горада, надаючы яму нееўрапейскі выгляд. Супраць разбурэння выступіла не толькі праваслаўнае, а нават і яўрэйскае насельнштва горада, клапатаў гродзенскі епіскап Сава (Саветаў). Праваслаўныя вернікі горада звярнуліся з петыцыяй (2023 подпісы) да прэзідэнта Рэчы Паспалітай І.Масціцкага, у якой прасілі захаваць царкву. Але гэта не прынесла вынікаў. 12 мая 1938 г. пачалося разбурэнне царквы, і будынак быў разабраны па цагліне.

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика