Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Фарны касцёл

Дзмітрый Шэйкін

 Гродна – адзін з самых прыгожых гарадоў Беларусі. У фарміраванні яго непаўторнага архітэктурнага аблічча ўдзельнічаюць і культавыя збудаванні мінулых стагоддзяў. Сярод іх узвышаецца над горадам касцёл святога Францыска Ксаверыя, як назваўся раней езуіцкі касцёл.

Яго гісторыя ўзыходзіць да 1585 г., калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый вырашыў заснаваць у Гародні езуіцкую калегію і касцёл пры ёй і выдаткаваў на гэтыя мэты 10 тысяч злотых. Нечаканая смерць Баторыя перарвала будаўніцтва. Яно зрушылася з месца толькі ў 1633 г. Акупацыя горада маскоўскімі, потым шведскімі войскамі ў сярэдзіне XVII ст. зноў перарвала будаўнічыя работы.

Першае набажэнства ў пабудаваным нарэшце касцёле адбылося ў 1700 г., асвячэнне – ў 1705 г. На апошнім, дарэчы, прысутнічалі кароль польскі і вялікі князь літоўскі, курфюрст саксонскі Аўгуст ІІ і расійскі імператар Пётр І.

Касцёл быў элементам вялікага комплекса збудаванняў, які ўключаў таксама езуіцкі кляштар, калегіум, бібліятэку, друкарню, аптэку, жылыя карпусы, гаспадарчыя пабудовы. Усе разам яны ўтваралі замкнёны ўнутраны двор і былі злучаны з касцёлам калідорам. У XVIII ст. гэты комплекс, памерам 120х160 метраў, займаў цэлы гарадскі квартал.

У 1788 г., пасля скасавання ордэна езуітаў, касцёл стаў фарным (прыходскім). У 1795 г. католікі горада прынялі ў ім прысягу на вернасць расійскай імперытрыцы Кацярыны ІІ. 29 мая 1885 г. касцёл быў выратаваны ад пажару, дзякуючы мулярам, якія хутка замуравалі ўсе яго праёмы.

Фарны касцёл – помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва барока і ракако, збудаваны, паводле канона, у выглядзе двухвежавай трохнефавай базылікі. Яго вышыня 53,6 м, памеры 30х60 м. Па баках паўцыркульнай апсіды далучаны капліцы святога Міхаіла і Маці Божай Студэнцкай.

Галоўны архітэктурны акцэнт створаны на галоўным фасадзе, які пануе ў сілуэце забудовы гістарычнай плошчы горада. Яго плоскасць расчленена на 3 ярусы суцэльнымі паясамі антаблементаў, а гарызантальную сіметрыю размяжоўваюць на 3 часткі арачныя аконныя праёмы і падвойныя карынфскія пілястры. У першым ярусе вежаў у арачных нішах устаноўлены скульптурныя вывявы апосталаў Пятра і Паўла, у другім – Францыска Ксаверыя. Характэрную для езуітаў свецкасць храму надае аркестравы балкон у цэнтры фасада, над уваходным парталам. Перад уваходам у храм у пачатку ХХ ст. была збудавана шырокая двухмаршавая лесвіца з пастаўленай на яе парапет скульптурай Хрыста з крыжам. Бакавыя і тыльныя фасады касцёла вырашаны ў стрыманых формах ранняга барока, раскрапаваны падвойнымі пілястрамі і тонкапрафіляванымі карнізамі. Дзякуючы высокім арачным аконным праёмам, іх глыбокім адхілам адчуваецца канструкцыйная магутнасць збудавання.

У сярэдзіне ХVIII ст. замест масіўных пластычных барочных формаў з’явіліся ажурныя, аблегчаныя і вытанчаныя формы ракако (ў завяршэннях храма). У 1750–1752 г. муляр К.Бурман надбудаваў лёгкія ажурныя вежы з выгнутымі плоскасцямі і дэкаратыўнай арнаментыкай, якія кантрастуюць з масіўнымі формамі першапачатковага барочнага храма. На вежы ўладкавалі гадзіннік-куранты. У 1744 г. для галоўнага ўвахода каваль Я.Бірша зрабіў каваныя дзверы.

Ва ўнутранай прасторы храма пануе сяродкрыжжа з высокім купалам на светавым барабане, падтрыманым ветразямі і чатырма магутнымі слупамі. Зала падзелена на 3 нефы аркадамі на магутных слупах-апорах. Іх заходняя пара падтрымлівае хоры з арганам, на якія вядуць вінтавыя лесвіцы ў тоўшчы сцяны. Па сценах цэнтральнага нефа, прэзбітэрыя і барабана купала цягнецца карніз-галерэя з балюстрадай.

Пышны і ўрачысты інтэр’ер храма насычаны архітэктурнай пластыкай. Падлога выкладзена “шведскім” каменнем. Высокамастацкі ансамбль інтэр’ера фарміруюць 13 алтароў (12 драўляных, 1 стукавы); 2 чыгунныя жырандолі ліцця XVIII ст.; 4 драўляныя спавядальні, упрыгожаныя інтарсіяй, разьбой па дрэве і скульптурай; амбон; помнік Антонію Тызенгаўзу і арган, куплены ў 1744 г. у Крулеўцы (цяпер Калінінград). З Крулеўца і Вільні ў 1709 г. былі прывезены 6 алтароў.

Дамінантай дэкаратыўна-мастацкага ансамбля інтэр’ера з’яўляецца галоўны алтар вышынёй 21 м, зроблены ў 1737–1738 г. “у майстэрстве разьбы обер-майстрам” Янам Шмітам з горада Рашэля, што ў Польшчы. У трохяруснай кампазіцыі алтара выкарыстана складаная групоўка калон і пілястраў карынфскага ордэра. У першым ярусе абапал постаці Францыска Ксаверыя пастаўлены 10 скульптурных выяў апосталаў, 4 айцоў царквы, св. Самуіла і св. Канстанцыі – патронаў касцёла мужа і жонкі Мсціслаўскіх, якія аплачвалі кошт алтара. У цэнтры другога яруса – скульптура Хрыста, абапал якой – скульптурныя выявы 4 евангелістаў і 6 свяціцеляў.У трэцім ярусе знаходзіцца скульптурная алегарычная кампазіцыя, якая адлюстроўвае перамогу дабра над злом. Вянцом алтара з’яўляецца пяціметровая “Глорыя”, што абрамляе акно апсіды і перад якой схіляюць галовы 4 алегарычныя выявы бакоў свету.

Размешчаныя франтальна да ўвахода 6 кулісных двухярусных алтароў выкананы ў 1709–1716 г. У левай капліцы трансапта размешчаны алтар св. Міхаіла са скульптурнымі выявамі дзеячаў Вялікага княства Літоўскага. У процілеглай Студэнцкай капліцы трансепта размешчаны алтар Маці Божай Студэнцкай, выкананы ў тэхніцы бежавага стука ў 1760-я гады.

Фрэскавы жывапіс складаецца з 14 сюжэтных кампазіцый з жыцця св. Ксаверыя (размешчаны над аркатурай цэнтральнага нефа, аўтар фрэсак пакінуў сваю манаграму і дату: 1752 год). У гэтай жа тэхніцы выкананы выявы 4 евангелістаў, размешчаныя на ветразях. Плоскасць 14 падпружных арак размаляваны распісным дэкорам у тэхніцы грызайль.

У формах стрыманага барока трактаваны арган, кампазіцыя якога нагадвае касцельны двухвежавы фасад. Навешаны на слуп прэзбітэрыя драўляны амбон – шэдэўр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ракако, выкананы ў 1750-я г. Яго кафедра падтрымліваецца кансоллю, трактаванай у форме вітой ракавіны. Кампазіцыя характарызуецца хісткай раўнавагай арнаментальных серпанцін і скульптурных выяў 4 евангелістаў на хвалістым карнізе. Майстар І.Мейфельт у 1768 г. стварыў серыю драўляных спавядальняў у стылі ракако.

У канцы ХІХ ст. графіня Марыя Пшаздзецкая, якая належала да нашчадкаў Антонія Тызенгаўза, паставіла ў касцёле яму помнік у выглядзе класічнага абеліску (горны лабрадарыт) з выявай укленчанай у жалобе жанчыны, барэльефам падскарбія і вазай пад драпіроўкай у завершы.

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика