Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Царква Раства Багародзіцы

Таццяна Мялешка

 У Гродна старое і новае дзівосна спалучаюцца. З аднаго боку – магутныя прамысловыя прадпрыемствы, вакол якіх бурна развіваюцца буйныя жылыя раёны. З другога – стары цэнтр горада, планіровачная структура якога дайшла да нас амаль нязменнай амаль з сярэдзіны XVIII ст.

Царква Раства Багародзіцы (сярэдзіна ХVIII cт.) пры манастыры базыльянак – адносна сціплая і непрыкметная сярод шматлікіх і пышных каталіцкіх кляштараў горада. Верагодна, з гэтай прычыны, а таксама з-за складанага канфесійнага лёсу святыні яе архітэктурна-мастацтвазнаўчаму аналізу надавалася мала ўвагі.

У 1642 г. уніяцкі мітрапаліт Антоній Сялява загадаў аддаць гродзенскаму манастыру базыльянак, якія прыбылі сюды з Вільні, “на вечныя часы” тэрыторыю на захад ад праваслаўнай Прачысценскай царквы і да Каралеўскага замка. Гэта было адно з ключавых у горадабудаўнічых адносінах і да таго ж знакавае месца ў горадзе. Базыльянкі пабудавалі тут драўляны храм Раства Багародзіцы і кляштар. Найбольш раннія дакументальныя звесткі пра храм датуюцца 1702 годам.

Ваенныя дзеянні Паўночнай вайны, калі горад займаўся то шведскімі, то рускімі войскамі, пакінулі свой след на яго твары: пажары і разбурэнні былі частай падзеяй тых часоў. У 1720 г. быў вынішчаны пажарам і базыльянскі кляштар. У тым жа годзе пачалося будаўніцтва мураванай царквы і кляштара на сродкі, фундаваныя уніяцкім кіеўскім мітрапалітам Львом Кішкай, які шмат зрабіў для ўмацавання пазіцый уніяцкай царквы.

Будаўнічымі работамі кіраваў вядомы архітэктар Іосіф Фантана III – прадстаўнік шматлікай дынастыі італьянскіх дойлідаў Фантана, шырока вядомай у Італіі, Расіі, Рэчы Паспалітай, які пакінуў яскравы след у архітэктуры ВКЛ (як палацавай, так і сакральнай). Царкву Раства Багародзіцы архітэктар спраектаваў як крыжова-купальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай. Але базыльянкам не шанцавала: калі да завяршэння пабудовы было яшчэ далёка, памёр Леў Кішка. Да гэтага часу ў асноўным закончылі толькі ўзвядзенне храма. Са смерцю фундатара ўзнікла пытанне аб сродках і, відаць, па гэтай прычыне работы зацягнуліся да 1751 г. У гэтым годзе Самуіл Яноўскі, гродзенскі пратаірэй, настаяцель Каложскага манастыра асвяціў храм.

Гродзенскую царкву Раства Багародзіцы мастацтвазнаўцы адносяць да затухаючага, але яшчэ выразнага помніка “віленскага барока”. Цікава, што яна ўяўляе сабой і не руска-візантыйскі крыжова-купальны храм, і не лацінсую крыжова-купальную трохнефавую базіліку, а адметны цэнтрычна-крыжовы тып храма, падкрэсліваючы такім чынам памкненні уніяцкай царквы да раннехрысціянскіх вытокаў, каб пераадолець канфесійны раскол, які ўзнік пазней.

Трагічнай старонкай у гісторыі Гродна быў 1754 год, калі выгарэла значная частка горада. Пацярпелі базыльянкі, былі пашкоджаныя царква і жылы корпус, знішчаны гаспадарчыя пабудовы. Дзякуючы ахвяраванням веруючых, а асабліва грошам, унесеных манахіняй Сімфярозаю, пры яе ўступленні ў манастыр, ён быў хутка адноўлены.

Аб выглядзе рэзідэнцыі базыльянак канца XVIII ст. даюць уяўленне гістарычныя дакументы. “Кляштар вымураваны ў адну лінію на два паверхі, злучаны з царквой калідорам, а ў канцы да двара з кароткім крылцам. Пакрыты дахоўкай. У келлях – ложак, стол, табурэт. Печы кафляныя. Той кляштар з царквой і садам вакол мураванай агароджай абнесены”.

Пасля скасавання уніі кляштар быў перададзены праваслаўным. На працягу пяці гадоў праводзілася яго капітальная рэканструкцыя. Магутны купал на сяродкрыжжы набыў рысы класіцызму, але дзве вежы размешчаны не традыцыйна (па баках галоўнага фасада), а над бакавымі крыламі крыжа, ствараючы кампазіцыйную вось поўдзень – поўнач і нейтралізуючы рэлігійна-ідэалагічнае супрацьстаянне паміж Усходам і Захадам.

У XIX ст. комплекс працягваў будавацца, у 1860 г. прыбудавана “цёплая” царква ў гонар Сяргея Раданежскага, у 1890-я г. – двухпавярховы гаспадарчы корпус. Пабудовы былі часткова пашкоджаны ў першую сусветную вайну.

Жыццё манастыра было больш-менш актыўным да 1960 г., калі яго жыхаркі былі выселены ў Жыровічы. З гэтага часу ў ім размяшчаліся розныя дзяржаўныя адміністрацыйныя установы, а ў 1977 г. будынак перадаецца Міністэрству культуры, і ў ім ствараецца Рэспубліканскі музей атэізма і гісторыі рэлігіі. У 1977–1992 г. былі праведзены рэстаўрацыйныя работы, але аўтэнтычны выгляд помніку не быў вернуты.

У чэрвені 1992 г. гаспадарамі комплекса зноў становяцца манахіні. Цяпер у яго сценах размешчаны Свята–Раства–Багародзіцкі жаночы праваслаўны манастыр.

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика