Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Фотамайстэрні ў Гродна ў другой палове ХІХ ст.

Таццяна Казак

 Фатаграфія пачала крочыць па свету з Францыі. Першыя фотамайстэрні на Беларусі з’яўвіліся ў 1860-х г. у Мінску. Уладальнік адной з іх, Антон Прушынскі, зрабіў фотапартрэт Дуніна-Марцінкевіча, які можна сустрэць у любым школьным падручніку па беларускай літаратуры.

Гродна не адставаў у галіне фотасправы. 2 чэрвеня 1864 г. была адкрыта фотамайстэрня Меера Тубянскага па вуліцы Брыгіцкай (зараз К.Маркса). У 1865г. заснаваны фотамайстэрні Енілая Менцэля па вул. Замкавай і Івана Садоўскага, апошняя працавала з перапынкамі да 1907 г. У 1868г. адкрываецца фотамайстэрня Ліна Блока вуліцы Купецкай. Садоўскі – аўтар шэрагу фотапартрэтаў вядомых гродзенцаў: Адама Багдановіча, А.А.Сівіцкай (Зоські Верас).

У другой палове ХІХ ст. у горадзе працавала ад 2 да 4 фотамайстэрань. Свае атэлье адкрывалі не толькі жыхары горада, але і прыезджыя фотамайстры: Бенцэлье Хацкелевіч і Іосель Кайранскі з Мінска, Якаў Салавейчык са Слоніма, бо іх атэлье згарэлі там пад час пажараў.

Дазволу на сваю дзейнасць фотамайстры мусілі прасіць у губернатара. У 1882г. з такой просьбай звярнуўся Нісен, які раней працаваў у Прывісленскім краі, Лодзі і Брэсце.

Вядомым фотамастаком Гродна быў Зельман Якаўлевіч Карасік, які паходзіў з гомельскіх мяшчан. Губернскае праўленне выдала Карасіку спецыяльны дазвол на распаўсюджванне фатаграфічных выяў Гродна. Зэльман Карасік у 1903 г. быў абвешчаны ганаровым грамадзянінам Гродна і быў узнагароджаны медалямі “За усердие”. У яго была здольная вучаніца Ента (Яўгенія) Рашэйштэйн, якая атрымала атэстат і званне “жанчына-фатограф”.

У 1885 г,. пасля вялікага пажару ў горадзе, дзейнасць усіх фотамайстэрань прыпынілася. З 90-х г. яны аднаўляюцца. Хаім Біньковіч летам 1894 г. адкрыў разам з кампаньёнам Пейсахам Ежэрскім-Квятам агульную фотаўстанову па вул. Саборнай. Праз 2 гады Біньковіч прадае майстэрню ва ўласнасць мяшчаніна, землямера Мейера Гельгора, які працягваў яго справу да 1897г.

Каб адкрыць майстэрню, фатограф мусіў не толькі мець афіцыйны дазвол губернатара, паліцмайстара і затым атрымаць пасведчанне, але, натуральна, валодаць самой тэхнікай выканання гэтай справы. Гарадзенскі мяшчанін Хаім Езерскі ў прашэнні на імя губернатара ўказваў, што 4 гады займаўся ў мясцовага фатографа Гіршы Дамбравіцкага, служыў здымшчыкам і рэтушорам 2 гады і ў вядомага З.Карасіка. Пры гэтых практычных ведах, Езерскі наведваў Віленскую мастацкую школу 2 гады дзеля вывучэння фатаграфічнага мастацтва. Згоду і пасведчанне фатограф атрымаў у 1897г.

Большасць прашэнняў атрымлівала станоўчы адказ. Былі і адмовы па аб’ектыўных прычынах. Мяшчанін мястэчка Скідзель Аўсей Райхштэйн-Шклярскі атрымаў адмову, бо быў далёка не фатографам, а ліхвяром і “нічога не ведаў у фотамастацтве”; да таго ж у Гродна хапае фотаўстаноў – ажно тры. Колькасць фотамайстэрань расла, і на 1900 г. іх ужо было 6.

Так патроху ў жыццё гродзенцаў уваходзіў новы від мастацкай культуры, які на сённяшні дзень з’яўляецца неад’емнай часткай нашага жыцця.

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика