Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Фара Вітаўта

Уладзімір Буцько

 Фарай у сярэднявечнай Беларусі называлі галоўны гарадскі касцёл. Першыя беларускія фары з’явіліся ў канцы ХIV стагоддзя. Вялікі князь Ягайла заклаў у сталіцы ВКЛ Вільні фарны касцёл св. Яна.

Гродна, уладаром якога з 1376 г. быў Вітаўт, з’яўляўся тады адным з найбольш значных гарадоў Вялікага княства Літоўскага. Палітычныя амбіцыі гродзенскага князя – барацьба з Ягайлам, імкненне да княжацкай кароны, накіраванасць у дзяржаўным жыцці на каталіцызм – садзейнічалі заснаванню ім ў Гродна, дзе дагэтуль былі толькі праваслаўныя храмы, першага касцёла.

Дакладная дата заснавання гродзенскай Фары невядома. Упершыню храм згадваецца ў грамаце 1389 года. Значыць, ён быў заснаны ў храналагічным прамежку 1376–1389 гады. Драўляны касцёл быў асвечаны ў 1403 г. У 1494 г. і ў 1551 г. касцёл рамантаваўся.

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый намерваўся адкрыць у Гродне езуіцкі калегіум, дзеля якога быў патрэбен вялікі каменны касцёл. Восенню 1584 года праект такога касцёлу быў гатовы. Пачалі звозіць каменні на будаўніцтва. Знешнія будаўнічыя работы былі закончаны ў 1586 годзе, але ў тым жа годзе ў гродзенскім замку памірае кароль Стэфан Баторый. Яго труна, да перанясення ў Кракаў, знаходзілася больш года ў гродзенскай Фары. Пра завяршэнне будаўніцтва ў лютым 1587 года пісаў езуіт Марцін Латэрна, які даў храму такую адзнаку: “Ён цудоўны!”

Касцёл меў каля 60 метраў у даўжыню і 23 у шырыню і быў у самым вялікім храмам у ВКЛ. Першай яго выявай лічыцца гравюра Гродна 1600 года Томаша Макоўскага. Добры стан і прыгожы выгляд, які меў касцёл на гэтай гравюры, змяніўся ў час маскоўскага паходу 1655 г., калі храм быў разрабаваны і падпалены. Намаганнямі біскупа Аляксандра Хадкевіча паміж 1661 і 1674 г. касцёл быў адрамантаваны. Але падзеі Паўночнай вайны зноў прывялі да моцных яго пашкоджанняў.             

Новыя ўдары лёсу – моцныя пажары – напаткалі гродзенскую Фару ў 1753, 1782, 1793 гадах. У сувязі з немагчымасцю выконваць у ёй службы, назва Фарнага пераходзіць да былога езуіцкага касцёла.

З утварэннем Гродзенскай губерні расійскі ўрад звярнуў увагу на тое, што ў Гродна не было ніводнага праваслаўнага храма. Так вынішчаная апошнім пажарам і адноўленая ў 1805–1807 г. Фара Вітаўта стала Сафійскім саборам, які 5 мая 1812 г. наведаў імператар Аляксандр І.

У 1834 г. сабор меў 1313 прыхаджан. У 1847, 1859, 1865 і 1870 гадах у ім праводзіліся значныя рамонты. Не абмінуў сабор пажар 9 мая 1892 г. Дзякуючы актыўнай дзейнасці пажарных каманд, салдат паляўнічай каманды, ўсе абразы і начынне былі выратаваны, драўляная падлога не была пашкоджана. Але столь дала трэшчыны, таму яе прыйшлося разабраць. Разбурылася і саборная вежа. У 1896–1898 г. праводзіліся працы па аднаўленні сабора, і 28 сакавіка 1899 г. храм быў асвечаны. У тым жа годзе была заснавана Гродзенская епархія. Сафійскі сабор атрымаў статус кафедральнага. У 1901 годзе ў ім правялі электрычнае асвятленне. 1 лістапада 1914 г. сабор наведаў імператар Мікалай ІІ з сям’ёй.

У 1919 г. Фара Вітаўта была вернута каталіцкай царкве і выкарыстоўвалася як гарнізонны касцёл. У выніку руска-польскай вайны 1920 г. і чарговага пажару быў знішчаны дах з купаламі і часткова разбурана галоўная званіца. Перабудова 1921 г. моцна не змяніла аблічча касцёла, што было аднак зроблена ў 1935 г.

Пасля другой сусветнай вайны касцёл бездзейнічаў. У 1949 г. распараджэннем мясцовых уладаў у ім зрабілі сховішча зерня, пазней – сховішчы тонкасуконнага камбіната і ДТСААФ. Так Фара Вітаўта праіснавала да 1961 г., калі па прапанове дырэктара краязнаўчага музея і "дырэктыўных органаў" выканкам прыняў рашэнне № 213 "О сносе аварийного здания бывшего военного костела на Советской площади". У 2 гадзіны ночы 29 лістапада 1961 г. спецыялісты "Ленвзрывпрома" – сапёры здзейснілі гэты варварскі загад. Так у мірны час рашэннем уладаў быў зруйнаваны ўнікальны помнік беларускага культавага дойлідства ХVІ ст., які за сваю гісторыю вытрымаў некалькі пажараў і войнаў.

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика