Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Адраджэнне грэка-каталіцкай царквы ў Гродне ў 1990-я – 2003 г.
Дзмітрый Чарнель

 У 1980-я г. у Беларусі ўзрос інтарэс да ўсходняга каталіцтва. Тэма Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (БГКЦ) сістэматычна ўздымалася ў артыкулах і выступленнях інтэлігенцыі, а таксама ў дзейнасці групы прадстаўнікоў беларускага маладзёжнага руху, якія з восені 1989 г. пачалі праяўляць актыўнасць у справе адраджэння гэтай Царквы.

Да Гродна гэтая справа дайшла праз некалькі гадоў. З ініцыятывы грэка-каталіцкага святара айца Віктара Данілава і двух братоў Юрася і Андрэя Мацко ў канцы лета 1992 г. у гарадскім доме культуры (ГДК) на вул. Дзяржынскага адбыўся ўстаноўчы сход гродзенскай грэка-каталіцкай суполкі. На пачатку свайго існавання суполка налічвала 16 чалавек. За няйменнем памяшкання набажэнствы праводзіліся ў ГДК. Катэхізацыя – навучанне вернікаў асновам хрысціянскага вучэння – пэўны час праходзіла ў музеі Максіма Багдановіча.

12 кастрычніка 1992 г. выканаўчы камітэт гарадскога савета дэпутатаў зарэгістраваў статут гродзенскай грэка-каталіцкай рэлігійнай суполкі. Згодна Статуту на чале суполкі знаходзіцца настаяцель. Дзейнічае Рада ў складзе 7 чалавек для вырашэння пытанняў, звязаных з адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю. У Раду ўваходзяць старшыня, яго намеснік, скарбнік і 4 сябры.

Доўгі час суполка не мела пастаяннага памяшкання. Як ужо адзначалася, спачатку яна збіралася ў ГДК, затым у Музеі гісторыі рэлігіі – былым базылянскім кляштары. Пасля перадачы будынка праваслаўным набажэнствы пачалі праводзіць у падвале адной з бібліятэк. У розны час гродзенскія грэка-католікі знаходзілі сабе прытулак зноў жа ў ГДК, у памяшканні Управы Беларускага народнага фронта “Адраджэнне” на вул. Савецкай, у галерэі “У майстра” на вул. Кірава. З 1997 г. суполка мае капліцу ў непрыстасаваным для рэлігійных патрэбаў памяшканні на вул. Кірава. У канцы 1990-х г. планавалася атрымаць больш прыстойнае памяшканне ў будынку, які меў быць пабудаваны каля цяперашняй капліцы, аднак з-за недахопу сродкаў і арганізацыйных складанасцяў гэтую задуму рэалізаваць не ўдалося.

Да 1993 г. БГКЦ не мела іерархічнай арганізацыі. У гэтым годзе каля 2 тыс. чал. звярнуліся да Святога Прастолу з просьбай аб прызначэнні для беларускіх грэка-католікаў епіскапа. У адказ на зварот ватыканская Кангрэгацыя ўсходніх Цэркваў увосень 1993 г. накіравала ў Беларусь візітатара – архімандрыта а. Сергія Гаека, які ў пачатку 1994 г. быў прызначаны візітатарам “ad nuctum Sanctae Sedis”, і БГКЦ перайшла ў прамое падпарадкаванне Кангрэгацыі ўсходніх Цэркваў. У іерархічнай структуры БГКЦ на сёняшні дзень наступным пасля візітатара ідзе дэкан БГКЦ. Першым дэканам быў а. Ян Матусевіч. Пасля яго смерці ў 1998 г. дадзеную пасаду заняў настаяцель гродзенскай парафіі а. Віктар Данілаў.

А. Віктар Данілаў нарадзіўся ў 1927 г. у г. Яраслаўлі. У 1948 г., будучы студэнтам першага курса Яраслаўскага педагагічнага інстытута, за крытычныя выказванні ў адрас Сталіна быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і асуджаны на 10 год лагераў. У 1955 г. вызвалены па амністыі, праз некаторы час рэабілітаваны. У 1959 г. скончыў Яраслаўскі педагагічны інстытут, у 1963 г. – Маскоўскі фінансава-эканамічны тэхнікум. Увесь час знаходзіўся пад наглядам службаў бяспекі. У 1970-я г. атрымаў багаслоўскую адукацыю ў падпольных структурах Грэка-Каталіцкай Царквы. У 1976 г. рукапакладзены ў прэсвітары. З гэтага часу пасяляецца ў Гродне, прысвячаючы сябе місіянерскай і перакладніцкай працы. З’яўляецца аўтарам некалькіх дзясяткаў кніг па тэалагічных праблемах і гісторыі Царквы.

У маі 1995 г. а. Віктар здзейсніў пілігрымку ў Фаціму, дзе ў пачатку ХХ ст. адбылося з’яўленне Маці Божай. Пасля гэтага візіту гродзенская грэка-каталіцкая парафія атрымала назву З’яўлення Маці Божай Фацімскай.

Вясной 1999 г. а. Віктар быў запрошаны да ўдзелу ў Беларускай рэгіянальнай канферэнцыі ў межах праекта “Прымірэнне ў Еўропе – місіі Цэркваў Украіны, Беларусі, Польшчы і Германіі”, якая адбывалася з блаславення мітрапаліта мінскага і слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха Беларусі ў Гродне 8-11 мая 1999 г. У гэтым жа годзе некалькі парафіянаў на чале з а. Віктарам наведалі Каталіцкую місію для беларусаў замежжа ў Лондане. У чэрвені 2000 г. а. Віктар у ліку беларускіх грэка-каталіцкіх святароў меў аудыенцыю ў Ватыкане ў Папы Рымскага Яна Паўла ІІ. Вернікі штогадова ўдзельнічаюць у пілігрымцы з Віцебска ў Полацк, у духоўных рэкалекцыях, якія праводзяцца таксама на Украіне і ў Польшчы. З 2000 г. моладзь гродзенскай парафіі пастаянна прымае ўдзел у міжнародным форуме каталіцкай моладзі ў Вадовіцах (Польшча) на радзіме Папы Рымскага. Значнае месца ў дзейнасці грэка-католікаў займае супрацоўніцтва з Украінскай грэка-каталіцкай царквой (УГКЦ), якая мае самую вялікую грэка-каталіцкую супольнасць у свеце. Робяцца пілігрымкі на Украіну, удзельнічаюць у мерапрыемствах, арганізуемых УГКЦ, ажыццяўляецца навучанне моладзі ў духоўных семінарыях Украіны.

На сённяшні дзень у парафіі налічваецца каля 70 чалавек. Парафія мае аднаго семінарыста, некалькі чалавек вучацца ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Маюцца цесныя сувязі з гродзенскім хорам беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына”, які ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах БГКЦ, а таксама садзейнічае арганізацыі літургічных спеваў на набажэнствах у гродзенскай капліцы. Праводзіцца катэхізацыя дзяцей і дарослых. У адпраўленні набажэнстваў па візантыйскім абрадзе маюцца пэўныя праблемы. Так, у сувязі з непрыстасаванасцю памяшкання ў капліцы нельга выкарыстоўваць кадзіла, паколькі гэта лічыцца парушэннем правілаў пажарнай бяспекі.

Парафія таксама не мае дыякана і чытальніка, як гэтага патрабуе традыцыя. Іх абавязкі выконваюць свецкія людзі. Рэлігійныя святы адзначаюцца па грыгарыянскім календары. Набажэнствы праводзяцца на беларускай мове згодна пераклада мітрафорнага пратаірэя а. Аляксандра Надсана з Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане, які быў зацверджаны Кангрэгацыяй усходніх Цэркваў 25 сакавіка 1994 г. Асноўную частку суполкі складаюць людзі сярэдняга ўзросту. У 2003 г. у Інтэрнэце створаны асабісты сайт а. В.Данілава, дзе змешчаны яго тэалагічныя працы.

Такім чынам, нягледзячы на многія цяжкасці, якія сёння стаяць перад грэка-католікамі Беларусі, за 10 гадоў гродзенская суполка павялічыла свае шэрагі больш як у тры разы. Адраджэнне грэка-каталіцкай супольнасці з’яўляецца значнай з’явай у жыцці нашага горада. Для нас зноў адкрываецца двухсотгадовая спадчына нашага народа, аднаўляецца неад’емная частка беларускай гісторыі, якой з’яўляецца Берасцейская царкоўная унія 1596 г.

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика