Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

 

Развіццё адукацыі на Гродзеншчыне ў першай палове ХІХ ст.

Ірына Прысяч

 Гісторыя адукацыі ў горадзе Гродна і на Гродзеншчыне, якая апынулася ў канцы XVIII-XIX ст. у цэнтры лёсавызначальных палітычных працэсаў, была вельмі супярэчлівай і складанай. Школа з’яўлялася аб’ектам вострай палітычнай і нацыянальна-рэлігійнай барацьбы, што разгарнулася пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Усталяванне свецкай дзяржаўнай сістэмы адукацыі, якая падыходзіла б да запатрабаванняў эпохі, праходзіла вельмі марудна.

Пачатак стварэння новай сістэмы адукацыі быў пакладзены яшчэ Адукацыйнай камісіяй. За 22 года яе дзейнасці (1773-1795 гг.) быў адчынены шэраг школ у г.Гродна і яго ваколіцах. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай існуючая структура навучальных устаноў першапачаткова засталася не кранутай.

Да 30-х гадоў ХІХ ст. у народнай адукацыі практычна манапольна панавалі рымска-каталіцкія ордэны. Першая свецкая выхаваўчая ўстанова ў горадзе была адчынена ў 1800 г. Гэта быў кадэцкі корпус, заснаваны генералам Зорычам. Паводле існуючых правіл, у ім маглі вучыцца толькі дзеці шляхты. Дзеля залічэння ў гэтую прыстыжную на той час навучальную ўстанову, бацькі хлопцаў спачатку атрымлівалі спецыяльную даведку, якая пацвярджала іх шляхецкае паходжанне. [1, 216]

У пачатку ХІХ ст. у Расійскай дзяржаве пачалося правядзенне рэформы ў галіне адукацыі. 24 студзеня 1803 г. быў выдадзены загад аб арганізацыі навучальных акруг. Гродна ўвайшоў у склад Віленскай навучальнай акругі. Згодна з рэформай, ніжэйшымі навучальнымі ўстановамі з яўляліся аднакласныя прыхадскія вучылішчы для дзяцей сялян. Вучні вывучалі толькі асновы земляробства і займаліся царкоўнымі спевамі. Выкладанне агульнаадукацыйных прадметаў не прадугледжвалася. На прыступку вышэй стаялі 4-класныя вучылішчы і 7-гадовыя гімназіі, дзе выкладаліся польская і лацінская граматыка, замежныя мовы, геаграфія, арыфметыка, геаметрыя, старажытная гісторыя, рыторыка, элементарная фізіка, логіка. Што датычыла рускай мовы, то яна вывучалася як замежная і па жаданню навучэнцаў, у выніку чаго юнацтва пасля заканчэння навучальных устаноў яе амаль не ведала.

Паводле дадзеных 1817 г., у Гродна існавала толькі 2 школы (пры евангеліцка-лютэранскай царкве і пры касцёле). У кожнай з іх было па 2 настаўнікі. Агульная колькасць вучняў складала 30 чалавек. У гродзенскім вучылішчы, якое знаходзілася пад кіраўніцтвам манахаў-дамініканаў, атрымоўвалі адукацыю 302 навучэнцы. Пры вучылішчы працавалі бібліятэка (дзе знаходзілася 10 тысяч кніг), кабінет фізікі і мінералогіі [2, 182].

У 20-я гады на Гродзеншчыне з’яўляюцца школы ўзаемнага навучання – ланкастарскія, якія дазвалялі за адносна малы час і пры нязначных матэрыяльных затратах атрымаць элементарную адукацыю. Па распараджэнню Гродзенскага генерал-губернатара такая школа была адчынена і ў Гродна. Яе выкладчык А.Фармасевіч падрыхтаваў некалькі настаўнікаў для адкрыцця школ па метаду Ланкастара ў іншых гарадах.

Чарговую рэформу адукацыйнай сістэмы, што была распачата ў канцы 20-х гадоў, нельга ацаніць як радыкальную. Яна стала лагічным працягам пераўтварэнныў, якія адбываліся ў галіне адукацыі ў папярэднія гады. Статут 1828 г. прывёў яе мэты, задачы і змест у адпаведнасць з грамадска-палітычным ладам імперыі. Ён зацвердзіў прыярытэт рэлігіі і ўзаконіў саслоўную дыферэнцыяцыю. Менавіта гэтая рэформа паклала пачатак русафільскай палітыцы ў адукацыі: руская мова станавілася адзінай у выкладанні, поспехі ў яе вывучэнні ў многім вызначалі далейшы лёс выпускнікоў. Аснову зместу навучання сталі складаць старажытныя мовы, антычная літаратура і старажытная гісторыя [3, 64]. Школа пачынае строга кантралявацца паліцыяй, асабліва пасля паўстання 1830–1831 г.

Пасля хваляванняў у дамініканскай гімназіі, на яе базе 3 жніўня 1834 г. была адчынена мужчынская гімназія, якая паступова ператвараецца ў галоўную навучальную ўстанову горада. Праз некалькі месяцаў пры ёй былі адчынены Шляхетны мужчынскі пансіён, 4-класнае аддзяленне і падрыхтоўчы клас. Аснову вучняў усіх навучальных устаноў па-ранейшаму складалі дзеці святароў, вышэйшых чыноўнікаў, афіцэраў і дваран.

Важную ролю ў русіфікацыі адыгрывала жаночая адукацыя. З дзяўчат хацелі выхаваць не толькі добрых гаспадынь і будучых маці, але і сапраўдных грамадзянак. Асобы, якія кіравалі адукацыяй, і мясцовая ўлада добра разумелі ролю жанчыны ў распаўсюджванні рускай мовы і ў выкараненні насаджаемых “в быту неприязненных чувств ко всему русскому”, таму былі створаны прыватныя жаночыя пансіёны, дзе “девицы …ограждаются хотя бы на время от тех вредных внушений, коими сопровождается здесь вообще домашнее воспитание …” [1, 258]. Так, у 1845 г. быў адчынены пансіён Яцыновіча, 1848 г. – Барановіча, 1850 г. – Загурскай. Гэтыя ўстановы ўтрымліваліся за кошт платы навучэнцаў за адукацыю.

Курс навучання ў пансіёнах складаў пяць з паловай год, пасля чаго здаваліся выпускныя экзамены. Дзяўчынкі паступалі ва ўзросце 10-12 гадоў, нярэдка зусім непісьменнымі. Яны вывучалі рускую, нямецкую, французскую мовы, усеагульную і расійскую гісторыю, фізіку і геаграфію, батаніку і заалогію, арыфметыку, музыку, маляванне і мастацтва танцаў [4].

У цэлым рэформы першай паловы ХІХ ст. значна пашырылі правы педагагічных калектываў, палепшылі матэрыяльнае становішча настаўнікаў. Фінансавае забеспячэнне рэформ разглядалася як адна з прыярытэтных умоў эфектыўнасці іх рэалізацыі. Дзяржаўныя ўклады ў развіццё сярэдняй адукацыі былі значнымі, але недастатковымі. Не гледзячы на праведзеныя рэформы, у сістэме адукацыі захаваўся цэлы шэраг нявырашаных праблем: некаторыя з пералічаных вучэбных дысцыплін сваім зместам амаль не супадалі з іх гучнымі назвамі, падручнікі не адпавядалі свайму прызначэнню і не супадалі з праграмамі. “Географии, например, польской не было, а российская особенно не преподавалась по недостатку учебного времени. Российскую историю заимствовали из сомнительных книжек, её читали на французском языке. Историю искусств и художеств проходили по тетради, неизвестно кем уложенной, в итоге она не походила на науку, соответственную ея названию” [5, 39]. Павярхоўнае выкладанне, недахоп кніг, навучальных дапаможнікаў, фізічных прыбораў, геаграфічных карт і глобусаў – усё гэта выклікала распаўсюджаннe ў школах розначытання ў выкладанні і нізкую паспяховасць вучняў.

Трэць стагоддзя навучанне ішло ў адпаведнасці са статутам 1828 г. У сярэдзіне ХІХ ст. дзейнасць кансерватыўнай класічнай школы пачала супярэчыць сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны, якая вызвалялася ад путаў феадалізму і прыгонніцтва. Незадаволенасць беларускага грамадства выклікала і тое, што школа не мела нацыянальнай глебы. Энергічная перабудова ўсіх сфер жыццядзейнасці Расійскай дзяржавы, пачатая ў 60-я гады, закранула і адукацыю. У пачатку 60-х г. зноў абвяшчалася правядзенне новай рэформы навучальных устаноў.

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика