Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Рэфарматарская дзейнасць Антонія Тызенгаўза

Пятраўскас Міхаіл

 Восенню 1780 г. быў пазбаўлены ўсіх пасад і з ганьбай пакінуў Гродна выдатны рэфарматар і мецэнат, гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз. “У адзінае імгненне ад аднаго канца краіны да другога кожны грамадзянін страшнае імгненне адчуў,” – пісаў сведка тых падзей, польскі пісьменнік і палітык Станіслаў Сташыц. Некалькімі гадамі раней па Гродна, як вужакі, папаўзлі чуткі: Тызенгаўз бессаромна абкрадвае свайго апекуна – караля, заключае падазроныя здзелкі з замежнымі купцамі, жорстка абыходзіцца з падначаленымі рабочымі. Сярод непрыяцеляў гродзенскага старасты аказаліся не толькі шматлікія шляхцічы, у якіх па закону адабралі зямлю пасля выверкі межаў каралеўскіх эканоміяў, але і многія магнаты-кансерватары, якія баяліся, што рэформы могуць прывесці да ліквідацыі тагачаснага палітычнага і грамадскага ладу. З’яўляючыся блізкім сябрам караля, Тызенгаўз згадзіўся аберагаць казну Станіслава Аўгуста Панятоўскага, чым настроіў супраць сябе каралеўскую сям’ю. “Інфлянцкім д’яблам” называлі упраўляючага жыхары падначаленных яму эканомій, у якіх забіралі дзяцей на працу на мануфактуры або на вучобу ў школы. Пра тое, як ненавідзелі Антонія Тызенгаўза, пісаў публіцыст Мар’ян Брандыс: “Пад яго капалі з дапамогай інтрыг і даносаў. Распаўсюджваліся чуткі аб нечалавечых метадах, якія выкарыстоўваюцца на прадпрыемствах Гарадніцы”.

Ніхто ўжо не ўспамінаў пра той дзень, калі на каранацыйным сейме 1765 г. новы манарх Станіслаў Аўгуст Панятоўскі асабіста ўручыў Тызенгаўзу ордэн Святога Станіслава і прызначыў яго упраўляючым усіх каралеўскіх мануфактур і арандатарам каралеўскіх эканомій: гродзенскай, брэсцкай і шавельскай. Малады граф Тызенгаўз прыступіў да ажыццяўлення сваёй мары: пераўтварыць заняпалую Рэч Паспалітую ў квітнеючы край шляхам правядзення эканамічных рэформ і адкрыцця школ, тэатраў, акадэмій. Сваёй рэзідэнцыяй ён абраў Гродна.

Для пачатку ён паабяцаў каралю павялічыць у тры разы прыбытак ад каралеўскіх эканомій. На ўсё патрабаваліся вялікія грошы, але казна была паўпустая. Тызенгаўз угаворвае караля для ажыццяўлення новых планаў і рэформ узяць пазыку ў Галандыі памерам у 9 мільёнаў залатых пад заклад маёнткаў. Станіслаў Панятоўскі згадзіўся, і Тызенгаўз, з’яўляючыся патрыётам сваёй Радзімы, пачынае ствараць у эканамічна адсталай земляробчай краіне магутны фундамент, які засноўваўся на развіцці ўсіх галін прамысловасці. У гэты час ён атрымаў уладу, грошы і неабмежаваны давер караля.

 Цэнтрам гаспадарчых і культурных рэформаў стала Гарадніца – прадмесце Гродна. У 1760-я г. тут распачалося добра прадуманае будаўніцтва. Адразу была спланавана адна – даўжынёй у паўтары вярсты – прамая вуліца з гучнай назвай Раскоша (цяпер – вул. Э.Ажэшкі). Адначасова ўзводзіцца карчма, за ёй, паабапал вуліцы, 20 жылых дамоў для запрошаных з-за мяжы майстроў. Пра гэтыя дамы існуе легенда, згодна з якой Тызенгаўз хацеў ашукаць заезжых рамеснікаў і таму пабудаваў толькі фасадныя сцены. Калі госці пачалі працаваць у Гродне, яны, вядома, заўважылі падман, і ім нічога больш не засталося, як дабудаваць за ўласны кошт сцены. На самой справе, пры будаўніцтве г.зв. “басняцкіх дамоў” упершыню на Беларусі былі выкарыстаны некалькі тыповых праектаў. Далей, набліжаючыся да старога цэнтра, будаваліся рэстаран, дзве кухні, кузня. Ва ўсходняй частцы Гарадніцы знаходзілася вытворча-жыллёвая зона: майстэрні і мануфактуры, У цэнтры комплексу размяшчалася навучальная зона: школа верхавой язды, медыцынская акадэмія, афіцына садоўніка з дзвюма аранжарэямі, лазарэтны сад, прагулачны сад, сажалка, замест якой пазней зрабілі Швейцарскую даліну на беразе Гараднічанкі, недабудаванай засталася абсерваторыя. За 15 гадоў Тызенгаўз узвёў на Гарадніцы каля 50 будынкаў рознага прызначэння. Ён працаваў так напружана, што спаў усяго 3–4 гадзіны ў суткі. Каля новага палаца Тызенгаўза (на месцы брацкай магілы савецкіх салдат у парку), у 1772 годзе архітэктарамі Мезерам і Сака быў закладзены тэатр, ці оперхауз. Ён уяўляў сабой вялізную паўкруглую залу з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры. 22 ложы размяшчаліся ў два ярусы, былі партэр і сцэна з пяццю планамі кулісных машын для перасоўвання дэкарацый.

Асаблівым гонарам графа сталі заснаваныя ім у межах сучаснай тэрыторыі Гродна 17 мануфактур, якія на пачатку выпускалі ў асноўным прадметы раскошы.У гэтым праглядваецца дзелавы, рэалістычны падыход Тызенгаўза да справы: пры натуральнай гаспадарцы, калі ўсё – ад ежы да адзення – выраблялася ва ўласных сядзібах, шляхту цікавіла толькі незвычайная прадукцыя, а менавіта – каштоўныя рэчы. На прадпрыемствах, пабудаваных графам, працавала каля 1500 чалавек і столькі ж наёмных прадзільшчыкаў. Кіравалі імі прыкладна 70 вопытных майстроў, якіх Тызенгаўз запрасіў у Гродна з усёй Еўропы. Вядома, што на Гарадніцы дзейнічалі залататкацкая і суконная, палатняная і воўнавая, панчошная, гарбарная, карэтна-экіпажная, вядома, тытунёвая мануфактуры. У самым Гродна былі заснаваны прадпрыемствы па вырабу свечак, шклянога посуду, гуляльных картаў і інш.

Тавары тызенгаўзскіх мануфактур большасцю былі не горшыя за імпартныя, але з прычыны непрадукцыйнай працы прыгонных, высокіх затрат на сыравіну, 70% якой завозілася з-за мяжы, яны мелі амаль у два разы большы кошт.

Тызенгаўз імкнуўся палепшыць інфраструктуру Гродна. Будаваліся дарогі, рамантаваліся старыя гасцінцы, узводзіліся масты і плаціны.

 Важнай часткай рэформ былі пераўтварэнні ў асвеце і культуры. Развіццё эканомікі патрабавала адкрыцця шэрагу школ. Магчыма, першай такой школай стала будаўнічая. Пазней былі адкрыты бухгалтарская школа Барановіча, школы землямераў, каморнікаў, чарчэння і малюнка. У 70-я гады ў Гродна існавала музычная школа, якая размяшчалася ў музычным флігелі (г.зв. Крывой афіцыне).

 Сучаснікі адзначалі, што з правінцыйнага бруднага гарадка Гродна ўсяго за 15 год ператварыўся ў буйны прамыслова-культурны цэнтр ВКЛ, які па сваім развіцці саступаў толькі Вільні. Але “эканамічны цуд” так і не адбыўся. Прычыны – як у палітычнай, так і ў эканамічнай сферах. Хаця прагрэсіўная дзейнасць графа і была неабходнай, парушыць моцныя пазіцыі феадальнага грамадства яна не магла. Папрацаваўшы некалькі гадоў, многія з новых каралеўскіх мануфактур пачалі закрывацца. Катастрафічна падаў даход з эканомій, затрымліваліся плацяжы працэнтаў па галандскай пазыцы. Пасля адстаўкі Тызенгаўза ўсе яго пасады атрымаў самы злосны вораг графа – Францішак Ржэвускі, які з 1 жніўня зачыніў усе мануфактуры, а рабочых распусціў. Пазней некаторыя з прадпрыемстваў усё ж узнавілі дзейнасць, але ў 1784 г. замежныя каралеўскія двары адмовіліся даць Станіславу Панятоўскаму крэдыты для гродзенскіх мануфактур, што азначала канец прамысловага ўздыму. “Тызенгаўз хацеў адразу ў літоўскіх пушчах квітнеючую Галандыю бачыць. Аднак тады наша зямля не была яшчэ падрыхтавана прыняць кінутыя ў яе зярняты столькіх эканамічна-палітычных благ,” – пісаў на гэты конт польскі публіцыст Выбіцкі. Нягледзячы на гэта, па Беларусі і Літве раз’ехаліся вучні тызенгаўзавых школ, адукаваныя людзі неслі ў народ новыя веды, прыёмы працы і вытворчасці. Краіна атрымала новы культурны пласт грамадства; гэта былі таленавітыя музыканты, тэатралы, прафесійныя медыкі, вытворцы, маладыя даследчыкі і навукоўцы.

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика