Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Гродзенская  медыцынская акадэмія: Ля вытокаў

Юлія Палюховіч

 Багатым на лёсавызначальныя падзеі для Гродна стала XVIII ст. – час, калі некалі магутная дзяржава, Рэч Паспалітая, перажывала складаны перыяд сваей гісторыі. З аднаго боку, параліч усёй дзяржаўнай сістэмы, а, з другога, прагрэсіўныя дзеячы, у чыіх сэрцах знайшлі водгук ідэі Асветніцтва, прадпрымалі пэўныя крокі для адраджэння Рэчы Паспалітай.

Адным з вядомых і таленавітых змагароў за далейшае жыццё краіны быў граф Антоній Тызенгаўз (1733–1785) – чалавек моцнай волі і надзвычайнай энэргіі. Яго палітычная кар’ера пачалася ў 1757 г. Паступова падымаючыся па службовай лесвіцы, у 1765 г. ён атрымаў высокую пасаду надворнага літоўскага падскарбія і ўзначаліў Брэсцкую, Шавельскую і Гродзенскую каралеўскія эканоміі. Пачаўшы кар’еру як грамадска-палітычны дзеяч, Тызенгаўз больш праславіўся як рэфарматар эканомікі, мецэнат, заснавальнік школ і устаноў культуры.

Прамысловым і культурным цэнтрам падначаленага яму края стаў Гродна. Забудавана была яго паўночна-заходняя частка за ракой Гараднічанкай, так званая Гарадніца. Тут у 1765 г. пачалося буйнамаштабнае будаўніцтва. За кароткі тэрмін на Гарадніцы і часткова ў вёсцы Ласосна было створана 15 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працавала больш як 3000 рабочых.

Вялікую ўвагу граф надаваў развіццю сельскай гаспадаркі. Па яго ініцыятыве за межамі краіны закуплялася племенная жывёла, уводзіліся перадавыя на той час спосабы апрацоўкі глебы. Усе гэта патрабавала вырашэння яшчэ адной важнай праблемы – падрыхтоўкі мясцовых кадраў, бо запрашэнне іх з-за мяжы праблемы не вырашала. І апантаны рэформатар, з уласцівай яму энэргіяй, бярэцца за новую справу. У хуткім часе па яго ініцыятыве былі заснаваны і пачалі працаваць школа мернікаў Маркевіча, бухгалтараў Барановіча, будаўнікоў Сака, корпус кадэтаў Фрэйліка.

Не засталася па-за ўвагай рэфарматара і медыцына. Спачатку ўзнікла думка аб стварэнні ветэрынарнай школы. Потым, улічваючы той факт, што на тэраторыі Рэчы Паспалітай, па сутнасці, не было ніводнай установы, дзе б рыхтавалі ўрачоў, было вырашана стварыць медыцынскую вышэйшую навучальную ўстанову. Ініцыятыва адкрыцця на Гарадніцы Медыцынскай акадэміі належыць Антонію Тызенгаўзу, а яе стварэнне – заслуга Жана Эмануэля Жылібера. Гэты прафесар медыцыны з Ліёна (Францыя) быў запрошаны ў Гродна супрацоўнікам Тызенгаўза – Тадэвушам Даўнаровічам. У асобе Жылібера гродзенскіх рэфарматараў, акрамя ўсяго іншага, прывабіла тое, што ён займаўся не толькі медыцынай, а яшчэ і ветэрынарыяй.

Жылібер нарадзіўся ў вёсцы Карэт бліз Ліёна ў сялянскай сям’і. Бацькі рыхтавалі хлопчыка да духоўнай кар’еры.  Яго выхаваннем займаўся ксёндз Джаміньяні. Пасля школы Жан паступае ва ўніверсітэт на поўдні Францыі, дзе займаецца вывучэннем медыцыны. Атрымаўшы дыплом, Жылібер вяртаецца ў Ліён, дзе адбываецца вядомая гістарычная сустрэча з Жанам Жакам Руссо, якая, па сутнасці, змяніла жыццёвыя прынцыпы Жылібера. У гэты ж час ён паступова працягвае шлях па службовай лесвіцы.

Аднак выкрываючы і крытыкуючы малаадукаванасць мясцовых урачоў, нават у асобнай публікацыі “Анархія медыцыны”, прафесар стварае глебу для сур’ёзнага канфлікту з кіраўніцтвам. У выніку Жылібер вымушаны быў згадзіцца на прапанову Даўнаровіча і 1 жніўня 1775 г. накіраваўся ў Гродна, забяспечаны багатым гербарыям і бібліятэкай.

9 мая 1776 г. паміж Тызенгаўзам і Жыліберам быў заключаны дагавор, які адлюстроўваў, з гістарычнага пункту погляду, шлях інтэграцыі праграм развіцця аховы здароўя і падрыхтоўкі кадроў. Так акадэмія пачала сваё існаванне. Пры ёй была заснавана школа акушэрак, у якой гэтаму майстэрству вучыла акушэрка, запрошаная з Парыжа.

Пры першым наборы ў акадэмію ўзніклі цяжкасці. Сярод асоб шляхецкага паходжання не знайшлося жадаючых вывучаць медыцыну, таму было прынята рашэнне накіраваць на вучобу дзяцей сялян і служачых маёнткаў. З вялікай цяжкасцю набралі 15 вучняў, якія і былі залічаны на казённае ўтрыманне, пры чым толькі двое з іх ведалі лацінскую мову.

Дырэктарам акадэміі і адначасова професарам медыцыны, хірургіі і прыродазнаўчай гісторыі быў Жылібер. Дзякуючы гэтаму чалавеку ў аснову навучання была пакладзена методыка, заснаваная на спалучэнні практыкі з тэорыяй. Праводзілася рознабаковая падрыхтоўка вучняў: разам з чытаннем лекцый практыкавалі абучэнне ля пасцелі хворага. У шпіталі вучні выконвалі медыцынскія маніпуляцыі, даглядалі пацыентаў, праводзілі лабараторныя работы.

Кваліфікаваныя кадры медыкаў рыхтаваліся таленавітымі настаўнікамі: Хейцэльманам, кіраўніком працы аптэк і лазарэта, выкладчыкам хірургіі; Мюнцам, выкладчыкам хіміі і фізікі; Менардам, наглядчыкам за вучнямі і выкладчыкам лацінскай і французскай моў. Дзякуючы Менарду менш чым праз год вучні, якія ледзь умелі чытаць і пісаць, ужо маглі разумець лекцыі прафесароў. Незаменны ён быў і як тэхнічны рэдактар пры падрыхтоўцы да выдання навуковых прац і дапаможнікаў.

Пры акадэміі стварылі батанічны сад, які быў прылічаны, побач з лонданскім і пецярбургскім, да лепшых батанічных садоў Еўропы і атрымаў пачэсную назву “Каралеўскі”, – прафесар збіраў разам з вучнямі ў ваколіцах Гродна, Нясвіжа разнастайныя расліны, рабіў гербарыі. Акадэмія мела кабінет натуральнай гісторыі з багатай калекцыяй мінералаў, фізічных прылад, шкілетаў жывёл і людзей. Яна магла ганарыцца сваёй бібліятэкай, дзе было “мноства каштоўных прац, выдадзеных ў Францыі і Германіі ў галіне медыцыны”. Над уваходам у анатамічны тэатр па даручэнні караля быў зроблены надпіс: “Тут сама смерць на карысць чалавецству абарачаецца”.

На жаль, у 1780 г. адхілены ад кіравання эканомій “з прычыны паступовага заняпаду мануфактур, запазычанасці, а таксама магнацкіх інтрыг” Тызенгаўз быў звольнены з пасады гродзенскага старосты, і Жылібер, страціўшы свайго мецэната, быў вымушаны ў наступным годзе пераехаць са сваімі вучнямі ў сталіцу Вялікага княства Літоўскага, дзе стварыў факультэт медыцыны ў Віленскім універсітэце.

Гродненская медыцынская акадэмія спыніла існаванне. Нягледзячы на кароткі тэрмін сваёй дзейнасці (1775–1781), яна ператварылася ў магутны центр навуковых даследаванняў па біялогіі і медыцыне. Тут былі закладзены асновы гігіены, сістэматыкі, фларыстыкі. Важную роль акадэмія адыграла ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў медыкаў.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика