Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

 Гродзенскі сойм 1793 года ў мемуарах яго ўдзельнікаў: Людвік Гінет

Сяргей Марозаў

 Да нядаўняга часу былі вядомы два мемуарныя помнікі, створаныя ўдзельнікамі апошняга сойма Рэчы Паспалітай, які адбыўся летам–восенню 1793 г. у нашым горадзе, і яму прысвечаныя: успаміны Я.Сіверса [1; 2] і М.Трамбіцкага [3]. Беларускім гісторыкам Яўгенам Анішчанка выяўлены ў Маскве і ў 1999 г. надрукаваны ў яго перакладзе на беларускую мову рукапіс сведкі заключных сесій гродзенскага сойма Людвіка Гінета [4]. Француз, які знаходзіўся на службе Рэчы Паспалітай, ён прысутнічаў на сойме сярод арбітраў, якіх  увесь час намагаўся выдаліць расійскі пасол Якаў Сіверс, каб забяспечыць сакрэтнасць пасяджэнняў.

Дыярыуш Гінета, пісаны падчас соймавых сесій, – надзвычай каштоўная гістарычная крыніца, якая ўпершыню прыўздымае заслону над упартасцю палітычнай барацьбы вакол ратыфікацыі трактата з Расіяй і падпісання трактата з Прусіяй, якая на гэтых сесіях адбывалася.

Як вынікае з дыярыуша, соймавыя дэпутаты разумелі, што іх дзяржава апынулася на мяжы пагібелі. Ноты расійскага і прускага паслоў аб паскарэнні перамоў з Прусіяй, пададзеныя 10 жніўня, яны ўспрынялі як абразу сваёй краіне і народу, супраць якой “паўсталі гарачыя галасы”. Сенатар Сухадольскі не раіў звязвацца з прускім каралём-здраднікам, “бо паратунак Польшчы бачыў толькі ў саюзе з імператрыцай”. Пасол Ражанскай зямлі Мазавецкага ваяводства Андрэй Цямнеўскі заклікаў караля ўзняцца на барацьбу “з гэтым лёсам”, які размясціў час яго панавання на чорнай карце. “Калі паляк зараз не стане супрацьстаяць знешняму гвалту, тады няхай хаця б сам не зацвярджае сваіх кайданоў”, - гаварыў ён. Падскарбі Дзяконскі і кракаўскі пасол Юзаф Анквіч выступілі ў падтрымку караля.

Загаварыў кароль. Ён апраўдваў сваю пазіцыю і дзеянні ў важнейшых падзеях з часу ўступлення на трон, запэўніваў, што не спрычыніўся да аніякіх бедстваў сваёй краіны. Гэты сойм ён не лічыў справядлівым, бо належала саступіць націску большасці і пачаць перамовы з прускім каралём [4, № 2, с. 33–34].

На сесіі 12 жніўня, як сведчыць аўтар дыярыуша, паслы валынскі і падляшскі працягвалі апраўдваць караля, абняслаўленага Цямнеўскім. Сесія завяршылася цалаваннем каралеўскай рукі [4, № 2, с. 34]. У час пасяджэння 16 жніўня Станіслаў Аўгуст “гарачыўся на троне, сыходзіў з яго некалькі разоў да міністраў”. “Як потым аказалася, – занатаваў Гінет, – прычынай таго каралеўскага хвалявання і рухавасці было патрабаванне маскоўскага пасла ратыфікаваць на той самай сесіі здзейснены Масквой забор краю” [4, № 3, с. 45].

Сесію 17 жніўня соймавы маршалак распачаў з унясення праекта ратыфікацыі гэтага трактата. “Абураныя гэтым патрыёты не дазволілі чытаць (праект – С.М.), вырывалі пісьмо з рук сакратара. Процілеглы ж бок патрабаваў чытаць. З абодвух бакоў завязаліся гарачыя спрэчкі. Карскі, Шыдлоўскі, Мікорскі паракалі праціўнікаў у здрадзе, подласці душы, якая, звабленая звонам золата, піхае Айчыну ў бездань, якая ў слепаце не глядзіць на суд грамадскасці, што не праміне аддаць кожнаму справядлівы прысуд.” Згаданыя паслы, а таксама Гаслаўскі, Краснадубскі і Скаржынскі “разам заклікалі лепш памерці, чымсьці згадзіцца…”

Кароль прапанаваў прыступіць да абмеркавання пытання аб ратыфікацыі, чаго “патрыёты не дазволілі”. Яны прасілі ў маршалка слова, але той не хацеў даваць. У яго адрас пасыпаліся пагрозы. Скрозь крык можна было пачуць голас прадстаўніка Плоцкага ваяводства Шыдлоўскага, які, паказваючы ў бок сваіх апанетаў, гаварыў, што “чэлядзь Сіверса падлейшая за свайго пана”. “Большасць прысягнула на знішчэнне краю! О, каханая Айчына! Недалёкі скон якой я ўжо бачу. …. Лепш пакласці руку пад сякеру, як да подпісу няволі …”. Апазіцыя прадказвала надыходзячае поўнае расчляненне краіны. На гэты вэрхал, як піша мемуарыст, пайшло 4 гадзіны.

Пасол Цямнеўскі зноў звярнуўся да караля, “што зараз час здабыць славу нашчадкаў і апраўдаць сябе перад светам. … Скажы два словы – не хачу ратыфікацыі … Зараз або ніколі - паўтараю – поле апраўданню твайму, кароле, перад светам!”

У сваім выступе кароль зваліў усе няшчасці на прымус сілаю размешчаных у краі амаль 150 тысяч салдат, які “ўсялякі супраціў спыняе”. Супраціўленне ратыфікацыі, сказаў ён, пацягне за сабой спусташэнне краю [4, № 3, с. 45–48].

Каля двух гадзін, паводле дыярыуша, цягнулася “навальніца” на сесіі 27 жніўня. Паслу Падгорскаму, які, атрымаўшы прускія талеры, выступаў за падпісанне трактата з Прусіяй, перашкаджалі гаварыць. Заглушаны праціўнікамі, ён “пакінуў у сораме сеймавую палату”. Толькі тады ў зале быў вернуты парадак і наступіла цішыня. Назаўтра патрыёты і арбітры зноў “рупіліся крыкам перашкодзіць яму гаварыць”, патрабавалі судзіць. Той агрызаўся. Выходзячы з залы, усе крычалі: “Падгорскі – здраднік Айчыны, прадажны нявольнік, не варты імя пасла, а тым больш паляка”. На наступнай сесіі ён быў сілком выпхнуты з залы пасяджэнняў і ў суседнім пакоі “пабіты там сабранымі абывацелямі” [4, № 4 с. 34–36].

Пры адкрыцці сесіі 30 жніўня была зачытана нота маскоўскага пасла з патрабаваннем хутчэй падпісаць трактат з Прусіяй. Да ноты быў далучаны праект трактата. “Незвычайнай і нідзе не практыкаванай справай” назваў Людвік Гінет прысваенне Сіверсам права соймавага пасла, бо праект мог быць унесены толькі адным з удзельнікаў сойму. З гэтай прычыны патрыёты – прыхільнікі захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай – не дазвалялі чытаць гэты праект. Хоць ён і быў зачытаны насуперак перашкодам, але ніхто не мог яго дачуцца. Кароль сказаў, што гэта справа патрабуе абмыслення і адклаў яе вырашэнне на наступную сесію. Услед за выходзячым каралём паляцелі словы, што гэта другі здраднік. Ён або не пачуў іх, або зрабіў выгляд, што не чуе [4, № 5, с. 24].

Гвалт, які суправаджаў сесію 2 верасня – замак быў акружаны войскам, у залу ўведзены афіцэры, як піша мемуарыст, “давёў патрыётаў да таго, што яны не дазвалялі пачаць сесію да той пары, пакуль войска не адступіла”. Караля прасілі паслаць да Сіверса дэлегацыю з прапановай адвесці войска ад замка. Адказ Сіверса быў наступным: адвод войска “толькі тады адбудзецца, калі будзе прыняты і падпісаны трактат з прускім каралём”. “Пасля шматлікіх нараканняў патрыётаў на яўны гвалт, сярод перашкод і тлуму”, маршалак адкрыў сесію прапановай абмеркаваць праект трактата з Прусіяй. Насуперак адпору дыскусія высветліла, што большасць удзельнікаў сойма – за гэту прапанову… [4, № 5 с. 24–25].

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика