Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Палітычнае жыццё Гродна ў 1793–1795 гадах

Сяргей Марозаў

 Трагічным быў фінал дзяржавы, у якой два стагодззі разам з палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі жылі беларусы. Воляй лёсу месцам, дзе ў 1793 г. Рэч Паспалітая зрабіла чарговы крок да свайго скону, стаў наш горад. Рэзідэнцыя вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, ён здаўна служыў месцам правядзення соймаў Вялікага княства Літоўскага, а з 1673 г. – і Рэчы Паспалітай. Яшчэ летам 1792 г. Кацярына ІІ абрала яго для правядзення сойма, якому была прадвызначана нялёгкая задача – санкцыянаваць адабранне ад Рэчы Паспалітай яе зямель з насельніцтвам 4,1 мільёна чалавек на карысць Расіі і Прусіі. У Варшаве, як дзеля такога мерапрыемства, панавалі занадта радыкальныя настроі.

Уладкаваць прыкрытую хітрасцю і падманам справу падзелу было даручана вядомаму расійскаму дзяржаўнаму дзеячу, графу Якаву Сіверсу, якога Кацярына ІІ прызначыла надзвычайным паслом у Рэчы Паспалітай. Яго прыбыццё ў Гродна было сустрэта громам гармат і натоўпам народу.

З дапамогай двух магутных рухавікоў – подкупу і страху – на сойм былі абраны паслы, згодныя падпісаць усё, што ім загадаюць. Сіверс плаціў за Расію, прускі пасол Бухгольц – за сваю краіну. Ад паловы да 2/3 паслоў гродзенскага сойма мелі фінансавыя абавязацельствы перад дзяржавамі, патрабаванням якіх яны, як грамадзяне Рэчы Паспалітай, павінны былі бы процістаяць. Найгоршы прыклад даваў сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі . Ён атрымаў падчас сойма з рук Сіверса не менш як 35 тысяч дукатаў.

У выключных абставінах расійскага дыктату, сярод тэрору і карупцыі, не ўдалося аднак запоўніць ніжнюю палату сойма – пасольскую ізбу – крэатурамі без сумлення. На пасольскі камплект не хапіла здраднікаў. Старанна падрыхтаванае пасольскае сіта падвяло... Нягледзячы на ўсе захады, трапілі на сойм і нешматлікія годныя, непадкупныя і адважныя патрыёты сваёй краіны.

Сойм працаваў з 17 чэрвеня па 24 лістапада 1793 г. Ён стаў апошнім і адначасова самым бурным парламенцкім пасяджэннем у гісторыі Рэчы Паспалітай, аказаў жорсткі супраціў дамаганням дзяржаў-захопнікаў. Гэты адпор здзіўляў Еўропу, блытаў карты палітыкаў і на 3 месяцы (ў параўнанні з разлікамі Сіверса) зацягнуў час падпісання трактата аб другім падзеле.

Трагічная сітуацыя, у якой апынуліся паслы, беспрыкладны гвалт, якому яны падвергліся, пафас соймавых выступленняў, рэха якіх разносілася па свету, надавалі гродзенскаму сойму рысы трагічнай ўзнёсласці. Але бессаромная прадажнасць дэпутатаў, кантраст паміж іх палымянымі прамовамі і фінансавымі разлікамі з расійскім паслом, пагоня за забавамі схіляюць прызнаць яго ганебным і прыніжаючым фарсам.

З першага ж пасяджэння сойма пачаліся збоі. Нельга было прымусіць паслоў зрабіць ніводнага наступнага кроку без ціску на іх. Не могучы ўціхамірыць пасольскую ізбу, ужо на трэці дзень Сіверс пайшоў на арышт шэрагу паслоў.

Маршалак сойму – нягоднік “чыстай крыві” – Станіслаў Бялінскі ні разу не дапусціў тайнага галасавання. Адкрытае галасаванне ва ўмовах, калі побач чакалі кібіткі і казакі з нагайкамі, было непрыкрытай прынадай тэрору.

Дэлегатаў сойма ўмоўна можна падзяліць на 3 групы.

І. Група патрыётаў – трохі больш за 20 чалавек, пры агульнай колькасці 140 дэпутатаў. Гэта нямала, як на такі сойм, – хапіла бы, каб атрымаць большасць пры тайным галасаванні. Яны не маглі перашкодзіць новаму падзелу, аднак зацягвалі час ў надзеі, што зменіцца сітуацыя ў Еўропе, перакрэслівалі захады Сіверса і Бухгольца, ратуючы гродзенскі сойм ад поўнай ганьбы. Найбольш выдатнымі прадстаўнікамі апазіцыі былі Сымон Скажынскі, Сымон Шыдлоўскі, Дыянісі Мікорскі, Ксаверы Стаінскі, Юзаф Кімбар і інш.

ІІ. На процілеглым баку былі адкрытыя здраднікі: Юзаф Анквіч, Юзаф і Шыман Касакоўскія, Пётр Ажароўскі – іх у наступным годзе напакала шыбеніца ад рук паўстанцаў Касцюшкі, а таксама Адам Падгорскі і інш. Прыкладна 20 паслоў выступалі ў ролі, якую ім акрэсліў Сіверс. Іх колькасць не была большай за колькасць апазіцыянераў.

ІІІ. Каля 100 чалавек, якія папалі ў Гродна пад дыктоўку Сіверса, складалі “балота”, якое і адыграла галоўную ролю ў паражэнні на гэтым сойме.

Кароль пачаў прамову на сойме з высокапафаснай заявы, што не ўступіць і пядзі роднай зямлі. Потым з каралеўскага трона паляцелі тактычныя заявы аб адрачэнні ад кароны. Потым пайшлі ўступкі ... паступовыя – ад артыкула да артыкула... Кожны наступны дзень працы сойма расчароўваў грамадскую думку і змяншаў сімпатыі да караля. Сваім прыездам на сойм у Гродна і занятай пазіцыяй ён фактычна здзейсніў палітычнае самазабойства. Такое завяршэнне панавання Панятоўскага кінула цень на ўсё яго 30-гадовае праўленне.

З 20 чэрвеня па 19 жніўня ішло падпісанне і ратыфікацыя трактата з Расіяй. Ён “прайшоў” нялёгка. Яшчэ больш цяжкай аказалася справа з Прусіяй. На абмеркаванне і падпісанне навязанага ёй трактата пайшло яшчэ больш двух месяцаў. Утварылася моцная антыпруская апазіцыя. Дэпутаты прапаноўвалі адкласці сойм, закрыць яго, пасварыць Прусію з Расіяй і сутыкнуць іх у вайне.

Абстаноўку тых дзён у Гродна яскрава апісаў пісьменнік Уладзіслаў Рэймант у сваім творы “Апошні сейм Рэчы Паспалітай”.

Некаторыя паслы задумалі ўцячы з горада. Баючыся, каб не разбегся ўвесь сойм, Сіверс даў загад нікога з горада не выпускаць. Толькі свайму рускаму калегу Бухгольц абавязаны тым, што прускае пытанне кранулася з месца і было вырашана на карысць яго дзяржавы. 2 верасня Сіверс для падштурхоўвання трактата з Прусіяй пайшоў на дэманстрацыю вайсковай сілы. Ён арыштоўваў дэпутатаў, вывозіў іх з Гродна, абшукваў у пошуках зброі, акружаў замак войскам і гарматамі, насуперак прававым нормам уводзіў у залу пасяджанняў узброеных расійскіх афіцэраў.

Але тое, што адбылося 23 верасня, было сапраўды экстраардынарным. У час “нямой” сесіі рускі пасол ужыў адносна сойма несустраканыя да таго ў гісторыі парламентарызму сродкі. Сіверс пісаў тады Кацярыне ІІ: “Трактат з Прусіяй прайшоў гвалтам, ужыць які я прызнаў неабходным”.

На світанку 23 верасня казакі выхапілі прама з ложкаў і вывезлі з Гродна чатырох апазіцыянераў: Шыдлоўскага, Скажынскага, Яна Краснадубскага і Дыянісія Мікорскага. Замак зноў быў аточаны войскамі і гарматамі, з жэрламі, накіраванымі на палац. Пры гарматах стаялі кананіры з запаленымі кнатамі

Расійскі генерал Раутэнфельд заняў месца пры каралеўскім троне і абвясціў, што не выпусціць нікога, пакуль не будзе падпісаны трактат з Прусіяй. З залы раздаліся гучныя пратэсты, што дэбаты ў такіх умовах бескарысныя і ганебныя. Па такому сцэнарыю пачалася сесія, якая дастаткова неабгрунтавана ўвайшла ў гісторыю пад назвай нямой або маўклівай. Некалькі гадзін працягваліся зацятыя спрэчкі вакол пытання самога адкрыцця пасяджэння. Да Сіверса накіроўваліся адна за другой пасольскія дэлегацыі, пратэстуючы супраць такога абыходжання. Выніку яны не далі.

Урэшце апоўначы ў соймавай зале запанавала абсалютнае маўчанне. Яно было апошняй формай пратэсту супраць насілля. Раутэнфельд некалькі разоў напамінаў засядаючай грамадзе аб той сітуацыі, у якой яна апынулася: каралю забаронена ўставаць з трона, сенатарам, калі захочуць спаць, прынясуць саломы, але ніхто не выйдзе, пакуль не будзе выканана патрабаванне прускага пасла. Калі ж сойм і надалей будзе ўпарціцца, яму прыдзецца прыбегчы да крайніх сродкаў – пусціць у ход узброеную сілу. Раутэнфельд станавіўся ўсё больш раздражнёны. Ён прасіў караля спыніць агульнае маўчанне, пагражаў дэпутатам, зневажаў, звяртаўся за новымі загадамі да Сіверса. Ізба адказвала на ўсё гэта магільным маўчаннем. Ніводзін з паслоў не адазваўся амаль да чатырох гадзін раніцы.

Калі пасля пагрозы ўвесці ў залу салдат генерал накіраваўся да дзвярэй, Юзаф Анквіч заўважыў, што маўчанне азначае згоду. Гэту думку тут жа падхапіў Бялінскі. Ён, перарваўшы маўчанне, нібыта на адным дыханні тройчы запытаўся: “Ці дае сойм дэлегацыі паўномоцтвы на падпісанне трактату з Прусіяй?” Яму адказвала цішыня. Маршалак прызнаў яе за згоду. У пратаколе таго пасяджэння запісалі: рашэнне прынята аднагалосна. За такі паварот справы Бялінскаму на адным з наступных пасяджэнняў было прызначана 100 тыс. злотых прэміі.

Можа б і не стралялі тады ў паслоў, але несумненна, былі бы зроблены шматлікія арышты і накладзены секвестр на маёнткі ўпартых.

Калі змучаныя і дэмаралізаваныя паслы з пачуццём болю, суму і сораму пакідалі каралеўскі замак, было 4 гадзіны раніцы. Касцёльны звон зваў вернікаў на ранішняе набажэнства. Не аднаму з засядаўшых здалося, што ён чуе жалобны звон па сваёй дзяржаве, для якой яны толькі што выкапалі магілу. І яе засталося туды толькі скінуць.

Занепакоеныя лёсам Рэчы Паспалітай, над дзяржаўным існаваннем якой навісла пагроза, патрыятычныя колы ўзняліся на паўстанне. На чале яго стаў Тадэвуш Касцюшка. 24 красавіка 1794 г. быў створаны рэвалюцыйны ўрад Беларусі і Літвы – Найвышэйшая літоўская рада, якую ўзначаліў Якуб Ясінскі (1761–1794). Гродзенцы далучыліся да паўстання і ўвялі ў склад Рады свайго прадстаўніка – Францішка Мушынскага, а ад Гродзенскага павета – Дамініка Матакевіча. У ноч на 23 красавіка атрад Ясінскага захапіў Вільню і ўзяў у палон каля тысячы рускіх салдат. Рэшткі расійскага гарнізона (2007 чалавек і 8 гармат) адышла да Гродна.

Такія ж падзеі, як у Вільні, павінны былі здарыцца і ў Гродне, дзе пад камандаваннем генерала Цыцыянава знаходзілася 6615 рускіх салдат і 20 гармат. Варожыя адносіны шляхты і гараджан прымусілі генерала вывесці войска з Гродна. Але ён заняў выгадныя пазіцыі ля Гарадніцы, якія давалі магчымасць трымаць горад у полі зроку. Яго корпус быў узмоцнены рэшткамі віленскага гарнізона і іншымі рускімі часцямі, якія, адступаючы з Літвы і заходніх раёнаў Беларусі, сцягваліся пад Гродна. Пагражаючы артылерыйскім абстрэлам горада, Цыцыянаў прымусіў гараджан заплаціць кантрыбуцыю – больш за 100 тысяч рублёў.

Без ліквідацыі войска Цыцыянава поспех паўстання ў Заходняй Беларусі быў пад сумненнем. Якуб Ясінскі распрацаваў план атакі трох літоўскіх дывізій на яго, аднак з-за пагрозы рускіх часцей Вільні марш на Гродна не быў рэалізаваны.

З 14 мая ў Новым замку, у зале, дзе перад тым праходзіла “нямое” пасяджэнне, засядала Гродзенская парадкавая камісія пад старшынствам Францішка Боўфала – мясцовы орган кіравання паўстаннем. У яе склад ўваходзіла 30 чалавек, сярод іх – вядомы кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. Камісія намагалася рэалізаваць асноўныя палажэнні Паланецкага універсала Касцюшкі.

З 23 жніўня да 1 кастрычніка ў Гродне мела сваю рэзідэнцыю Цэнтральная дэпутацыя – выканаўчы орган паўстанцаў у межах Вялікага княства Літоўскага. Камісія займалася папаўненнем войска ВКЛ, забеспячэннем яго зброяй, боепрыпасамі, харчам і фуражом. Існаванне дэпутацыі ў Гродна ператварыла горад у часовую сталіцу ВКЛ.

У верасні становішча паўстанцаў у Літве і на Беларусі пагоршылася. На тэрыторыю Жмудзі ўвайшоў прускі корпус. З поўдня на Беларусь накіроўвалася войска Аляксандра Суворава. У той сітуацыі Якуб Ясінскі прапаноўваў Касцюшку сканцэнтраваць усе ваенныя сілы пад Гродна, узмацніць іх гарматамі і адсюль накіраваць у Прусію. Між тым Сувораў нанёс паўстанцам шэраг паражэнняў на Брэстчыне, рассеяў іх атрады. Іншая руская армія захапіла Вільню. Гродна з наваколлем засталося востравам паўстання перад наступаючым расійскім войскам. Аляксандр Сувораў, які тады знаходзіўся пад Брэстам, даў загад разбіць гродзенскі ачаг паўстання.

Трэба было ратаваць становішча. Тады Касцюшка кінуўся ў Гродна і 30 верасня трымаў тут раду з Гродзенскай парадкавай камісіяй, займаўся мабілізацыяй гараджан і шляхты ў паўстанцкае войска. Было сфарміравана новае войска ў 5 тысяч чалавек, але паражэнне паўстання было ўжо прадвырашана.

10 кастрычніка паўстанцы пацярпелі буйнае паражэнне каля мястэчка Мацяёвіцы (у Польшчы). Сам Касцюшка разам з пяццю генераламі трапіў у палон. У тыя дні Рапнін пісаў, што “Гродно, Ковно и Ромни, также как и вся Литва до Немана … усмирены”. 11 кастрычніка ў Гродне, занятым рускімі войскамі, быў выдадзены універсал Цыцыянава да сялян, каб яны аказвалі новым уладам усялякую паслухмянасць, выконвалі свае павіннасці і плацілі падаткі, не аглядаючыся на былыя універсалы Касцюшкі. 20 кастрычніка ў Варшаву былі дастаўлены серабро, грошы і архіў Гродзенскай парадкавай камісіі, але 4 лістапада пала і Варшава.

1 снежня 1795 г. на гарадской плошчы, цяперашняй Савецкай, выстраіліся ў поўнай параднай форме войскі. Пад стрэлы гармат адбыўся малебен удзячнасці за здароўе Кацярыны ІІ, а потым гараджане прынеслі прысягу на вернападданства ёй і яе спадкаемцам.

 9 ліпеня 1795 г. У Гродне пад старшынствам расійскага генерал-фельдмаршала Рапніна было заснавана Вярхоўнае літоўскае кіраванне. 12 лістапада 1795 г. Рапнін быў прызначаны першым літоўскім генерал-губернатарам. Гродна стала яго рэзідэнцыяй і цэнтральным урадавым пунктам для кіравання і мірнага ўладкавання літоўскіх губерняў.

Вырашаючы лёс Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Кацярына ІІ пісала яму, што звесткі аб небяспецы, якой падвяргаецца кароль “сярод разбэшчанага народа варшаўскага, прымушаюць мяне жадаць, каб Ваша Вялікасць як мага хутчэй пераехалі з гэтага вінаватага горада ў Гродна”. Так наш горад стаў прытулкам апошняга правіцеля Рэчы Паспалітай.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прыбыў сюды 1 (12 паводле новага стылю) студзеня 1795 г. Яго світа складалася са 150 чалавек. Прыезд Панятоўскага быў сустрэты ваенным караулам, музыкай, барабанным боем, схіленнем сцягу. 2 студзеня ён даў у сваім палацы аудыенцыю галоўнакамандуючаму расійскай арміяй генерал-маёру Тормасаву, які прыбыў сюды з генералітэтам і штаб-афіцэрамі.

 Да экс-караля быў прыстаўлены расійскі генерал-маёр граф Ілья Андрэевіч Безбародка, якому было даручана весці штодзённыя запісы аб ладзе жыцця ганаровага вязня. Быў устаноўлены нагляд за перапіскай і колам зносін караля. Аднак адносіны да яго былі паважлівыя. Штомесячныя справаздачы аб гродзенскім жыцці экс-караля прадстаўляліся ў Пецярбург, Кацярыне ІІ, а потым яе пераемніку на троне – Паўлу І.

Першыя дні кароль зусім не выходзіў са сваіх пакояў, дзе прымаў высокапастаўленых асоб, духавенства. Потым стаў выходзіць на прагулку па двару Новага замка, па тэрасе, у Стары замак. Гуляў кароль у суправаджэнні афіцэраў і пажа. Маліўся ў прыдворнай царкве або выязжаў у езуіцкі і дамініканскі касцёлы. Свой час ён бавіў гульнёй у більярд, кеглі, чытаннем газет. Вёў абшырную перапіску. Часам да яго прыводзілі музыкантаў. Выязжаў на балы да галоўнакамандуючага.

У суправаджэнні канвоя ў некалькі дзесяткаў драгун (24–34 чалавекі) кароль рабіў конныя прагулкі недалёка за горад: у вёску Панямунь, Грандзічы, па скідзельскай дарозе і асабліва часта – ў Ласосна. Праз Капліцу і Путрышкі ездзіў на паляванне ў Азёры.

25 лістапада 1795 г., у гадавіну сваёй каранацыі, адхілены ад улады манарх падпісаў ў Новым замку акт адрачэння ад трона на карысць Кацярыны ІІ. Гэты акт паставіў кропку на існаванні Рэчы Паспалітай як самастойнай дзяржавы. Экс-кароль жыў тут на ўтрыманні расійскага ўрада да 4 (15) лютага 1797.

Тым падзеям 1793–1795 г., якія адбываліся ў нашым горадзе, суджана было ўвайсці ў еўрапейскую гісторыю і ў школьныя падручнікі як лёсаночныя для многіх краін і народаў факты мінуўшчыны .

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика