Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Паходы Усевалада Давыдавіча ў першай палове ХІІ ст. і палітычнае становішча Гарадзенскага княства

Сцяпан Свідзерскі

Гісторыя Гродна ХІІ ст. мала вядома. Дакладней, яна ўвогуле яшчэ не напісана. Амаль не існуе літаратуры, якая адлюстроўвае гісторыю горада ў гэты час. Кніга Вароніна “Старажытнае Гродна” і кніга А.П.Госцева, В.В.Шведа і А.А.Дабрыяна “Горадзен” даюць толькі пачатковае ўяўленне аб нашым горадзе ў гэты перыяд. Доследы ў гэтым напрамку неабходна працягваць.

Аналіз паходаў князя Усевалада Гарадзенскага ў 1127 і 1131 г., заснаваны на выкарыстанні некалькіх першакрыніц, дазваляе ўдакладніць нашыя ўяўленні аб палітычным становішчы Гарадзенскага княства ў першай палове ХІІ ст. Гэта тым больш актуальна, што ў сучаснай гісторыяграфіі пануе канцэпцыя М.М Вароніна аб васальнай залежнасці Гродна гэтага перыяду ад Кіева.

У 1115–1116 г. адбывалася барацьба паміж Уладзімірам Манамахам і менскім князем Глебам Усяславічам, якая пачалася з захопу Глебам часткі тэрыторыі дрыгавічоў. У адказ на гэта Манамах аблажыў Менск, а яго сыны захапілі Друцк. Вынікам гэтых падзей стала перадача Оршы і Копысі Смаленску. Але Глеб не быў канчаткова пераможаны. На гэтым фоне і адбыўся шлюб Усевалада Давыдавіча з дачкой кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха. “6624 (1116)...Томъ же лете Володимеръ отда дщерь свою Агафью за Всеволодка” [2, 284]. Словы “отда дщерь” дазваляюць меркаваць, што шлюб Усевалада і Агаф’і быў патрэбны Уладзіміру Манамаху. Можна казаць, што гэткім чынам Уладзімір Манамах стварыў сабе саюзніка ў барацьбе супраць Полацкай зямлі і Менска. Геаграфічнае становішча Гродна з’ўляецца дададковым доказам гэтага. А зараз звернемся да паходу 1127 г., звесткі аб якім мы знаходзім ажно ў трох летапісах:

6635(1127). В то же лето посла князь Мстиславъ братью свою на Кривиче четырми пути. Вячеслава из Турова, Андрея из Володимера. А Всеволодка из Городна. И Вячеслава Ярославича из Клечска. Тем повеле ити къ Изяславлю.

(Лаўрэнцеўскі летапіс)

6636(1127)...Того же лета посла князь Мстиславъ с братею своею многы Кривичи четырьми путьми Вячеслава из Турова, Андрея из Володимера, Всеволдодка из Городна, Вячьслава Ярославича из Клецка… тем повеле идти к Изяславлю.

(Іпацьеўскі летапіс)

6635(1127). то ж время посла князь Мстиславъ братию свою на кривич четырмы пути: Вечеславъ из Турова, Андрея из Володимеря, а Всеволодка из Городна, и Вечаславь Ярославич ис Кляцка. Тем повеле ити ко Изяславлю…

(Радзівілаўскі летапіс)

 Менавіта ад гэтых падзей традыцына пачынаецца гісторыя нашага горада. Паспрабуем даць свой аналіз гэтай безумоўна важнай падзеі. Звернем ўвагу на наступнае:

1) Выраз “посла князь Мстиславъ” сведчыць аб тым, што ўсе пералічаныя князі удзельнічалі ў паходзе прымусова, па загаду кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча. 2)У дадзеных запісах князі - ўдзельнікі пахода - пералічаны ў аднолькавым і вызначаным парадку. Першым запісаны Вячаслаў Уладзіміравіч, князь тураўскі. Гэта родны брат кіеўскага князя Мсціслава (сына Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха). Другім запісаны яшчэ адзін брат Мсціслава – Андрэй Уладзіміравіч, уладзімірскі князь. Трэцім згаданы Усеваладка ці Усевалад Гарадзенскі – муж Агаф’і Уладзіміраўны, роднай сястры Мсціслава . Такім чынам, ён з’яўляецца даволі блізкім родзічам кіеўскага князя. Апошнім запісаны Вячаслаў Яраславіч, князь клецкі. Ён з’яўляўся самым далёкім родзічам Мсціслава Уладзіміравіча (па лініі другога па старшынству сына Яраслава Мудрага Ізяслава.). Такім чынам, трое з названых князёу былі блізкія родзічы кіеўскага князя і, можна казаць, што прымус з боку Мсціслава Уладзіміравіча быў вельмі ўмоўны і грунтаваўся на блізкіх кроўных сувязях, а не на адміністрацыйным падпарадкаванні.

 Далейшы лёс пахода застаецца загадкавым. Справа ў тым, што далей у летапісах не ўзгадываецца Усевалад Гарадзенскі:

Изяславци почаша битися с Вячиславом и со Андреем.

(Радзівілаўскі летапіс)

А Изяславци почавша битися съ Вячьславомъ и съ Андреемъ

(Іпацьеўскі летапіс)

 Зыходзячы з гэтага, можна выказаць некалькі меркаванняў:

1. Усевалад Гарадзенскі не прыняў удзел у паходзе. Не падпарадкаваўся загаду вялікага князя. Калі гэта так, то можна сцьвярджаць, што ўжо тады Гарадзенскае княства было толькі фармальна залежным ад Кіева. Падставай дзеля таго, каб не прыняць удзел у паходзе, магло быць своеасаблівае геаграфічнае становішча “паміж Полацкам і Кіевам”. Зыходзячы з гэтага Усевалад Давыдавіч вырашыў не сварыцца з Полацкам. Да таго ж Гродна знаходзіцца дастаткова далёка ад Кіева, і гэта магло стаць прычынай немагчымасці здзяйснення карнага пахода супраць гарадзенцаў. Наша меркаванне абвяргае катэгарычнае сцвярджэнне М.М.Вароніна аб тым, што падчас аналізуемага паходу Мсціслава Уладзіміравіча быў нанесены ўдар па Полацкай зямлі з чатырох бакоў. Справа ў тым, што дакладна вядомы толькі загад аб удары з чатырох бакоў, а аб дакладным выкананні гэтага загаду ў летапісах звестак няма.

2. Усевалад Гарадзенскі толькі паслаў войска, а сам не прыняў удзел ў паходзе. Аб чым можа сведчыць адсутнасць звестак аб ім.

3. Найбольш верагодны варыянт: Усевалад Давыдавіч прыняў удзел у паходзе. Аб гэтым можа сведчыць шэраг прычын такіх як: блізкае радство гарадзенскага князя і кіеўскага, і тое, што Усевалад атрымаў сваё княства з дапамогай Уладзіміра Манамаха. Калі гэта так, то падзеі развіваліся такім чынам: дружыны Вячаслава Уладзіміравіча, князя тураўскага, Андрея Уладзіміравіча, князя уладзімірскага, Усевалада Давыдавіча, князя гарадзенскага і Вячаслава Яраславіча, князя клецкага ў жніўні пачалі аблогу Ізяслаўля. Жыхары Ізяслаўля аказалі жорсткае супраціўленне, аднак праз некаторы час на дапамогу ўдзельнікам аблогі падыйшоў Ізяслаў Мсціславіч з дружынай. Акрамя дружыны, Ізяслаў вёў з сабой полацкага князя Брачыслава і Лагойскую дружыну. Гэта абставіна і абумовіла перамовы, якія пачаліся паміж ізяслаўцамі і саюзам князёў. Але гэтыя перамовы ні да чаго не прывялі. Ізяслаўль быў “взяша на щиты”.

 Другі паход з удзелам Усевалада Давыдавіча Гарадзенскага адбыўся ў 1131г.:

В лето 6639(1131) Мстиславъ ходи на Литву. и вземъ полонъ многъ и воротися опять.

(Лаўренц’еўскі летапіс)

В лето 6639(1131) князь великий Мстиславъ ходи на Литву и вземъ полонъ многъ велми, и вратися за ся.

(Радзівілаўскі летапіс)

В лето 6640(1131) Ходи князь Мстиславъ на Литву съ сынами своими исъ Льговичи и съ Всеволодомъ Городенским и пожгоша я, а сами ся расхорониша, а Киянъ тогда много побиша Литва. Не ощтягли бо бяху с князем, но последе идяху по немь особе.

(Іпацьеўскі леапіс)

 Першапачаткова мы лічылі, што гэта быў не вельмі прыкметны паход супраць яцвягаў, якія жылі ў ваколіцах Гродна і, магчыма, здзяйснялі напады на наш горад. Але, як высветлілася, гэта было не так:

6546(1038) Иде Ярославъ на ятвягы.

6548(1040) Иде Ярославъ на Литву.

(Радзівілаўскі летапіс)

1038(6546) Иде Ярославъ на Ятвагы.

6548(1040) Ярославъ иде на Литву.

(Іпацьеўскі летапіс)

 Гэтыя запісы аб паходах Яраслава Мудрага яскрава сведчаць аб тым, што летапісцы адрознівалі яцвягаў і літву.

 Наступнае пытанне тычыцца вынікаў паходу. Радзівілаўскі летапіс сцвярджае, што Мсціслаў “вземь полонъ многъ велми”. Тое ж самае паведамляе і Лаўренц’еўскі летапіс. Гэта сведчыць аб тым, што паход быў у цэлым удалы. Але Іпацьеўскі летапіс дае далёка не аптымістычнае ўражанне аб паходзе: “и пожгоша я, а сами ся расхорониша, а Киянъ тогда много побиша Литва.” Так, гэтыя словы сведчыць аб тым, што Літва хоць і пацярпела паразу, але ўсё ж такі нанесла значныя страты ўдзельнікам пахода. Выраз “а сами ся расхорониша” можа сведчыць аб тактыцы дзеянняў літоўцаў, якая аказалася даволі эфектыўнай: “а Киянъ тогда много побиша Литва.” Таксама летапісец сведчыць аб тым, што вялікія страты панеслі менавіта людзі Мсціслава Уладзіміравіча. Адметнасць гэтага запісу Іпац’еўскага летапісу яшчэ і ў тым, што, згодна яму, Усевалад Гарадзенскі стаў самастойным князем, а Гарадзенскае княства стала незалежным удзельным княствам. Аб гэтым сведчыць факт пераўтварэння Усеваладка з Гародна ва Усевалада Гарадзенскага. Яшчэ большым доказам, на наш погляд, з’яўляецца той факт, што ўсе князі – удзельнікі пахода – дзейнічалі паасобна. Такім чынам, Усевалад Гарадзенскі таксама не падпарадкоўваўся кіеўскаму князю.

 Усё гэта калі не абвяргае, то ставіць пад вялікае сумненне сцвярджэнне М.М.Вароніна аб тым, што Гарадзенская зямля з’яўлялася васальным княствам у адносінах да Кіева і «Городенские Всеволодковичи и позже находятся в фарватере киевской великокняжеской политики» [6, 14].

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика