Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Езуіты ў гісторыі Гродна (1584–1820 г.)

Станіслаў Скаўронскі

 Гісторыя Гродна працяглы час звязана з каталіцкай царквой і каталіцкай культурай. На 1584–1820 гг. прыпадае дзейнасць тут аднаго з самых буйных, уплывовых і магутных каталіцкіх ордэнаў – езуіцкага. Гэта арганізацыя пакінула істотны след у розных сферах жыцця горада і лёсах людзей. Маштаб дзейнасці “Ордэна Ісуса” дае падставу меркаваць, што гісторыя горада ў пэўнай ступені развівалася пад уплывам гэтай арганізацыі.

Ордэн езуітаў з’явіўся у Гродна ў 1584 г. па запрашэнню Стэфана Баторыя і заснаваў тут сваю рэзідэнцыю. Езуітаў можна лічыць любімцамі ўладаў. Маштабнай дзейнасці іх ва ўсходніх раёнах Рэчы Паспалітай спрыялі Жыгімонт ІІІ, Уладзіслаў ІV, Ян-Казімір, Ян ІІІ Сабескі.

Да канца ХVI ст. езуіты стварылі ў Рэчы Паспалітай 12 калегій і 2 акадэміі, у якіх атрымлівалі адукацыю 5 тысяч вучняў. Сярод такіх калегій была Гродзенская. Першым настаўнікам Гродзенскай школы езуітаў быў Іаан Бялінскі. У 1625–1626 навучальным годзе ён пачаў выкладаць для мясцовых дзяцей граматыку, у 1631 г. магістр Анджэй Дындовіч – паэзію. Пазней пайшлі нямецкая мова, гісторыя, якую для гродзенскіх вучняў упершыню прачытаў Рафал Хемпель. У арганізаваным езуітамі педагагічным працэсе часта сустракаюцца выдатныя асобы, адным з якіх быў Марцін Пачобут-Адляніцкі, які вучыўся тут у 1740–1745 г.

Бібліятэка гродзенскай калегіі мела кнігі на розных еўрапейскіх мовах. Сярод шафаў з кнігамі была таямнічая “адзінаццатая”. Яе кнігі выдаваліся толькі па асобаму дазволу, бо гэта былі выданні, ўнесеныя ў сумнавядомы “Індэкс забароненых кніг”.

Часткай адукацыйнай сістэмы Гродна была бурса. У ёй налічвалася ў 1773 г. 63 музычныя інструменты (у тым ліку арган, 7 скрыпак, флейты, валторны, трубы, клавікорд і г.д.) Уладальнікам гэтага аркестра быў Антоні Тызенгаўз. Ён меў добрую адукацыю і, паводле легенды, пасля адстаўкі пайшоў да езуітаў.

У часы руска-польскай вайны 1654–1667 г. гродзенская езуіцкая школа не працавала. Падчас Паўночнай вайны па загаду Пятра І яна была ператворана ў шпіталь. Пасля войн дзейнасць гэтай адукацыйнай установы аднаўлялася. Пасля касацыі езуіцкага ордэна ў 1772 г. школа перайшла да базыльян.

Без адпаведных сродкаў езуіты не змаглі б разгарнуць такую маштабную дзейнасць. Крыніцы сродкаў былі ў феадальнай рэнце, у пазыках, дараваннях, даходах са шматлікіх прадпрыемстваў, што належалі ордэну. Гродзенскія езуіты мелі велізарныя грошы. Яны ахвотна давалі іх пад працэнты прадстаўнікам улады, збяднелай шляхце, яўрэйскаму кагалу.

Свае стасункі з гараджанамі езуіты будавалі і на падставе арганізацыі медыцынскай дапамогі – рэдкай на той час паслузе насельніцтву. На Рынкавай плошчы горада аптэка згадваецца з 1687 г. У 1709 г. на набытым у магістрата пляцы езуіты будуюць асобны аднапавярховы аптэкарскі дом. У 1763 г. на сродкі езуіта Эдэра быў зроблены яшчэ адзін паверх. У 1773 г. будынак аптэкі перадаецца касцёлу, а з 1796 г. у дзяржаўную казну. Сучасны музей-аптэка, створаны намаганнямі Ф.І. Ігнатовіча, даволі падрабязна асвятляе дзейнасць медыкаў-езуітаў.

Езуіты маюць дачыненне і да фарміравання аблічча нашага горада. Будынкі касцёла св. Францыска Ксаверыя, аптэкі, муры былога кляштара, калегіі і сёння ўпрыгожваюць Гродна, надаюць яму непаўторны выгляд у любое надвор’е.

Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў пачаў фармавацца пасля 1622 г. Жыхары горада спачатку бачылі драўляны “касцёльчык” Пятра і Паўла, але па фундацыі Самуэля і Канстанцыі Лозы з 1678 г. будуецца мураваны касцёл які быў асвячоны ў 1700 г. Алтары разбяра з Кёнігсберга К. Пойкера і Я. Шмідта з Рэшэля сталі помнікам пластыкі Беларусі ХVIII ст. Разбяр Г. Гірс у 1768 г. стварыў драўляныя статуі Пятра, Паўла і св. Ксаверыя. Выява Маці Божай Студэнцкай, прывезеная Мікалаем Радзівілам Сіроткай з Іерусаліма і падораная езуітам, таксама стала адметнай часткаю гэтага касцёла. Выява А. Тызенгаўза работы Т. Дукаса – адзіны на сённяшні час помнік славутаму адраджэнцу Гродна, зроблены па жаданню ўнучатай пляменніцы гродзенскага старосты Марыі Пшэздзецкай у пачатку ХХ ст.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика