Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

 Скрозь смугу стагоддзяў: Уступнае слова

Святлана Валянцінаўна Марозава, доктар гістарычных навук

 Мала хто з беларускіх гарадоў мае настолькі яркае і багатае мінулае, як наш старажытны Гродна. Гарадскія муры памятаюць справы гераічныя і трагічныя. Справы і людзей, годныя памяці.

Мінулае Гародні сягае ў смугу стагоддзяў. Горад выплывае са змроку гісторыі ў першай трэці ХІІ ст. – раней, чым такія ўсходнееўрапейскія сталіцы, як Масква і Вільня. Значную ролю на гістарычнай арэне ён пачынае адыгрываць пры вялікім літоўскім князі Вітаўце, які зрабіў яго сваёй рэзідэнцыяй. Пры Вітаўце, Баторыі, Станіславе Панятоўскім горад з’яўляўся рэзідэнцыяй манарха і тады фактычна быў прыроўнены да сталіц: Вільні і Варшавы.

У 1484 г. тут закончыў свой жыццёвы шлях кананізаваны пазней каралевіч Казімір, праз 8 гадоў – вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягайлавіч, у 1586 г. вечным сном заснуў у Старым замку Стэфан Баторый.

Пачынаючы з 1522 г., у горадзе адбылося некалькі вальных соймаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай і сярод іх самы памятны – апошні сойм Рэчы Паспалітай са знакамітай нямой сесіяй 23 верасня 1793 года. Гродна неаднойчы апыналася ў цэнтры еўрапейскіх палітычных падзей. У 1673 г. была прынята пастанова аб правядзенні тут кожнага трэцяга сойма Рэчы Паспалітай. У розныя часы ў нашым горадзе працавалі важныя дзяржаўныя ўстановы: скарбовая і вайсковая літоўская камісія, сесіі трыбуналу ВКЛ. У 1794 г. тут знаходзілася рэзідэнцыя Цэнтральнай дэпутацыі – выканаўчага органа паўстанцаў у межах Вялікага княства Літоўскага. Пазней размяшчалася Вярхоўнае літоўскае кіраванне – цэнтральны ўрадавы пункт па кіраванню і мірнаму ўладкаванню губерняў, далучаных да Расійскай імперыі па трэцяму падзелу.

У канцы ХVIII ст., дзякуючы гродзенскаму старасце Антонію Тызенгаузу, тут пачалі дзенічаць праслаўленыя мануфактуры, культурныя і навучальныя установы.

Два гады, па загаду Кацярыны ІІ, у Гродне жыў пад вартай апошні вялікі князь літоўскі і кароль польскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 1795 г. ён падпісаў у Новым замку акт адрачэння ад трона, разам з якім спынілася 200-гадовае існаванне Рэчы Паспалітай.

У ХІХ ст. разам з насельніцтвам Польшчы, Літвы і Беларусі гродзенцы двойчы ўздымаліся на вызваленчую барацьбу. У 1833 г. тут быў пакараны смерцю барацьбіт за ідэю незалежнасці Міхаіл Валовіч.

У розныя часы прайшлі праз Гродна шматлікія разбуральныя войны. Але, нягледзячы на няўмольны час і войны, тут найлепей, чым у якім іншым горадзе Беларусі, захавалася архітэктурна-гістарычная спадчына.

Мінулае Гродна, герачнае і трагічнае, заслугоўвае пазнання і навуковага даследавання. Спадзяюся, што такім крокам у пазнанні і адкрыванні яго мінуўшчыны, у абуджэнні гістарычнай памяці і самапавагі гарадзенцаў стане і наша канферэнцыя.

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика