Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Ігнат Кульчынскі — першы гродзенскі краязнавец

Аліна Коўшык

 Асоба гісторыка і краязнаўца, настаяцеля Каложскага манастыра Ігната Кульчынскага малавядомая сучасным гродзенцам. Да сённяшніх дзён дайшлі скупыя радкі яго біяграфіі. Але навуковая спадчына дае падставу лічыць Ігната першым беларускім гісторыкам. Маскоўскі археолаг Л.В.Аляксееў назваў яго першым даследчыкам беларускіх старажытнасцей [1, 100].

Ігнат Кульчынскі нарадзіўся ў 1707 г. каля Гродна (паводле іншых звесткаў, на Валыні) ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў базыльянскай школе [2, 303], а потым прыняў манаства ў ордэне базыльянаў. У 20 гадоў Ігнацій быў прызначаны генеральным пракуратарам (прадстаўніком ордэна пры папе) базыльянскай кангрэгацыі ў Рыме. У 1727–1735 гг. ён кіраваў царквой Сергія і Вакха ў Рыме, атрымаў званне доктара багаслоўя і выдаў першую грунтоўную працу па гісторыі праваслаўнай і уніяцкай царквы – “Спроба гісторыі Рускай Царквы” [3, 7].

Пасля вяртання з Рыма Кульчынскі быў прызначаны архімандрытам Каложскага манастыра базыльян ў Гродна і ў лютым 1736 г. узначаліў яго. Айца турбавала пагроза абвала храма, і ён шмат зрабіў для ўмацавання рачнога берага і захавання самога будынка царквы [4, 125].

Кола навуковых інтарэсаў Кульчынскага было вельмі шырокім, ён звяртаўся да гісторыі царквы, святыняў Жыровічаў, крыжа Ефрасінні Полацкай, але больш за ўсё яго цікавіла гісторыя Каложскага манастыра і Старога замка ў Гродна. З другой паловы 1730-х ён займаецца вывучэннем манастырскага архіва, у выніку з'яўляюцца два рукапісныя творы: «Інвентар Гродзенскага Калажанскага базыльянскага манастыра» і «Хроніка ігуменаў, архімандрытаў, царкоўных старастаў і заступнікаў Гродзенскага Калажанскага манастыра» [5, 106], якія даюць падставы назваць Кульчынскага першым гісторыкам Каложы [ 6, 17].

У «Інвентары» апавядаецца пра размяшчэнне храма, падрабязна характарызуецца яго стан на 1738 г.: вонкавае і ўнутранае афармленне, сцены, столь, падлога, дзверы, вокны, калоны, лесвіцы, галаснікі, алтары і абразы. Асаблівая каштоўнасць твора ў тым, што ў сярэдзіне ХІХ ст. Каложа часткова разбурылася, а «Інвентар» дазваляе рэканструяваць яе выгляд у папярэднім стагоддзі [7, 110]. «Хроніка» ўяўляе сабой падрабязную гісторыю манастыра за 1480–1736 гады ў дзейнасці асобаў – гараджан, мясцовай знаці, царкоўных дзеячоў, каралёў, дзе адны клапаціліся пра добраўпарадкаванне і лёс Ка­ложы, а другія даводзілі яе да занядбання і разбурэння. Заўважым, што да Кульчынскага ніхто так падрабязна не апісваў гістарычныя помнікі [8, 4].

«Інвентар» і «Хроніка» доўгі час захоўваліся ў манастырскім архіве, пазней у Гродзенскім царкоўна-археалагічным музеі, потым ў Віленскай публічнай бібліятэцы. Члены Віленскай археаграфічнай камісіі ацанілі навуковую вартасць гэтых твораў і надрукавалі іх у рускім перакладзе ў «Археографическом сборнике документов, относяшихся к истории Северо-Западной Руси» [9, 409-454]. Так працы Кульчынскага сталі шырока вядомымі даследчыкам.

У 30-я гады пры рэстаўрацыі Каложскай царквы археолагі знайшлі мураваную грабніцу і падмурак пад помнік сярэдзіны ХVIII ст. Вось як пракаментаваў знаходкі гродзенскі археолаг Ю.Ядкоўскі: “...труна абата. Не прыгадвае пра яе айцец Кульчынскі, хіба помнік быў прысвечаны ягонай памяці, як аднаму з найбольш заслужаных абатаў Каложскага манастыра” [3, 7].

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика