Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Герб Гродна

Марат Грэсь

 З даўнiх часоў нашы продкi абаранялi родную зямлю, спадчыну сваiх дзядоў, іх традыцыi i культуру. Герб – адзiн з галоўных сiмвалаў, якiя яшчэ з эпохi сярэднявечча аб'ядноўвалi мужных ваяроў i мiрных людзей.

Наўнасць у горада герба сведчыць аб яго высокiм дзяржаўна-палiтычным развiццi. Горад атрымліваў герб разам з самакiраваннем, якое давалася магдэбургскiм правам. Часткова яго атрымаў i Гродна у 1391 г. прывiлеем вялiкага князя лiтоўскага Ягайлы. Поўнае магдэбургскае права наш горад атрымаў ад Казiмiра Ягелончыка ў 1441 (1444) г., што значыла яго вызваленне ад феадальных павiннасцей i магнацкай улады. Гораду дазвалялася набываць зямлю, мець уласную сiмволiку, свой орган самакiравання.

Прывiлей гэты быў неаднаразова падцвержаны нашчадкамi вялiкiх князёу лiтоўскiх i каралёў польскiх. Ужо ў 1540 г. другая жонка Жыгiмонта I Старога каралева Бона Сфорца дала Гродна прывiлей, згодна якому прызначалiся тры штогадовыя беспадаткавыя кiрмашы, а гарадзенскаму войту i магiстру дазвалялася мець сваю гарадскую пячатку, падобна пячатцы Люблiна. У 1541 г. новым прывiлеем яна нагадала ''отцам'' горада, што неабходна завесцi новую пячатку i ўпарадкаваць яе захоўванне: пячатка павiнна была захоўвацца у спецыяльнай скрыні ў ратушы, а тры ключы – адпаведна належалi войту, бурмiстру i лiтоўскаму радцу. У 1564 г. магдэбургскае права для Гродна стала законам, зацверджаным праз сойм. Такiм чынам, горад мог мець герб i пячатку з выявай герба.

Першыя з вядомых гродзенскiх пячатак, згодна загаду Боны, былі зроблены ў Люблiне. На iх быў адлюстраваны герб з выявай аленя з залатым крыжам памiж рагамi, якi стаў да 1801 г. своеасаблiвай вiзiтнай карткай горада над Нёманам.

Са стварэннем Гродзенскай губернi, у 1802 г., з'яуляецца губернскi герб: уверсе - ''Пагоня'' (да 1845 г.), унiзе – ''звер зубр''. Уласна гарадскi герб перастаў наогул iснаваць. З 1875 г. губернскi герб выкарыстоўваўся i як гарадскi. Толькi ў 1919–1939 г. улады карысталiся адроджаным гербам з выявай аленя. Затым амаль на паўстагоддзя ён знiкае зноў.

I вось у 1987 г. у Гродне быў абвешчаны конкурс на распрацоўку герба нашага горада. У рашэннi гарвыканкама ад 15 чэрвеня 1988 г. можна прачытаць наступнае: ''Герб г.Гродна мае форму выразнага раннегеральдычнага шчыта, фон шчыта выкананы ў выглядзе сцяга Беларускай ССР, на фоне намаляваны залаты алень, пераскокваючы праз агароджу, шчыт абведзены залатой паласой''. Аўтарамi яго былi мастак С.В.Iльiн і архiтэктар В.А.Фралоў. Яны вярнулiся да герба XVI ст., але змянілі яго: у аленя не было крыжа, колер фону з блакiтнага ператварыўся ў чырвона-зялёны, уверсе поля шчыта з'явiлася пяцiканцавая зорка. Трэцяя сесiя гарадскога Савета дэпутатаў 1 кастрычнiка 1990 г. аднавiла герб горада ў першапачатковым выглядзе галоўнага сiмвала сталiцы Панямоння.

 З’яўленне ў гербе аленя звязана з адным з асноўных заняткаў гараджан – паляваннем. Гродна знаходзiцца недалёка ад буйных пушчаў i лясоў. Крыжакi, калi хадзiлi на Гродзеншчыну, нярэдка казалi: «Iдзем на пушчу». Алень заўседы быў любiмым персанажам легенд i казанняў. Яго называлi цудоўным i дзiвосным зверам.

Алень у гродзенскiм гербе мае сувязь з iмем святога Губерта. Паводле адной з версiй, Губерт – сын Бертрана, герцага Гiенскага, вёў добрапрыстойнае жыццё, вучыўся ў бiскупа Ламбэрта i стаў яго пераемнiкам. Дапамагаў бедным i ўбогiм, пабудаваў касцёл, умеў тварыць цуды. Памёр у 728 (727) г. Па другой версіі, Губерт вёў марны лад жыцця. Аднойчы, калi ён паляваў, явiўся яму алень з крыжам памiж рагамi. Пасля гэтага Губерт змянiўся, стаў прапаведнiкам хрысцiянства, абаронцам жывёл, за што быў абвешчаны святым. Невыпадкова, што з X ст. ён упамiнаецца як апякун паляўнiчых. Дарэчы, доўгi час 3(4) лiстапада адзначалася як дзень святога Губерта.

Залаты крыж памiж рагамi аленя – гэта сiмвал веры, чысцiнi, мудрасцi, iсцiны, урадлiвасцi. Залаты колер гаворыць аб багаццi, справядлiвасцi i вялiкадушнасцi. Агароджа на гербе таксама мае свой сэнс. Паляўнiчыя змайстроўвалi яе дзеля таго, каб перагародзiць зверу дарогу, побач устройвалi пастку. Алень, якi пераскокваў праз агароджу, рабiўся недасягальным для паляўнiчых, вольным. I, магчыма, узяўшы яго выяву ў герб, гарадзенцы iмкнулiся падкрэслiць гэтым свой вольналюбiвы характар. Дарэчы, алень – гэта i сiмвал ваяра, перад якiм уцякае вораг, а само слова ''агароджа'' захоўвае ў сабе назву горада – ''Городень''.

Алень святога Губерта быў паказаны на блакiтным шчыце, а гэты колер – сiмвал прыгажосцi, мяккасцi i велiчы. Спалучэнне блакiту з золатам яшчэ больш падкрэслiвае, што горад павiнен працвiтаць у славу i па волi Бога.

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика