Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Дата заснавання Гродна як гісторыка-краязнаўчая праблема

Алесь Пятровіч Госцеў, метадыст ліцэя №1 г. Гродна

 За апошнія 25 гадоў наш горад некалькі разоў адзначаў свае юбілеі, а ў 1978 і 2003 годах нават рабіў гэта ўрачыста. I кожны раз святкаванне прыпадала на юбілейныя даты ад 1128 года, пры гэтым за апошнія дзесяцігоддзі ў навуковай, асабліва ў энцыклапедычнай, літаратуры замацоўваецца летапісная дата заснавання Гродна – 1127 год [6–10; 14]. Такое разыходжанне не можа заставацца па-за ўвагай даследчыкаў і павінна разглядацца як пэўная праблема. На першы погляд, праблема гэта чыста гістарычная, але гісторыя, як навука ў нашым выпадку, аказваецца на раздарожжы, “застапарыўшыся” на звестках Іпац’еўскага летапісу. I тут ёй на дапамогу павінна прыйсці краязнаўства з яго здольнасцю разглядаць любую рэгіянальную з'яву цэласна, асаблівую ўвагу пры гэтым надаючы менавіта “дробязям”. Справа ў тым, што большасць гісторыкаў добра валодаюць сістэмным мысленнем, але зусім (ці амаль зусім) не валодаюць методыкай цэласнага мыслення. Пры ўсіх сваіх станоўчых якасцях (вельмі добра сябе праяўляўшых яшчэ гадоў 25–30 гадоў таму), сістэмнае мысленне мае адзін, але вельмі істотны недахоп: яно абмежавана канкрэтнай сістэмай і таму не ў стане ўхапіць рэальную з'яву ва ўсёй яе разнастайнаці, цэласна. Апошняе даецца толькі цэласнаму мысленню. Асноўны прынцып цэласнага падыходу: пры вывучэнні (аналізу) любой з'явы выкарыстоўваць набыткі як мага большай колькасці навуковых дысцыплінаў. I менавіта ў гэтым напрамку краязнаўства ўжо мае пэўныя поспехі. Але толькі пры ўмове, што пад краязнаўствам разумецца цэласная сістэма, базавае палажэнне якой: цэлае значна большае, чым простая сума асобных, складаючых яе частак. Краязнаўчы падыход да працы з крыніцамі патрабуе кіравання наступнымі прынцыпамі:

1.Максімальны давер толькі першакрыніцы, на якой бы мове яна не была створана. І гэты давер не стопрацэнтны, асабліва калі канкрэтная звестка сустракаецца толькі аднойчы (у такім выпадку звестка з'яўляецца не фактам гісторыі, а гістарычным фактам і толькі прымаецца да ведама, бо маецца ў наяўнасці менавіта такая падача факта). Фактам гісторыі звестка становіцца па меры яе пацвярджэння іншымі першакрыніцамі (як рэчавымі, так і пісьмовымі). Такім чынам, факт гісторыі (ў дадзеным выпадку гісторыя разумеецца як рэчаіснасць) - дакладна вядомая звестка аб нейкай канкрэтнай гістарычнай падзеі, ці яе даціроўкі, ці імёнах,


 

лёсах асоб, якія з гэтай падзеяй звязаны і да т.п., а гістарычны факт (тут гісторыя разумеецца як навука) - звестка, зафіксаваная ў гістарычных крыніцах і адлюстроўвае (з той ці іншай ступенню дакладнасці) факт гісторыі.

2. У праявах рэчаіснасці няма дробязяў, тут усё істотна.

3. Любая з'ява разглядаецца ўсебакова, з максімальна магчымых і разнастайных пунктаў погляду. Гэты прынцып злучаецца з першым прынцыпам, што ўтварае надзвычай дынамічны і дзейсны цыкл прынцыпаў, дзякуючы якому з'ўляецца магчымасць спасцігнуць сутнасць з'явы. Наколькі такая магчымасць здзейсніцца залежыць ад асабістых здольнасцяў даследчыка: яго назіральнасці, памяці, цэласнасці яго мыслення. Калі прымяніць гэтыя прынцыпы да вырашэння нашай праблемы, то атрымецца рэальная спроба пераўтварэння гістарычных фактаў аб пачатковай гісторыі Гродна ў канкрэтны факт гісторыі — дакладную даціроўку першага пісьмовага згадвання нашага горада.

 Яшчэ з ХІХ ст. шырока вядома, што Гродна ўпершыню згадваецца як Горадзен, чый князь Усевалад быў пасланы на полацкія землі вялікім кіеўскім князем разам з трыма іншымі князямі. У ХІХ – пачатку ХХ ст. былі вядомыя па меншай меры два летапісы – Іпацьеўскі і Лаўрэнцьеўскі, у якіх згадваецца гэтая падзея. Я.Ф.Арлоўскі ў сваёй працы “Гродненская старина” падкрэслівае гэта, звяртаючы ўвагу на розначытанні і нават упэўнена прагаворвае 1127 год як канкрэтны год першага згадвання [16, 10, 20]. У другой палове ХХ ст. да патрэбных нам першакрыніц далучыўся Радзівілаўскі летапіс. Паколькі і зараз нямала даследчыкаў грэбуюць сцвярджэннем Я.Ф.Арлоўскага, правядзем самастойны аналіз, на гэты раз трох летапісных крыніц.

З трох летапісаў два (Радзівілаўскі і Лаўрэнцьеўскі) падаюць згаданую намі падзею пад 6635 годам, а трэці летапіс (Іпацьеўскі) пад 6636 годам. Ужо гэта вымушае нас больш пільна прыглядзецца да зместу гэтых звестак:

Лаўрэнцьеўскі летапіс: "6635. В то же лето посла князь Мстиславъ братью свою на кривиче четырми пути. Вячеслава ис Турова, Андрея из Володимеря. А Всеволодка из Городна. И Вячеслаеъ Ярославича ис Клечьска. Тем повеле ити кь Изяславлю."

Іпацьеўскі летапіс: “6636... Того же лета посла князь Мстиславъ с братьею своею многы кривичи четыръми путьми: Вячеслава ис Турова, Андрея из Володимеря, а Всеволодка из Городна... тем повеле ити кь Изяславяю ... рекъ им одинь день всим пустити на вороп мца августа 11 дня... 6640.”

Радзівілаўскі (Кенігсбергскі) летапіс; "6635... в то же время посла князь Мстиславъ братию свою на кривичи четырми пути: Вячеславъ ис Typosa, Андреа из Володимеря, а Всеволодка из Городна, и Вячеславъ Ярославича ис Кляцка. Тем повеле ити и ко Изяславлю ... рек им: "Во одинъ день всем пустити на воропъ, августа 14."

Параўнаўшы паміж сабою гэтыя тры тэксты, прыходзім да высновы, што першы і трэці тэксты разыходзяцца толькі ў неістотных дэталях (пры поўным супадзенні з датай), затое другі тэкст адрозніваецца ад дзвух першых настолькі істотна, што зводзіць сэнс звесткі амаль да поўнага абсурду. Мяркуйце самі, агульнавядома гэта бяспрэчны факт гісторыі), што крывічамі называлі ў ХІІ ст. насельнікаў Полацкай зямлі, якая ў той час не падпарадкоўвалася кіеўскаму князю. Таму натуральна, што той загадаў напасці ("пустити на вороп" удариться в набег") "на кривиче". А што можа значыць фраза з Іпацьеўскага летапісу "... посла князь Мстиславъ с братьею своею многы кривичи четырьми путьми ..."? Калі гэта не памылка перапісчыка (тут трэба даволі добра ведаць абставіны стварэння летапісаў: Іпацьеўскі летапіс значна маладзейшы за Лаўрэнцьеўскі: ён датуецца пачаткам ХV ст.; Лаўрэнцьеўскі летапіс датуецца 1377 г., а Радзівілаўскі, хоць і датуецца канцом XV ст., але даследчыкі адзначаюць, што ён адпавядае Лаўрэнцьеўскаму летапісу), то атрымліваецца нейкая бязглуздзіца накшталт таго, што вялікі князь кіеўскі разам з "братьею своею" паслаў варожых яму крывічаў на "все четыре стороны"... Для нас жа важна тое, што такія "дробязі", разам з даціроўкай падзеі годам пазней значна змяншаюць давер да сапраўднасці гэтага запісу. Але толькі змяншаюць, не адмаўляючы яго цалкам. Чаму? Па-першае, у цэлым гэты летапіс мае статус першакрыніцы, а па-другое, ёсць цудоўнае тлумачэнне розначытанню даты нашай падзеі. Гэтае тлумачэнне дае нам дапаможная дысцыпліна храналогія, згодна якой існуе паняцце каляндарных стыляў у сэнсе пачатку года. Калі год у найстаражытнейшыя часы пачынаўся з 1 сакавіка, то такі каляндарны стыль і сам год называецца сакавіцкім. Калі ў пазнейшыя часы пачатак года змяніўся і год пачынаўся з 1 верасня, то такі каляндарны стыль і сам год называецца вераснёўскім. Першыя старажытнарускія летапісы ствараліся яшчэ па «сакавіцкаму стылю, а пазнейшыя (звычайна самая старажытная частка іх перапісвалася пазнейшымі перапісчыкамі) – па вераснёўскаму стылю. Перад перапісчыкам паўставала неабходнасць перадатаваць падзею з сакавіцкага на вераснёўскі стыль. А паколькі верасень знаходзіцца якраз пасярэдзіне паміж дзвума сакавікамі (ад 1 сакавіка да 1 верасня і ад 1 верасня да 1 сакавіка на шэсць месяцаў), то перапісчык мог пазначаць вераснеўскую дату адной і той жа падзеі паўгодам раней ці паўгодам пазней (у апошнім выпадку каляндарны стыль называецца ультрасакавіцкім). Згодна гэтаму вызначаецца формула перакладу даты ад стварэння свету на дату ад нараджэння Хрыста (летапісы датуюць свае падзеі ад стварэння свету; лічыцца, што з "моманту" стварэння свету да моманту нараджэння Хрыста прайшло 5508 гадоў). Агульнавядомая формула перакладу дат НХ=СС-5508 (дзе НХ год ад нараджэння Хрыста, СС - год ад стварэння свету). Менавіта яна выкарыстоўваецца ў выпадках, калі летапісная падзея датуецца сакавіцкім стылем. Для ўльтрасакавіцкага стылю храналогія прапануе некалькі іншую формулу: НХ=СС-5509. Згодна такой логіцы, 6635 год перакладаецца такім чынам: 6635 5508 = 1127. I калі тая ж самая падзея ў іншым летапісу датуецца годам пазней, то адзінае лагічнае тлумачэнне (але пры ўмове спалучэння некалькіх летапісаў): гэты запіс датаваны ультрасакіцкім стылем і тады правільны пераклад: 6636 – 5509 = 1127.

Ёсць выпадкі, калі сітуацыя з гэтым запісам даходзіць да яшчэ большага абсурду: сам паход датуецца 1127 годам, а дата заснавання Гродна (якая традыцыйна вынікае з гэтага паходу) адзначаецца як 1128. За прыкладам далёка хадзіць не трэба 'Толькі ў Іпацьеўскім і Густынскім лепапісах агульнарускі паход па Полацк значыцца пад 1128 г. (дакладней – пад 6636 г. – А. Г.), ва ўсіх жа acmamнix, у тым ліку і ў найбольш раннім (падкрэслена намі — АГ.) Лаўрэнцьеўскім, - пад 1127 (дакладней – пад 6635 г. – А.Г.). Улічваючы гэта, трэба прызнацъ большую праўдзівасць даціроўкі у астатніх крыніцах, xoць Л.Аляксееў палічыў патрэбным прытрымлівацца Іпацьеўскага летапісу, не ўлічваючы яго дэфектыўнасць ў шэрагу месцаў і вельмі лаканічнага выкладу гэтых падзей у Густынсім летапісе”. Цытуецца па кнізе: Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Полацкі і новагародскі перыяды. - Мн., 1990, с. 174). "Як сведчыць Іпацьеўскі летапіс, у Новагародку (1235), у Гародні (1128) і інш.), Ваўкавыску (1256) і Свіслачы (1256) былі свае князі [13, 22].

Як бачым, цэласны падыход дае нам найбольш верагодную дату заснавання Гродна – 1127 год і дазваляе да таго ж пазбегнуць шматлікіх недарэчнасцяў і бязглуздзіц. Застаюцца яшчэ вельмі цікавыя пытанні. Напрыклад, чаму шэраг навукоўцаў і ў мінулым, і ў цяперашні час працягваюць упарта прытрымлівацца даты 1128 год і ігнараваць храналогію? Але гэта ўжо іншая тэма даследавання.

Такім чынам, мы яшчэ раз пераканаліся, што калі ўзятыя паасобку і гістарычныя факты, і факты гісторыі не ў стане дакладна вызначыць праблему, то пры арганічным спалучэнні паміж сабою яны здольныя стварыць цэласную мадэль пэўнай рэчаіснасці і, такім чынам, з дастатковай ступенню сцвердзіць канкрэтны факт гісторыі.

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика