Студэнцкая навука

Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў “Гродна – 875”

 

Паўночная вайна: Гродна ў падзеях 1705–1706 г.

Андрэй Барташэвіч

 Паўночная вайна была адной з самых разбуральных войнаў, якія пакінулі свой след у гісторыі Гродна. І шведскі кароль Карл ХІІ, і расійскі імператар Пётр І адводзілі нашаму гораду, які быў важным пунктам камунікацый паміж Прыбалтыкай, Польшчай і Расіяй, значнае месца ў сваіх стратэгічных планах.

Каб засцерагчы сябе ад магчымага наступлення шведскай арміі з тэрыторыі Польшчы, рускае камандаванне 10 верасня 1705 г. увяло ў Гродна, які вырашыла зрабіць сваім галоўным апорным пунктам у Рэчы Паспалітай, 35-тысячны корпус фельдмаршала Агільві. 16 верасня сюды прыбыў і сам імператар. Былі створаны 2 лініі абароны. Знешняя лінія ўключала бруствер і роў, якія апаясвалі ўвесь горад. Ва ўнутраную лінію былі ўключаны ўсе мураваныя будынкі, манастыры, касцёлы, якія злучылі акопам. Галоўным пунктам рускай абароны стаў гродзенскі замак, у якім і размясціліся Пётр І і Аўгуст ІІ, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, курфюрст саксонскі. Манархі заняліся ў Гродна ўмацаваннем свайго ваенна-палітычнага саюзу. Былі праведзены агляды рускіх, саксонскіх і беларуска-літоўскіх воінскіх часцей.

Дзеля ўмацавання антышведскага саюзу паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай і становішча Аўгуста ІІ у сваёй дзяржаве, у Гродна быў скліканы вальны сейм. Ён працаваў 21 лістапада – 21 снежня 1705 г. На яго з’ехаліся буйныя магнаты – ўплывовыя дзяржаўныя мужы Княства і Кароны. Сейм пацвердзіў асноўныя акты Сандамірскай канфедэрацыі 1704 г.: саюз з Расіяй, вайна са Швецыяй, прызнанне каралём Аўгуста ІІ (а не пасаджанага на трон пры шведскай падтрымцы Станіслава Ляшчынскага). Аднак за знешняй згодай сейма хаваліся вострыя супярэчнасці паміж саюзнікамі. Расія адмовілася ад перадачы Рэчы Паспалітай Інфлянтаў у адпаведнасці з дамоўленасцю 1699–1700 г. Магнаты і шляхта не далі згоды на пашырэнне каралеўскай улады нават на час вайны. Шведскі кароль Карл ХІІ добра зразумеў, што згода паміж саюзнікамі пануе да таго часу, пакуль Гродна знаходзіцца пад рускай уладай.

Пакуль шведы рыхтаваліся ў Варшаве да паходу на Гродна, рускія войскі размяшчаліся тут на зімоўку. Галоўнай праблемай апошніх быля нястача прадуктаў харчавання. Гродзенскі павет быў настолькі спустошаны папярэднімі ваеннымі дзеяннямі, што са снежня 1705 г. забеспячэнне войска ажыццяўлялася з Вільні. Тым часам Карл ХІІ вырашыў адным ударам пакончыць у Гродна з войскам праціўніка.

28 снежня 1705 г. 24-тысячная шведская армія рушыла з Варшавы. Яна ішла хутка, і ўжо 13 студзеня 1706 г. выйшла да Нёмана. 14 студзеня па лёдзе яна перайшла раку і на наступны дзень падыйшла да Гродна, выклікаючы армію Агільві на бой. Але апошняя не прыняла выкліку і працягвала ўмацоўваць горад. Усе непатрэбныя рэчы навальвалі ў кучы і аблівалі вадой – горад хутка аказаўся ўмацаваным моцнымі ледзянымі сценамі, якія вельмі ўразілі шведаў. Тады яны вырашылі ўзяць рускі гарнізон голадам, блакіраваўшы старую віленскую дарогу. Становішча стала крытычным, ад бяскорміцы ў Гродна загінула ўся руская конніца.

9 студзеня ў горадзе адбылася ваенная нарада рускага камандавання. На ёй былі разгледжаны 3 варыянты дзеянняў: 1) ісці насустрач шведам і даць бой; 2) адступіць, каб захаваць галоўныя сілы; 3) Агільві прапаноўваў утрымліваць горад, але бітвы шведам не даваць, каб “прыкаваць” іх да Гродна. Гэта дазволіла б саюзнікам сабраць у Польшчы новую вялікую групоўку войск і ўдарыць ёй па знясіленых шведах. План падтрымаў Аўгуст ІІ, які сабраў 30-тысячнае войска. Але 13 лютага яно было разбіта 8-тысячным шведскім атрадам. Пасля гэтага паражэння план Агільві страціў сэнс. Тады быў прыняты план адступлення з горада.

24 сакавіка 1706 г. руская армія перайшла на левы бераг Нёмана і, разбурыўшы мост, рушыла на поўдзень. Частка амуніцыі была скінута ў раку. Шведы змаглі пачаць пагоню толькі 3 красавіка, калі армія Агільві была ўжо каля Брэста. Вынікам Гродзенскай аперацыі Паўночнай вайны была стратэгічная перамога рускай арміі, якая захавала асноўныя сілы. Палітычныя вынікі аперацыі выглядалі інакш: расійскі імператар і Аўгуст ІІ страцілі аўтарытэт ў польскай і ліцвінскай шляхты, якая стала схіляцца на бок Станіслава Ляшчынскага і Карла ХІІ.

 

 

Внимание!  Ссылки в тексте оригинальны, однако в электронной версии статьи не приводятся! Ссылайтесь на автора статьи и сайт!

 

 

 

Яндекс.Метрика